Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маскоўская Аўтаномная Акруга

Тымнэтыкай Сяргей Іванавіч

Шрифт:

– Але ж і цёплая тут вясна! – сказала Вынтэнэ. – У нас, у Анадыры, яшчэ сьнег ляжыць.

– Холад ёсьць тут, як сабачы, - адгукнуўся Вінцук.

Ён цёр замерзлыя рукі.

– Далей ходам пешым ісьці належыць, - сказаў Уладзімер.

– Вы там ужо былі? – спытала Вынтэнэ.

– Некалькі разоў летась, аднак надоўга – не.

– Voś hetaja ściežka, - сказала Хрысьціна і пераклала для Вынтэнэ: - Дарогай тут належыць ісьці.

– Сьцежка ішла ў лес. Лес быў сапраўдным, непраходным – быццам у прыгодніцкіх кнігах.

– А не заблукаем? – спытала дзяўчына.

– Дарогу ведаем

ужо мы, - супакоіў Уладзімер. – За год мінулы зьмены верагодныя мала.

Вінцук і Хрысьціна вырвалісь далёка наперад і зьніклі за дрэвамі. Уладзімер і Вынтэнэ ішлі побач. Абодва маўчалі. Вынтэнэ ня ведала, што казаць. Пра што думае гэты літвін? Заўжды ветлівы, заўжды ахайны… Здаецца што ён зусім не зьвяртае на яе ўвагі, як на жанчыну. “Усё ж такі з чукчамі лягчэй. Наш бы ўжо даўно распачаў гаворку, стараўся б насьмяшыць, уразіць. Распавядаў бы пра свае подзьвігі. “ А чужынец ідзе сабе побач – і ні слова. Спакойны, упэўнены “Быццам і не патрэбная я яму…Навошта ж тады ён узяўся абудзіць мяне?”

Вынтэнэ паспрабавала абстрагавацца – сканцэнтравацца на навакольнай прыродзе. Дрэвы былі высокімі і, мабыць, вельмі старымі. Хвоі і яліны чаргаваліся зь бярэзінамі. Сьцежка час ад часу патанала ў хмызах. Часам даводзілася ісьці цугам, і тады Вынтэнэ бачыла толькі сьпіну літвіна і джынсы… пад якімі ўгадываліся крамяныя ягадзіцы. Дзяўчына старалася не апускаць вачэй.

Лес скончыўся. Падарожнікі выйшлі да ракі.

– На лева цяпер перасоўвацца неабходна, - сказаў Уладзімер.

– Што гэта за рэчка? Спытала Вынтэнэ.

– Чукчы называюць Няглін яе. На гаворцы, аднак, маскавітаў Няглінка завецца яна.

Ня-глінка? Што гэта азначае?

– Верагодна, рака, дзе ёсьць гліны адсутнасьць.

Рэчка была вузкай, па абодва бакі рос лес.

“А гэтая рака цячэ тут ужо тысячы гадоў, - падумала дзяўчына. І за тысячы гадоў нічога не зьмянілася. Тыя ж хвоі, тыя ж бярэзіны на беразе… Той самы хмызьняк… толькі маскавіты сышлі. ..“

– Глядзіце, Крэмль ёсьць гэта! – аб’явіў Уладзімер.

Перад імі была сапраўдная фартэцыя. Сьцены і вежы выкладзеныя з чырвонай цэглы. Перад фартэцыяй – роў.

– Нічога сабе! – вырвалось у Вынтэнэ.

Збудаваньне здалося ёй грандыёзным і велічным. Хто б мог уявіць, што ў дзікіх лясох Маскоўскай АА хаваецца нешта падобнае?

– Дзяўчына дастала фотаапарат.

– Кадры берагчы належыць, унутры паколькі яшчэ будзе цікавей, - параіў Уладзімер.

– Нічога, у мяне яшчэ дзьве касэты. Паслухайце, сфатаграфуйце мяне на фоне вежы!

***

Праз роў быў перакінуты мост. Мост быў драўляны. Ён моцна пахіліўся ад часу.

– Асьцярожнай будзьце! – Уладзімер падаў Вынтэнэ руку і дапамог перайсьці. Рука была цёплая і моцная….

Брама выбітая – аскепкі дагэтуль валяліся вакол. Вынтэнэ зрабіла яшчэ некалькі здымкаў.

– Чукчы абложвалі фартэцыю, - патлумачыў этнограф. – Гарнізон бяз ежы знаходзіўся доўга і моцы ня меў ужо абарону весьці. Тады тыя, што напад мелі, зламалі браму і на дзядзінец увайшлі хутка. Тыя хто абараняў,

забітыя усе, выключэньняў няма.

Вынтэнэ зачаравана глядзела навокал. Няўжо тубыльцы маглі пабудаваць такое? За брамай адкрываўся дзядзінец, забудаваны высокімі ярангамі. Большая частка будынкаў была разбурана. Але нават гэтыя руіны казалі пра многае. Якая зграбнасьць, якая прыгажосьць была ў кожным ацалелым будынку!

– Гэта ж вялікая цывілізацыя! – усклікнула Вынтэнэ. – Як жа яна магла загінуць?!

– Вялікія цывілізацыі нават гінуць часам, здараецца, - адказаў Уладзімер. – Чукчы мацней былі і больш рашучымі, сабралі плямёны-народы розныя з тых, хто Масквой пакрыўджаны быў. Разам удар нанесьлі раптоўны, абдуманы старанна. Не маглі маскавіты чакаць. Чукчаў лічылі яны дзікунамі.

– Чукчаў – дзікунамі? – не паверыла Вынтэнэ. – Хто, маскавіты так лічылі? Думка здалася ёй сьмешнай. Яна ўявіла сабе прымітыўнага тубыльца ў аблавусе й лапцях, які недаверліва глядзіць на шматпавярховыя ярангі, хуткасныя цягнікі, звышгукавыя самалёты… “Дзікуны, аднак!” – бурчыць ён і ідзе ў лес пасьвіць кароў.

– Сьмяяцца не разумна ёсьць над гэтым, - нечакана суха сказаў літвін. – Цывілізацыя Масквы больш старажытная была, цывілізацыя Чукоткі за. Тэхналёгій сваіх большую частку пазналі чукчы ў XVII стагоддзі, у вайны часе 1641 года й пазьней нават. Дагэтуль наперадзе іх Масква была тэхнічна й культурна.

– Ну, добра, - ня злуйцеся…

Яна на ўсе вочы разглядвала Крэмль.

“Можа яно й праўда? – падумала Вынтэнэ. – Дзікуны ж такое не пабудавалі б. На цэнтральнай Чукотцы, напрыклад, я нічога падобнага ня бачыла. Хто ж мы, чукчы, у параўнаньні зь імі?”

У ёй ізноў абудзілася пачуцьцё віны. “Мы разбурылі іх цывілізацыю, - думала дзяўчына. – Захапілі іх краіну. А цяпер яшчэ зьдзекуемся, показкі распавядаем. І хлусім жа, хлусім, быццам яны дабраахвотна ўвайшлі ў склад Чукоткі!”

Уладзімер падышоў да збудаваньня з пахіленым крыжом на даху. Ён махнуў рукой і нахіліў галаву. Вынтэнэ чытала, што такім спосабам тубыльцы адганяюць злых духаў.

Літвін увайшоў у сярэдзіну. Дзяўчына пайшла за ім.

– Гэта – свяцілішча маскавітаў? – спытала яна.

– Carkva, ціха патлумачыў Уладзімер.

У яранзе было прасторна і пуста. Сьцены былі размаляваныя абразамі. “Даволі няблага, - падумала дзяўчына. – Прыгожа нават”. У далёкім канцы залі было відна нешта падобнае да варотаў. “Цікава, нашто яны тут? Там нейкі іншы пакой?” Вынтэнэ хацела падысці бліжэй, але не наважвалася.

Уладзімер зрабіўся нейкім урачыстым. Ён стаяў ціха, амаль не варушыўся. Шэптам паўтараў нейкі тэкст. Пасьля заканчэньня літвін ізноў зрабіў жэст, які адганяе духаў.

– Хадзіць будзем далей, – сказаў ён.

– Але…

– Літвін узяў яе за руку і вывеў з “carkva”.

***

Яны стаялі на вежы. Унізе, амаль пад нагамі злучаліся дзьве ракі.

– Рака Масква знаходзіцца зьлева, - патлумачыў Уладзімер. – Рака Няглінка справа ўпадае ў яе.

Поделиться с друзьями: