Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маскоўская Аўтаномная Акруга

Тымнэтыкай Сяргей Іванавіч

Шрифт:

Дзе, Вынтэнэ, тое баечнае места, якое ты так часта сьніла? Экзатычнае і шумнае, з бярвенчатымі "ізбамі"… На вуліцах белабрысая круглавокая дзятва водзіць “карагоды” і грае ў “чахарду”. Жанчыны ў “какошніках” сьпяваюць працяжныя песьні. А мужчыны ў “картузах” сядзяць на прызьбе і граюць на балалайках. Дзе тая Масква, у якую ты верыла? Яе няма. А можа ніколі і не было. Перад Вынтэнэ звычайны раённы цэнтр. Ня больш і ня менш. Хоць зараз жа вяртайся назад!

На вакзале яе сустракалі.

– Я Кэленкеў, -

прадставіўся мужчына гадоў пад сорак. – Даручылі цябе сустрэць.

– Вынтэнэ, - сказала дзяўчына.

– Ведаю, ведаю. Журналістка. Прыехала пра маскавітаў пісаць. Нам у адміністрацыю патэлефанавалі, папярэдзілі…

Кэленкеў панёс валізу да машыны.

– Нам тут побач, - прыгаворваў ён. – Маглі б нават пехатою…

– Скажыце, а дзе знайсці маскавітаў? – спытала Вынтэнэ.

Ды дзе заўгодна! Тут, у месьце, іх тысячы тры. Бяры інтэрвію колькі хочаш!

– Я сапраўдных шукаю, разумееце? Такіх, каб у "ізбах" жылі, коней пасьвілі, па-маскоўску гаварылі…

– Дзікуноў хіба? – зьдзівіўся Кэленкеў. – Ды гэткіх няма цяпер. Не засталося. Усе ў інтэрнатах вучыліся, усе па-чукоцку шпараць. На матацыклах ездзяць, пра коней забыліся.

– То я дарма прыехала?

– Ну чаму ж? У нас ёсьць цудоўны народны ансамбль. “Валенкі” называецца. У іх там і строі маскоўскія, і сьпевы на тутэйшую музыку, і спектаклі. Усё на чукоцкай, усё зразумела. А яшчэ краязнаўчы музэй…

– Вы мяне ня так зразумелі, - перабіла Вынтэнэ. – Я сапраўдных маскавітаў шукаю, не чукотызаваных. Тых, што сьпяваюць на маскоўскай гаворцы.

Кэленкеў паціснуў плячыма.

Ну, дачушка, калі табе экзотыка патрэбна, - едзь у вёску.

– Я вам не дачка і прашу зьвяртацца да мяне на “Вы”, - Вынтэнэ не любіла фамільярнасьці.

– Ох ужо гэтыя анадырцы, - прабурчэў сабе пад нос Кэленкеў.

Вынтэнэ зрабіла выгляд, што не пачула. Іншагароднія ня любяць анадырцаў, лічаць іх снобамі. Звычайны комплекс жабрака адносна забясьпечанага. А чым, як не галэчаю, ганарыцца немаладому мужчыне з правінцыі?

– Прыехалі, - буркнуў Кэленкеў, - вось ён, гатэль.

***

Гатэль “Масква” аказаўся ўтульным. А для правінцыі нават “шыкоўным”. У кожным нумары – асобны душ і прыбіральня. Ложкі запраўленыя ахайна. Вокны вялікія, са шторамі. Каб яшчэ краявід за вокнамі памяняць…

– У нас тут учора замежнікі пасяліліся, - па сакрэту паведаміў швайцар. Ён казаў гэта так, быццам замежнік – гэта нешта асаблівае. Такім тонам паведамляюць пра прыезд прэзідэнта ці, як мінімум, эстраднай зоркі.

– Турысты? – спытала Вынтэнэ.

– Што вы?! Навукоўцы!

– У вас тут навука разьвітая?

– Ну, разьвітая ня разьвітая, для іхнай навукі тут самае месца.

– Што ж гэта за іхная навука? – з’едліва сказала Вынтэнэ.

Але швайцар не зразумеў іроніі..

– Этнаграфія, - патлумачыў ён. – Ездзяць па ўсёй акрузе і маскавітаў вывучаюць. Самі яны з Літвы, а для літвінаў маскавіты – як для нас каракі.

– Літвіны?

– Літвіны. Мы ж, ведаеце, на мяжы. Вунь, за Ржэвам ужо

й Літва.

3. Літвіны

Літвінаў было трое - два мужчыны і маладая жанчына.“Неяк мала для экспедыцыі” – падумала Вынтэнэ. Яны былі высокімі – на галаву вышэй за сярэдняга чукчу. Ну і, вядома ж, сьветлавалосыя і блакітнавокія – проста як тубыльцы зь дзіцячых кніжак. Сярэдні анадырац наўрад ці адрозьніў бы іх ад маскавітаў і эрзанцаў – пра якіх, зрэшты, таксама нічога ня ведаў.

Вынтэнэ падышла.

– Добры дзень, - сказала яна.

– Дзень добры, - адказалі ёй. – Якую ласку можам зрабіць пані?

– Вы этнографы?

– Так, мы этнографы, - адказаў адзін з мужчынаў. – З Менскага ўнівэрсытэту мы прыехалі сюды. Нашага побыту на Чукотцы мэта – даследваць малых карэнных народаў культуру і традыцыі. Напрыклад, мы працуем у праекце навуковым па маскавітаў вывучаньню.

Ён гаварыў па-чукоцку з моцным акцэнтам. Старанна падбіраючы словы – быццам баяўся памыліцца.

– Мяне – завуць – Вінтэнэ, - знарок павольна прадставілася дзяўчына. – Я – журналістка, прыехала – сюды – з - Анадыру.

– Я сябе называю Ўладзімер Радкевіч, - сказаў мужчына. – Вельмі прыемна мне заключыць знаёмства з Вамі.

– Мне таксама вельмі прыемна. Разумееце, я рыхтую рэпартаж пра маскавітаў. Хацела сустрэць сапраўдных, некранутых цывілізацыяй. А тут, у Маскве, такіх не засталося. Яны тут усе асіміляваныя.

Літвіны маўчалі.

– Вазьміце мяне, калі ласка, з сабой, у экспедыцыю., - папрасіла нарэшце Вінтэнэ.

– Вы, калі разумею правільна Вас, просіце каб паехаць з дасьледчай групай нашай?

– Так, - сказала Вынтэнэ. – Вазьміце мяне, я ня буду вам перашкодаю…

Літвіны пачалі спрачацца пра нешта на сваёй мове. Вынтэнэ нічога не разумела. Яна адчувала сябе маленькай дзяўчынкай, якая ўслухоўвалася ў размовы дарослых.

У размове раз за разам праскоквала слова “kava”.

Нарэшце літвіны прыйшлі да адной думкі. Уладзімер выступіў парлямэнцёрам.

– Мы ў момант сапраўдны не яшчэ едзем, - пачаў ён. – Магчыма здарыцца, экспедыцыя наша што будзе адкладзена. Аднак няма перашкоды нам з Вамі ніякай зрабіць пажаданае знаёмства. Мае таварышы, і я таксама, каву ідзем піць зараз. Пані хоча калі, да нас вітаем далучыцца.

“Дзе яны чукоцкую вучылі?” – раздражнёна падумала Вынтэнэ. І тут жа ёй зрабілася сорамна за такія думкі. “Я нічым ня лепшая за шавіністаў з Анадыру, -падумала яна. – Людзі прыехалі з-за мяжы, намагаюцца гаварыць па-нашаму… А я ня тое што літвінскай ня ведаю – я нават эскімоскую як трэба не засвоіла!”

– Так, вядома ж, хадзем! – пагадзілася анадырка.

Знаёміцца пажадана цяпер ужо, - сказаў Уладзімер. – Гэта Хрысьціна Луцкевіч, асьпірнтка наша ёсьць…

– Знаёмства прыемнае, - сказала Хрысьціна.

Поделиться с друзьями: