Мяжа
Шрифт:
Нічога я з іх не ўзяў і цяпер. Аднак сёе-тое ўспомніў.
17. Душ
У інтэрнаце блочная сістэма: на два пакоі — прыбіральня і душ. Душ з двух аддзяленняў, кожнае метр квадратны. Душна, затое «ўласны кабінет». Тут я даволі някепска атабарыўся: скрынка замест століка, на якой пішучая машынка, стос кніг замест крэсла.
Ноч. Пішу ў пакойчыку душа.
Свой свет. Ілюзія адасобленасці, адзіноты. Пад машынку падкладваю кавалак тоўстага паралону. Усё адно ляпае, здаецца, на ўвесь квартал. Ажно звон у вушах. Калі спыняюся
Каб не слухаць, яшчэ мацней луплю па клавішах. Што пішацца — не ўяўляю (хаця што там уяўляць?)…
Стук у дзверы, ад якога падскокваю.
— Письменник! — радасна-знясілены дзявочы голас. — Подмыцца пусти!
18. Смірнова
Зіма. Ноч. Пішу. Перыядычна выходжу на калідор перакурыць. Скразнякі — а тут цёплая батарэя ў кутку калідора. Да яе можна прытуліцца спінай. Прыкладна ў гадзіну ночы чутно, як ляпаюць унізе ўваходныя дзверы. Крокі па лесвіцы. І вось ідзе, рослая такая кабыла з крутым, круглым задам.
Больш не дам нікому веры, Лепш пачну усё па-нову, І патрачу шмат паперы На цудоўную Смірнову!Во-во. Менавіта гэтае, выпадкова выскачанае акравершнае слова. Лепш бы што іншае на яе патраціў.
Падыходзіць, прысаджваецца на кукішкі. Калені разведзеныя. Сінякі пад вачыма. Прыкурвае, пальцы трымцяць.
І ў канцы доўгага, вузкага, шэрага, з абшарпаным лінолеумам калідора цьмяная лямпачка выхоплівала малюнак: пачынаючы пісьменнік і блудніца, «странно сошедшиеся за…» (прыплялося з іншага Міхайлавіча).
— Што, Смірнова? Цяжка?
— Вазьмі ты мяне замуж… Гэта ж няма ўжо ні сіл, ні душы!..
19. Ліліт
Вясна. Май. Глыбокая ноч. Я адзін. Пакой на другім паверсе. Калі выйсці на балкон, побач цвіце груша. Хрушчы шапочуць у лісці. Груша старая, тоўстая, крывая. Можна працягнуць руку і гладзіць лісце і кранаць квецець…
Стук у дзверы — начны, гучны, чужы! Аж дыханне перахопівае ад злосці і нерваў. На парозе — Кернажыцкая. Ліля Кернажыцкая, беленькая шляхцяначка, цнота хадзячая.
(«И вот в том самом черном фраке, в котором был вчера убит, с улыбкой томною гуляки я подошел к моей Лилит»…)
Абдымае мяне і горача шэпча:
— Як добра, што ты яшчэ не спіш. Усё пішаш? Я жадаю табе… не, я проста ўпэўнена, што ты станеш… незвычайным пісьменнікам! Ты такі… такі…
Потым цалуе мяне.
— Можна, хлопцы залезуць па грушы на твой балкон?
Можна. Адчыняю балкон. Трое. Праходзячы праз пакой, адзін азіраецца і аглядвае мой ложак.
— А дзе баба? Слухай, першы раз бачу, каб хлопец адзін спаў, без бабы…
20. Наташа
Атрымаў ганарар. Нешта каласальнае па тых часах.
«Замочка». Прастаўляю чамусьці не хлопцам, а дзеўкам. П’ем гарэлку і шампанскае. Я адзін, першакурснік, іх штук шэсць дзевак, усе з пятага курса. Зрэшты, мяняюцца пастаянна, адна выходзіць, другая заходзіць, у вачах ужо калейдаскоп
ад іх. Нехта мыецца ў душы, цурчыць вада. Кагось ванітуе ў туалеце.Я не паспяваю выпіць, як дзявочыя рукі цягнуцца да мяне і ўвесь час падліваюць. Потым тыя ж рукі абвіваюцца вакол маёй шыі. Магнітафон, дыскета з нейкім арабскім дзікім акцэнтам. «Натаська… лублу… спамінаю…»
Наташка раве на маіх грудзях.
— Магла б нарадзіць яму, а зрабіла аборт, б… такая! Цяпер была б пра яго памяць! А так — адна дыскета! Хоць ты ў… гэтую дыскету засунь!
У мяне грудзі мокрыя ад слёз, шчокі — ад слюняў, пацалункаў… Вільгаць, бульканне спіртнога, шум вады, вады…
— Давай пажэнімся? Ты будзеш пісаць, я хадзіць вакол цябе на дыбках…
— /…/
— Прыдурак! Я ж, прайшоўшы такое, не гляну больш ні на кога! Я ж на цябе маліцца буду! Дзяцей табе нараджаю, казёл!..
21. Аксана
«Ты ўмееш кахацца?» — спытала Аксана.
Я ніколі не думаў, што гэта трэба ўмець, і толькі пазней зразумеў, што яна мела рацыю і вельмі талкова, правільна і практычна спытала. Умець кахаць, умець кахацца — талент, не кожнаму дадзены, гэта не проста кляпанне дзяцей (выдатны афарызм: «Калі Бог стварыў чалавека, ён не запатэнтаваў сваё вынаходніцтва і цяпер кожны дурань можа рабіць тое самае»).
«Ты… дзяўчынка?» — у сваю чаргу спытаў я… Ды не! — хлушу, надакучыла гэтае сюсюканне ўжо.
— Ты цэлка? — так я спытаў.
Плач… Я дастаю насоўку. Яна сморкаецца. Слёзы, смаркачы… Колькі многа ад дзяўчат вільгаці!
Ці варта лішні раз паўтараць, што ўсё скончылася просьбаю ўзяць яе замуж.
— Аксана! А проста пагуляць? Як іншыя робяць… Прыгледзецца адно да аднога, прыцерціся… Атрымаецца — не атрымаецца…
— Ну не! — аж слёзы высахлі. — Хопіць! Нагулялася. Час толькі траціць.
21(а). Дыялог
З кім гэта было? Дзе? Калі?
— «Ведаеш маю мару? У чым для мяне сэнс жыцця, да чаго я імкнуся? Знайсці сабе дзеўку-нацыяналістку».
— «А меня?»
— «Ты не ведаеш мовы».
— «Я выучу».
— «Гэта намнога сур’ёзней, чым табе здаецца».
— «Я стану серьёзной».
Не ведаю, і ніколі ў жыцці не ўведаю, чаго ўсе, як адна, дзеўкі, з якімі зводзіў мяне лёс, усе пагалоўна! — ад 15 да 35, замужнія і вольныя, марылі выйсці за мяне замуж і ні адна не згаджалася «проста пагуляць», як з іншымі хлопцамі, ці хаця б сябраваць.
22. Псіхааналіз
Дык, можа, вось для чаго я пісаў?
Можа, тут наадварот — не прасцей, а крыху глыбей? Можа, не на паверхні, не ў матэрыяльна-вонкавым (слава, чытачы, грошы, СП і інш.), а ў прыхаваным, ірацыянальным справа?
Дзявочы інстытут, дзявочы факультэт… Абшчага дзявочая… Які магутны раздражняльнік! Якое моцнае, увесьчаснае трэба было яму супраціўленне!
Дык, можа, прычыны пісання былі зусім не зямныя, не шаблонныя, а — лячэбна-прафілактычныя, так сказаць — псіхатэрапеўтычныя? Можа, я проста ратаваўся літаратураю? Можа, гэта была самаабарона арганізма? Своеасаблівая разгрузка, крык болю і тупат ножкамі дзіцяці, якое стукнулася і якому баліць?