На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Сярод усяго гэтага архітэктурнага і гістарычнага багацьця рыба губляецца. Ад гэтай разгубленасьці яна пачувае сябе нікому не патрэбнаю, і ў дадзеным выпадку, калі яна не трымаецца асяродзьдзя, калі яна не далучаецца да грамадзкасьці альбо да суполак рыбакоў ці рыб, альбо да суполак вычварэнцаў, да суполак помнікаў і прывідаў, яна мэханічна, непрыкметна ад усіх накіроўваецца да моста самагубцаў, папулярнага месца — чарговай гістарычнай каштоўнасьці, але якой(!) — самагубскай.
"З усяго на сьвеце магчыма рабіць каштоўнасьці", — разважала рыба; адчай варушыўся недзе пад ніжнімі рэбрамі, вымалёўваючы на скуры абрыс нарцысу...
10.
Рыба сплыла, вярнулася туды, адкуль пачынала падарожжа,
Рыбу сустрэла цішыня.
08.08. — 15.08.2010
Прага — Менск
БЫТАВОЕ АБСЛУГОЎВАНЬНЕ
Гераня працаваў кім заўгодна і быў кім заўгодна, толькі не сабою, ня тым, кім насамрэч хацеў. З аднаго боку, на што яму скардзіцца: кожны чалавек можа ўспомніць, як за сваё жыцьцё рабіў працу, якая яму цалкам ня толькі не падабалася, але была чужой. Ён сам ведаў адну доктарку біялягічных навук, якая стрыгла валасы й кожны дзень ненавідзела сябе за гэта, ненавідзела жыцьцё, бо лічыла, што гэта прыніжае яе, але што паробіш, калі стрыгчы валасы больш карысна, чым пісаць навуковыя працы. Гераня таксама падаўся ў тыя мясьціны, дзе цанілася бытавое абслугоўваньне, але ён заўсёды імкнуўся працаваць толькі ў самых вядомых і дарагіх месцах, дый, з аднаго боку, яму гэта падабалася, бо ён знаходзіўся нібы ў нейкім іншым, замежным горадзе, а ня ў Менску... Нібыта час там быў іншы, людзі — іншымі, дызайн памяшканьняў, нават жыцьцё й палітычны ўклад падаваліся іншымі; такія мясьціны часта апыналіся ізаляванымі ад агульнай постсавецкай прасторы горада, у гэтых звышдарагіх салёнах панавала свая атмасфэра.
Ён працаваў зь людзьмі, якія займаліся бізнэсам, і з замежнікамі, яму не даводзілася сутыкацца зь неадукаванасьцю, бескультур’ем, але часам трапляліся й такія пэрсоны, як, напрыклад, расейскі палкоўнік, які паводзіў сябе, як быдла, роў і лез біцца, пакуль гатэльны ахоўнік яго не скруціў і ня вывеў вонкі... Часта Гераня сутыкаўся з дарагімі прастытуткамі, якія раскашэльвалі сваіх "папачак", разводзілі іх на комплекс працэдур. Збольшага яны паводзілі сябе проста нахабна, але некаторыя дзяліліся сваімі сакрэтамі: адна бляндынка, якая звычайна завітвала два разы на тыдзень і распавядала пра новыя сыліконавыя грудзі сваёй сяброўкі, паказваючы фоткі на сваім "айфоне", таксама любіла круціцца перад люстэркам, пытаючыся, ці файны ў яе новы сыліконавы азадак... але яна раптам перастала прыходзіць, і ад адной з кліентак Гераня даведаўся, што калі яна выкачвала сылікон з азадка ў Маскве, ёй занесьлі гепатыт.
Некаторыя мужчыны проста хутка стрыгліся, напаўняючы пакой гарлачыкавым пахам духоў "Гермэс", і пакідалі неймаверна вялікія грошы на чай. Ад гэтага Гераню звычайна было прыемна, але адначасова ён адчуваў сябе няёмка, атрымліваючы вялікія грошы ды ня ведаючы, як сябе паводзіць далей, бо калі трымаеш у руцэ столькі эўра альбо баксаў, можа трэба штосьці яшчэ зрабіць гэтаму кліенту, акрамя фрызуры, пахваліць яго вопратку, запытацца пра стан здароўя, пажадаць добрага дня... Беднасьць робіць людзей падхалімамі перад багатымі... Гераня губляўся, пакуль не мінула колькі часу й ён ня звыкся і, ня страціўшы сумленнасьці, пачаў класьці на такіх людзей адразу пасьля таго, як атрымліваў на чай.
Некаторыя з нахабнікаў наўпрост пыталіся пра ягоную полавую арыентацыю, бо, як і большасьць, лічылі, што ўсе, хто стрыжэ валасы, — підары. Гэта было ня так, частка сапраўдных геяў, якія працавалі ў сфэры, выглядалі мужна й прыстойна. Гераня заўважыў, што большасьць дагледжаных і жанчынападобных натуралаў ішлі працаваць стылістамі-цырульнікамі й часта ў атачэньні жаночага пэрсаналу пачыналі паводзіць сябе, як бабы, і менавіта яны вінаватыя ў тым, што людзі ў Беларусі мяркуюць, нібыта ў дадзенай прафэсіі працуюць спрэс геі. У Герані часта пыталіся пра арыентацыю, але калі ён пасталеў і ў яго зьявілася
барада й жывот, яго пакінулі ў спакоі.Гераня шмат піў, раскладаўся на кавалкі, пісаў у падсобных кабінэтах свае першыя апавяданьні, ненавідзеў кліентаў, не трываў сваіх вучняў і асыстэнтаў, якія былі поўнымі боўдзіламі, але паступова расьлі й мяняліся, рабіліся прафэсіяналамі... Гераня саромеўся сваёй працы, нават такой высокай і рэдкай — ангельская франшыза, вучоба ў Лёндане, асыстэнты робяць пяцьдзясят адсоткаў за цябе, прыбіраюць за табою, і ты лічышся адным зь нямногіх стылістаў у Беларусі, якія ўвогуле маюць высокую адукацыю ў гэтай галіне... Гераня саромеўся, бо звыкся з думкай большасьці: ён усяго толькі "парыкмахер". Было цяжка, крыўдна, паразьліва, але грошы, грэбаныя паперкі, вырашалі, як і дзе зарабляць.
Бытавое абслугоўваньне існуе поруч з такою рэччу, як санітарны агляд. Раз на паўгода Гераня завітвае да лекараў у спэцлякарню... Вядома, ёсьць магчымасьць іх не наведваць і набываць гатовы дакумэнт, але Гераня стаў надта клапаціцца пра сваё здароўе пасьля таго, як сэрца, печань й ныркі пачалі пра сябе паведамляць, тым больш, працуючы зь людзьмі, заўсёды трэба асьцерагацца скурных хваробаў.
Санітарны агляд — самая ненавісная й пакутлівая рэч: дэрматоляг, тэрапэўт, стаматоляг, забор крыві, калу, мачы, флюараграфія, прышчэпкі... Але ёсьць толькі два габінэты, якія валадараць над гэтым дэрматалягічным сьветам.
У першым габінэце працуе вельмі старая доктарка, яна бярэ мазкі... Рукі звычайна ў яе калоцяцца так, быццам яна моцна зьмерзла: "Штаны й майткі апусьціце, падыміце яго ўверх, агаліце галоўку"... й адразу яна сваім пінцэтам угрызаецца на тры-пяць сантымэтраў углыб мачавога каналу... Робіць яна гэта звычайна доўга, пакутліва... Гераня потым суткі мочыцца з болем і крывёю... "Чаму?.. Чаму?!
– пытае сябе Гераня.
– У лякарні чатыры габінэты гэтых грэбаных дактароў, а мне лёсіць трапляць менавіта да старой напаўсьляпой жанчыны!? Чаму замест яе я не трапляю да прыгожай дзяўчыны зь мяккімі цёплымі рукамі, вялікімі грудзямі й доўгімі валасамі?"
У другім габінэце бяруць іншы мазок — там звычайна апынаешся перад высокай і вясёлай жанчынай з прыгожай фігурай у белым халаце, празь які прасьвечваецца чорны станік... Яна на цябе ласкава паглядае, усьміхаецца, потым праводзіць за штору й там: "Штаны й майткі долу", — о так, мая дарагая, на гэта з табою я гатовы! — "Цяпер павярніцеся да мяне сьпінаю, нахіліцеся, рукамі рассуньце ягадзіцы", — і ў дупу яна засоўвае палку з ваткаю... Сорам такі, што проста хочацца памерці на месцы... Пасьля такога ўжо не глядзіш ёй у вочы, хуценька нацягваеш свае штаны й зьбягаеш з габінэту. Ёй, напэўна, весела назіраць за мужчынамі, як яны, страціўшы мужнасьць, нібыта прусакі пад уключаным сьвятлом, разьбягаюцца ў розныя бакі...
Стаматоляг... звычайна сумная бабуля, як зубы каня, аглядае Геранеў рот, пальцамі трэ дзёсны, потым бярэ ў руку язык і пачынае варушыць яго ў розныя бакі, перакладаць зь месца на месца, скручваць яго, напэўна, так адчувалі сябе чорныя рабы, калі іх прадавалі белым гаспадарам.
Усё гэта было б весела, калі б не было так сумна й пакутліва... Санітарныя агляды цягнуцца па некалькі дзён, калі ня больш, улічваючы бюракратыю лякарняў, калі тры гадзіны сядзіш у чарзе да тэрапэўта, каб атрымаць толькі паперку, на якой з аднаго боку напісаная нейкая хуйня, а з іншага — накіраваньне на прышчэпку, а потым, каля габінэта, у якім робяць прышчэпкі, атрымаць адмову, бо там да абеду прымаюць толькі тых, хто здае кроў... Нават такія ўгаворы, што гэта ж ня цяжка ўзяць шпрыц і ўкалоць, не спрацоўваюць, тоўстыя мэдсёстры зь хімічнай завіўкай на кароткіх валасах лічаць сябе гаспадынямі й самі вырашаюць твой лёс... Гераня звычайна паўзе ў абед на флюараграфію, не пасьпеўшы ў сваёй паліклініцы анічога з самага ранку, трымаючы ў руках паперку ад тэрапэўта, перад дзьвярыма габінэта флюараграфіі ён націскае на ручку, габінэт зачынены, міма праходзіць чарговая "гаспадыня" ў белым халаце: чаго дзёргаеш ручку, бачыш, напісана, што па раскладзе трэба прыходзіць толькі заўтра раніцою й толькі да дзесяці...