Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Я ўстаю, падыходжу:

— Дайце паперу.

Забіраю і іду да дзвярэй.

Галасы. Стойте! Стойте! Андрей, вернитесь!

Вяртаюся.

Галасы. Всё равно нужно подписать, даже когда и не едешь.

Парторг. А вы да чэрвеня зможаце дастаць прапіску?

Я. Змагу.

Галасы. Где он сможет? Да что вы говорите вообще?! (На парторга.) Сыс и Глобус в деревнях живут! Да что он написал? Коллективное письмо в Союз писателей подать, чтобы не принимали за такое поведение!

Голас. Вот что, чтобы не тянуть время, пишем — Гомель, а ты напротив своей фамилии пиши — нет.

Я (дэканшы). Чаму мне гэтага не сказалі, калі я да вас заходзіў?

Дэканша. Я сказала, что доложу комиссии.

Я.

Доложили?

(Маўчанне.)

Рэктар. Мы не видим причин давать вам свободный диплом. Он даётся или… или у кого родители инвалиды. Ни под одну категорию вы не подходите.

14. Булгакаўшчына

(Васілю Гігевічу)

Здорава. Пяць гадоў вучыцца. Прывыкнуць да Мінска, палюбіць яго. Дабіцца сяго-таго ў літаратуры (выйшла першая кніжка на той час). Паверыць у свой лёс, у сваю зорку. І раптам — крах, поўны, вяртанне ў вёску, да «чарнільца», ці ў якісь раённы цэнтр, адарванасць ад літаратурнага асяродку… Ды не ў тым справа! Я не баяўся Калымы, не тое, што вёскі, — проста было абсалютнае адчуванне несправядлівасці, няшчырасці, нейкай кепскай, бесталковай гульні, ад якой ніхто не атрымоўваў карысці.

Цяпер смешна ўспамінаць, але тады злосці і адчаю майму не было межаў.

Хто з-за мяне захоча ў СП падстаўляцца? Ды і што ён, саюз, можа зрабіць пры ўсім жаданні? У сітуацыі, калі сама абрэвіятура — СП — бяссільная, а значыла яна ў тыя часы не менш, чым ЦК ці КДБ.

У пераходзе метро сутыкаюся з пісьменнікам-фантастам (!) Васілём Гігевічам. Расказваю вяла.

— Ты зарэгістраваў тую паперу ў прыёмнай? — энергічна бярэцца за справу Васіль Сымонавіч.

— Не.

— Малайчына. У сэнсе, дурань. Калі папера рэгіструецца, яны вымушаны даць пісьмовы адказ. А што яны напішуць? Што нам СП не ўказ? Хто ім тады ўказ? І што — яны ўсіх па прапісцы накіроўваюць? Нехта ж застаецца ў Мінску і без прапіскі.

— Ды яны проста выганяць без выдачы дыплома.

— Зараз! Пяць гадоў вучылі. Тым больш не сёння-заўтра прэзідыум, уступіш у СП і пашлеш іх разам з іхнімі дыпломамі і размеркаваннямі.

— А калі не ўступлю?

— Ну й чорт з ім. Прапішу цябе ў сябе. Жэнішся на мінчанцы, у мяне сваячка ёсць, харошая дзеўка, замуж хоча, будзеш жыць і пісаць спакойна без усялякіх дыпломаў і СП. Дарэчы, наконт працы. У «Полымі» вызвалілася месца загадчыка аддзела культуры і гісторыі. Хочаш загадчыкам аддзела?

— Вы жартуеце… Хто мяне возьме, які загадчык — без прапіскі, без дыплома, без вышэйшай адукацыі, без жылля, без членства ў СП, беспартыйны?!

— Я перагавару з хлопцамі, праз пару дзён табе пазвоняць у інтэрнат і прымуць у «Полымя».

— Васіль… навошта я вам, чужы чалавек?!

— А ты адзін з нямногіх, хто будзе пісаць. Не важна, добра ці кепска, проста фізічна будзеш пісаць.

— Дык што, гэта галоўнае? Літаратура важней за ўсё? Проста пішы — а астатняе прыкладзецца?

— Абсалютна правільна.

Хвіліну назад я адчуваў сябе няшчасным жабраком, а цяпер на мяне раптоўна звалілася багацце…

Наўзабаве ўсё ў адзін дзень і адбылося. Да абеду напісаў заяву ў «Полымя» (пішу, а ззаду Янка Брыль стаіць, дыхае ў патыліцу), пасля абеду — прынялі ў СП, а ўвечары тэрмінова выклікалі да рэктара.

— Дык табе трэба вольны дыплом? Калі ласка! А хочаш — любую, на выбар, бібліятэку ў Мінску? Ва Урадавую — хочаш?

А мне ўжо не і трэба нічога, дарагая лыжка ў абед.

Недзе праз паўгода пасля апісаных падзей, у Маскве на вакзале падыходзіць бомжык, тыпічны, няголены. «Слушай, парень — слухай, хлопец, я загуляў… І грошай няма, і выпіць няма з кім. Пазыч пяцёрку. Я вышлю».

Зайшлі ў нейкую смярдзючую пяльменную. «А что ты делаешь

в Москве?» Лянота была хлусіць, нешта выдумляць, і я адказаў: «Ды вось, прыязджаў у вашу Акадэмію навук атрымліваць прэмію за лепшае апавяданне сярод маладых пісьменнікаў Савецкага Саюза». Заняты адкаркоўваннем пляшкі, бомжык не тое што не здзівіўся, а нават вачэй не падняў. «Так? А я таксама ў СП, у камісіі па міжнародных сувязях аціраюся… Хочаш, арганізую табе паездку ў Італію?»

Я падзівіўся — у нас у Беларусі такіх бамжоў не бывае, выпіў з гэтым смешным абяцальшчыкам, даў на развітанне пяцёрку, пакінуў адрас і паехаў у Мінск. Праз тыдзень прыходзіць перавод на 25 рублёў, з прыпіскай з другога боку: «Андрюша, извини, что не повезло с Италией!», а яшчэ праз тыдзень тэлеграма: «Главному редактору ПОЛЫМЯ просьба направить творческую командировку Монголию расходы счет комиссии международным связям…»

15. СП

Усё гэта, канечне, добра, але ўсё гэта не тое.

Нельга пісаць і мець у планах — вось напішу і за гэта ўступлю ў СП, потым у метро буду натыкацца на дабрадзеяў-фантастаў, а на вакзалах — на ўсемагутных бомжыкаў.

Хай іншыя паспрабуюць. Гэта не заканамернасць. Гэта латэрэя. Гэта зусім не гарантыя, не аксіёма, не жалезнае правіла, якое пры кожным павароце лёсу можа быць успомнена і прыцягнута на дапамогу, якое, як лінейку (Ян Скрыган казаў — «прымернік»), можна прыкладваць-прымерваць да любога выпадку.

І СП, і Гігевіч, і бомж (ні імя, ні прозвішча якога і цяпер не ведаю), і Расійская Акадэмія навук, і Парыж, і бальніца — усё гэта выпадковасці, з серыі «пашэнціла — не пашэнціла».

Сёння ты ў Парыжы, а заўтра ў Богам забытай мінскай бальнічцы, трымаешся на адных наркотыках і няма каму з-пад цябе нават вынесці; сёння ты ў Саюзе пісьменнікаў, а заўтра і Саюз невядома дзе і чый…

Да таго ж такі стымул, як уступленне ў СП — дужа недаўгавечны; ён, калі і існаваў, мог быць дзейсным толькі на пэўны, кароткі перыяд. Ну, уступіў, а далей? Хіба мала ў нас творцаў, якія, дабіўшыся членства ў СП, адразу ж пераставалі пісаць? Значыць, толькі такая — часовая, максімальна-мінімальная задача стаяла, і калі яна была дасягнута, патрэба тварыць знікала.

Шчыра кажу — не. Не Саюз пісьменнікаў. Не ўступіў бы ў яго — спрацаваў бы варыянт Гігевіча, ці нейкі любы іншы варыянт.

16. Дзённікі

Госпадзі! Мне ўжо самому цікава, для чаго ж тады, якой трасцы я так люта, так утрапёна пісаў?

Якога ражна ўвогуле піша пісьменнік, якому не патрэбны ні чытачы, ні грошы, ні слава, ні практычныя, прыземленыя выгоды: якісь СП, якія-небудзь лакальныя прэміі і вынікаючыя з іх прывілеі?!

Я вырашыў звярнуцца да дзённікаў. Харошая рэч. Я даволі рэгулярна вяду іх з 1986 года. Можа, там, у тым жа славутым раёне 23–25 гадоў адшукаюцца чыстыя дэбютныя мары?.. Паўгалодны, малады, амбіцыёзны, самалюбівы… Піша начамі, рыхтуецца да прэмій у Расійскай або сваёй Акадэміі навук, да будучага Парыжа, ставіць перад сабой высокія мэты…

Жудасць навалілася на мяне, як толькі вочы пачалі выхопліваць словы і радкі пад датамі 87, 88, 89.

Мне проста стала кепска. Гэта быў кашмар. Гэта былі штохвілінныя фіксацыі стану, такое самакалупанне, такое страхоцце, такія замарочкі, такая гадасная дрэнь, якой маглі б пазайздросціць нашы прафесійныя «чарнушнікі». Каб не знаёмы почырк (ён у мяне не мяняўся ад школы да цяпер), я б не паверыў, што гэта маё.

З 88 па 89 большая частка выдрана, спалена, знішчана — як чорная метка, як нядобрая, начараваная, намоўленая рэч; ужо тады адчуваў, што нельга такое трымаць у кватэры. Па той жа прычыне, відаць, і не карыстаўся тымі дзённікамі, баяўся перачытваць нават тое, што засталося…

Поделиться с друзьями: