Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

«Адзін за ўсіх — усе за аднаго!»

Надпіс як надпіс. Яшчэ і не такія з’яўляюцца. Акрамя, канечне, крыху падпсаванага школьнага інвентару, дык і тое лёгка было паправіць — ну, зацерла б прыбіральшчыца гумкаю, ці лязом сашкрэбла, ці палоскай паперы заклеіла — і ўсе праблемы, пасмяяца і забыць.

Аднак жа нічога падобнага. Ці то час нейкі такі выпаў, калі Таццяне Парфіраўне, дырэктарцы, а менавіта яна адразу ж, рукавы закасаўшы, узялася за расследаванне, больш рабіць не было чаго, ці то вырашыла яна ў зародку прыдушыць малое, каб не мець пасля справы з большым і горшым, ці проста ўмяшалася ва ўсё гэта самая звычайная містыка і Іванаў (на яго чамусьці першага ўпала падазрэнне) чорны анёл прачнуўся… Хто ведае! І тады прычына, з чаго, з якой трасцы разгарэўся сыр-бор, была загадкаю, а цяпер, праз столькі

часу, і падаўна.

Карацей — нават па самых строгіх мерках нязначнай гэтай падзеі надаецца раптам самая сур’ёзная ўвага. Роўная, можа, цяперашняму ананімнаму званку аб тым, што школа замініраваная, альбо што ў кабінеце хіміі разбіўся трохлітровы слоік ртуці… Штосьці такое. Вядуць Іваню ў настаўніцкую. Пад прыцэлам паўтара дзесятка пар вачэй, у каго зларадных, у каго спагадлівых, у каго абыякавых, пачынаецца допыт.

«Што ты хацеў гэтым сказаць?»

«Нічога, бо гэта не я», — напачатку смела, нават весела адказваў Іван. Яму нават шкада крыху было, што хутка, праз якую хвілінку-дзве, максімум да канца перапынку недарэчнасць развеецца, праўда возьме верх і ён выйдзе з настаўніцкай такім жа самым, якім пераступіў парог. Апраўдацца яму было лягчэй лёгкага. Па-першае, надпіс зроблены чарнільнай ручкаю, а ў яго шарыкавая. Па-другое, почырк — не яго каракулі, а прыгожыя, каліграфічныя літаркі — яўна якогась зубрылы-выдатніка ці шасцёркі-харашыста. Па-трэцяе, надпіс зроблены нізка, а Іван росту высокага, значыць, калі б і прыйшло яму ў галаву пяром высечы гэты нявінны мушкецёрскі дэвіз, дык нашто б ён гнуўся ў тры пагібелі?

Але яго жалезныя апраўданні нікому і непатрэбныя былі. Пытанне зусім не ставілася, ён гэта, ці хто іншы:

«Што ты хацеў гэтым сказаць?» — вось як з настырнай зацыкленасцю ставілася пытанне. Дыялог сляпога з нямым.

«А што ў гэтых словах такога? — паціснуў плячыма стары матэматык. Нават праз шкельцы акуляраў у добрых яго вачах чыталася няўцямнасць. — Калі нават і ён — дык што такога?»

«І вам яшчэ трэба тлумачыць, — ужо ў матэматыка ўперыла ледзяны пагляд Таццяна Парфіраўна, — што тут такога?!»

Запахла крамолаю. Справа пачала набываць небяспечную, двухсэнсоўную, ледзь не палітычную афарбоўку. Івану стала не да смеху. Сярод мёртвай цішыні істэрычна віскнула гістарычка:

«Выключыць зь піянераў!»

«Бацькоў штрафануць — і баста!», — басам сказаў фізрук.

«Ды што там — са школы гнаць», — ці то з іроніяй, ці то ўсур’ёз, нічога не зразумець было, азваўся географ.

Спалоханы Іван заплакаў…

І гэта часткова выратавала яго. Часткова, бо з піянераў яго не выключылі і са школы, канечне, не выгналі, — але адбітак на ім чагось непрыстойнага, замешанасць яго ў нечым саромным так на ім і засталіся. Не памагло нават і тое, што ўжо назаўтра аб’явіўся сапраўдны віноўнік: малакроўная ціхоня-дзяўчынка з паралельнага класа, з каснікамі, большымі за галаву, падобная на Мальвіну і на Пьеро адначасова… «Мы цэнім тваю салідарнасць, — выслухаўшы яе пакаяннае лепятанне, сказала Таццяна Парфіраўна, — аднак нельга ж так літаральна разумець, і да дзеяння прымаць, сэнс дэвізу!» Яна, мабыць, падумала, што дзяўчынка закаханая ў Івана, і знарок бярэ віну на сябе.

Калі б Іван быў большы і разумнейшы, дык мог бы супакоіць душу тым, што не за адно, дык за другое кару нясе. Вадзіліся ж ў яго і сапраўдныя грахі: цыгарэт паленне, шыбка, футбольным мячом высаджаная… Якая розьніца, за што трымаць адказ? Аднак ён быў у тым самым лепшым і самым небяспечным, узросце, калі пачуццё справядлівасці гіпер-развіта, калі немагчымасць даказаць сваю праўду ўспрымаецца цэлай трагедыяй… Хаця, з іншага боку, усё праходзіць, усё забываецца. Забылася б і тая гісторыя — каб не працяг яе. Пусты гэты выпадак прыліп да Івана — жуйкаю да падэшвы, радзімай плямаю — пачаў жыць разам з ім і міжволі ўплываць на яго характар, паводзіны і нават на лёс. Мянушка ў яго з’явілася — Пісака, і калі ў час звычайных хлапечых разборак, дражнячыся, хацелі мацней, больш балюча яго ўкалоць, дык са злосці замест сярэдзіннага «а» выкрыквалі «я».

Мяняліся настаўнікі, на змену старым прыходзілі новыя, і ім, характарызуючы вучняў, пра Івана, нібы эстафетную палачку, перадавалі: неблагі, старанны хлопец, але вось ручкі нячыстыя… Так дабыў ён да восьмага класа. І калі прачытаў на сябе характарыстыку —

у цэлым станоўчую, з маленькай прыпісачкай у канцы: «схільны да псавання школьнай маёмасці…», ён успрыняў яе амаль спакойна. Тым больш гэта была ўжо праўда. Папсаваў ён за апошнія гады і школьнага інвентару, і настаўніцкіх нерваў.

Хапала і пасля ўсяго ў жыцьці. І ён крыўдзіў, і яго крыўдзілі — і заслужана, і не заслужана, і па ўсялякаму… Але нічога падобнага на той першы выпадак, на тую горыч, прыкрасць, адчай ён ужо не адчуваў…

Нядаўна, стоячы ў чарзе ў гастраноме перад сівенькай гарбаценькай бабулькай, Іван раптам прызнаў у ёй… дырэктарку Таццяну Парфіраўну! І яна яго. Адыйшліся ўбок, разаўспаміналіся. Бабулька пусціла слязу — яе ўсе старыя настаўнікі пры сустрэчы з былымі вучнямі пускаюць.

«А помніце той выпадак, Таццяна Парфіраўна? — не стрымаўся Іван. — Ну, калі вы мяне абгаварылі?..»

Бабулька высмаркалася і адказала ціхім і разам з тым цвёрдым голасам:

«Я цябе вельмі люблю, Іваня. Але зрабіў тое ты», — і відаць было, што гэтае перакананне яна забярэ з сабою ў блізкую магілу.

Шмат чаго загадкавага на свеце!

2003 г.

ПОШЛАСЦЬ

Мне пашэнціла пражыць з ім у адным інтэрнацкім пакоі амаль паўгода, з зімы да летняй сесіі, а раскусіў я яго менш, чым за тыдзень: гэта быў закончаны, завершаны пашляк.

Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы — не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый кшталту «спяшайцеся рабіць дабро», «твор не пра вайну, а пра чалавека на вайне», «людзі створаны для шчасця» («хлеб усяму галава», «беражыце лес ад пажараў»)… Такога не саб’еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім не ўсчыніш дыскусію аб дуалізме таго ж «дабра» — паняцця крайне размытага, адноснага, бо адзін лічыць дабром нарадзіць дзіця, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва, а другі — забіць дзіця — напрыклад, абортам, разбурыць дом — каб вызваліць месца для новага будынка, і ссекчы дрэва — бо яно ад старасці і ветру можа паваліцца і нарабіць шкоды…

Напачатку, уражаны гэтым тыпам, які, здавалася, скочыў у жыццё проста са старонак падручнікаў па літаратуры, псіхалогіі і псіхіятрыі, я любіў разыгрываць яго. Мяне забаўляла, што для гэтага таўкача не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б.

— Для чаго мы жывём на свеце? — стараючыся быць сур’ёзным, пытаў я.

— Каб адшукаць чалавека ў чалавеку.

— Што будзе з намі пасля смерці?

— Небыццё і вечная ноч.

— Ці існуюць рай і пекла?

— Яны ў нас саміх. Кожны атрымае па заслугах.

— Што галоўнае ў жыцці?

— Заставацца ва ўсіх абставінах чалавекам.

Гэта нагадвала спірытычны сеанс, дзе я выступаў у ролі спірыта, а наш герой быў духам. Кусаючы вусны, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, радуючыся таму, што ў пакоі паўзмрок і на маім твары нічога нельга ўбачыць, я працягваў «круціць сподачак»:

— Ці ёсць каханне?

— Каханне валодае светам, — імгненна гучала ў адказ.

— Што такое дабро?

— Жыццё дадзена нам на добрыя справы.

Само сабою, як і ўсе падобныя унікумы, ён вёў здаровы лад жыцця, быў ворагам спіртнога і тытуню, называючы першае «атрутай душы», а другое (чамусьці) «ядам для галаўнога мозгу». На маё сціплае пярэчанне, што цыгарэты хутчэй яд для лёгкіх, гэты дурань паблажліва пасміхнуўся і паказаў пальцам у столь:

— Мозг — усяму галава!

Кожную раніцу ён пачынаў з зарадкі, прысядаў, крактаў, напаўняючы пакой рэзкім пахам поту і начнога нямытага цела. Сінія, бязвінна-бяздумныя гузікі вачэй. Стрыжка «пад бокс», скуласта-насаты баксёрскі твар — і зусім не баксёрскае, не спартыўнае, а рыхлаватае, налітае нездаровай паўнатой цела. Яму было ўсяго дваццаць, а сталасць, нават старасць ужо клалі на яго свой адбітак. Ёсць нейкае афрыканскае племя, людзям якога не вядомы такія фазы жыцця, як падлеткавасць і ўзмужанне — яны адразу з дзяцінства, гадоў з васьмі, пачынаюць старэць, прынамсі, тварам і целам; дык ён мог бы сысці ім за неблагога правадыра.

Поделиться с друзьями: