На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
2.
На вакзале нас сустрэла даволі шчыльная сьцяна чалавечых целаў: прапаноўвалі таксоўкі і пакоі. Да нас адразу прычапіўся мужчына грузінскага выгляду зь лёгкім усходнім акцэнтам, і мы вырашылі ехаць зь ім за дваццаць даляраў у Кактэбель.
Па дарозе мы даведаліся, што Крым перапоўнены савецка-рускімі машынамі "Лада", бо на іншамаркі вялікія мыты, даведаліся пра Планерную гару, пра Каралёва, пра яшчэ немаведама што, і пакуль ён усю гэтую інфармацыю ўліваў у нашыя вушы, настройваючы сваім усходнім акцэнтам на рамантычны лад, машына ляцела
З вар’яцкага стану нас вырваў голас кіроўцы:
— Усё, вось вам дом Валошына і вось вам тут цэлая зона адпачынку мастакоў і літаратараў!
— А дзе тут якія гатэлі, жытло?
— Дык паўсюль, — і кіроўца махнуў рукою ў змрочную прастору.
Мы апынуліся каля адміністрацыі дому Валошына, збоку ад якой было напісана: "Ёсьць вольныя нумары! Па жытло зьвяртайцеся ў адміністрацыю".
Мы пагрукаліся, праз хвіліну на нас глядзела заспаная жанчына зь відавочнай алькагольнай залежнасьцю на твары. Яна сонна хутала сваё цела ў халат, і яе грудзі гэтаму супраціўляліся, адна цыцка нават на некалькі хвілін усё-ткі вывалілася.
Жанчына нарэшце цалкам расплюшчыла вочы і запыталася, што нам ад яе трэба ў дзьве гадзіны ночы.
Мы адказалі, што ўдзельнічаем у літаратурна-мастацкім фэстывалі імя Валошына.
— Каго? — зьдзіўлена запытала жанчына.
— Я кажу: мы пісьменьнік і мастачка, прыехалі зь Беларусі, зьяўляемся ўдзельнікамі фэстывалю!
— Якога фэстывалю?
— Б...яць, валошынскага!!!
Жанчына так нічога й не зразумела і параіла нам пахадзіць вакол, бо тут шмат розных гасьцініц і яны мусяць нас куды-небудзь расьсяліць.
Пакуль што я трываў і толькі прыкмеціў В., што гэтая жанчына зьяўляецца адміністратарам усяго гэтага літаратурнага запаведніка і ні хера не разумее, пра што мы пытаемся!
У нас была велічэзная торба на колах, якая, грамыхаючы, кацілася за мною. Мы абышлі ўвесь гэты грэбаны "загон" — "літаратурны запаведнік імя Валошына", пабачылі шмат розных хатак і дамкоў, некаторыя зь іх увогуле хаваліся за плотам і былі пад аховай.
Выпадкова дабраліся да мора.
В. ніколі ня бачыла мора, і для яе гэта мусіла апынуцца чымсьці чыстым і радасным...
Яшчэ да берага нам на шляху патрапілася шмат п’яных вычварэнцаў, міма хістаючыся ішоў хлопец і слухаў праз мабілку расейскую папсу. Далей — горш: нашым вачам замест мора адкрыліся неабсяжныя прасторы нейкіх бараў, рэстарацый, шапікаў хуткага харчаваньня, і з кожнай гэтай злачыннай установы сачыўся гучны шансон альбо юрлівы поп, паўсюль на нас глядзелі наркатычныя і п’яныя вочы рускіх баб і мужыкоў, якія нарэшце прыехалі са сваіх далёкіх краёў і дарваліся да свабоднай гарэлкі, да вольнага бадзяньня па пляжы і выпадковага сэксу. Мы былі ў шоку, уражаньняў было шмат, але не такіх, на якія мы спадзяваліся. В. толькі і змагла прамовіць: "Куды гэта мы трапілі?.."
Мне стала вельмі крыўдна за нашае становішча і за тое, што нас ніхто не сустрэў, і за тое, што нават адміністрацыя ня ведае, што тут, у іхным доме-музэі імя Валошына, мусіць адбывацца. Стала крыўдна, што замест мора на нас глядзеў сьвет вычварэнцаў і нейкіх лысых мужыкоў, якіх я бачыў штодзённа ў сваім горадзе, і для гэтага ня трэба было пераадольваць трыццаць
гадзін шляху.Мы вырашылі з усімі нашымі валізамі вярнуцца да будынка адміністрацыі дома Валошына і напісаць смс арганізатару фэстывалю, маўляў, мы каля будынка і ня ведаем, што нам рабіць, дзе прабавіць гэтую ноч...
На мой жаль і сорам, я быў ужо раззлаваны і стомлены, і гэты мой стан моцна турбаваў і псаваў настрой В.
Адказу ад арганізатара не атрымалі, і сустрэць нас ніхто не зьявіўся.
Мы знайшлі на вуліцы каля стаматалёгіі нейкае крэсла. У ім уладкавалася В., я накрыў яе пледам, а сам сеў на стары зэдлік. Спаць мне не хацелася, тым больш што кожныя пяць хвілін міма нас прабягалі нейкія мужыкі з хрыпам і лямантам, і недзе паблізу біліся, і, шчыра кажучы, гэта ў апраметнай цемры гучала даволі жахліва...
Я сядзеў, паліў, злаваўся на гэты сьвет, на самога сябе і праз гадзіну зноў пайшоў шукаць які пакой, бо пачынаўся дождж.
Нейкі паўінтэрнат, які пры дзённым сьвятле апынецца куртуазным гатэлем. Зайшоў туды, знайшоў рэцэпцыю, дзе мяне акінула вачыма зноўку нейкая заспаная і памятая жанчына, побач зь якой у крэсьле спаў такі ж памяты мужчына. Верагодна, у іх нядаўна быў сэкс (а чаму б і не: тры гадзіны ночы, рэцэпцыя, чутна, як хвалі пляскаюць па камянях — рамантыка).
Значыцца, паглядзела на мяне гэтая жанчына і сумным такім голасам назвала-ткі кошт пакоя на дваіх.
Нам бы не хапіла нашых грошай нават на паўдні зьняць у іх нумар...
Пахадзіўшы ўздоўж берага, бо ў такой цемры неверагодна было адыходзіць кудысьці ўглыб гораду, я вярнуўся да В., якая ня спала, бо было холадна. Дачакаўшыся шостай — сьвітальнай — гадзіны, мы выправіліся ў невядомым кірунку.
І на наш сорам, як толькі мы сышлі з гэтага ад пачатку праклятага месца імя Валошына, мы ўбачылі сам гарадзкі пасёлак, зьверху ўніз, уздоўж і ўпоперак абклеены абвесткамі: "Здам жытло", "Здам пакой", "Здам жытло люкс, паўлюкс".
Мы былі ў шоку, і я ўжо пачынаў крыўдаваць ня толькі на Валошына і кіраўнікоў фэстывалю, але і на сам Кактэбель, на ягоныя апраметныя ночы безь ліхтароў, на Крым.
Празь пяць хвілін мы знайшлі пакой у цудоўнай сям’і. Засялілі нас у гаспадарскую хату, бо ў іх усяго хат было пяць, але яны зрабілі нам ласку і падсялілі да сябе, дзе ёсьць хатняя прыбіральня, якая потым была вельмі і вельмі дарэчы, але праз пару дзён, і пра гэта пазьней...
– Ну што, на мора прыехалі глядзець? — запыталася гаспадыня.
– Так, мы зь Менску, прыехалі сюды яшчэ а палове першай ночы, удзельнікі літаратурна-мастацкага фэстывалю.
– Ажно ноччу! Зразумела... Вось і я сямнаццаць год таму прыехала паглядзець на мора. Да гэтага часу ўсё гляджу на яго!
Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі на гары, адкуль нам адкрываўся цудоўны краявід, і ў тую гадзіну ніхто з нас ужо ня памятаў прыгоды гэтай ночы, бо мора і горы зрабілі сваю справу.
3.
Пакуль В. плюхалася на хвалях, я спрабаваў перамагчы свае комплексы наконт таго, што крыху баюся вады (бо ў дзяцінстве мне давялося двойчы тануць у басэйнах), і таго, што маё цела надта тоўстае. Але на наступны дзень комплексы самі сабой адпалі, бо мора падарыла захапленьне вадою, ды, нагледзеўшыся на турыстаў, якія адпачывалі на берагу, я зразумеў, што на іх фоне натуральна выглядаю хударлявым.