Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маскоўская Аўтаномная Акруга

Тымнэтыкай Сяргей Іванавіч

Шрифт:

– Вы пра мой рэпартаж?

– Рэпартаж?! Гэта … сабачае, а не рэпартаж. Ты хоць зразумела сваё дурной башкой, што напісала?!

– Я напісала праўду. А што?

– Праўду?! Ты зусім дурная, ці прыкідваешся?!

– Чаго вы крычыцё?

– Гэта ж падрыўная дзейнасьць! Гэта ж… сепаратызм!

– Я такога не пісала…

– А як жа?! Чукчы, па-твойму, захопнікі?! Акупанты?!

– Не… Цяпер ужо не…

– Цяпер?! Ніколі! Ніколі мы такімі не былі! Масква дабраахвотна да нас далучылася! Чукчы выцягнулі яе зь дзікунства, з межпляменнай варажнечы. Пабудавалі

школы, шпіталі! Пра гэта ты ня пішаш?

– Але перад гэтым мы зьнішчылі маскоўскую цывілізацыю.

– Маскоўскую цывілізацыю?! Дурніца!!! Хіба яны мелі цывілізацыю?!

– Мелі. І я бачыла яе руіны. І здымкі зрабіла…

– Зьнішчы іх зараз жа! Чуеш?! Зьнішчы!

– Што зьнішчыць?

– Здымкі, тэксты – усё! І вяртайся ў Анадыр, зараз жа.

– Зараз?

– Першым жа цягніком – да Казані, а адтуль - самалётам. З Казані дасі тэлеграму. Я пракантралюю!

– Ведаеце што?! Я вам не рабыня! І перастаньце крычаць на мяне!

– Крычаць?! Ды ты ведаеш, доўбня, куды ты ўлезла? Па-добраму табе кажу – зьнішчы матэрыял і вяртайся. Інакш будзе горш.

– І не падумаю! Ня хочаце друкаваць – ня трэба. Занясу ў іншы часопіс.

– Такое ніхто ў Чукотцы не надрукуе.

– Апублікую за мяжой. Мы, чукчы, павінны ўзяць адказнасьць за злачынствы продкаў.

– Вынтэнэ!

Дзяўчына паклала слухаўку. Тэлефон зазваніў ізноў. Яна яго адключыла.

***

– Чаго рэдактар твой тэлефануе пасярод ночы? – спытаў Уладзь.

– Ён жа ў Анадыры. У нас з Масквой 15 гадзін розьніца.

– Значыць гэта, у Анадыры зараз… 11 гадзін раніцы?

– Так, прыкладна… сказала Вынтэнэ.

– Хуткасьць працы вялікая. Учора толькі ты адправіла рэпартаж. У гадзіну, калі ў іх ноч. Калі прыходзіць на працу рэдактар твой?

– То бок?

– У які час, звычайна?.. а якой гадзіне?

– Дзявятай, - сказала Вынтэнэ. – Часам пазьней.

– Магчыма, справаў у яго нямала, таксама, - працягваў літвін. – Ня думаю, каб рэпартаж твой першачарговым лічыўся.

– Ды не, вядома! Для іх галоўнае – палітыка, эканоміка. Ну, жыцьцё зорак…

– Як заўжды, - заўважыў літвін. – Аднак, ужо аб адзінаццатай гадзіне рэдактар звоніць у тоне такім. Хуткая праца зроблена ім.

– Сапраўды, дзіўна? Чаго ён так раззлаваўся?

– Мабыць, погляд твой небясьпечны.

– Небясьпечны?

– Мяркую, так. Чукоцкая ўлада баіцца такога.

– Але ж я пісала пра мёртвую цывілізацыю!

– Пісала ты, што яна забіта чукчамі.

– Ну, так…

– Небясьпечна гэта афіцыйнай ідэялёгіі. Уяві: раптам заўтра булгары-з-Волгі заявяць, што былі цывілізаванымі?

– А гэта, хіба, праўда?

– Праўда. Толькі пра гэта ўзгадваць не прынята.

Вынтэнэ зьдзівілася, але прамаўчала.

– А бураты былі ня меньш разьвітымі за чукчаў. Нават больш значна. Уяўляеш, калі пра гэта напішуць?

– Ну і хай пішуць! Каму горш ад гэтага?

– Як каму? А як жа Адзіная Чукоцкая Бацькаўшчына? А як жа старэйшы чукоцкі брат? Ён жа прынёс свабоду і цывілізацыю іншым дзікунам?

– А нашто хлусіць?

Мне таксама не зразумець. У нас, літвінаў, ня так усё. Не гаворым мы, быццам лепшыя за Кіеў. Русь ад нас адасобілася – яе права. Шкада, безумоўна. Але ваяваць за такое – не! Цяпер Кіеўская Русь – незалежная ад Вільні.

– Проста яна вялікая, - сказала Вынтэнэ. – Вы б усё роўна не далі б ёй рады.

– А Жамойць? – запярэчыў Уладзь. – Нашмат меньшая яна за Літву. І яе мы адпусьцілі. Прымусам трымаць – не, нядобра!

– Ведаеш… - сказала Вынтэнэ. – Я хачу паехаць у Літву…

9. У Літву!

Дзьверы адчыніліся. У пакой увайшлі два мужчыны ў цывільным.

– Ня рухацца! Чукоцкая служба бясьпекі!

Вынтэнэ паспрабавала накінуць халат.

– Ня рухацца, кажу!

Яна закрылася рукамі.

– Дзе здымкі?!

– Якія?

– Сепаратысцкія. І дзе чукчафобскія тэксты?!

– Слухайце, якім правам…

Чээсбэшнік уляпіў ёй поўху.

– Адказвай!

– Вось фотаапарат, - сказаў іншы.

– Засьвятлі стужку, - загадаў першы. Таварыш выканаў даручэньне.

– Дзе надрукаваныя здымкі?!

– Можна я апрануся?

– Потым!

Другі чээсбэшнік нахабна разглядваў дзяўчыну.

– Што, цікава? – кінула тая. У адказ – новая поўха.

– Гаварыць толькі па справе! – загадаў першы. З лазенкі выйшаў Уладзь.

– Хто такі?! Зьвярнуўся да яго другі чээсбэшнік.

– Не разумець чукоцкая, - сказаў літвін.

– Чаго?!

Уладзь ударыў яго ў ськівіцу. Ад нечаканасьці, чээсбэшнік згубіў раўнавагу. Чарговы ўдар паклаў яго на падлогу. Першы адскочыў у бок, але было позна: літвін схапіўся за крэсла.

Удалы кідок нэўтралізаваў ворага.

– Звані нашым! – крыкнуў Уладзь. Вынтэнэ набрала нумар Вінцука і Хрысьці.

***

Валізы сабралі хвілін за пятнаццаць.

– Paśniedajem paśla, - сказаў Вінцук. – Zaraz hałoŭnaje – vybracca adsiul.

– Куды мы цяпер? – спытала Вынтэнэ.

– Сядаем мы ў гэлікоптэр, - патлумачыла Хрысьця. – едзем на аўтамабілі спачатку.

– Što budziem rabić z hetymi? – яна зірнула ў бок прыбіральні, дзе ляжалі зьвязаныя чээсбэшнікі.

– Maju ideju!
– Уладзь адкрыў паўлітровую пляшку. Вынтэнэ пазнала той пах.

– Harełka?

– Менавіта яна. Пачастунак зараз ім падрыхтуем. Як шаўковыя будуць.

***

Яны выйшлі з машыны. Перад імі быў аэрадром. Халупка, іржавы ангар, а далей – гэлікоптары.

Перад імі стаў чалавек. Вынтэнэ пазнала Кэленкеў.

– Далёка вы сабраліся? – сказаў ён.

– Экспедыцыя неабходная тэрмінова… - пачаў Уладзь.

– Экспедыцыя ў Літву?

– Не, не, Цьвярскі раён…

– Пасьля нападу на супрацоўнікаў ЧСБ? – Кэленкеў усьміхнуўся. – Ды не глядзі на мяне так. Я, брат, у курсе вашых прыгодаў. Уладзь напружыў цягліцы.

Поделиться с друзьями: