Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Яна нічога не разумела.

— Мала таго: ваш сын падстаўляе іншых людзей — рэдактараў, пісьменнікаў. Яны ж добрыя, наіўныя, даверлівыя, як дзеці. Іх вельмі лёгка падмануць. Разумееце? Яны нараджаюць свае творы ў пакутах, таму ім і ў галаву не прыходзіць, што нехта можа проста так, без дазволу, безпардонна выкарыстоўваць плады іхняй працы…

— То чаго ж яны не глядзелі? Глядзець трэба было!

Проста абяззбройвала гэтая мілая логіка. Але і тут Павал не змог не адзначыць, што вось і яшчэ адным цікавым бокам раскрываецца гэтая гісторыя: ды не зможа ён, і ніхто ў свеце не зможа даказаць маці, што яе сын горшы за астатніх, як не дакажа ёй і тое, што красці духоўнае — гэтак сама непрыгожа, такі ж грэх, як і машыну дроў з лесу ці мяшок камбікорму з фермы.

Размова была скончана. Больш не было аб чым гаварыць.

— Калі гэта выкрыецца, і вам, і яму сорамна будзе, — толькі і сказаў ён напаследак.

— Выкрывайце! —

адрэзала яна. З добрай, даверлівай жанчынкі, якая звала яго ў хату, і збіралася пакарміць, і вылівала яму ўсю душу, яна на вачах ператварылася ў каргу. — Мала яму ўсяго было, дык яшчэ і вы… Дзяўбіце!

Замест развітання Павал вінавата пасміхнуўся ёй і пайшоў да веснічак. А ўслед яму прагучала:

— Як вы завідваеце, дык ён жа не вінаваты!

— У чым ён не вінаваты? — павярнуўся Павал.

— Што лепей за вас!..

Заставалася толькі развесці рукамі. Такая вось паездка, такая гутарка, такія з яе высновы…

На вуліцы ён папіў вады, нагнуўшыся над калонкай, расставіўшы шырока ногі, каб не абпырскаць чаравікі.

І ўсё ж не стыкоўвалася штосьці. Не вытанцоўвалася. Шпунты не траплялі ў пазы, зубчыкі не чапляліся адзін за другі і механізм не жадаў круціцца. Ды які механізм? — увачавідкі ўся гэтая задума з „выкрываннем“ рассыпалася ў прах. Ну, з’явіцца яго артыкул. Гэта ж проста Госапаці (Госпадзі), як ускліквае кітаец у булгакаўскай п’есе! Пазвоняць пару прыяцяляў, павіншуюць няшчыра. Нехта на вуліцы руку пацісне, адводзячы вочы. Усё. Усё!

І за міг гэтага таннага „ўзвышэння“, гэтага фальшывага самалюбавання ён павінен будзе прадаць свой сакрэт? Развітацца з ім? Зняславіць свайго, які аднаму яму, Паўлу належыць, плагіятара? Як усё гэта смешна, як несур“ ёзна… Артыкул! — думаў Павал, ідучы да аўтастанцыі: — Які артыкул, калі тут трэба маўчаць, як рот зашыўшы! І справа нават не ў тым, што ён нейкай прыпыленай віхурай уварвецца ў чужое жыццё і проста так, ад няма чаго рабіць, пабурыць гэтае маленькае, крохкае, беднае шчасце, і не ў высакароднасці ягонай, і не ў практычнаэгаістычных пастулатах тыпу: „пакрый чужы грэх, табе Бог два даруе“, і нават не ў гэтай маленькай, у гуманітарных абносках жанчынцы, якая вазіла на „Апанскую“ перадачы, і не ў яе шалапутным сыне, якога звяла „кампанія“, — механізм ніколі не закруціцца, выкрывальніцкі артыкул ніколі не павінен з’явіцца па той простай прычыне, што ўся гісторыя не вартая выедзенага яйка. Тут не знаходзіцца склад злачынства. Віна плагіятара, як і рэдактараў, што за ім не дагледзелі, была мінімальная, калі ўвогуле хоць якая была. Ну, хто з нашага кампутарнага пакалення сядзе зараз спецыяльна чытаць таго ж Паустоўскага? Ці Прышвіна, не кажучы пра Авечкіна? А так, можа, хоць дзякуючы плагіяту, урыўкамі, з газеты, хоць неяк падспудна, хоць у перакладзе на беларускую мову раптам нешта разумнаевечнае возьме ды і пасеецца ў галовах?

Нібы цвярозы пасля п’янкі, Павал цяпер не пазнаваў сябе ранейшага. Ён толькі дзівіўся, як падобная лухта — выступіць з нейкім артыкулам — магла жыць у ім столькі часу? Няўжо яна ўсур’ёз ім дапускалася? І смешна было, і крыху сорамна. Ну, а мы ўсе, літаратары, „творчыя людзі“, — пацягнула яго на філасофію, — што, заўсёды арыгінальныя? У нас усё новае, нічога і нікога мы не паўтараем?

Вось адкуль гэтая ілюзія пазнавальнасці. Вось чаму ўсё вакол здаецца такім знаёмым, нібы быў ужо некалі тут, і не аднойчы, усё тут бачыў і ведаў раней: і гэтае мястэчка, і гастраном, і прыбіральню, і пустую залу аўтастанцыі, куды ён якраз увайшоў і апусціўся, як у ночвы, у адно з тых нязграбных, мулкіх, драўляных крэслаў, якія, баючыся каб іх не укралі, замацоўваюць па пяць штук жалезным прэнтам. Каса яшчэ не працавала. У прахалоднай цішыні было чуваць толькі, як звіняць мухі і б» юцца аб высокія мутныя шыбіны. І гэта таксама паўтаралася — як і нядаўні пах кропу з агарода, як і хатка, у якой ён не быў, але ведаў, што будзе там «у нос біць» духам выпаленай печы, што будзе там стол, пакрыты цыратай «кляёнкай» ў сінія і белыя квадраты, са слядамі ад патэльні; як і капуста «з грыбамі і з мясам», якую ён не еў, але ведаў, што, перш чым адправіць у рот лыжку, трэба «падзьмухаць» на яе, сабраўшы вусны ў «курыную гузку», а калі патрапіцца грыб, падсаліць яго ў лыжцы і «ўцягнуць» у сябе «з прыцмокам»… Усё на ўсё было падобна, усё незлічонае мноства разоў паўторанае — і ў жыцці, і ў літаратуры як люстэрку жыцця. Ды па вялікім рахунку, — тут адчынілася акенца касы і Павал паспяшаўся туды, — па вялікім рахунку плагіят закладзены ў самой прыродзе, у гэтай цыклічнасці яе, у гэтым вечным кручэнні кола! Урэшце, лета падобнае на ўсе леты, якія былі раней, і восень будзе падобная на ўсе ранейшыя восені: надвор’ем, тэмператураю, барвамі, пахамі, настроем… І калі ўжо нават тут, у прыродзе, усё капіруецца, усё «здзіраецца», усё плагіят — калі на тое пайшло, дык што казаць пра жывое, суб’ектыўнае, чалавечае?..

Ён паглядзеў на білет. Месца дасталося

наперадзе і каля акна, а нумар білета быў 7355. Добры знак!

Ужо ў аўтобусе ён падумаў, што жыць ягонаму сакрэту нядоўга. Канечне ж, небаракуплагіятара, да якога Павал, аказваецца, прывык, як да кубка кавы кожнае раніцы, як да нумара тралейбуса, якім дабіраецца на працу і назад, хутка выкрыюць. Ну, што ж! І быць таму. Як мінімум, застанецца ў душы адчуванне, што ён мог зрабіць хоць і невялічкую, але гадасць, і не зрабіў. Ужо добра. А пакуль хай усё будзе, як ёсць. Пакуль што:

— Цсс, маўчаць, — прамармытаў ён уголас, і толькі цяпер схамянуўся, заўважыў, што ён не адзін, што ў крэсле побач з ім суседка. Здзіўлена на яго пазірае. А нішто сабе, харошанькая…

Ён страсянуў галавою, каб хоць такім, фізічным, дзеяннем пазбавіцца ад ужо вырашаных, ужо нецікавых яму думак.

Самы час быў знаёміцца.

2001 г.

ЧАРНАВІКІ І ПІСЬМЫ

Шаноўны (закрэслена). Паважаны (закрэслена). Сцяпан Цім… (закрэслена).

Не, і яшчэ раз не! Ніякі ты не шаноўны, не паважаны; не падымаецца рука пісаць і не паварочваецца язык называць цябе пабацьку і на «вы», таксама як і адмаўляюцца вочы верыць таму, што сёння ўбачылі: у газеце… тваё фота! З тваім прозвішчам унізе, з указаннем новай тваёй пасады… Прабач, заўсёды блытаў і блытаю вашыя гэтыя шарашкіны канторы, таму не магу сказаць, у якім з катухоў будзеш ты цяпер сядзець; затое ведаю, што гэта табе, Сцёпа, дадзена ўлада вырашаць чужыя лёсы, што гэта да цябе трэба будзе звяртацца па самых розных пытаньнях. Запісвацца да цябе на прыём. Чакаючы, туляцца па калідоры ці нудзіцца ў «прылазніку» пад касым прыцэлам вачэй сакратаркі а ў цябе, канечне, і такая з’явіцца, як будзе і свой цэлы штат з намеснікаў, падначаленых, лёкаяў, шафёра, ці шохвера, як ты некалі казаў, памятаеш, Сцёпа? у школе? калі на пытанне, хто кім хоча стаць, ты першы цягнуў руку і аб’яўляў: «Я дык шохверам начальнікаў вазіць!» вяршыня ўбогіх тваіх дзіцячых мараў… Хто, у якім сне мог тады прысніць, што прыйдзе час і будуць вазіць цябе самога!

…Затым, атрымаўшы паблажлівалістасцівы сакратарскі дазвол, стукацца ў дзверы. Ціха кашляць у парозе, просячы да сябе ўвагі. Бо ты ж будзеш заняты, ты ж будзеш унураны ў важныя паперы (Божа мой! ты і паперы, ушчыкніце мяне!) і не адразу адарвеш ад іх сваю вялікую не ў сэнсе мудрую, а ў прамым, анатамічным значэнні дэфектыўную, непрапарцыянальную ў параўнанні з тулавам галаву.

* * *

Галавач, Галавень, Галавешка, Апалонік… Як толькі не дражнілі цябе ў школе, як толькі не абзывалі — у вочы, а часцей за вочы, бо не было ва ўсёй нашай васьмігодцы чалавека, у якога б ты не сядзеў у пячонках, якога ты прамінуў бы, не пакрыўдзіўшы: меншых тумакамі і кухталямі, разумнейшых брыдкімі мянушкамі, старэйшых і мацнейшых саладжаваільсцівым, підарскім падхалімствам. Ды нават калі ты маўчаў, не рабіў нічога, а толькі хіхікаў, ці падхіхікваў (і цяпер яшчэ, успамінаючы тыя гукі, мароз па скуры і адчуванне шоргату пенапласту па сухім асфальце), крыўдзіў ты ўжо адным сваім карыкатурназлавесным выглядам, сваёй адвіслай задніцай, сваім рабым тварам і круглай, як шар, галавою, сваімі кароткімі ножкамі і нечакана доўгімі, як у малпы, учэпістымі рукамі, неахайныя пазногці на якіх цвілі белымі плямкамі на шчасце, трэба ж! нават калі ты нічога не рабіў, Сцяпан, проста непрыемна было пазіраць на цябе і сорамна і крыўдна рабілася за чалавека як за «прадукт вяршыні эвалюцыі».

Аж недзе ў шостым ці ў сёмым класе нечакана для ўсіх і для сябе самога ты паспраўнеў, выцягнуўся ў рост, нават рабацінне з твару сагнала, нават цвет з пазногцяў прапаў… Думаю, з гэтага са зменаў біялагічных, гарманальных, з ператварэння брыдкага качаняці ў… не, не ў лебедзя, у звычайнага качура, усё і пачалося; недзе тады, калі ты гадзінамі прастойваў перад люстэркам, сабою любуючыся, цябе і «асяніла» простая, як сем капеек, сентэнцыя: раз нейкія звышнія сілы (скрыпеў твой нязвыклы да перагрузак мозгавы аппарат) вось так, у адначассе, змаглі зрабіць з мяне больш-менш нармальнага хлопца, дык чаму б тым самым сілам не здзейсніць такое ж ператварэнне з маім унутраным сьветам? А што? Раптам прачнуся аднойчы і акажацца, што я ужо не я, а разумны, адукаваны, паважаны… Цікава!

* * *

Яшчэ і як. Але самае цікавае, самае смешнае і самае жахлівае, што ўсё спраўдзілася, усё амаль так і адбылося. Ты на вяршыні. Ты увасабленне тупасці, зайздрасці, жорсткасці, хамства, ты збіральны тып усяго негатыўнага, што ёсць у маім народзе, раптам, як у чароўнай казцы, узняўся над гэтым народам, займеў права вяршыць чужыя лёсы і распараджацца імі…

Сцёпа! Апамятайся! Пакайся, пакуль не позна, потым перад Богам табе скідка будзе. Выйдзі на плошчу, укленчы, пацалуй зямлю ці асфальт, раскажы ўсім, хто вакол збярэцца, якія грахі на табе, як ты да такога жыцця дакаціўся!

Поделиться с друзьями: