Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:

Рыдл павольна сказаў:

– Я разумею, што вы маеце на ўвазе. Тут няма паслядоўнасцi.

– Дзiўныя змены настрою ў сэра Гервазы Шэвенi-Гарэ! Ён заклапочаны - ён моцна засмучаны - ён у звычайным стане - ён у гуморы! Нешта вельмi дзiўнае! I яшчэ, гэтая фраза: "Занадта позна". Што я прыязджаю сюды занадта позна. Так, гэта праўда. Я прыехаў сюды занадта позна - каб убачыць яго жывога.

– Разумею. I вы лiчыце?..

– Я нiколi ўжо не даведаюся, чаму сэр Гервазы пасылаў па мяне! Гэта бясспрэчна!

Пуаро ўсё хадзiў па кабiнеце. Ён паправiў адну-другую рэч на камiннай палiцы, агледзеў картачны

столiк каля сцяны, адчынiў у iм шуфляду i дастаў маркёры для брыджа. Потым падышоў да пiсьмовага стала i ўважлiва зазiрнуў у кошык для паперы. Там не было нiчога, апрача папяровага мяшэчка. Пуаро дастаў яго, панюхаў, прамармытаў: "Апельсiны" i, разгладжваючы мяшэчак, прачытаў на iм: "Карпентэр i сыны, гандаль садавiнай, Гэмбара Святой Марыi". Ён якраз акуратна складваў мяшэчак, ражок да ражка, калi ў пакой зайшоў палкоўнiк Бэры.

8

Палкоўнiк плюхнуўся на крэсла, пакруцiў галавой, уздыхнуў i сказаў:

– Як гэта жахлiва, Рыдл! I якая цудоўная, цудоўная лэдзi Шэвенi-Гарэ. Вялiкая жанчына! Колькi ў яе мужнасцi!

Мяккiм крокам вяртаючыся да свайго стула, Пуаро сказаў:

– Вы, пэўна, ведаеце яе даўно?

– Так, я быў яшчэ на яе першым балi. Памятаю, у валасах - бутоны руж. I белая, лёгкая, як паветра, сукенка... Цi ж хто-небудзь мог дакрануцца да яе!

Голас яго быў поўны захаплення. Пуаро падаў яму аловак.

– Гэта ваш, я думаю?

– А? Што? О, дзякую, ён быў у мяне сёння папаўднi, калi мы гулялi ў брыдж. Незвычайна, ведаеце, сотня пiкавых анёраў* тройчы запар. Такога не было нiколi раней.

* Картачны тэрмiн.

– Вы гулялi ў брыдж перад вячэрнiм чаем, як я разумею?
– сказаў Пуаро. Якi настрой быў у сэра Гервазы, калi ён прыйшоў пiць гарбату?

– Звычайны, зусiм звычайны. Мне ў галаву не магло прыйсцi, што ён наважваўся пакончыць з сабой. Магчыма, ён быў трохi больш узбуджаны, чым заўсёды, зараз я гэта прыгадваю. Пачынаю так думаць.

– Калi вы бачылi яго апошнi раз?

– Вось тады! На вячэрняй гарбаце. Больш я ўжо не бачыў, небараку, жывога.

– Вы наогул не заходзiлi ў кабiнет пасля гарбаты?

– Не, больш я не бачыў яго.

– Калi вы спусцiлiся вячэраць?

– Пасля першага гонгу.

– Вы i лэдзi Шэвенi-Гарэ сышлi разам?

– Не, мы - э-э - сустрэлiся ў зале. Я думаю, яна была ў сталовай, даглядала кветкi, цi што.

Маёр Рыдл сказаў:

– Спадзяюся, вы не будзеце пярэчыць, палкоўнiк Бэры, калi я задам вам, можна сказаць, прыватнае пытанне. Цi былi якiя спрэчкi памiж вамi i сэрам Гервазы наконт "Сiнтэтык пэраган рабэ компанi"?

Твар палкоўнiка Бэры раптам стаў пурпуровы. Ён пачаў гаварыць трохi блытана.

– Зусiм не. Зусiм не. Стары Гервазы быў неразважны чалавек. Вы павiнны памятаць гэта. Ён заўсёды чакаў, што з усяго, да чаго ён нi дакранецца, пацякуць малочныя рэкi! Здавалася, ён не разумеў, што ўвесь свет ахоплены крызiсам. I што крызiс, безумоўна, уплывае на капiтал.

– Дык памiж вамi ўсё-такi былi нейкiя спрэчкi?

– Нiякiх спрэчак. Проста д'ябальская неразважнасць Гервазы.

– Ён вiнавацiў вас за панесеныя страты?

– Гервазы не быў нармальны! Ванда ведала гэта. Але яна заўсёды ўмела кiраваць iм. Я ахвотна перадаваў усё ў яе рукi.

Пуаро кашлянуў, i маёр Рыдл, зiрнуўшы на яго, перамянiў тэму.

Я ведаю, што вы вельмi даўнi сябар сям'i, палкоўнiк Бэры. Цi вядома вам што-небудзь аб тым, як сэр Гервазы падзялiў спадчыну?

– Ну, думаю, большая частка пяройдзе да Рут. Гэта я зразумеў з яго выпадковых слоў.

– Вы не лiчыце, што гэта было вельмi несправядлiва ў адносiнах да Х'юга Трэнта?

– Гервазы не любiў Х'юга. Цярпець яго не мог.

– Але ж у яго было моцна развiта пачуццё сям'i. Мiс Шэвенi-Гарэ, урэшце, толькi прыёмная дачка.

Палкоўнiк Бэры вагаўся, але потым, трохi пахмыкаўшы i памыкаўшы, сказаў:

– Паслухайце, я думаю лепей сказаць вам. Строга канфiдэнцыяльна, i ўсё такое.

– Безумоўна, безумоўна.

– Рут незаконная, але яна Шэвенi-Гарэ. Дачка брата Гервазы, Энтанi, якi загiнуў на вайне. Здаецца, у яго быў раман з машынiсткай. Калi ён загiнуў, дзяўчына напiсала Вандзе. Ванда паехала да яе - дзяўчына чакала дзiця. Ванда з Гервазы ўсё абгаварылi; ёй якраз сказалi, што сама яна нiколi не будзе мець дзяцей. I яны ўзялi дзяўчынку, калi яна нарадзiлася, i ўдачарылi яе па закону. Мацi адмовiлася ад усякiх правоў на яе. Яны выхавалi Рут, як сваю дачку, i фактычна яна i ёсць iх дачка, i варта толькi паглядзець на яе, каб зразумець, што яна сапраўды Шэвенi-Гарэ!

– Ага!
– сказаў Пуаро.
– Вось яно што. Гэта робiць стаўленне да яе сэра Гервазы намнога больш зразумелым. Але калi ён не любiў мiстэра Х'юга Трэнта, то чаму ён так хацеў ажанiць яго з мадэмуазель Рут?

– Каб упарадкаваць пазiцыю сям'i. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.

– Хоць ён i не любiў маладога чалавека цi не давяраў яму?

Палкоўнiк Бэры фыркнуў.

– Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былi каралеўскага роду! Ён лiчыў за належнае, што Рут i Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме iмя Шэвенi-Гарэ. А што Х'юга i Рут думалi самi, не мела значэння.

– А цi мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?

Палкоўнiк Бэры хiхiкнуў.

– Яна! Яна як фурыя!

– Цi ведалi вы, што незадоўга да сваёй смерцi сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога мiс Шэвенi-Гарэ стала б яго спадчыннiцай толькi пры ўмове, што яна выйдзе за мiстэра Трэнта?

Палкоўнiк Бэры свiснуў.

– Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам...

Вымавiўшы гэта, ён прыкусiў язык, але было позна. Пуаро ўхапiўся за гэтае прызнанне.

– Памiж мадэмуазель Рут i маладым месье Бараўзам нешта было?

– Напэўна, нiчога, зусiм нiчога.

Маёр Рыдл кашлянуў.

– Я лiчу, палкоўнiк Бэры, што вы павiнны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносiны да стану сэра Гервазы.

– Думаю, што магло, - сказаў палкоўнiк Бэры, вагаючыся.
– Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкi хлопец, - прынамсi, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавiта ў апошнi час здавалася, што яго з Рут вадой не разлiць, i Гервазы гэта не падабалася - зусiм не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён i ўхапiўся за гэты план. Рут - не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсiм дзеля кахання. Яна любiць раскошнае жыццё i грошы.

Поделиться с друзьями: