Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Але і тады, калі гарадзкія мэгаполісы пашырацца да памераў цэлых краінаў, Беларусь застанецца суцэльным гіганцкім паркам дзеля адпачынку й духовага сузіраньня мільярдаў.
Беларуская прырода – лёгкія Эўропы. Эўропа дыхае Беларусьсю. Ты проста ўцягваеш у сябе водары чабору й язьміну, прахалоду ветру й гарачы пах садовае квецені, туманную пару рачных далінаў і глыбокія лясныя эфіры, усю духмянасьць беларускае прыроды да нясьцерпнае асалоды – і пачынаеш верыць, што нашая зямля створаная адмыслова для Духа.
СОЛЬ
Беларусь мае ў сабе соль.
Соль, смак жыцьця, найважнейшая прыправа чалавечае
Соль – беларускі карысны выкапень №1 і наш галоўны экспартны тавар. Ад 20% да 25% нацыянальнага бюджэту фармуюць "салёныя" грошы. Паводле запасаў і здабычы калійных соляў Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў, а кухоннай, харчовай солі ў нас столькі, што можна засыпаць усю Эўропу з галавою – двухмэтровым слоем.
Адкрытыя ў 40-я гады мінулага стагодзьдзя радовішчы беларускага Палесься ўяўляюць сабою падземныя тоўшчы марское солі аб'ёмам у дзесяткі тысячаў кубічных кілямэтраў, намножаныя ў эпоху грандыёзнае трапічнае лягуны на месцы цяперашняга Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі, што перапрацоўваюцца на мінэральныя ўгнаеньні – гэта камбінат-імпэрыя "Беларуськалій", шахты глыбінёй да 400 м, 100-тысячны горад Салігорск й заробкі ў некалькі разоў вышэй, чым па астатняй краіне. Сталіца харчовае солі – Мазыр: тут у нетры на глыбіні 1200 м закачваюць ваду, і з паднятага на паверхню раствору выпарваюць хімічна чыстую, у дробныя зернейкі, бялюткую соль "Экстра". На сёньняшні момант мазырская кухонная соль зь ёдам і фторам у экспартных сальнічках – адзін з найбольш канкурэнтаздольных беларускіх тавараў, што вывозіцца ў 14 краінаў сьвету.
На самым знакамітым радовішчы беларускае солі – Старобінскім – ярка-чырвоная калійная соль залягае паміж праслояў белай каменнай, утвараючы да 60 гарызонтаў. Галоўнае багацьце Беларусі ў пластах гіганцкіх бел-чырвона-белых сьцягоў – гэта ўсё-такі фундамэнтальны прадмет нацыянальнага гонару.
Беларусь, эўрапейскі цэнтар, зьмяшчае ў сабе соль – і гэта факт вялікага сымбалічнага значэньня. "Вы – соль зямлі" – гаворыць Хрыстос сваім вучням у Нагорнае пропаведзі (Мацьвея 5:13) "…Кожная ахвяра сольлю асоліцца. Соль добрая, але калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце?" "Майце ў сабе соль і мір майце між сабою" (Марка 9:49-50)
Беларусы сустракаюць хлебам-сольлю, хутка зьядаюць пуд солі за сталом, абавязкова соляць сала і робяць цудоўныя салёныя гуркі. Солі? Калі ласка!
Беларусь – соль эўрапейскае зямлі, вобраз ясны й моцны. Як смак самое солі – дастаткова шчэпці, каб адчуць сапраўдны смак жыцьця.
"Слова вашае хай будзе заўжды зь мілатой, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму", – вось у чым, паводле апостала Паўла, соль.
А Беларусь можа прыправіць сольлю паўсьвета!
СЭРЦА ЭЎРОПЫ
"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця"
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя. Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела
наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе."
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця: Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!”
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..
II. БЕЛАРУСКАЯ ГІСТОРЫЯ
Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.
Так пачалася гісторыя Беларусі.
Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.
І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.
Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.
Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.
Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.
Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.
Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.