Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:

Дзяўчына пацiснула плячыма.

– Ён быў як заўсёды.

– Што вы рабiлi пасля гарбаты?

– Гуляла ў бiльярд з Х'юга.

– Больш вы не бачылi сэра Гервазы?

– Не.

– А як вы ўспрынялi стрэл?

– З гэтым было трохi дзiўна. Разумееце, мне здалося, што быў першы гонг, таму я хуценька пераапранулася, выскачыла з пакоя, пачула, як я падумала, другi гонг i кiнулася ўнiз па лесвiцы. У першы вечар я спазнiлася на адну хвiлiну на абед, i Х'юга сказаў мне, што гэта амаль перакрэслiла нашы надзеi на Старога. Вось я i пабегла ўнiз. Х'юга быў якраз перада

мною, i тады пачуўся нейкi дзiўны трэск, i Х'юга сказаў: гэта корак ад шампанскага; але Снэл запярэчыў; дарэчы, i я не думала, што той гук даляцеў са сталовай. Мiс Лiнгард лiчыла, што ён пачуўся зверху, але ўрэшце мы сышлiся на зваротнай успышцы аўтамабiля, гурмой рушылi ў гасцiную i забылiся пра гэта.

– Вам нiколi не прыходзiла, хоць на момант, думка, што сэр Гервазы мог застрэлiцца?
– запытаўся Пуаро.

– Ну, як такое магло прыйсцi мне ў галаву? Стары, здавалася, цешыўся жыццём i сабою. Я не магла i падумаць, што ён зробiць такое. I не магу здагадацца, чаму ён гэта зрабiў. Вiдаць, толькi таму, што быў ненармальны.

– Нешчаслiвая падзея.

– Вельмi, для Х'юга i мяне. Ён, як быццам, нiчога не пакiнуў Х'юга, цi амаль нiчога.

– Хто вам сказаў гэта?

– Х'юга выпытаў у старога Фобза.

– Ну што ж, мiс Кардвэл...
– Маёр Рыдл хвiлiнку падумаў.
– Вiдаць, гэта ўсё. Як вы лiчыце, мiс Шэвенi-Гарэ адчувае сябе дастаткова добра, каб прыйсцi i пагаварыць з намi?

– О, я думаю, яна зможа прыйсцi. Я скажу ёй.

Пуаро ўмяшаўся:

– Адну хвiлiнку, мадэмуазель. Цi бачылi вы гэта раней?

Ён працягнуў аловак, падобны на кулю.

– Ага, бачыла, калi мы гулялi ў брыдж сёння пасля поўдня. Гэта старога палкоўнiка Бэры, я думаю.

– Ён забраў яго пасля робера?

– Чаго не ведаю, таго не ведаю.

– Дзякую, мадэмуазель. Гэта ўсё.

– Добра, я скажу Рут.

Рут Шэвенi-Гарэ ўвайшла ў пакой, як каралева. Твар яе быў свежы, галава высока ўзнята. Але вочы, як i вочы Сьюзен Кардвэл, пазiралi ўважлiва. На ёй была тая ж сукенка бледна-абрыкосавага колеру, што i тады, калi Пуаро прыехаў. Сукенку аздабляла прышпiленая да пляча ружа густога колеру самон*. Гадзiну назад яна была свежая i яркая, а цяпер прывяла.

* Аранжава-ружовы колер.

– Дык што?..
– абазвалася Рут.

– Мне вельмi няёмка турбаваць вас, - пачаў маёр Рыдл.

Яна перабiла яго:

– Вядома, вы павiнны патурбаваць мяне. Вы павiнны патурбаваць кожнага. Аднак, я магу сэканомiць ваш час. Я ўяўлення не маю, чаму Стары скончыў жыццё самагубствам. Адзiнае, што магу вам сказаць: гэта анi не падобна на яго.

– Вы не заўважылi ў яго сённяшнiх паводзiнах чаго-небудзь нядобрага? Цi не быў ён у дэпрэсii або празмерна ўзбуджаны - цi хоць што было анармальнае?

– Не думаю. Я не заўважыла...

– Калi вы апошнi раз бачылi яго?

– Калi мы пiлi гарбату.

Пуаро спытаўся:

– Вы не заходзiлi ў кабiнет - пазней?

– Не. Апошнi раз бачыла яго ў гэтым пакоi. Ён сядзеў вось тут.

Яна паказала на крэсла.

– Зразумела. Вам знаёмы гэты аловак, мадэмуазель?

– Аловак палкоўнiка Бэры.

– Вы яго бачылi нядаўна?

– Я сапраўды не

памятаю.

– Вам вядома што-небудзь пра... нязгоду памiж сэрам Гервазы i палкоўнiкам Бэры?

– Вы маеце на ўвазе гiсторыю з "Пэраган рабэ компанi"?

– Але.

– Думаю, што так. Стары быў раз'юшаны гэтым!

– Ён, магчыма, лiчыў, што яго ашукваюць?

Рут пацiснула плячыма.

– Ён нiчога не разумеў у фiнансах.

– Цi магу я задаць вам пытанне, мадэмуазель, - сказаў Пуаро, - трохi дзёрзкае пытанне?

– Вядома, калi вы жадаеце.

– Яно такое: цi шкадуеце вы, што ваш... бацька памёр?

Яна са здзiўленнем паглядзела на яго.

– А як жа, шкадую. Я не ўпадаю ў сентыментальнасць, але мне будзе не хапаць яго... Я любiла Старога. Так мы, Х'юга i я, называлi яго заўсёды. "Стары" - разумееце, нешта некшталт першабытнага антрапоiда-малпы сапраўднага патрыярха радавой справы. Гэтыя словы гучаць як быццам непаважлiва, але за iмi - глыбокая прыхiльнасць. А так ён быў самы безгаловы асёл на свеце!

– Вы мяне зацiкавiлi, мадэмуазель.

– У Старога быў авечы розум! Шкада, што даводзiцца так гаварыць, але гэта праўда. Ён быў няздатны нi да якой разумовай працы. Майце на ўвазе, гэта была яркая асоба. Фантастычна адважная i гэтак далей! Ён мог смела iсцi на полюс альбо бiцца на дуэлях. Я ўпэўнена, ён так выхваляўся таму, што ведаў - у галаве ў яго мала клёку. Кожны мог узяць верх над iм.

Пуаро дастаў лiст з кiшэнi.

– Прачытайце, мадэмуазель.

Яна прачытала лiст i аддала яму назад.

– Дык вось што прывяло вас сюды!

– Цi не наводзiць вас на якую-небудзь думку гэты лiст?

Яна адмоўна пакiвала галавой.

– Не. Гэта, напэўна, чыстая праўда. Любы мог абiраць беднага старога небараку. Джон кажа, апошнi перад iм агент ашукваў Старога направа i налева. Разумееце, ён быў такi велiчны i фанабэрысты, што нiколi не апускаўся да таго, каб заглыбiцца ў дэталi! Ён быў як запрашэнне махлярам.

– Вы, мадэмуазель, ствараеце зусiм iншы вобраз сэра Гервазы, чым той, агульнавядомы.

– О, так - у яго быў даволi добры камуфляж. Ванда, мая мацi, выручала яго, як умела. Ён быў такi шчаслiвы, важна iграючы ролю Ўсявышняга. Вось чаму, часткова, я рада, што ён нежывы. Гэта найлепш для яго.

– Я не зусiм разумею вас, мадэмуазель.

Рут задумлiва сказала:

– Яго хвароба прагрэсiравала. Не сёння-заўтра яго запраторылi б у вар'яцкi дом... Людзi пачалi ўжо гаварыць, так яно было...

– Цi ведалi вы, мадэмуазель, што ён абдумваў завяшчанне, паводле якога вы маглi б атрымаць яго грошы толькi тады, калi б выйшлi замуж за мiстэра Трэнта?

Яна ўскрыкнула:

– Якi абсурд! Усё роўна, я ўпэўнена, суд адхiлiў бы гэта... Я ўпэўнена, нельга дыктаваць людзям, за каго яны павiнны выходзiць замуж.

– Калi ён сапраўды падпiсаў такое завяшчанне, цi згадзiлiся б вы, мадэмуазель, выканаць гэтую ўмову?

Яна ашаломлена глядзела на яго.

– Я... я...

Дзве-тры хвiлiны яна сядзела, нерашучая, пазiраючы на сваю туфлю-лодачку, што звiсала з нагi. Маленькi камячок зямлi ўпаў з абцаса на дыван. Раптам Рут Шэвенi-Гарэ сказала:

Поделиться с друзьями: