Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Да цябе яшчэ не дайшло, наколькі гэта сур’ёзна? У цябе ж лёгкае, як спечаны яблык, яно ж згарнулася пасля аперацыі! Табе да новай рыхтавацца трэба! Можа, і не адной! А з такімі тэмпамі ты да раніцы не дацягнеш, к чарцям сабачым! Табе не тое што гаварыць — варушыцца не трэба, вачэй не расплюшчваць! Мы ж да цябе сядзелку не прыставім, ты ж сам павінен адчуваць, калі табе горш…

— А мне, наадварот, лепш, доктар! — перабіваючы, радасна паведамляе малады. — Я не маню! А ваша здароўе як? Не грыпуеце? Як там цяпер на вуліцы? Нябось, мароз?

Доктар няўцямна пазірае на яго. Разумее, што з гэтым хворым толькі марна траціць час, махае рукою, паварочваецца і моўчкі выходзіць.

Не паспяваюць

зачыніцца за ім дзверы, як малады зноў прыпадымаецца, лацвей падбівае падушкі і, як ні ў чым не бывала, тым жа ўзнёслым, пранікнёным голасам пачынае па-нову.

— Правільна вы, сябры, кажаце. (Хоць ніхто нічога не кажа.) Мы пазбаўлены самага галоўнага — драбязы, дэталек; мы не можам, напрыклад, зрабіць нават такія простыя рухі, як чырканне запальнічкай, каб прыкурыць цыгарэту і зацягнуцца ёю; мы пазбаўлены такога, я б назваў — культурна-экалагічнага дзеяння, як выкінуць у сметніцу, скажам, абгортку ад марожанага, ці бананавую скурку, ці корак з-пад піва…

— Піва, — са свайго кутка хрыпата паўтарае чалавек-лемур.

Малады ўздрыгвае.

— Так, з-пад піва, — пацверджвае ён. — Здавалася б, драбяза — кінуць корак не пад ногі, а ў сметніцу; але з такой нібыта драбязы і складваецца ўласна жыццё! Мы жывём гэтымі мілымі, прыемнымі, мяшчанска-сентыментальнымі дэталькамі, не заўважаючы іх, не думаючы пра іх, як не думаем пра паветра, якім дыхаем. Але паспрабуй перакрый мне гэты вось кіслародны вентыль…

Пры гэтых словах дзед варочаецца (ён такі лёгкі, бесцялесны, што нават ложак пад ім не прагінаецца і не рыпіць) і пачынае мармытаць гучней.

Малады вытрымлівае пачцівую паўзу, каб даць час чалавеку пагаварыць з Богам, і толькі калі вусны старога на момант перастаюць варушыцца, працягвае:

— Аднаго толькі не разумею: навошта ім, каторыя на волі, здаровым, дужым, гэтая беганіна? Гэтая мітусня? І дзеля чаго? Гэтае ўвесьчаснае жаданне перагнаць адзін аднаго, хутчэй перабегчы вуліцу, у краму заскочыць, у госці не спазніцца, да тэлевізара паспець…

— Пачакай-но, — выразна шэпча дзед. — Сюды ніхто не спозніцца…

Аднак малады, захоплены сваёй новай думкай, не чуе.

— Не кажу ўжо, колькі небяспек падпільноўвае іх на кожным кроку! Можна паслізнуцца, зламаць нагу, руку, можна згарэць у пажары… Можа збіць машына… Скіргат тармазоў, удар, крык, боль, кроў, і вынік — у лепшым выпадку бальніца… Можна, нарэшце, у любы момант элементарна захварэць — добра, калі самому, а калі захварэе блізкі? Яшчэ горш… Жыць увесь час з адчуваннем падвешанага мяча над галавою… Гэта ж, калі ўдумацца, суцэльны кашмар! Наколькі ўсё ж крохкае наша жыццё, наколькі хліпкае наша гэтак званае здароўе, наколькі ўмоўнае гэтак званае «шчасце»! І вось вам чарговы парадокс: мы, скрамсаныя скальпелямі, вернутыя з таго свету калекі, цяжка хворыя ў лёгачнай палаце (заўважце гульню слоў), вышмаргнутыя з жыцця, штучна ад яго адгароджаныя, а гэта значыць — застрахаваныя ад выпадковасцей, мы — у адноснай бяспецы! Мы ў больш выгадным становішчы, чым людзі здаровыя, нам няма чаго баяцца, мы, кажучы словамі кепскай эпітафіі, ужо дома, а яны — усё яшчэ ў гасцях, або на поўнай страхаў дарозе…

— Падажджы-но! — ужо не шэптам, а зусім гучна, нечакана звонкім і тонкім голасам устаўляе дзед. — Нейкі канец ды будзе! Даездзяцца, дабегаюцца, даскачуцца, навернуць галовы! Гэтага ложка ніхто не міне!

Цяпер малады чуе. Але ён зусім не здзіўлены, што ў яго, аказваецца, ёсць слухач, ды яшчэ які ўдзячны, які так трапна, па тэме дапаўняе.

