Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

Карацей, у першы дзень ад мора асалоду атрымала толькі В., пасьля чаго мы накіраваліся ў дом Валошына на ўрачыстае адкрыцьцё фэстывалю.

Мы шукалі куратара мастацкай часткі, напаткалі даволі пажылых істот, якія сядзелі за сталом з пустымі куфлямі для віна і на ўсе мае спробы завесьці гутарку рабілі выгляд, што мяне ўвогуле не існуе, падымаючы вочы да неба і ўздыхаючы марудна і цяжка. Стала брыдка: "Милый А., будь так добр, передаааай мне, пожалуйста, вооот эээтот бокал вина, и где же запропастился наш дорогой Рейн...", — а пасьля — стоооомлены ўздых.

В. знайшла куратарку мастацкай часткі, якая параіла ёй далучацца а пятай да знаёмства з мастакамі, дала ёй расклад фэстывалю,

дзе В. была запісаная з памылкай у назьве краіны — Белорусь.

Да мяне падышоў куратар літаратурнай часткі і засьмяяўся:

— А чего ж ты мне смс ночью отправил, я ж тебе говорил, что нечего тут ночью искать!

Ну вось, гэты чалавек, атрымаўшы паведамленьне, нават не падышоў да нас, каб нешта параіць, а мы, як недарэкі, стаялі і чакалі ноччу.

Пачалося адкрыццё фэстывалю, мы знайшлі пластыкавыя крэслы. Да нас адразу падышла нейкая дзяўчына і ўсунула ў нашы рукі па кнізе "Советы сельского доктора", дзяўчына прамовіла:

— З Кіева прыехалі два пісьменьнікі, аўтары гэтай кнігі, — і зьнікла, пакінуўшы нам скасабочаную ўсьмешку.

Кніга апынулася нейкай народнай лякарнай лухтой, кшталту тэлеперадачы "Малахов+", і на вокладцы былі напісаныя тэлефоны, каб зьвяртацца наконт рэалізацыі дадзеных кніг.

Хісткі рэйтынг фэстывалю ў маіх вачах пасьля "Советов сельского доктора" цалкам зруйнаваўся...

— Хадзем адсюль.

— Я чакала, калі ты гэта прамовіш.

Я пачаў шукаць рэдактара "Дружбы народаў", каб забраць ганарар за публікацыю; дарэчы, гэтыя грошы ў будучыні спатрэбіліся. Мне адказалі, што ёсьць падазрэньне, што сёньня ён, натуральна, ня зьявіцца.

А пятай, калі мы зноў вярнуліся пасьля мора, каб В. мела магчымасьць пазнаёміцца з мастакамі, якія, мы спадзяваліся, апынуцца больш прывабнымі людзьмі, мы ўвогуле нікога не засьпелі: куратар па мастацтве адказала, што ня ведае, дзе ўсе.

В. зразумела, што з мастацтвам у іх так жа цяжка, як і зь літаратурай.

Мы вырашылі, што фэстываль увогуле ня тычыцца нас.

Увечары нарэшце прыйшло задавальненьне жыцьцём: былі смачнае віно, піца, сушы, зоркі, мора, сэкс... і мы пачуваліся сапраўды някепска...

4.

На наступны дзень пад раніцу мы ўскараскаліся на даволі нізкую гару, але гэты працэс імгненна скраў усю моц цела. Патнеючы і цяжка дыхаючы, наверсе я прыводзіў сябе ў нармалёвы стан. В. пасьпела падрыхтавацца да эцюда, а я, не пасьпеўшы перавесьці дух, мусіў быў скаціцца з гары па кавун.

Кавун зваўся "Чорны рыцар" і быў сапраўды чорны — звонку без аніводнай рыскі, і смак ягоны быў падобны да цукру зь мёдам. Пакуль мы спакусьліва ўгрызаліся ў мякаць, эцюднік з напаўнамаляванай карцінай ад ветру пракінуўся і накрыў сабою ўсё, над чым так працавала В.

Мне спадабалася, як В. адрэагавала:

— Як цудоўна, мы тут, на гары, каля мора, пішам...

На маё разуменьне, гэта хутчэй быў тактычны псыхалягічны крок да захаваньня свайго эмацыйнага фону ў добрым стане, пакуль даядаўся кавун і сапсаваны эцюд чакаў, калі яго выправяць...

На гары была скончана мая казачная гісторыя для "Апранутых апавяданьняў", дакладней яе чарнавы варыянт, і мы зноўку накіраваліся ў валошынскі дом, бо я клапаціўся аб сваім ганарары, які мы там зноўку так і не знайшлі.

Праз колькі хвілін я без аніякага энтузіязму блукаў па фэшэнэбельным гатэлі ў пошуках Гадо — рэдактара маскоўскага часопісу... адзначыўшы тое, што ўсе, хто прыехаў у складзе рускіх літаратараў, былі бессаромна якасна ўладкаваныя — дарагі гатэль, дарагія п’янкі. Урэшце, нікога не знайшоўшы, я зьбег з майстар-кляса і мы разам з В. пакрочылі ў бок нудысцкага

пляжу, дзе недалёка ад яго ладзіўся джазавы фэстываль...

Мужчынскія чэлесы і жаночыя грудзі прысаромілі нас, бо мы праходзілі міма ўсіх гэтых дзіўных людзей у вопратцы.

Мы адшукалі прыстойную рэстарацыю, каб пасьнедаць, я замовіў бараніну, якая пазьней, пад вечар, цяжка і натужліва вылівалася з майго страўніка ва ўнітаз... так цягнулася ўсю ноч, пігулкі не спрацоўвалі, бо разам з ванітамі яны самотна сплывалі ў туалеце... і так працягвалася амаль да наступнага вечара... у мяне была толькі адна думка: "Прыйсьці ў тую рэстарацыю, знайсьці кухара і п...зьдзіць яго, п...зьдзіць яго, гэтага грэбанага кухара, нагамі..."

Але я ня мог не пагадзіцца, што да сымптомаў атручаньня вечар быў выдатны, цудоўны, шаўковы, любоўны і замілаваны, нічога іншага для шчасьця й ня трэба было, бо ўсё было тут і цяпер, вось на гэтым беразе, каля гэтых хваляў, разам з гэтай прыўкраснай В.

Другі эцюд абмінуў мяне, атручаньне моцна трымала страўнік у палоне, амаль увесь дзень прайшоў пад праглядам фільмаў Яна Шванкмаера, мой мозг ад задавальненьня проста выбухаў кожныя пяць хвілін колерамі шчасьця... "Аліса", "Палена", "Фаўст", "Пякельныя сласьці" зноўку і зноўку цешылі маю душу, мне нават падавалася гэта вар’яцтвам — столькі разоў глядзець адныя і тыя ж фільмы.

У той момант В. малявала горы і плавала ў моры, і я нават пазьней знайшоў моц прыйсьці і паназіраць за яе заплывам. Улічваючы тое, што на Чорным моры быў шторм і хвалі дасягалі ў вышыні больш за тры мэтры, гэта было неверагодна жахліва, але адначасова і містычна захапляльна.

В. першую хвалю заўсёды трывала, але шторм хутка наганяў другую, якая зьбівала яе з ног, і трэцяй хваляй, добра так пнуўшы, выкідала на бераг... В. хапіла дзесяці хвілін, каб нацешыцца далёка не дзіцячымі марскімі забавамі, пасьля чаго яна выпаўзла на бераг.

Потым былі сушкі, гарбата і чароўны сыр "Гаўда", які там настолькі быў смачны, што цяпер дома я купляю толькі яго і ўзгадваю...

5.

Самае бязглуздае, нязграбнае і гідкае, што кожным днём траплялася на нашым шляху па некалькі разоў, — жанчына, якая зарабляла грошы пры дапамозе свайго карлікавага парсючка. Але ня сам працэс быў такі агідны і вусьцішны, а тое, як яна сябе паводзіла і як выглядаў гэты няшчасны парсючок: маленечкі, хударлявы, чорненькі, з хахалком, які быў налачаны і стаяў эракезам, да вочак прыклеены плястыкавыя акуляры, за шыю ён быў прывязаны павадком, які яго нацягваў уверх і не даваў яму сесьці, хоць той і намагаўся. Парсючок глядзеў толькі ў зямлю і штохвіліны пускаў сьліну, быццам кепска пачуваўся. Жанчына ўсё паліла і паліла цыгарэты, час ад часу пінала нагою парсючка і выкрыквала: "Фотография с кабаном, не прооооходим мииимо, фото с настоящим кабаном". Дарэчы, дзякуй Богу, ніхто зь мінакоў фота зь ім не рабіў. А аднойчы гэтая кудлатая паскуда пафарбавала няшчаснай жывёле чырвоным лакам капыты...

6.

Трэці ранішні эцюд таксама прайшоў без майго ўдзелу: наступнай раніцай я праз атручаньне таксама быў яшчэ ня надта здольны на падарожжы. В. тады малявала мора, а я дасьледаваў фільмы Пітэра Грынуэя "Жывот архітэктара" і "Кнігі Праспэра".

Удзень я нарэшце дабраўся да свайго ганарару. Вочы галоўнага рэдактара глядзелі на мяне крыху сумна, ня ведаю, мо' ён у той момант аб нечым сваім разважаў... Я паабяцаў яму застацца на майстар-кляс, але ня вытрываў, і праз хвіліну маё цела ласкава лізалі марскія хвалі, атручаньне яшчэ адчувалася, але ўжо ня так моцна...

Поделиться с друзьями: