Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Вось кавалачак тагачаснага апавядання.

11. «Сіндром»

Чалавек можа выстаяць перад вялікімі бурамі, перанесці розныя трагедыі і неймаверныя страты — і зламацца ад нязначнай драбязы, смешнай пстрычкі, якую і ўлічыць было немагчыма.

Як і наш Зміцер. Жыў ён, пакуль не выслізнуў са свайго дабрабыту, як семка з гарбуза, не толькі не горш за людзей, а мо нават і лепш.

У 25 гадоў у яго была ўжо выгодная дзяржаўная служба, уласная аднапакаёвая кватэра і красуня жонка. Часта ён так і казаў свайму суседу з трэцяга паверха, пенсіянеру Міраславу Раманавічу, з якім цёплымі

вечаркамі любіў пасядзець каля пад’езда на лаўцы:

— Я, дзядзька Міраслаў, шчаслівы ў параўнанні з іншымі ведаеце чым? Не знешнімі абставінамі, не, хоць і гэтае знешняе для мяне многа значыць. Але найперш тым, што вось без блату, без багатай цешчы, без хітрай жаніцьбы і без падлізвання да начальства сам, толькі ўласным розумам заслужыў і гэтую кватэрку, і сваю Галю, і сямейную ўтульнасць, пра якую некалі так марыў на прагнутым студэнцкім ложку. Маё шчасце — у тым, што я не жадаю сабе нічога ні горшага, ні лепшага. Яно, разумееце, як бы ў канкрэтным моманце. Я ўгадаў гэты момант, я сказаў сабе — стой! Будзь хітрэйшы за іншых. Вось як гэта на прыкладах: будуць даваць новую, большую кватэру — адмоўлюся, будуць павышаць на службе — выкручуся, каб застацца на сваім цяперашнім месцы. П’яніцу, канечне, цяжка пераканаць, што найвышэйшая асалода толькі ад першай чаркі… Я хачу, Міраслаў Раманавіч, захаваць слодыч першай чаркі — разумееце мяне?

Пенсіяінер, схіліўшы набок лысую, з рэдкім сівым вяночкам галаву, цікаўна, але трохі і скептычна слухаў і заціснутым між каленяў драўляным кіёчкам круціў у пяску дзіркі. Адзінокі, хворы чалавек, Міраслаў Раманавіч належаў да не такога ўжо і рэдкага сярод пенсіянераў тыпу: ён не ведаў настальгіі па ранейшым, не трымаўся старога, а падтрымліваў усё новае і перадавое; сам сябе ён называў леварадыкалам. Ён зусім нядаўна выйшаў з партыі, якой служыў ад юначых гадоў і да пенсіі, у знак пратэсту супраць парушэння правоў асобы пачаў насіць вузкія джынсы і з’яўляўся нязменным аўтарам шматлікіх выданняў дэмакратычнага кірунку. Словам, чалавек ён быў неардынарны, цівавы, па-маладому няўрымслівы — а інакш чаму б і спавядаўся яму наш Зміцер?

Выслухаўшы, Міраслаў Раманавіч клаў свой кіёчак на калені і, звонка шапялявячы, казаў:

— Студэнцкі халодны ложак! Уяўляю яго сабе. Пасля такога любая, груба зляпаная, цвёрдая савецкая канапа падасца райскім пухам. У тым і справа, што сапраўднага ложка мы не ведаем усё жыццё. Хіба мы спалі як людзі? Можа, мы елі людскую ежу, культурна сервіраваную? Можа, ведаем сапраўдную культуру, літаратуру, кіно? А мы ж пушчаны ў свет для поўнага шчасця, гэтага ж нельга не прызнаваць. I тваё цяперашняе шчасце — убогае, смешнае. Любы нармальны чалавек адтуль, з Захаду, паслухаўшы цябе, захацеў бы падаць табе міласціну.

— Калі ў мяне спакойна на душы, — адказваў Зміцер, прыкурваючы цыгарэту, — калі мне нічога не хочацца, я магу спаць на падлозе, есці, што Бог пашле, без усялякай сервіроўкі, і абыходзіцца без, як вы кажаце, сапраўднай літаратуры і культуры. І ўсё роўна быць больш шчаслівым за ўсіх вашых еўрапейцаў, разам узятых.

— О не, Дзіма, — уздыхаў пенсіянер, адганяючы цыгарэтны дым, які кепска пераносіў. — Ты шчаслівы толькі адным — няведаннем. «Мы з калхоза, нам не трэба». Каб ты хоць дзень пажыў у сапраўднай цывілізаванай краіне — ты б іхняму сабаку пазайздросціў бы. Хаця! — мы ўжо нават зайздросціць развучыліся. Нас можна прабіць чым-небудзь?..

Пагаварыўшы так, яны развітваліся і разыходзіліся: адзін — прымаць ванну, піць чай з мятаю, у мяккім

крэсле глядзець па тэлевізары пра стыхійныя бедствы і крымінальную хроніку, а пасля ў цёплым ложку абдымаць прыгожую маладую пакорную жанчыну; другі — у свае халодныя чатыры сцяны, дзе стол, ды лямпа, ды нікому непатрэбныя паперы, ды шклянка кефіру на тумбачцы перад сном — па модзе старых людзей… Ды што тут шмат распісваць, і так вядома — Бог няроўна дзеліць!..

12. Гарантыйны ліст

Калі адкінуць тагачасную сацыяльную лухту, палітычную атмасферу, якія — толькі фон, у гэтым урывачку як на далоні, як у люстэрку ўсе бліжнія і дальнія планы. Во калі і куды яно сягалася! А яшчэ ж не было ў паміне ні красуні (Г)Алі, ні аднапакаёўкі, ні службы, ні тэорый-прыкідак, як тое гіпатэтычнае, будучае «шчасце» ўтрымаць і зафіксаваць!

Самае дзіўнае, што часткова гэта спрацавала. У Саюзе пісьменнікаў мяне заўважылі, выдалі паперу, у якой на імя рэктара пісалася, што ў выпадку вольнага размеркавання мне гарантуецца праца і жыллё ў сталіцы.

Размахваючы гэтым магічным, усемагутным дакументам (які для блатной інстытуцкай кодлы быў «фількінай граматай»), я — малады, ранні, перспектыўны, удачлівы і шчаслівы — залятаю ў кабінет да дэканшы.

— Вы хочаце вольны дыплом? — будзённа спытала Р.А. — А дзе вы будзеце жыць і працаваць? Трэба хоць маленькая, ілюзорная гарантыя…

— Вось! Не маленькая і не ілюзорная. Ліст з самога Саюза пісьменнікаў.

— А! Тады — усё. Няма праблем. Жалезна. Я падрыхтую рэктара, усіх, усіх… Вы толькі прыдзеце на папярэдняе размеркаванне і распішацеся. І ўсё ў вас будзе цудоўна, у тэатры хадзіць будзеце, на машынах катацца, можа нават кніжку напішаце… Пашэнціла вам!

13. Папярэдняе размеркаванне

Перад размеркаваннем дэканша, заходзячы са стосам папак у актавую залу, кінула на хаду: «Андрей, свободный диплом не получится, мы просто распределим вас в Минск. В те библиотеки, которые будут».

Нейкі адзін працэнт дыскамфорту ўзнік.

На крэслах, у чаканні сваёй чаргі. Размова з выкладчыкамі. «А вы куды, Андрэй?» — «Як Астап Бэндэр — вольная прафесія. Мінск, папера з СП». — «Вось малайчына. Пашэнціла!»

Мая чарга. Заходжу. Вельмі многа людзей.

Дэканша. Андрей Федаренко, холост, из Мозыря.

Рэктар. Вы где прописаны?

Я. Часова ў Мінску, а так у Мазыры.

Рэктар. Есть Мозырь?

Голас. Есть!

Я (думкі ўжо ясныя). Я хацеў бы застацца ў Мінску ці ўзяць вольны дыплом. У паперы, якую я падаваў, напісана, што хутка я ўступлю ў СП, а ён запяспечыць мяне жыллём.

Галасы (злева). СП! СП — Союз писателей.

Дэканша (спахопліваецца). Ах, да, вот он приносил…

Рэктар (чытае праз тры словы). Здесь напечатано плохо… Прозаик… Секция… Ну и что? Без прописки в Минск направить мы вас не можем.

Галасы (справа). Мележ в Хойниках жил… Гомель есть! Это ж, наоборот, нужно в деревне прожить — напишешь больше. Как это его родина и он не хочет туда ехать?

Рэктар. Не тяните время. Есть Гомель и Мозырь. Ваша бумага не имеет юридического обоснования.

Я. Калі яна пісалася, яна і не прэтэндавала на юрыдычны дакумент, а была як асабістая просьба.

Голас. Никто тебе квартиру не даст, никакой СП! Он не распределяет квартиры! (Вось і памыляліся.)

Галасы. Если ты вступишь в СП, тебя СП вытащит в Минск в любое время! Ты получишь в провинции жильё, все удобства!

Поделиться с друзьями: