Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Не выйдзеш. Не раскажаш. Бо даўно ўжо глухой чорнай ноччу закапаў ўсё, аб чым сорамна ці страшна ўспамінаць, у глыбокую яму, насыпаў зверху груд і ўбіў у гэтую магілу свайго мінулага асінавы кол. З твайго дазволу, Сцяпан, давай крыху ў той яме пакапаемся? Зробім, так бы мовіць, эксгумацыю… Спакойна, стрымана, няспешна куды нам спяшацца, праўда?

Кладу вось зараз руку на сэрца, проста сілком прымушаю сябе згадаць хоць штосьці, хоць маленькае каліўка чагось добрага, светлага, чалавечнага, з табой звязанага… І расстраляй ты мяне, разапні не магу. Нічога. Па нулях! У грэшнікаскнары з вядомай прытчы, якому пасля сьмерці чэрці ў пекле прапанавалі назваць хоць адну за ўсё жыццё добрую справу, адшукалася: падаў неяк жабраку шалупініну ад цыбулі (за якую трымаючыся, і выберацца з пекла). Вельмі і вельмі няўпэўнены,

што ў цябе знойдзецца хоць такая мізэрная магчымасць паратунку…

* * *

Ды Божа мой, пра што мы гаворым! Якое дабро, якія любоў, спагада, сумленне, чалавечнасьць?! Усё гэта не з твайго лексікону, абсалютныя для цябе хімеры, усё гэта заўсёды выклікала ў табе ў лепшым выпадку пагарду (не да тэрмінаў, канечне, а да іх носьбітаў) да кніг, фільмаў, школы, горада, прыроды… А найбольш да людзей, ад цябе і ад тваёй сямейкі адрозных.

Мы, твае аднагодкі, шмат чыталі, дзяліліся прачытаным, верылі героям і любілі іх, зайдросцілі ім і іхняму, зусім непадобнаму на нашае, вясковае, жыццю; ты слухаў, чмыхаў, пырхаў, паплёўваў «вераць яны ў гэтую брахню, дзяды кніжак не чыталі, а за нас разумнейшыя былі»; і гэтак сама, як твае любімыя дзяды верылі ў забабоны, у ведзьмакоў, лесавікоў і кланяліся кожнай лясной калодзе і кожнаму балотнаму карчу, так і ты шчыра верыў, што кнігі зло, што ад іх дурэюць і слепнуць. Увесь твой за дзесяць гадоў вучобы ў школе набыты духоўны багаж так і застаўся на ўзроўні «Янка Купала п’е да ўпавала», «Максім Горкі з’еў махоркі», а «Якуб Колас свішча ўголас»…

Мы захапляліся Райкіным, пераказвалі адзін аднаму ягоныя жарты, ты, пачухваючыся, праз слова мацюк, устаўляў: «Знайшлі мне смешнае жыд у целявізары дурачка ламае!»; калі ж мы, абураныя, прагнучы абараніць не так артыста, колькі саміх сябе, тыя квёлыя парасткі светлага, па якіх ты таптаўся, наляталі на цябе, на словах, вядома, бо ты паспеў ужо абагнаць усіх нас у росце, галаваты дэбіл з квадратнымі кулакамі і шклянымі вачыма, «а што табе тады смешна?!», ты ахвотна расказваў, як гэтым летам з бацькам і братамі знарок набралі і насушылі чарвівых грыбоў, а яўрэйка ў горадзе на базары іх купіла, «…і бацька рагатаў, што трэба было і за мяса з яе ўзяць!»; на гэтых словах ты сам пачынаў душыцца смехам, а вочы твае не смяяліся, а так і цікавалі за намі…

Нам хацелася быць «Цімурам і яго камандай», сябраваць, памагаць старэйшым, ізноў ты ўмешваўся, вырастаў між намі, ізноў пачынаў вярзці рознае паскудства, ад якога мы чырванелі і стараліся не глядзець адзін на аднаго, бы злоўленыя на чымсьці непрыстойным. «Вераць яны, падхіхікваючы, казаў ты. Ведаеце, чым ваш Цімур там, на гарышчы, займаўся?» і пачынаў тлумачыць, чым. Тут была каменная сцяна, якую не прабіў бы ніякі таран; ніякія ў свеце сілы не змаглі б пераканаць цябе, што дзяўчынкі з хлопчыкамі, калі яны адныя, зусім неабавязкова толькі тое і робяць, што займаюцца гульнёй у «татумаму», але толькі на гэта ты ўсё і зводзіў, любімая пасля яўрэйскай тэма, на якую ты мог гаварыць бясконца, у дэталях, з самымі, зразумела ж, біялагічныямі, жывёльнымі падрабязнасцямі. І каб жа толькі гаварыць! Колькі сябе памятаю, з самых малых, з дашкольных яшчэ гадоў вечна былі ў цябе нейкія цёмныя справы, з гэтымі «татамімамамі» звязаныя, нейкія таямнічыя гісторыі, у якія аказваліся замешанымі і твае старэйшыя браты, і стрыечныя сёстры…

Але вось скажы ж ты! Здавалася б, вёска, у адным канцы чыхнеш, у другім ведаюць, што захварэў; з табою ж, з вашай сямейкаю нічога падобнага, усё як з гусакоў вада! Усе тыя гісторыі так ніколі і не пераступілі парога вашай хаты… асабістае сваё жыццё ўмеў ты хаваць ад чужога вока…

* * *

Але добра. Бог з ім, з Цімурам. Калі шчыра, нейкая двухсэнсоўнасьць у тым падлеткавым хаўрусе сапраўды ёсць. Але «Палескія рабінзоны»! Аповесць, на якой мы пэўны час проста памешаныя былі. Як марылі самі апынуцца на востраве, як шкадавалі, што няма паблізу вялікай рэчкі, якая б разлівалася, што няма ў нашай вёсцы шпіёнаў, за якімі можна было б сачыць… Смешна, а цяпер успамінаючы, дык і сорамна што і цябе спрабавалі пераканаць у чароўнасці гэтага твору. Ты панура, недаверліва, усё з тою ж пагардаю да «брахні вучонай» выслухоўваў. Ні сюжэт, ні рамантыка, ні прыгоды не пайшлі табе… толькі аднойчы твар твой ажывіўся тупой цікавасцю гэта калі Мірон зь Віктарам

знайшлі бабровыя хаткі. «Хоць бы шкураў насушылі, раз усё адно рабіць нех…»

О, у гэтым ты са сваёй сямейкай разбіраўся добра! Помніш, была ў вас сучка, Сцяпан? Якую вы не адвязвалі ніколі? І потым кожную вясну вашае хобі, забаўка вашая, нават хутчэй не забаўка, а будзённы занятак такі ж, як для нармальных людзей ускопваць грады, садзіць соткі, даглядаць сад… З заклапочанымі, сур’ёзнымі тварамі вы абносілі сабачую будку надзейнай агароджаю (не ленаваліся ж, і часу гарачага, веснавога не шкадавалі, бо гэта ж трэба было ў лес цягнуцца, ды слупкі з жэрдкамі нарыхтоўваць, ды потым, дома, усё гэта да ладу даводзіць), самі хаваліся за хлеў тры дарослыя амаль дзецюкі і адзін сталы мужчына, і цярпліва, як на рыбалцы ці на паляванні ў засадзе, чакалі… Пакуль якісь небарака, прываблены юрлівым сучым скавытаннем, не ўбягаў перш у гасцінна расчыненыя вароты, а потым і ў пастку. Імгненна шморгалася вяроўка, зачыняліся вароты, і вы ўчатырох бацька з віламі, вы з палянякамідубінамі, выляталі з засады і з гіканнем урываліся ў загарадку…

Быў у тым забойстве, аказваецца, і інтарэс практычны. «Яблыкі будуць смачныя, тлумачыў ты, калі сабак закопваць пад яблыню», прычым, дадаваў ты, пажадана сабак, пазбаўленых жыцця пад час злучкі.

Колькі яблык вы пераварылі ў сваіх чэравах, колькі перавялі «жывога ўгнаення» для іх хто падлічыць?.. І не магу згадаць ніводнага выпадку, каб хто пасварыўся з вамі, каб хто заявіў у міліцыю; баяліся вас, як чорт крыжа і нездарма, бо былі вы акружаныя блатам, аплеценыя сваякамі, вялікай і дробнай начальніцкай раднёю, як павуціннем; ніткі гэтыя ліпкія цягнуліся ад вас і ў сельсавет, і ў школу, і ў міліцыю, і ў райана, і ў гарана; так што скардзіцца на вас, шукаць якой рады ад вас было сабе ж даражэй.

* * *

Подласць твая сталела разам з табою і чым далей, тым больш набывала дасканаласці, рабілася не грубапрымітыўнай, не лабавой, а нейкай вытанчанай, усё часцей скіроўвалася не на канкрэтнага чалавека, а на штосьці самае дарагое яму: на любімую рэч, якую можна было зламаць ці ўкрасці, на сябра, на якога можна было ўзвесьці паклёп, на бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, у якіх абсмейваліся фізічныя недахопы, на каханую дзяўчыну, якой давалася брыдкая мянушка і г.д. і да т. п.

Цяпер, ездзячы з сваім уласным «шохверам», ты, відаць, рэдка ўспамінаеш, калі ўспамінаеш увогуле, пра свой даўні, самы першы транспартны сродак: зялёнага колеру матацыкл «Мінск». Навюсенькага, набылі яго табе з рук, за паўцаны, у суседняй вёсцы ў нейкай жанчыны, адзіны сын якой перад гэтым трагічна загінуў, так ні разу, здаецца, на тым «Мінску» не праехаўшы… ізноў, зноўтакі і ў гэтай пакупцы элемент чагось цёмнага, непрыемнага, на чужым горы замешанага; ты проста народжаны быў пад нейкай паганай зоркай, табе проста наканавана было ўсё жыццё выступаць у ролі Мідаса, з тою розніцай, што ў Мідаса ўсё, чаго ён ні кранаўся, ператваралася ў золата, а ў цябе, выбачай, сам ведаеш, у што…

Але не пра тое рэч. Карацей, матацыкл у цябе з’явіўся. У класе восьмым ці дзевятым, калі забытыя былі ўжо і Цімур з камандаю, і рабінзоны з Палесся, калі цягнула ў суседнія вёскі да дзевак гуляць, а з іншага боку і дзяцінства не да канца адпускала яшчэ, трымала каля сябе грыбамі сваімі нязнойдзенымі, рыбамі нязлоўленымі, арэхаміягадамі нявыбранымі, галамі не забітымі, кніжкамі не прачытанымі… Ды яшчэ такім мілым, даўнім тэрмінам як «дай пакатацца!». На кані, на лісапеце, на мапедзе і нарэшце на гэтай зялёнай спакуслівай штучцы, гаспадаром якой ты з’яўляўся…

«Дай пакатацца…»

Ты даваў. Само сабою, не за бясплатна. Браў выпіўкай, цыгарэтамі, грашыма… Помню, нібы прадчуваючы тое, што здарыцца, я авансам заплаціў табе адразу трайны тарыф: пляшку самагонкі, пачак цыгарэт і рубель грошай. І вось яна, музыка руху, гул матора, напятая ветрам кашуля як ветразь, як крылы за спінаю! Чацвёртая перадача, газ да ўпору… Ямка, перакошаны руль, кульбіт «галаваногі»… Ватная цішыня ў вушах, потым знянацку рэзкі, высокі, як ў бензапілы на халастым ходзе, плач матора… І твае вочы, калі ты падбег і павярнуў ключ запальвання, і ўсё сціхла, а я падняўся, абмацваючы сябе і азіраючыся, твае вочы, у якіх былі боль, страх, адчай, бяда, а потым, калі ты нарэшце больш пільна паглядзеў на мяне, яшчэ і квёлая надзея: а раптам пакалечыўся?!

Поделиться с друзьями: