Паляўнічы
Шрифт:
— Што, Сэм табе што-небудзь вінен? — спытаў Рой.
— Толькі пару даляраў, якія ён пазычыў у жніўні, — адказаў Піт. — Мне вельмі не падабаецца ўся гэтая гісторыя з продажам свінні, але калі б не я, яе купіў бы нехта іншы, а я даў яму добрую цану.
Рой разумеў гэта.
— Вазьмі тое, што ён павінен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.
— Добра, Рой, — твар Дзюкэна зрабіўся заклапочаным. — Скажы, Рой, ты не збіраешся застацца з ім у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасіць.
— Я яшчэ не ведаю, — сказаў Рой, — але ты ўсё ж адкладзі мне ўсё неабходнае на зіму. Калі правіянт мне не спатрэбіцца, я табе скажу.
— А ці чуў ты, што Эндзі Эндрус блукае недзе тут блізка? — сказаў Дзюкэн. Па-сутнасці гэта было не пытанне, а папярэджанне.
Рой ніяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным
— Ого, нібыта плугам пераварочвае ўсяго, — сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, і вочы ў яго заблішчалі.
— Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?
— Не, — адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасці трапераў гэта было звыклай з'явай. — Зрэшты, адну бутэльку пакладзі ў дарогу, — папрасіў ён.
— Я і сам думаю выйсці на паляванне, бліжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкі Ўіп-о-Ўіл, — сказаў Дзюкэн. — Паеду на сабаках. — Як і кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькі з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваімі лайкамі, адкормленымі сабакамі, якія грызліся і падвывалі недзе за крамай. Сабакі — гэта добра, Рой і сам на іх ездзіў, але гэта толькі для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкі ўдвух на нейкія там два тыдні. Піт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамніка, крамніка ў трэцім пакаленні.
— Наліць яшчэ? — Дзюкэн узяўся за бутэльку.
Рой пакруціў галавой і адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.
— Пайду паталкую з інспектарам, — сказаў ён, і не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго і след прастыў.
Інспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылі, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архітэктурныя ўпрыгожанні. Адзінай уступкай эстэтыцы быў маленькі ганак, які разам з дошкай для аб'яў і вызначаў воблік дома. Рой зірнуў на плакаты, якія матляліся на дошцы. «Аберагайце багацці прыроды і прыгажосць вашага лесу!» — прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афіцыйнай мовы. «Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знішчыць можна за хвіліну. ПАКІДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!». І гэта яму спадабалася.
— Хэло, Мак-Нэйр, — прывітаў яго інспектар, ледзь толькі той адчыніў дзверы. — Я збіраўся ўжо выходзіць.
— У абход, інспектар? — спытаў Рой.
— Абход я рабіў учора, — адказаў інспектар.
— Як жа вы не сустрэлі мяне? — сказаў Рой.
— Прыйдзе час, сустрэну, — суцешыў яго інспектар.
Рой засмяяўся.
— Калі вы адыходзіце, я зазірну іншым разам.
— Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, — інспектар зачапіў за сама балючую струну, і Рой падумаў, што інспектар іграе несумленна.
Яны зайшлі ў маленькі квадратны пакой, сцены якога былі завешаны аб'явамі, плакатамі, календарамі, пукамі наколатых папер і картамі. На сасновым стале ляжалі карты, некалькі скурак норкі і адна бабровая, пасткі, патроны, компас, бінокль, а пад сталом стаялі два чучалы лісы. Інспектар усеўся афіцыйна, за канторку, паставіўшы сваё плеценае крэсла так, каб можна было назіраць за Роем. Рой жа ўжо сцішыўся. Гэта былі ўладанні інспектара, яго прыгнятала маса папер, канторка з адкідной дошкай, чатыры ці пяць тоўстых квітанцыйных кніг, горы бланкаў паляўнічых пасведчанняў, прыскрыначкі стала, запоўненыя пісьмамі, цыркулярамі, паведамленнямі, пастановамі,
бюлетэнямі, загадамі, вымовамі, справаздачамі. Толькі тут, у канторы, Рой па-сапраўднаму адчуваў вялізную адміністрацыйную машынў, якую ўвасабляў інспектар сваёй масіўнай персонай. Рой аддаў інспектару пяць даляраў за паляўнічы дазвол на год.— Як палявалася гэтым сезонам? — спытаў інспектар, падпісаў квітанцыю і падаў яе Рою разам з жэтонам і маленькай зялёнай кніжачкай, экземплярам «Дадаткаў да Закона пра Паляванне і Лоўлю Рыбы 1946 года».
— Норму вылавіў.
— А каму прадалі?
— Піту Дзюкэну.
— Пушніна першагатунковая?
Рой кіўнуў.
— Ёсць што-небудзь выключнае?
— Няма.
Інспектар задаў яшчэ некалькі пытанняў пра звера: многа яго ці мала, неспакойны ён ці даверлівы, ці няма слядоў ваўка, рысі, мядзведзя і іншых драпежнікаў, мышэй, лемінга, а таксама зайца і іншай дзічыны. У Роя на ўсё быў гатовы адказ. Інспектар слухаў яго ўважліва і ўслухоўваўся не толькі ў звесткі, але і ў ацэнкі самога Роя. Рой бачыў у лесе тое, чаго не прыкмячалі іншыя звераловы, і ўмеў расказаць пра ўбачанае захоплена, як сапраўдны апавядальнік. Сам гэтага не ўсведамляючы, Рой стаў лепшай крыніцай інфармацыі пра ўсе сезонныя змены ў жыцці фаўны Муск-о-гі. А паколькі інспектар сур'ёзна цікавіўся натуральнай гісторыяй свайго раёна, дык усю інфармацыю Роя ён перадаваў у Таронта старанна і дакладна.
— Здаецца, што звяроў у лесе меншае, Рой, — сказаў ён. — Я ўсё чакаю, што дэпартамент прыме ў адносінах да вашага брата паляўнічага нейкія рашучыя меры — накладзе забарону на бабра альбо андатру, ці на любога пушнога звера. Нешта ж трэба рабіць.
— Вы хочаце выгнаць нас на поўнач, інспектар, — сказаў Рой, здзекуючыся з уласнага гора. — А што робіцца там, на той тэрыторыі?
— Гэта не мой раён, — адказаў інспектар, — але з месяц таму быў цыркуляр з дэпартамента пра тое, што ўсе, хто хоча, могуць атрымаць новыя ўчасткі на поўнач ад Сярэбранай ракі, яны могуць падаць заяўкі не пазней як у маі. Хочаце, я ўключу і вас?
Інспектар адкінуўся ў крэсле, і яго вялізны жывот прымушаў сумнявацца, што ён пакіне гэтае крэсла. Твар у яго быў чырвоны, патыліца тоўстая, рукі пульхныя, але калі ён уставаў і рухаўся, было бачна, што гэта чалавек вялікай энергіі, чалавек, які выконвае свае абавязкі з бязлітаснай настойлівасцю. Роя не ўводзіў у зман яго знешні выгляд таўстуна; ён ведаў захапленне інспектара тлустай свінінай і добрым півам. Не, Рой разумеў, што недаацаніць гэтага чалавека — значыць, зрабіць вялікую памылку. Інспектар быў такі рухавы, што Рой, калі залазіў у самы гушчар лесу, часта азіраўся назад, ці няма побач інспектара.
— Я мог бы падабраць вам добры ўчастак, — прапанаваў яму інспектар.
— А можна адкласці гэта да майго вяртання вясной?
— У любы час да мая месяца, — паўтарыў інспектар, — але чым раней вы вырашыце, тым большы выбар.
— Я адкажу вам, калі вярнуся ў сакавіку, — сказаў Рой.
Інспектар паціснуў плячыма. Ён быў задаволены, што Рой застанецца тут яшчэ на адзін сезон. Ён так і сказаў яму: — Рой, я не хачу, каб вы ішлі на поўнач, перш чым я злаўлю вас з незаконнай здабычай. Тады вам усё роўна давядзецца пайсці, бо я адбяру ў вас туташні ўчастак.
— Злавіць мяне? — сказаў Рой. — А навошта вам мяне лавіць?
— Ды ўжо не ведаю, — сказаў інспектар, — але з усіх паляўнічых майго раёна іменна вас вырашыў я злавіць з доказамі злачынства. Вы водзіце мяне за нос ужо дваццаць гадоў, але я да вас падбіраюся. І чакаць засталося не вельмі доўга.
Рой адхіснуўся ад канторкі.
— Але калі вы хочаце злавіць мяне, чаму вы не пойдзеце са мной у лес? Там вы ўжо напэўна злавілі б мяне.
Інспектар бываў у лесе не адзін раз — і ў паляўнічых буданах Роя і па ўсяму ланцугу яго пастак, схадзіў яго ўчастак удоўж і ўпоперак і цічога не знайшоў. Калісьці даўно ён пераканаўча даказаў Рою па колькасці яго пастак і пялаў для пушніны, скарыстаных патронаў і па дзесятку іншых прыкмет, што Рой страляе і ловіць звера больш за норму. Гэтае абвінавачанне ён кінуў Рою ў твар у яго хаціне, калі абодва яны былі значна маладзейшыя. Рой аж загарэўся ад гневу, але стрымаўся і прамаўчаў; маўчаў ён і пазней на ўсе абвінавачанні інспектара. Узважыўшы гэтую тактыку Роя, інспектар прыйшоў да высновы, што словамі ад яго нічога не даб'ешся. Рой спакойна адмоўчваўся і даваў магчымасць інспектару знайсці пушніну ці злавіць яго на месцы злачынства.