На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Жыцьцё няўмольна цягнула ўгору, а потым, калі Град быў дасягнуты, наляцелі моцныя хвалі і, падхапіўшы Хрыстовыя целы, панесьлі вадаспадам праз пралёты лесьвіц уніз, празь вінаграднікі, дамы шаснаццатага стагодзьдзя з аблупленай тынкоўкай, наслоенай шматсантымэтрамі адна на адну, і празь сярэднявечныя кавярні. Гэтым істотам нічога не заставалася, як, скінуўшы абліччы Ісусаў, ператварыцца зноў у рыб і несьціся вадаспадам да прыступкаў граду.
Кафка па дарозе прамовіў рыбе:
– Ведаеш, рыба, у гэтым горадзе зьявілася такая традыцыя: тут сорамна пісаць усялякую лухту. Тых, хто спрабуе псаваць паперу, па начох наведвае Голэм і адрывае ім рукі, і кідае іх у раку, а сам зьнікае ў адвечных калідорах чэскіх
Бойся, рыба, гэтага, табе яшчэ плыць дамоў празь сьлівовіцкую вільгаць, празь піўную раку.
Карпавая луска Кафкі бліснула пад струменем маладзіка; рыба ўгледзелася ў небасхіл, але нічога не пабачыла; пачулася, як вінт жоўтай субмарыны неўзабаве праплыў недзе побач.
Намагаючыся быць больш-менш падобным да хома сапіенса, рыба, апынуўшыся на беразе, папаўзла ў невядомым кірунку. Вада зь неба ліла безь перапынкаў, нагадваючы пра парасоны, папяровыя крыжы і самаадданасьць Хрыста. Час падштурхоўваў да прыгод, вада ватова сьцялілася пад нагамі; калі б ня вільгаць, можна было б пачувацца прыстойней, але на дадзены момант было толькі смутнае адчуваньне сваёй сутнасьці кшталту вычварэністай ахвяры.
Новы шлях, новы лёс, новы сьвет.
3.
Месца дзеяньня: Oleznica.
Wiborcowa гарэлка разьлітая па стале, струменямі сьцякае на падлогу, яе немагчыма спыніць, пакой напаўняецца вясёлкаваю вільгацьцю, рыбнае цела ўжо ў вадзе, алькаголь праз жабры трапляе ў страўнік.
З-пад дзьвярной шчыліны гарэлка прасочваецца ў калідор і па лесьвіцы сьцякае на першы паверх; рыба чакае пэўнай хвалі і, калі дзьверы ўжо не вытрымліваюць ціску, спускаецца па воднай лесьвіцы ў возера на першым паверсе, дзе на рэцэпцыі сядзяць колькі рыб.
Побач з рэцэпцыяй жоўтая субмарына выплёўвае ў прастору рыбакоў, якія павольна займаюць свае месцы на канапах, крэслах, зэдліках, размотваюць вуды, сеткі, донкі і па чарзе пачынаюць лавіць спачатку адзін аднаго, а потым рыб.
Хрыстос сказаў: ідзіце за мною, і я навучу вас лавіць "чалавекаў". Але рыбакі лавілі літаратараў, падаграецца вада, хутка будзе юха.
Рыба, мінаючы пэўныя кручкі і блёсны, усё-ткі трапілася на вуду, і калі яна была падхоплена і даволі прафэсійна выкінута на бераг, то пачула:
— Эх, нейкая малая рыба мне патрапілася, да ўсяго яшчэ мо' слабенькая, зь яе нават немагчыма высмактаць ніякай патрэбнай і якаснай літары, не тое што сказа, пэўна нават у яе целе замест крыві цячэ гарэлка, а гэта кепска для маёй кніжнай бесьсьмяротнай спадчыны. Бо я ўжываю толькі празрыстае, чыстае і непаўторнае, — прамовіў рыбак і скрывіў сваю дзюбу.
Рыба моўчкі паглядзела на рыбака, але, ведаючы, што няма ніякага сэнсу нешта адказваць альбо спрачацца, што яе словы нічога ня зьменяць, моўчкі ляснула хвастом па стале, на які трапіла, і плюхнулася ў ваду.
З субмарыны выйшла піянэр-важатая, пільна прасачыла за падзеямі вакол, праверыла вуды, асадкі, дала паперы ды падкарміла маленькіх рыбаў, а рыбакам дазволіла зварыць з адной зь іх юху. Піянэр-важатая час ад часу падкормлівала ўсіх, але яе адной не хапала, каб трымаць ідэальную атмасфэру ў субмарыне, таму юха з адной рыбы у дзень была неблагім выйсьцем, кшталту ахвяры дзеля добрай справы.
Матыль скончыўся, рыбалка таксама, рыбакі пакрочылі напрасткі праз раку ў субмарыну, рыбы павольна сачылі за іх рухамі.Жыцьцё разам з водным паветрам працягвала паглынацца жабрамі...
4.
Дзе і якім чынам чалавек можа празрыста асэнсаваць самога сябе, зазірнуць у сваю існасьць?
Нехта падумае, што ў дадзеным выпадку самае лепшае выйсьце — гэта самота альбо часовае знаходжаньне далёка ад дому, і пажадана, каб за мяжой. Але, хутчэй за ўсё, усе гэтыя рамантычныя выпадкі не спрацоўваюць, і сэнс нашага існаваньня апантана прыходзіць да нас далёка ня ў самых прыстойных месцах і момантах, кшталту прыбіральняў, альбо калі мы, напрыклад, калупаемся ў пазногцях на нагах, падчас прагляду порнафільма, альбо падчас таго, калі звар’яцелая і пастарэлая прастытутка, адсмоктваючы, раптам пачынае ванітаваць і прабачацца, так бы мовіць, гераін храновы трапіўся. І ты, ледзь ня плачучы, раптам разумееш, наколькі ты мізэрны вычварэнец у гэтым мізантрапічным сьвеце...
Сэнс, экзістэнцыя, спасьціжэньні сваёй сутнасьці — гэта часта падобна да мастурбацыі ўласных мазгоў, але да мастурбацыі без шчасьлівай кульмінацыі. На жаль, бяз дадзенага мастурбацыйнага рытуалу чалавеку будзе самотна на гэтай Плянэце, бо ён мае быць разумным, разважлівым, шукаючым.
Нехта можа запытацца: тыя істоты, якія не сутыкаюцца ў жыцьці з падобнымі сытуацыямі, значыцца, ня маюць шанцаў адкрыць для сябе сэнс жыцьця? Але ў дадзеным выпадку я дадам, што такія істоты ў прынцыпе бываюць трох відаў: дзеці, манашкі (пра манашак нават можна было б паспрачацца) ды псыхічна хворыя.
Людзі, якія насамрэч не сутыкаюцца па жыцьці ні зь якімі пагранічнымі сытуацыямі, заўжды маюць сваё плацэба, кшталту соскі, якую ўсё жыцьцё трымаюць у роце ды сьвята вераць у сапраўдную сэнсавую "амэгу" жыцьця, і ня дай ім Божа пачаць займацца перакладамі, гісторыяй альбо літаратурай — такія людзі дзіка, нахрапам, але выдзяўбуць сваю сраную думку і выдадуць яе за апошнюю ісьціну, якая можа выйсьці ў адкрыты космас і даляцець да сусьветнай гісторыі...
Рыба заўважыла, што пачала надта часта мастурбаваць свае мазгі.
5.
Бахарэвіч быў падобны да сама, але, у адрозьненьне ад рыбы, быў няголены і зь люлькай; разам зь ім плыла ягоная сям’я. Спатканьне яго з рыбаю адбылося па дарозе ў Вімпэрк, куды таксама накіроўвалася жоўтая субмарына, заглынуўшая рыбакоў.
Скрозь пірацкую настойку рыба даплыла да замку Вімпэрк, у якім старажытнымі часамі затрымліваліся рознымі вычварэнцамі краснапёркі Геніюшы, і спынілася перавесьці дух.
Бахарэвіч-сом адзначыў, што рыба стала крыху падобнай да вугра, і гэта яго крыху зьдзівіла. Але рыба патлумачыла, што яшчэ ня ведае дакладна, хто яна і які сэнс у яе жыцьці, таму форма ейнага цела і душы час ад часу мяняецца. Люлька кіўнула ў знак разуменьня і згоды і невялікімі струменьчыкамі выпусьціла мяккі тытунёвы дымок, ахутаўшы прастору чароўным пахам.
Невялікія струменьчыкі пірацкай настойкі, што крынічкамі білі ў розных месцах зямлі, раптам зьліліся ў адну вялікую раку і, падхапіўшы пэрсанажаў, вадаспадам панесьліся згары ўніз, да падножжа, дзе статычнае возера ператваралася ў мора, якое патапляе навакольле. Мора прыняла рыб з урачыстасьцю і цеплынёю... Сом разьвітаўся і адплыў да сям’і, заўтра іх з рыбай чакала новая сустрэча.
Рыба засталася, і паток вынес яе ў адкрыты акіян, дзе яна захраснула ва ўласных успамінах, якія перарываліся натужлівым голасам краснапёркі Геніюш, якая не была прызвычаенаю да такой канцэнтрацыі пірацкай настойкі ў вадзе, таму хутка змоўкла і пайшла на дно, яе дух вярнуўся ў сьцены Вімпэрку.