— Цалкам вас, дзядуля, разумею, — ветліва адказвае ён, адвярнуўшыся ад шыбы і звяртаючыся да канкрэтнага субяседніка. — І падтрымліваю. Вы маеце на ўвазе адноснасць волі як катэгорыі? Я ваш саюзнік. Увогуле, усе гэтыя тэрміны, калі шчыра, такая штучнасць, размытасць,

недакладнасць… Правільна, на першы погляд можа падацца, што тыя, хто на вуліцы, людзі, якіх мы назіраем толькі праз вакно, маюць неабмежаваныя варыянты выбару: хачу да сябра паеду, хачу — дамоў, хачу — да цешчы на бліны… Калі ж капнуць крыху глыбей — выбару ў іх, як такога, няма, маршрут іх загадзя прадвызначаны і звярнуць з яго, змяніць яго зусім не так проста, як ім здаецца. Усе па вялікім рахунку да кагосьці прывязаныя, да чагосьці прыкутыя — як я гэтымі вось трубкамі да гэтага вентыля і да кропельніц. І калі разабрацца…

Пажылая сярдзітая медсястра ўкаціла столік з медыкаментамі, уключыла святло, зашморгнула шторы, і вечар за вакном знік, засталася толькі палата.

Гэтая сястра што ні робіць — ніколі моўчкі; так і цяпер — яшчэ з парога пачала сварыцца, што дыхаць няма чым (а кварцавалі нядаўна), хоць бы фрамугу адкрылі (а хто яе адкрые?), што як ёй абрыдзелі ўжо гэтыя хворыя — «і што мне за доля такая — усё жыццё пазіраць на чужыя задніцы!», а заадно і дактары — «каб яны самі ў гэтыя койкі палеглі!», і бальніца — «не згарыць жа яна!», і што «хутчэй бы на пенсію, ды паслаць усіх к ядрэні фені!»

— Піці хочаш? — пытае яна ў чалавека-лемура, набіраючы ў шпрыц лякарства.

— Хачу, — прывычна, па інерцыі адгукаецца небарака. Нават на слых проста фізічнае адчуванне, як ад смагі зашэрх і ледзь варочаецца яго язык, і, як таму сапсаванаму механізму хочацца даць змазкі, каб перастаў скрыгітаць па нервах, так і гэтаму хочацца хутчэй уліць у рот кубак свежай, сцюдзёнай вады, каб разгусціць застылую кроў.

— А не палучыш ты піці! Губы мокрай ваткаю выцеру — і ўся вада… А ты, — пераходзячы з гатовым шпрыцам да маладога, які пры яе з’яўленні лёг і суцішыўся, — ты зноў уставаў? Зноў гаварыў? Вунь крывянкі нацурболіла! Ты ж на вентыляцыі лёгкага стаіш! Ты ж на адных наркотыках жывеш — у чым душа трымаецца? Табе што было доктарам сказана? Нават рота не разяўляць!

Яна паўтарае амаль тыя ж словы, што і нядаўні доктар, і з тою ж амаль інтанацыяй. Увогуле, усе дактары, і сёстры, і нават санітаркі нечым кланава-, ці клонава-, падобныя, як бы разам з белымі халатамі перадаецца ім адна і тая ж інструкцыя, першы параграф якой — «з хворымі паводзіцца строга, сурова, па магчымасці жорстка».

— Ты дагаворышся! Ты дачакаешся, што табе рот лейкапластырам залепяць, ці ніткамі зашыюць!

— Зашывайце, — панура адказвае малады. Імпэт і бадзёрасць яго куды падзеліся.

— «Зашывайце»! — перадражнівае медсястра. — Табе што, памрэш — і клопату мала! А жонцы як адной жыць? З дзіцяткам малым? Ляжы, маўчы і варушыцца не смей!

— А ён гаворыць, — ябеднічае дзед, каб задобрыць сястру (ён вельмі баіцца ўколаў). — Браце ты мой, і не сціхае, і не змаўкае…

Аднак замест падзякі дастаецца і старому даносчыку:

— А ў вас чаго як стаяла вячэра на тумбачцы, так і стаіць? Чаму вы не ясцё? Выздараўліваць не хочаце? Тут лепш, чым дома?

— Дурны я вашае бальнічнае есці, — крыўдзіцца дзед. — Мне сваё носяць. Я век чужога не еў… Вой! — загадзя ўскрыквае, хоць яшчэ іголка цела не кранулася.

— Таблеткі чаго валяюцца на падлозе?

— Дурны я іх піць.

— І што за хворыя ў гэтай палаце?! Не слухаюцца, не ядзяць, папраўляцца не хочуць… Такі дзень за вакном, а яны тут бокі пралежваюць, жыць тут гатовыя…

Так, сердзячыся, буркаючы, а таму коўдру падаткнула, таму вусны змачыла, за дзедам прыбрала, маладому шклянку памыла, яшчэ і не забыла пажадаць, выходзячы: «Папраўляйцеся».

Ледзь яна выйшла, як паўтараецца тая ж карціна, што і па сыходзе доктара. Малады ўмомант займае ранейшае становішча і пачынае казаць далей, з таго самага месца, нават з таго самага слова, на якім яго перапынілі.

Поделиться с друзьями: