Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
У 1563 годзе завяршаецца Трыдэнцкі сабор, які пракляў пратэстантызм, арганізаваў Контаррэфармацыю і даў штуршок 200-гадовай экспансіі каталіцызму ў Беларусі.
У 1563 годзе ВКЛ пачынае афіцыйныя перамовы з Польшчай аб дзяржаўнай вуніі, якія ўрэшце рэшт прывядуць да абвяшчэньня Рэчы Паспалітай і палону паланізацыі.
У 1563 годзе Сымон Будны выракаецца Хрыста як Бога; адначасова са стварэньнем руху антытрынітарыяў афармляецца раскол беларускае Рэфармацыі і пачатак згасаньня Залатога веку.
У 1563 годзе ў Нясьвіж да Мікалая Радзівіла Чорнага прывозяць на выхаваньне юнага Льва Сапегу: сымбалічны акт пераемнасьці двох найвялікшых канцлераў-эпохаў!
У 1563 годзе беларусы Іван Федаровіч і Пётр Мсьціславец закладваюць у Маскве друкарню й пачынаюць выдаваць Біблію для Расеі.
У тым жа 1563 годзе ў Берасьці вялізным накладам друкуецца
У адным кульмінацыйным годзе, як у фокусе, сышліся веліч ды правалы Старога Запавету, трагізм і высокасьць Новае эры Беларусі. Рэфармацыя, уздым каталіцтва й праваслаўя ХVІ ст. стварылі ў Беларусі ўнікальную сытуацыю нацыятворчага абуджэньня. Увесь народ адчуў Божую прысутнасьць – і ўсьвядоміў сваю еднасьць, асобнасьць і сваё прызначэньне.
Стары й Новы Запавет беларускай гісторыі, як і ў Бібліі, падзяліла прышэсьце Хрыста. Як зь геніяльнай інтуіцыяй напісаў Уладзімер Караткевіч рыхтык пра гэты самы час, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Гісторыя зьмянялася абсалютна непазнавальна. Для Беларусі настала Новая эра. Прабіў час прымружвацца й падстаўляць для ўдару шчокі. Час палюбіць бліжняга свайго ўсім сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.
Мы аддавалі ўсё. Да астатняга таленту. Да апошняга слова. Так, што нам самім анічога не заставалася на расплод. Аддалі нават Вільню – уласны Ерусалім... Польская асыміляцыя ў Рэчы Паспалітай справакавала цэлы фэервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далі Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя імёны – Касьцюшку, Агінскага, Міцкевіча, Манюшку, Сянкевіча... Захоп вялікалітоўскіх земляў і хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулі неймаверным узьлётам расейскай літаратуры й музыкі XIX-XX стагодзьдзяў, а гэта, паміж іншага, адна з першарадных зьяваў у культуровай гісторыі чалавецтва. Беларусы для Расеі зьдзейсьнілі пераварот у сьветаўспрыманьні: Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Дастаеўскі, Твардоўскі, Алеша, Грын, Еўтушэнка, Высоцкі, Растраповіч. Прарокі, апосталы, як на падбор. Уявіце сабе, якая павінна быць духовая сіла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, а Расейскую імпэрыю да Расеі! І ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь. Так-так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабіла нашмат болей, чым здолела Вялікае Княства. Быццам велізарная ўспышка сьвятла, дух зьніклага ВКЛ, хрысьціянскі дух талерантнасьці й цярплівасьці, свабоды й веры, любові й асьветы ахапіў куды большыя прасторы, чым усе вайсковыя кампаніі ў пару росквіту ВКЛ. Беларусь не падначальвала, не насаджала – яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваім целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыі.
Беларусь судзілі, рвалі на часткі, дзялілі, як вопратку Ісуса, і раскрыжоўвалі межамі. Нашым друкарам ламалі косьці на дыбе; нашы паэты харкалі крывёю на чужыне; нашыя лепшыя галовы лопаліся ад рэвальвэрнага стрэлу ў патыліцу. Пётр І рэзаў, Карл ХІІ паліў, Мураўёў вешаў, Сувораў пароў штыхамі, а Напалеон навальваў груды гарматнага мяса; Сталін расстрэльваў, Гітлер труціў газамі. Білі наводмаш, прыпадкамі, шалеючы, па-садысцку ўпадаючы ў раж ад яе пакорлівасьці. А Беларусь усё падстаўляла твар, і скрозь сьлёзы ўсьміхалася ім. Яна малілася за іх вуснамі сваіх геніяў. Што яна дазваляла з сабой рабіць! – і любіла... Колькі кахалася тут расейцаў, немцаў, французаў, палякаў – многа, ох як многа. Здавалася б гэтую краіну, яе назву, мову, ды й саму памяць аб ёй выгвалцілі й растапталі насьмерць.
Таму неверагоднае ўваскрашэньне ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўсіх проста агаломшыла. Той нацыянальны рух чысьцейшай вады, які ўзьнік надзіва імкліва, чарговы раз прымушае нас паверыць у цуды.
І прыслухацца, як прароча, пачынаючы яшчэ з Багушэвіча, гучаць прозьвішчы. Багдановіч. Адамовічы. Геніюш.
Многія прызвычаіліся глядзець на такую гісторыю даволі сумна, паныла й без асаблівай цікавасьці. Маўляў, ну, былі паняволеным народам... Але момант ісьціны заключаецца ў найвышэйшым, біблейскім сэньсе гэтых драматычных падзеяў. Беларускі арэол сьвятла й духовасьці пасьля падзеньня ВКЛ азарыў Расею й паў-Эўропы. Беларусь – вельмі рэдкі выпадак у сусьветнай гісторыі – дамаглася адраджэньня дзяржаўнасьці ня зброяй, не паўстаньнем, крывавым тэрорам ці рэвалюцыяй гвалту, а любоўю, цярпеньнем і ўнутранай сілаю духу. Менавіта так 2000 гадоў таму перамог на крыжы Хрыстос, вызваляючы й ратуючы сьвет Сабою. Амаль усім падчас укрыжаваньня здавалася, што Яго жыцьцё скончылася правалам, і гэта было страшнае расчараваньне. Але далейшае
ўваскрасеньне й фэнамэнальны распаўсюд хрысьціянства па ўсёй зямлі давялі, што перамога была абсалютная.Зараз беларускі Новы Запавет перажывае эпоху Эвангельляў. Зноў і зноў – як у Бібліі, якая паўтарае гісторыю сьмерці й уваскрасеньня Ісуса чатыры разы. Зноў і зноў апошнія чатыры стагодзьдзі Беларусь увасабляла гэтую гісторыю, штораз паміраючы й уваскрасаючы.
Але цяпер, пасьля апошняга ўкрыжаваньня, калі мы (ужо ў які раз!) замест мёртвага цела ўбачылі ў пустой магіле бел-чырвона-белы сьцяг, калі апошні фама няверуючы ўжо ўсклікнуў: “Госпадзе мой і Божа мой!” – за Эвангельлямі надыходзіць пара Дзеяў Сьвятых Апосталаў. Потым – Апостальскіх Пасланьняў. І затым – апошняга Адкрыцьця, поўнага зьзяньня нябёснае славы.
А значыць, наперадзе Беларусь чакае яшчэ больш вялікая гісторыя. Гісторыя падарожжаў, пакутаў і павучаньняў, празь якія народы пойдуць да спазнаньня Бога. Гісторыя місіі й пропаведзі ашаламляльных маштабаў – па ўсім зямным шары.
Гісторыя, што захапляе дух і ясна адказвае, Чаму.
Гэта ня містыка. Гэта рэальная гісторыя датаў, зьяваў, падзеяў, асобаў, зафіксаваная у беларускіх кроніках.
Апошнія некалькі стагодзьдзяў гісторыю Беларусі пісалі суседзі. Расейская, польская, летувіская, савецкая акупацыйныя канцэпцыі разрывалі Беларусь, выхопліваючы яе з рук адзін у аднаго, на Северо-Западный Край, Крэсы Ўсходнія ці літоўскія правінцыі. Толькі ў ХХ стагодзьдзі, намаганьнямі Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Ермаловіча, Грыцкевіча ды Арлова на абломках савецкае імпэрыі паўстаў цэласны й самастойны нацыянальны пагляд, і Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі.
Але цяпер, напачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыстова, час узьнімацца яшчэ на прыступку вышэй. Да гісторыі першапрычынаў, гісторыі значэньня, гісторыі сэнсу. Бо гісторыя Беларусі – гэта Хатынь, Курапаты, Няміга, Берасьцейская Крэпасьць, Чарнобыль. Такіх знакаў бяды хапіла б цэламу кантынэнту – а выпала на адну тысячную тэрыторыі зямнога шару. Гіганцкія могілкі пад адкрытым небам – крыжы, абэліскі, помнікі. Магільнікі найвялікшых чалавечых грахоў і ідэалёгіяў, пыхі й нянавісьці, камунізму ды гуманізму. Поле аграмаднага болю, які вымагае пакаяньне ўсяго сьвету. Каб усё чалавецтва памятала пра вечнае.
І вы яшчэ пытаецеся, ДЗЕЛЯ ЧАГО?
Калі мы кажам пра Беларусь, пытаньні аб нарманскае ці славянскае тэорыі ў параўнаньні з духовымі прычынамі фэномэну Беларусі выглядаюць другаснымі. Падобныя гіпотэзы хутчэй належаць да сфэры надзённае палітыкі, той ці іншай вэрсіі нацыянальнага міту. Нам жа патрэбны ня міт, а праўда: толькі праўда, уся праўда, і нічога апроч праўды. Так, кожнае з дыскусійных дапушчэньняў па-свойму праўдзіва – бо і варагі тут ваявалі, і славяне, факт, асымілявалі балтаў, і кіеўскія князі ўсталёўвалі свае парадкі, і тутэйшыя валадары баранілі сваю незалежнасьць. Але ж сутнасьць ня ў гэтым. Беларусь распушчае да воблачнае смугі ўсе фармальныя й дробязныя адрозьненьні, усе спрэчкі аб шляхах і мэтадах – і пакідае толькі Мэту. У таемнае смузе, у насычаным растворы Духа сынтэзуецца найкаштоўнейшы, бліскучы беларускі крышталь. Галоўны сэнс беларускага этнагенэзу выражаны літаральна ў двух словах. Не ад варагаў ці грэкаў, не ад балтаў ці славянаў пайшлі беларусы. АД БОГА.
Вось адкуль наш род.
Праўда тое, што беларусы былі слабымі й траплялі ў рабства, калі забываліся на Хрыста. Праўда тое, што беларуская кроў, беларускі бруд і беларускі грэх у чысьцюткай, такой белай і асьветленай Беларусі асабліва заўважныя. Праўда тое, што беларуская гісторыя – гэта не адно гісторыя велічы, веры й самаахвярнасьці, але й гісторыя богаадступніцтва, сораму й ганьбы.
Чытайце Біблію – там усё гэта напісана.
Праўдзівая беларуская гісторыя з камэнтарамі Бібліі – поўны й разгорнуты адказ на тое немае пытаньне, што застыла ў вачох сёньняшняга разгубленага пакаленьня беларусаў.
Што ж будзе з радзімаю і з намі?..
“Гэта кажа Госпад: спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьцеся, і запытайцеся пра шляхі старадаўнія, дзе шлях добры, і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым”.
АДРАДЖЭНЬНЕ
Адраджэньне – вечны вобраз гісторыі Беларусі.
Адраджэньне – самая яркая ўспышка беларускага нацыянальнага руху.