Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

У свой час Муск-о-гі быў паляўнічай тэрыторыяй індзейскага племені Аджыбуэяў. Гэта яны назвалі так недаследаваную прастору, якая раскінулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Піянеры выжылі адтуль індзейцаў, і на працягу двухсот гадоў заказнік Муск-о-гі добра служыў паляўнічым і дробным фермерам. Ён і зараз карміў іх, асабліва тых трынаццаць трапераў, якія мелі там паляўнічыя ўчасткі; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гі хутка паляўнічым не будзе чаго рабіць.

— Праўда, Джэк, — сказаў ён, — вось і дапаляваліся.

— Дык што ж цябе тут трымае? — спытаўся

Бэртан. — Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнічыя Муск-о-гі разявяць рот на новыя ўчасткі на поўначы, і на будучы год ты застанешся са сваім інтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? — Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлівае Роя. Рой любіў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач і адрэзаць сябе ад сваіх, стаць бяздомнай лясной скацінай. Але, з іншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было іншага жыцця.

— Але калі ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. — Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, і пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.

— Раней ты станеш прэм'ер-міністрам, чым я фермерам, — прамовіў Рой і ўсміхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. — Эх ты, фермер Джэк! — сказаў ён. — Фермер Джэк!

— Ну і што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?

— Нядрэнна для хворага і для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлівасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. — Рой ведаў, што гэта не зусім так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння і па добрай волі, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён і адмовіўся ад палявання, але адзін раз у год выпраўляўся ў лес, — каб назапасіць аленіны, як ён сам казаў, але на самай справе — і Рой гэта ведаў, — каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. — Ну як, збіраешся сёлета? — спытаўся Рой.

— Мажліва і выберуся ў лес да Каляд на аленя, — адказаў Бэртан.

— Слядоў многа, — прамовіў Рой, — а самога аленя не бачыў.

— А ласі?

— Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткі, рыхтуюцца да зімовага палявання.

— А інспектар рыхтуе ім па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калі інспектар зловіць яго, а Зел — той адразу трапіць у Форт-Уэнтварт. Інспектар папярэдзіў, што ў горадзе, яго не зачэпіць, але калі сустрэне ў лесе, дык пасадзіць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён ні трапіўся.

— Няхай толькі не спрабуе лавіць іх у лесе. А то калі сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел — будзе ліха.

— Глядзі, не давай ім дазволу на карыстанне тваімі хібарамі, — хутка сказаў Бэртан.

— Але хіба іх упільнуеш? Яны як снег, выпаў — і няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.

— А Зел толькі што заявіўся ў горад, — паведаміў Джэк.

Рой недачуў, і яму стала вельмі прыкра.

— Хто прыйшоў у горад? — спытаўся ён.

— Зел Сен-Клэр, — адказаў Джэк.

— А, Зел! — Рой зірнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, ці не вярнуўся

Эндзі Эндрус; але спытаць пра Эндзі было для яго вялікай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога іхняга супольніка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.

— А дзе Зел? — спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзі, пераконваючы сябе, што і сёлета, як і раней, Эндзі не з'явіўся і не з'явіцца ніколі. Пайшоў і не вернецца. — Хіба Зел працуе на дарозе? — спытаўся ён у Джэка.

— Не. Я пусціў яго ў закінуты будан у канцы маёй лесасекі. У яго жонкі яшчэ адно немаўля.

— І навошта ты пускаеш яго ў будан? Ты ж дарожны ўпаўнаважаны? Ты мусіш сачыць за парадкам! — Рою падабаўся тытул «дарожны ўпаўнаважаны» не толькі за гучнасць, але яшчэ і за тое, што яго насіў сябар Джэк Бэртан, хоць і быў ён толькі дзесятнікам у час летніх дарожна-рамонтных клопатаў. — А Зел плаціць табе?

— Гэта за маю развалюху? Я пусціў яго, каб ён ачысціў і ўзараў лесасеку.

— Хочаш зрабіць з яго фермера?

— Не. Але зараз, калі ён страціў свой участак у лесе, яму нельга грэбаваць нічым.

— З Зела, як бы ні стараўся ён пракарміць сям'ю, акрамя валацугі ніколі нічога не атрымаецца. Ты ніколі не зробіш з яго фермера, — сказаў Рой.

— Тым горай для яго, — заўважыў Джэк.

— Я думаю, што Мэрэй таксама пастараецца ўбачыць жонку і дзяцей.

— Яна паехала ў Марлоў, працуе на кансервавым заводзе, — прамовіў Джэк.

— Бедная Мэрэй! — уздыхнуў Рой. — Несправядліва гэта з боку інспектара так прыцясняць чалавека толькі за тое, што ён узяў некалькі скурак не ў сезон.

— Не ў сезон і не там, дзе дазволена! У хаціне Мэрэя ў пушным запаведніку знайшлі скурак на дзве тысячы даляраў. Калі б ён не ўцёк, з ім расправіліся б адразу.

— Ат, што тут казаць, абодва злодзеі і валацугі! — прамовіў Рой, папраўляючы лямкі заплечнага мяха.

— А калі ты не перастанеш мець з імі справу, скончыш тым жа: станеш не паляўнічым, а зверам. — Гэта быў выраз Роя, які Джэк павярнуў супраць яго самога. Але Рою падабалася, што Джэк паўтарае яго словы.

— Пакуль мяне чакаюць дома, я не стану валацугам, — сказаў Рой, хаваючы сур'ёзнасць за жартаўлівым тонам. — Я яшчэ зайду да цябе, Джэк. Абавязкова зайду, перш чым вярнуцца на возера.

— Ты нап'ешся, і я цябе не ўбачу, пакуль сам не збяруся на возера! — гукнуў на развітанне Джэк Бэртан, але Рой быў ужо далёка, і ў адказ Джэк пачуў са змроку вячэрняга лесу толькі яго смех.

Цемра апярэдзіла Роя, і калі ён адчыніў дзверы ў цёпла напаленую кухню, яго нявестка гатавала вячэру.

Яна спалохалася.

— Думала, што гэта мядзведзь, Руф? — спытаўся Рой.

— А як я магла даведацца, што гэта ты? — незадаволена прамовіла яна. — Сэм дома, а больш мы нічога не чакаем. Хіба можна так перціся просто з лесу?

Роя цешыў яе спалох і ён не звярнуў увагі на яе незадаволены тон. Сэм вярнуўся так рана? — спытаўся ён, паставіўшы мех ля сцяны і вываліўшы рукі.

— Ён заўсёды вяртаецца рана, — з'едліва адзначала Руф Мак-Нэйр. — Да зімы далёка, а ён рэдка працуе цэлы дзень. Позна выходзіць, рана вяртаецца.

Поделиться с друзьями: