Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:

– Пачакайце!
– Устала i выбегла з пакоя. Вярнулася хутка з капiтанам Лэйкам.

– Гэта павiнна выйсцi наверх, - задыхаўшыся, сказала яна.
– Вы таксама можаце ведаць гэта зараз. Джон i я пажанiлiся ў Лондане тры тыднi назад.

10

З iх дваiх капiтан Лэйк выглядаў куды больш збянтэжаным.

– Гэта вялiкi сюрпрыз, мiс Шэвенi-Гарэ... мiс Лэйк, дакладней кажучы, вымавiў маёр Рыдл.
– I нiхто не ведаў пра гэты ваш шлюб?

– Не, мы ўсё трымалi ў сакрэце. Джону не вельмi падабалася гэта.

Лэйк сказаў, трохi заiкаючыся:

Я... я ведаю, гэта даволi пагана так пачынаць жыццё. Я павiнен быў проста пайсцi да сэра Гервазы...

Рут перабiла яго:

– I сказаць яму, што ты хочаш ажанiцца з яго дачкой, i вылецець кулём з пакоя, i ён, напэўна, пакiнуў бы мяне без спадчыны, зрабiў бы пекла ў доме, i мы з табою захаплялiся б, як цудоўна паводзiлi сябе! Павер мне, я прыдумала лепш! Што зроблена - тое зроблена. Усё роўна быў бы скандал, але Стары ўрэшце супакоiўся б.

Лэйк па-ранейшаму выглядаў няшчасным. Пуаро спытаўся:

– Калi вы намервалiся паведамiць навiну сэру Гервазы?

– Я рыхтавала глебу, - адказала Рут.
– Ён даволi падазрона прыглядваўся да нас з Джонам, i я прыкiнулася, што пераключыла сваю ўвагу на Годфры. Натуральна ён раззлаваўся. Я прыйшла да высновы, што навiна пра мой шлюб з Джонам была б палёгкай!

– Цi ведаў наогул хто-небудзь пра гэты шлюб?

– Урэшце я прызналася Вандзе. Я хацела перацягнуць яе на мой бок.

– I вы мелi поспех?

– Угу. Разумееце, яна не надта захаплялася iдэяй майго шлюбу з Х'юга - я думаю, таму, што ён мой кузен. Яна, мабыць, прыкiдвала: раз у сям'i ўсе не ў сваiм розуме, то ў нас, пэўна, нарадзiлiся б зусiм дурныя дзецi. Гэта, вiдавочна, досыць абсурдна, бо я толькi прыёмная дачка, як вы ведаеце. Упэўнена, я дзiця нейкага зусiм далёкага сваяка.

– Вы перакананы, што сэр Гервазы анi не здагадваўся аб праўдзе?

– О, не, не здагадваўся.

Пуаро спытаўся:

– Цi так гэта, капiтан Лэйк? Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вашай размове з сэрам Гервазы сёння пасля поўдня не ўпамiналася гэтая справа?

– Не, сэр, не ўпамiналася.

– Бо, разумееце, капiтан Лэйк, ёсць пэўныя сведчаннi, якiя паказваюць, што сэр Гервазы быў вельмi ўзбуджаны пасля сустрэчы з вамi i што ён гаварыў раз цi два пра сямейную ганьбу.

– Нiчога не ўпамiналася, - паўтарыў Лэйк. Яго твар увесь збялеў.

– Вы бачылi тады сэра Гервазы апошнi раз?

– Угу, я ўжо гаварыў вам.

– Дзе вы былi ў восем хвiлiн дзевятай сёння ўвечары?

– Дзе я быў? У сваiм доме. У канцы вёскi, можа, з паўмiлi адсюль.

– Вы не былi паблiзу Гэмбара Клоўз у гэты час?

– Не.

Пуаро павярнуўся да дзяўчыны.

– Дзе вы былi, мадэмуазель, калi ваш бацька застрэлiўся?

– У садзе.

– У садзе? Вы чулi стрэл?

– О, так. Але я асаблiва не задумалася, палiчыла - нехта страляе трусоў. А зараз успамiнаю, што тады падумала, як блiзка гэта гучыць.

– Якой дарогай вы вярнулiся ў дом?

– Я ўвайшла праз гэтае акно.

Рут паказала паваротам галавы на французскае акно за ёю.

– Хто-небудзь быў тут?

– Не. Але

Х'юга, Сьюзен i мiс Лiнгард увайшлi ў залу амаль адразу. Яны гаварылi пра стрэл, пра забойства i гэтак далей.

– Разумею, - сказаў Пуаро.
– Так, здаецца, зараз я разумею...

Маёр Рыдл з сумненнем сказаў:

– Добра, э-э, дзякую. Думаю, пакуль усё.

Рут з мужам павярнулiся i выйшлi з пакоя.

– Лiха яго ведае...
– пачаў маёр Рыдл i скончыў даволi безнадзейна: - Усё цяжэй i цяжэй не збiцца са следу.

Пуаро кiўнуў. Ён падняў той маленькi камячок зямлi, што ўпаў з абцаса туфлi Рут, i задумлiва трымаў яго ў руцэ.

– Гэта падобна на тое разбiтае люстра, - вымавiў ён.
– Нябожчыкава люстра. Кожны новы факт, на якi мы натыкаемся, паказвае нам нейкi iншы бок нябожчыка. Ён адлюстроўваецца з усiх магчымых пунктаў гледжання. Неўзабаве ў нас будзе поўны малюнак...

Ён устаў i паклаў маленькi камячок зямлi ў кошык для непатрэбнай паперы.

– Я скажу вам адно, дружа мой. Ключ да ўсёй таямнiцы - люстра. Зайдзiце ў кабiнет i паглядзiце самi, калi вы не верыце мне.

Маёр Рыдл рашуча сказаў:

– Калi тут забойства, дык ваш абавязак даказаць гэта. А як вы спытаецеся ў мяне, я скажу: гэта, несумненна, самагубства. Памятаеце, што дзяўчына сказала пра агента, якi быў раней, - ашукваў старога Гервазы? Я ўпэўнены, Лэйк расказаў гэтую казку для сваёй карысцi. Ён, напэўна, трохi падкормлiваўся за кошт гаспадара; сэр Гервазы гэта падазраваў i паслаў па вас, бо ён ведаў, як далёка зайшло ў Лэйка з Рут. Потым, учора папаўднi, Лэйк паведамiў яму, што яны пажанiлiся. Гэта разгневала Гервазы. Было "занадта позна", каб што-небудзь зрабiць. Ён вырашыў пазбыцца ўсяго гэтага. Сапраўды, яго розум, якi нiколi не вызначаўся цвярозасцю i ў лепшыя часы, памутнеўся. Вось што, на маю думку, адбылося. Што вы можаце сказаць на гэта?

Пуаро, як i раней, стаяў на сярэдзiне пакоя.

– Што я магу сказаць? Вось што: нiчога не магу сказаць супраць вашай тэорыi - але на ёй далёка не паедзеш. Ёсць некаторыя нюансы, якiх яна не прымае пад увагу.

– Напрыклад?

– Супрацьлеглыя ацэнкi ўчарашняга настрою сэра Гервазы, знаходка алоўка палкоўнiка Бэры, сведчанне мiс Кардвэл (яно вельмi важнае), сведчанне мiс Лiнгард - у якiм парадку людзi сыходзiлiся на абед, тое, дзе стаяла крэсла сэра Гервазы, калi таго знайшлi, папяровы мяшок, у якiм захоўвалiся апельсiны, i, нарэшце, самы галоўны ключ - разбiтае люстра.

Маёр Рыдл здзiўлена глядзеў на Пуаро.

– Вы хочаце сказаць мне, што гэтая лухта мае значэнне?
– спытаўся ён.

Эркюль Пуаро мякка адказаў:

– Я спадзяюся, што зраблю, каб да заўтрашняга дня гэта мела значэнне.

11

Якраз развiднела, калi назаўтра Эркюль Пуаро прачнуўся. Яму адвялi спальню ва ўсходнiм крыле дома.

Устаўшы з ложка, ён адцягнуў убок штору i ўсцешыўся, што сонца ўзышло i што ранiца такая цудоўная.

Ён пачаў апранацца, як i заўсёды, педантычна-старанна. Скончыўшы туалет, захутаўся ў тоўстае палiто i заматаў шыю шалiкам.

Поделиться с друзьями: