Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Адраджэньне – імкненьне народа да аднаўленьня ідэалу, да першастворанага, закладзенага ў нацыю Богам: мэнтальнасьці, культуры, духовасьці. Гэты вобраз заўжды перад унутраным зрокам сьвядомага беларуса, вядзе яго наперад й ўваскрашае – праз усю гісторыю прыніжэньняў, акупацыяў і ахвяраў.
У Адраджэньні блішча й грае гранямі мэта, дзеля якой нацыя зьявілася на сьвет.
Дзеячаў нацыянальнага руху, пачынаючы з ХХ ст., у нас завуць адраджэнцамі; Беларускі Народны Фронт дадаў да сваёй назвы "Адраджэньне" як абавязковы брэнд, а маладафронтаўцы на парозе новага тысячагодзьдзя ўвогуле зрабілі стаўку на "Ды-джэяў Адраджэньня".
Адраджэньне – не абстрактае паняцьце й не рамантычная мара. Адраджэньне – настолькі
Беларускае Адраджэньне заўжды перамагала бяз зброі й гвалту: яго рухавымі сіламі былі выключна дух і слова, мэтадамі – мараль і культура, сутнасьцю – вера і любоў.
Адраджэньне ёсьць заканамернасьцю Уваскрасеньня. Беларусь столькі разоў памірала й была пахаваная, што Адраджэньне стала абавязковай нацыянальнай традыцыяй. Звышнатуральны знак – бел-чырвона-белы сьцяг, палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса Хрыста – родніць беларускае Адраджэньне з Уваскрасеньнем Божым.
Адраджэньне – гэта калі тутэйшыя, прыніжаныя й зьнясіленыя, узгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесь час корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.
Беларускае Адраджэньне – гэта кроніка нараджэньня звыш. Як і сюжэт Бібліі, гісторыя Беларусі – гэта гісторыя адраджэньняў.
Х стагодзьдзе. У Сэрцы Эўропы, у змроку славянскага паганства раптоўна ўзыходзіць зорка Полацку: пропаведзь Эвангельля і з Усходу, і з Захаду адраджае даўняе чалавечае імкненьне да адзінага Бога, Творцы і Збаўцы. Мы бачым першае Адраджэньне – Полацкае княства. Мы пазнаем Рагнеду, Ізяслава, Барыса – першых хрысьціянаў і першых беларусаў.
ХІІ стагодзьдзе. У правале фэадальных міжсобіцаў Полацк, Тураў і Смаленск, разьяднаныя па цьмяных кутках, азарае адначасовае хрысьціянскае Адраджэньне – эпоха Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча й Аўрамія Смаленскага. Абшары, ахопленыя духовым зіхаценьнем, уваччу робяцца Белай Русьсю, і ў сполахах сьвятла ясна відаць абрысы новае зямлі – Вялікага княства.
XVI стагодзьдзе. Сярод унутраных смутаў і зьнешніх пагрозаў у сярэднявечным ВКЛ, на ўскраіне цывілізацыі, ад мора да мора выбухае Адраджэньне Залатога веку. Разгортваецца Рэфармацыя, прачынаецца праваслаўе, каталізуецца каталіцызм. Прапаведуюць апосталы нацыі – Скарына, Гусоўскі, Волян, Цяпінскі, Мікалай Радзівіл, Леў Сапега. Фантануе культура: беларуская рэзь, кафля, шкло, музыка, жывапіс, іканапіс, архітэктура, літаратура… Эпоха гэтага Адраджэньня моцна адрозьнівае Беларусь і ад Расеі (дзе нічога падобнага не было), і ад Рэнэсансу Паўднёвай Эўропы зь яго сьвецкасьцю й імкненьнем да бязбожнага гуманізму: беларускае Адраджэньне, нароўні з ангельскім, нямецкім ці галяндзкім мае выразны хрысьціянскі зьмест і проста дыхае адухоўленасьцю. Масква і Польшча, Украіна й Прыбалтыка адчуваюць біцьцё вялікага Беларускага Сэрца.
ХІХ стагодзьдзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русыфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва, эліта бяжыць на Захад або на Усход, а ў паўстаньнях вынішчаюцца тыя нямногія, хто застаўся… Але ж – адкуль толькі сілы бяруцца! – з фальклёру, зь вёскі, з самых каранёў падымаецца новае Адраджэньне… Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, "Наша Ніва", Грамада – і вось успыхвае БНР, і 10 гадоў інэрцыя беларусізацыі захлынае нават падсавецкую Беларусь.
Нарэшце, напрыканцы ХХ ст. Беларусь, пахаваная ў сусьветнай вайне й Імпэрыі зла, з калектывізацыяй, індустрыялізацыяй, генацыдам Хатыні, Трасьцянца, Курапатаў, зноў уваскрасае.
Зянон Пазьняк заклікае: "Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!" – і паўстае Беларускі Народны Фронт, абвяшчаецца незалежнасьць, і па-над краінай зноў уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.Сёньня нам зноў моцна баліць. Дзяржава на мяжы зьнікненьня. Але мільёны тутэйшых ужо ўзгадваюць, што яны беларусы; што Беларусь, у якой яны жывуць, прызначаная для чагосьці найвышняга; пачынаюць маліцца да Бога й вучыць дзетак на роднай мове; падымаюць позірк ад зямлі, дзе ўвесьчас корпаліся, дыхаюць небам, шукаючы Божага, а не чалавечага – і здабываюць жыцьцё вечнае.
Таму словы з кнігі прарока Ісайі, 58 разьдзел, 12 верш – гэта няспынны зварот да сучасьніка:
"Ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і назавуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву."
Бо, уласна кажучы, ідэя Адраджэньня і ёсьць нацыянальнай ідэяй.
БЕЛАРУСЬ
Біблія сьведчыць пра сьветласьць на самым пачатку. Сьведчыць так:
"І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры".
Беларусь – найсьвятлейшае й сапраўднае імя гэтае краіны. Самае частае слова ў нашае кнізе, самая чыстая любоў для чытача й самы чуйны элемэнт нацыянальнае ідэі.
Беларусь – гучыць, як праменіць. Белая – значыць, чыстая, найвышняя, нават сьвятая. Белград, Белы дом, Беларусь – з аднаго сэнсавага шэрагу.
Узьнікненьне Беларусі – найбялейшая пляма беларускае гісторыі.
Назва БЕЛАРУСЬ – няўлоўная, эфэмэрная. Беларусь калышацца ў сэрцы Эўропы, зьяўляецца й прападае, быццам аграмадны водсьвет, факусуецца то ля Ўладзімера й Суздаля ў XII ст., то вакол Полацка ў XIII ст., то ў Падняпроўі ў XIV ст., а то займае сабой паў-ВКЛ улучна са Смаленшчынай і Браншчынай у XVI ст. Такое ўражаньне, што ў гэтым змроку Сярэднявечча яна разьвідняла зь нябеснага сьвятла: дзе ясна, сонечна й чыста – там была Беларусь; як толькі пахмурна й цень – яна зьнікала. Самае цікавае, што такім жа чынам паводзіў сябе і сымбаль беларускасьці – бел-чырвона-белы сьцяг, і срэбны з барваю герб "Пагоня", і нават сама беларуская дзяржаўнасьць. Быццам з паветра, быццам звыш – матар'ялізуецца з туманнае смугі з эфэктам цуду.
Беларусь заўжды была ідэалам, імкненьнем, імгненьнем больш, чым зьдзейсьненым фактам. Беларусь успыхвала толькі ў моманты выключнае гістарычнае значнасьці – дзеля таго, каб потым цэлыя пакаленьні жылі ў азарэньнях адраджэньня яе незалежнасьці.
Беларусь мае духовую прыроду – вось у чым сэнс.
Корань – "Русь".
Найменьне "русь" усходнім славянам тысячагодзьдзе таму надалі варагі ці нарманы. Тыя самыя, што ў VIII – IX стст. абаснаваліся ў Ангельшчыне, Францыі й Ірляндыі, раней за Калюмба, ужо ў X ст. адкрылі Амэрыку, і зьядналі калянізацыяй і гандлем усю Паўночную Эўропу. Такім чынам, на стратэгічным стыку Захаду й Вялікага стэпу Русь зьявілася з тае рашучае, прадпрымальнае нарманскае пратаплязмы, якая надала свае абрысы ўсёй сёньняшняй эўраатлянтычнай цывілізацыі.
Русьсю назавуць першае аб'яднаньне ўсходне-славянскіх плямёнаў вакол Кіева; "русьсю" яшчэ доўга будуць іменаваць насельнікаў міжморскіх княстваў; з Русі ў пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця вылучыцца вольная Беларусь – і ў рэшце рэшт, легендарную "Русь" як Расею прыўласьціць дэспатычная Масква – каб затым насьмерць змагацца зь Русьсю Белай. Лёсы Ўсходняе Эўропы, а потым і паловы сьвету, будуць вырашацца тут, у Белай Русі. Беларусь, Боле-русь, будзе нязьменна адыгрываць ключавую ролю скрыжаваньня, храма й пагоста.