Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

У палаце трое: стары, малады і яшчэ адзін — сярэдняга веку, з маленькім дзіцячым тварыкам і нечакана вялікімі, лупатымі, як у спакутаванага лемура, вачыма. Ён толькі пачынае ачомвацца пасля аперацыі і пакуль слаба разумее, дзе ён, хто ён і на якім ён увогуле свеце. Ложак яго каля акна.

Ад дзвярэй злева, як зайсці ў палату, ляжыць дзед — гатовы нябожчык. Бяскроўны твар яго зліваецца з белатой падушкі і нагадвае гіпсавую маску, выпушчаныя з-пад коўдры ручкі пакорліва складзеныя на грудзях — хоць свечку ўстаўляй. Толькі сухія вусны яго бязгучна варушацца, нібы дзед чытае сам па сабе адыходную малітву.

Нарэшце, трэці, малады, ну як малады? — гадоў дваццаць пяць яму, ложак якога насупраць чалавека-лемура,

не ляжыць, а сядзіць. Падмасціў пад бок і пад спіну па падушцы, прыўзняўся, трымаючыся за перакладзіну над ложкам, і пазірае ў вакно, на бальнічны двор і на гарадскую вуліцу, дзе так прыгожа дагарае марозна-звонкі вечар.

Падзалочаны промнямі развітальнага сонца дым з коміна нейкай пабудовы падымаецца ўгару — на мароз, і ад таго ілюзія, што ён і не падымаецца зусім, а стаіць, гэткім роўным, без сукоў і без галін ствалом якогась высокага дрэва.

Сонца пакрысе, праменьчык да праменьчыка, згортвае свой чырвоны веер. Нядаўна ўся сцяна палаты была асветленая, а цяпер толькі ў адным кутку застаўся ружовы сектар, і той увачавідкі меншае, меншае, каб неўзабаве знікнуць зусім.

— Зіма… Вечар, — задуменна кажа, гледзячы у вакно, малады. На яго румяным твары блукае радасная, ды што там радасная — шчаслівая ўсмешка. — Мы тут ляжым, а жыццё сабе ідзе… Вунь бабуля вядзе за ручку ўнучку… Апранутыя цёпла. Рукавіцы, шалікі, шапкі… Яшчэ б — мароз! Колькі прыблізна ад нашай палаты да вуліцы? Сцяна, шыбы, метраў пяцьдзесят газона… Не так і многа. Калі расчыніць вакно і крыкнуць — пачулі б. А на справе — касмічная адлегласць! Крык фізічны даляціць, а вось крык душы? Наўрад ці…

Такі ў яго бадзёры, пераканаўчы голас, такі прыгожы твар з маладой русявай шчацінкай, так блішчаць яго мяккія вільготныя вочы, такі ён сам увесь урачысты, заміраны, як бы асветлены нейкім унутраным ззяннем. Міжволі хочацца думаць, і верыць, ці не Ўсявышні гэта вырашыў лішні раз злітасцівіцца з неразумных людзей, даць ім яшчэ адзін шанс, і спусціў да іх з нябёсаў свайго чарговага пасланца… Аналогія тым больш напрошваецца, што «пасланец» літаральна раскрыжаваны — у венах абедзьвюх рук па кропельніцы, з грудзіны, з-пад саменькага сэрца, тырчыць адна трубка, суровымі ніткамі па-жывому да скуры прышытая і бурым ад крыві і ёду пластырам залепленая, са спіны — другая. Адна, як пупавіна з мацярынскім лонам, злучае яго з кіслародным вентылем у сцяне, другая апушчана ў бутлю на падлозе. Такой няхітрай сістэмай кісларод прачышчае хворае лёгкае, вымывае з яго сукровіцу і іншую пасляаперацыйную дрэнь. Усё гэта кружыцца ў бутлі, асядае на дно, пеніцца ружовымі бурбалкамі — не раўнуючы, брага ходзіць!

— Кожнаму сваё… Адным ляжаць, хварэць, пакутаваць, іншым — хадзіць па вуліцах, ездзіць у машынах і ў розным транспарце… Адным, як мы, дыхаць нежывым кварцаваным паветрам, ёдам, нашатырам, хлёркаю, нечыстотамі… Другім — бегаць на лыжах па заснежаным лесе, сярод заінелых елак, з якіх сыплецца сняжок на каўнер і на шапку… Дыхаць водарам свежага, адфільтраванага хвояю павет… павет…

Ён раптам хэкае, нібы атрымаўшы далоняю па кадыку, пачынае глытаць словы, захліпваецца імі, кашляе, хаўкае, як рыбіна на пяску. Праз некаторы час, аддыхаўшыся, спачатку з цяжкасцю, па адным слове:

— Адфільтраванага… хвояю… паветра, — а потым, усё больш набіраючы разгон, язык яго зноў пачынае мянціць роўна і гладка: — Але вось парадокс! Любое абмежаванне чалавека ў прасторы, часовае — як у нас з вамі, або поўнае, як, дапусцім, у турме ці ў манастыры, любая адсутнасць фізічнага дзеяння — карацей, пазбаўленне волі, прыводзіць, як ні дзіўна, да разумення ісціны! Згадаем хоць бы антычных мудрацоў. Адзін днямі маляваў дроцікам на пяску свае тэарэмы і доказы іх, другі не вылазіў з ванны, усклікваючы час ад часу: «Эўрыка!», трэці ўвогуле жыў у бочцы і

сярод белага дня бадзяўся з запаленым ліхтаром, шукаючы, бачыце, чалавека… Аднак гэта не перашкаджала ім быць геніямі, разумець ісціну. А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават — выбачайце за кашчунства! — не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! — драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае — шчасце…

Паслухаць яго, дык гэты балбатун-«філосаф» і ёсць самы шчаслівы на свеце, гэткі алхімік-вынаходнік, які выпадкова замест вырабу каштоўных металаў адкрыў рэцэпт прыгатавання ні многа ні мала самога шчасця, навучыўся складаць яго з рознай драбязы, як, напрыклад, з нязграбных, недарэчных аскепак мазаікі пад рукой майстра паступова атрымліваецца гарманічны малюнак, і цяпер не толькі сам карыстаецца сваім вынаходніцтвам, а яшчэ і па дабрыні душэўнай гатовы падзяліцца ім з іншымі, хоць бы з гэтымі вось суседзямі па палаце, якія, канечне, пакуль нават не здагадваюцца, што варта было б запісваць усё чутае, у крайнім выпадку запамінаць, бо такі чароўны і разам з тым просты рэцэпт ашчасліўлення чалавецтва можа прапасці, растварыцца ў словах, развеяцца ў паветры.

— Так, сябры мае, — толькі тут, у гэтай бальніцы ў цэлым і ў гэтай палаце ў прыватнасці, тут, у вымушанай ізаляцыі, і адкрываецца чалавеку сапраўдная мудрасць…

«Сябрам маім» яго словы да лямпачкі. Дзед усё варушыць вуснамі, чытаючы сваю бясконцую малітву, — такому не ў філасофію ўдавацца, не пра глабальнае шчасце думаць, а пра пераход у свет лепшы. У вачах чалавека-лемура поўная прастрацыя, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў іншым жыццёвым вымярэнні, дзе з усёй разнастайнасці чалавечых пачуццяў засталіся толькі два: пакута і цярпенне.

Маладога ў сваю чаргу ані не бянтэжыць адсутнасць аўдыторыі.

— Бачыце, сябры, — працягвае ён, звяртаючыся да шыбіны, — імкненне да роўнасці — хімера, такое ж пустапарожняе глупства, як вечны рухавік. Не, можна, канечне! — можна якімісь рэвалюцыйнымі зменамі, ці канстытуцыйнымі законамі, ці, урэшце, жалезнай рукою манарха-дыктатара дабіцца адноснай матэрыяльнай роўнасці… Але вось тут акурат і ўмешваецца яе вялікасць прырода, ці Бог, ці лёс — і ўсё ляціць старчаком, усё губляе сэнс! Бо як былі, так і застануцца здаровыя і хворыя, высокія і нізкія, прыгожыя і непрыгожыя, разумныя і дурныя, злыя і добрыя… У вечнай няроўнасці — вялікі, неразгаданы сэнс, цэлая філасофія, тут, я вам скажу, ёсць над чым паду… паду…

І зноў хэканне, перханне, хліпанне, і зноў кашаль пачынае біць яго так, што ложак трасецца і трубкі разам са скураю паадрывацца гатовы.

Уваходзіць доктар. У пантофлях на босу ногу, у белым халаце, сініх штанах і сіняй, высокай, як клабук, шапцы ён падобны на нясмешнага клоуна. Адразу кіруецца да ложка маладога гаваруна. Дзеду ён не дае ўвагі зусім, чалавеку-лемуру на хаду кідае: «Піць хочацца?»

— Хочацца, — сухім, як наждак, голасам скрыпіць той.

— Цярпі, — і да маладога:

— А ты ўсё гаворыш? А табе ўсё не ляжыцца? А ў цябе да ўсяго рукі цягнуцца? — Падкручвае вентыль, робячы меншым напор кісларода, і ў бутлі асядаюць на дно чорныя і ружовыя камячкі і перастае так страшна булькаць «брага».

— Якога чорта ты ставіш кісларод на максімум?! Якога хрэна ты яго чапаеш?! З цябе ж за гадзіну к чортавай мацеры разам з лёгкімі ўсе вантробы павыдзімае! Дарослы чалавек, а горш за дзіця! Ну вось што ты сам з сабою робіш?

Нягледзячы на грубасць, у яго голасе не дакор, а хутчэй спачуванне, нават пакута, нібы яму баліць больш, чым неразумнаму хвораму.

Поделиться с друзьями: