Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:
Потым на дыбачках выйшаў з пакоя i прабраўся праз маўклiвы дом у гасцiную. Бязгучна адчынiў французскае акно i выйшаў у сад.
Сонца якраз толькi паказвалася. У паветры стаяла смуга, смуга цудоўнай ранiцы. Iдучы па ступеньчатай дарожцы вакол дома, Эркюль Пуаро падышоў да вокнаў кабiнета сэра Гервазы. Тут ён спынiўся i агледзеўся.
Адразу ж перад вокнамi паралельна з домам цягнулася паласа травы, акаймаваная шырокiм бардзюрам. Астры ўсё яшчэ былi прыгожыя. Перад бардзюрам была зарослая дарожка, дзе i стаяў Пуаро. Трава расла i на дарожцы за бардзюрам да самай веранды. Пуаро ўважлiва агледзеў дарожку i пакруцiў
Уверсе над iм адчынiлi акно. Паказалася рыжавалосая галава. Як у залацiста-чырвоным арэоле ўбачыў ён разумны твар Сьюзен Кардвэл.
– Што, не магу ўцямiць, вы робiце тут у такi час, мiстэр Пуаро? Гэта тое месца, адкуль вы высочваеце злачынцаў?
Пуаро пакланiўся з надзвычайнай карэктнасцю.
– Добрай ранiцы, мадэмуазель! Але, так яно i ёсць, як вы кажаце. Зараз вы бачыце дэтэктыва - вялiкага дэтэктыва, можна сказаць - у дзеяннi, як ён раскрывае злачынства!
Фраза была трохi квяцiстая. Сьюзен схiлiла галаву набок.
– Я павiнна адзначыць гэта ў сваiх мемуарах, - сказала яна.
– Мне сысцi ўнiз i дапамагчы вам?
– Я быў бы ў захапленнi.
– Спачатку я прыняла вас за рабаўнiка. Як вы выбралiся з дому?
– Праз акно ў гасцiнай.
– Адну хвiлiнку, i я буду з вамi.
Яна была верная свайму слову.
Як вiдаць, Пуаро быў дакладна там, дзе i тады, калi яна ўпершыню ўбачыла яго.
– Вы вельмi рана прачнулiся, мадэмуазель?
– Я кепска спала. У мяне быў якраз такi агiдны стан, якi бывае ў пяць ранiцы.
– Цяпер не зусiм так рана, як вы думаеце!
– Я адчуваю сябе так! А зараз, мой супердэтэктыў, што мы аглядаем?
– Як што, вывучаем, мадэмуазель, сляды.
– Сляды ёсць.
– Чатыры сляды, - працягваў Пуаро.
– Вось, я вам iх паказваю. Два - да акна, два - адтуль.
– Чые? Садоўнiкавы?
– Мадэмуазель, мадэмуазель! Гэта адбiткi малых элегантных жаночых туфелек на высокiм абцасе. Зiрнiце, пераканайцеся самi. Ступiце, прашу вас, на зямлю вось тут, побач з iмi.
Сьюзен хвiлiнку павагалася, потым нясмела паставiла нагу на глебу там, дзе паказаў Пуаро. Яна была абута ў невялiчкiя туфлi-лодачкi з цёмна-карычневай скуры на высокiм абцасе.
– Бачыце, вашы амаль такога ж памеру. Амаль, але не зусiм. Гэтыя другiя зроблены трохi большай, чым ваша, нагой. Магчыма, гэта сляды мiс Шэвенi-Гарэ, або мiс Лiнгард, цi нават лэдзi Шэвенi-Гарэ.
– Не лэдзi Шэвенi-Гарэ - у яе маленькiя ногi. Людзi ў тыя часы ўхiтралiся мець маленькiя ногi. А мiс Лiнгард носiць смешныя чаравiкi з нiзкiмi абцасамi.
– Дык гэта сляды мiс Шэвенi-Гарэ... А, так, я памятаю, яна згадвала, што выходзiла ў сад учора вечарам.
Ён павёў яе назад вакол дома.
– Мы ўсё яшчэ iдзём па следу?
– Ну, вядома ж. Зараз мы зойдзем у кабiнет сэра Гервазы.
Ён пракладваў дарогу. Сьюзен Кардвэл iшла за iм.
Дзверы па-ранейшаму паныла звiсалi. Унутры пакой быў такi ж, як i ўчора вечарам. Пуаро адсунуў шторы i ўпусцiў у пакой дзённае святло. Ён пастаяў, пазiраючы на бардзюр хвiлiну-дзве, а потым сказаў:
– Мяркую, вы не дужа добра
знаёмы з рабаўнiкамi, мадэмуазель?Сьюзен Кардвэл са шкадаваннем адмоўна пакiвала галавой.
– Баюся, не, мiстэр Пуаро.
– Галоўны канстэбль таксама не можа пахвалiцца сяброўскiмi адносiнамi з iмi. Яго сувязi з крымiнальнiкамi заўсёды былi строга афiцыйныя. У мяне - не гэтак. Аднойчы я меў вельмi прыемную гутарку з рабаўнiком. Ён расказаў мне цiкавую штуку пра французскiя вокны - трук, якi часам можа выкарыстоўвацца, калi запор даволi свабодны.
Гаворачы, ён павярнуў ручку левага акна, прэнт пасярэдзiне выйшаў з адтулiны ўнiзе, i Пуаро пацягнуў абедзве палавiны французскага акна да сябе. Ён шырока расчынiў iх, а потым зачынiў зноў - зачынiў, не паварочваючы ручку, каб прэнт не апусцiўся ў свой паз. Ён выпусцiў ручку, хвiлю пачакаў, а потым рэзка стукнуў знiзу ўгору па цэнтры прэнта. Ад удару прэнт апусцiўся ўнiз у паз - ручка сама павярнулася.
– Вы бачыце, мадэмуазель?
– Думаю, так.
Сьюзен аж пабялела.
– Акно зараз зачынена. Немагчыма ўвайсцi ў пакой, калi акно зачынена, але можна выйсцi з пакоя, пацягнуць створкi звонку, потым стукнуць, як я зрабiў, i запор iдзе ўнiз, паварочваючы ручку. Акно, такiм чынам, шчыльна зачынена, i кожны, хто паглядзiць на яго, скажа, што яно было зачынена знутры.
– Гэта тое...
– Голас Сьюзен злёгку задрыжаў.
– Гэта тое, што адбылося ўчора вечарам.
– Думаю, тое, мадэмуазель.
Сьюзен з роспаччу сказала:
– Я не веру нiводнаму гэтаму слову.
Пуаро не адказаў. Ён падышоў да камiннай палiцы. Потым рэзка павярнуўся.
– Мадэмуазель, прашу вас быць за сведку. Я ўжо маю аднаго сведку, мiстэра Трэнта. Ён бачыў, як я знайшоў гэты маленькi асколачак люстра ўчора вечарам. Я казаў пра яго яму. Я пакiнуў яго там, дзе ён быў, для палiцыi. Я нават сказаў галоўнаму канстэблю, што разбiтае люстра - гэта важны ключ. Але ён не надаў значэння майму намёку. Зараз вы сведка таго, як я кладу гэты асколачак люстра (на якi, памятайце, я ўжо звярнуў увагу мiстэра Трэнта) у маленькi канверт, вось так. Сказана - зроблена. I я пiшу на iм - так - i запячатваю. Вы сведка, мадэмуазель?
– Але... толькi... толькi я не ведаю, што гэта значыць.
Пуаро перайшоў на другую палавiну пакоя. Ён стаяў перад сталом i пiльна глядзеў на раструшчанае люстра на сцяне насупраць.
– Я скажу вам, што гэта значыць, мадэмуазель. Калi б вы стаялi тут учора вечарам, гледзячы ў гэтае люстра, вы маглi б убачыць у iм, як адбывалася забойства.
12
Упершыню ў жыццi Рут Шэвенi-Гарэ - зараз Рут Лэйк - прыйшла снедаць своечасова. Эркюль Пуаро быў у зале i адвёў яе ўбок, перш чым яна зайшла ў сталовую.
– У мяне ёсць адно пытанне да вас, мадам.
– Слухаю.
– Вы былi ў садзе ўчора вечарам. Цi ступалi вы хоць раз на клумбу, што за акном кабiнета сэра Гервазы?
Рут здзiўлена паглядзела на яго.
– Так, двойчы.
– А! Двойчы. Як двойчы?
– Першы раз я рвала астры нейдзе каля сёмай гадзiны.
– Вам не здаецца, што гэта быў даволi дзiўны час, каб iрваць кветкi?
– Так, праўда. Я нарвала кветак учора ранiцай, але Ванда сказала пасля гарбаты, што кветкi на стале не надта свежыя. Я падумала, што нiчога, пастаяць i гэтыя, таму не нарвала свежых.