Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

На пэўны час яны абое затаіліся кожны са сваімі развагамі.

Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, і Джын Эндрус магла спакойна церабіць і падражніваць яго, паступова выклікаючы на своеасаблівыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часіны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якія не ўмеюць падысці да жанчыны першымі. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай ініцыятыве. Ён не мог дазволіць сабе гэтую блізкасць, пакуль дамашняя цеплыня і вабнасць гэтай адной-адзінай жанчыны не растаплялі, не паглыналі яго цалкам. Джыні ведала, што сёння гэта будзе складана.

Яна не мела звычкі ласкава турзаць яго за вуха, калмаціць яго рэдкія валасы і абдымаць яго моцную шыю, — у іх усё адбывалася інакш.

Перш за ўсё яна падлівала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў.

Тады яна здымала свой фартух і ўбірала ў яго Роя — і ён браўся перамываць талеркі, слоікі, чысціць нажы і відэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. І тады яна пачынала пакепліваць з яго ўбору і цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылінкі, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалі, тоўстыя кісці звісалі па баках, і ён станавіўся такім, якім яна хацела: грубым альбо мяккім, рэзкім альбо пяшчотным, такім, а зрэдзь часу і насмешлівым, настойлівым, дужым, нечаканым і ненадзейным. Тады ў іх не было слоў. Была толькі адна доўгая канадская ноч.

Раздзел другі

Раніцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок і сам Рой паснедалі ў задаволеным маўчанні. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага і так пільна пазірала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калі Джок пайшоў у школу, ёй давялося асабліва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасці і не заўважаў нічога, акрамя цудоўнай раніцы.

— Дык што, возьмеце грошы? — прымусіла яна сябе спытацца ў Роя, калі ён адыходзіў.

— Не ведаю, Джыні, — сказаў ён.

— І застанецеся на зіму?

— І гэтага не ведаю, — сказаў ён. — Пабачым. Я яшчэ вярнуся.

На імгненне яна ўявіла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму і мо ўсё ж застанецца на зіму дапамагаць яму. Яна і радавалася і ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння і доўга стаяла ля дзвярэй, назіраючы, як ён пераходзіў поле і пералазіў цераз загарадку, кіруючыся да фермы Сэма.

Рой сабраў пушніну, якая засталася ў спальні, і, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позірку нявесткі. Але яна застала яго на лесвіцы.

— Табе не варта вяртацца да нас, калі ты бавіш час там аж да раніцы, — сказала яна. — Гэта нядобра!

Ён не адказаў, ён нават не пазіраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкі, абураны і зганьбаваны, і толькі радасць ад маючай быць праходкі сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоіла яго.

У адпаведнасці з тым, як лес і ворыва саступалі месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлі станавілася ўсё больш выразнай. Ад ускраін горада і да самага возера Гурон невялікія роўныя пляцоўкі былі ўздыблены і заціснуты магутнымі гранітнымі скаламі, голымі, дзікімі; і рэдкія елкі тырчалі сярод іх кпліва, быццам надмагільныя помнікі над вартымі жалю лапікамі расчышчанай зямлі. Гэтае каменнае царства распасціралася аж да возера, і ўсюды ўладарылі скалы, велічныя і непрыступныя, але ўсюды між імі віліся вузкія небрукаваныя дарогі і агароджы, складзеныя з валуноў; прыляпіліся крамы, бачны тэлеграфныя слупы і нават чыгунка — адрэзак Канадскай Ціхаакіянскай, якая абрывалася ў Сент-Элене, не надзяліўшы пасёлак ні станцыяй, ні таварнай платформай. Заняпалы, але ўчэпісты гарадок, які даводзіўся да дрыжыкаў частым пранізлівым асеннім ветрам. Рой зноў усміхнуўся яму, калі выйшаў на цвёрда ўтаптаную сцежку да крамы Піта Дзюкэна.

Сустрэчныя цёпла віталіся з ім. Старэйшых ён ведаў па імені, але было шмат навічкоў, якія прыходзілі кожны год альбо вырасталі падчас яго адсутнасці, і гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на імгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.

— «П. Дзюкэн», — чытаў ён голасна. — «Мяса і Бакалея. Мука і Фураж». — Ён перачытаў надпіс і пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. — «Няма нічога больш духмянага, чым гарбата Салада! Паліце цыгарэты „Консульскія“! Піце апельсінавы сок!» «П. Дзюкэн. Мяса і Бакалея».

Апошні скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён

адчыніў іх і ўвайшоў.

— Прывітанне найлепшаму жаніху ва ўсім Муск-о-гі! — гукнуў ён маладомў брунету, які стаяў за акуратным прылаўкам. — Ці мо ты ўжо не жаніх, Піт?

— А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры дні. А ці бачыў ты, што інспектар толькі што пайшоў па дарозе сустракаць цябе? — Рой міжволі азірнуўся, а раптам Дзюкэн і сапраўды не жартуе, але француз засмяяўся. — Што, трапіўся?

— А я і не супраць сустрэчы з інспектарам, — ветліва адказаў Рой. — У мяне добрая пушніна.

— Добрая і законная, — сказаў Піт Дзюкэн. Ён скінуў белы фартух і аддаў яго нейкай таўстушцы, якая ўсміхнулася Рою, калі ён паспрабаваў разабрацца, якая ж гэта з сясцёр Філіпс.

Дзюкэн правёў яго цераз моцна напаленую краму ў наступны пакой, які служыў яму канторай. Гэта быў даўгаваты пакой з пісьмовым сталом, прадранай кушэткай, чыстымі занавескамі. Дзюкэн сеў за стол і пачаў прымаць у Роя пушніну, уважліва яе разглядваючы.

— А якая зараз цана? — спытаў Рой.

— Дрэнная, — адказаў Дзюкэн. — Ваенны бум падае. Хутка цяжка будзе збываць пушніну. Цана падае, Рой.

— А цана на прадукты расце, — падхапіў Рой. Гэта было сказана не ў адрас Дзюкэна, а пра дзіўную асаблівасць цаны, якая не дазваляла чалавеку пракарміцца за заробак. — Усе цэны растуць, але калі табе надарыцца нешта прадаць, яны адразу ж падаюць.

— Грошай становіцца мала, Рой.

— А як у фермераў?

— Зноў просяць крэдыт.

— Я ведаю пра гэта, — прамовіў Рой, думаючы пра Сэма.

Яны больш ні пра што не гаварылі, пакуль не сышліся на цане за пушніну. Рой не ведаў гарадскіх цэн, але сваю цану ён у Піта выбіў, як той ні ўпарціўся. Гэта было нялёгка, але выручка апраўдала яго спадзяванні, і Рой быў задаволены. Дзюкэн запісаў цану кожнай скуркі, падвёў вынікі і спытаў у Роя, ці пусціць гэтую суму, як звычайна, на аплату зімовага заказу.

— Крыху пачакай, Піт, — сказаў Рой. — Я пасля скажу.

— Калі табе патрэбны грошы зараз, а зімні правіянт — у крэдыт, ты скажы, Рой, я табе заўсёды паверу.

Дзюкэн прапаноўваў гэта па-сяброўску, і па-свойму ён быў сябрам і Рою і ўсім траперам Сент-Элена. Не першы раз ён забяспечваў у крэдыт любога трапера пад улоў, некаторых ён крэдытаваў на два і нават на тры сезоны, але на больш не згаджаўся нікому. Дзюкэн на справе перакананы, што крэдыт зусім не азначае безнадзейнага доўгу: пры належным кантролі гата проста выгаднае ўкладанне грошай. У аперацыях з траперамі яму было забяспечана вяртанне пазыкі ў выглядзе пушніны. Ён гарантаваў сябе ад рызыкі, стаўшы прадстаўніком пушной кампаніі, да якога траперы ўсё адно былі вымушаны зносіць сваю пушніну за даўгі. Інакш ім не атрымаць ніякіх прадуктаў з крамы Піта Дзюкэна, а таксама і ад двух іншых крамнікаў гарадка. Але гэтая сістэма распаўсюджвалася толькі на трапераў, а не на фермераў. Дзюкэн рэдка крэдытаваў фермераў, хоць, вядома, былі і выключэнні. З дробнымі фермерамі і здольшчыкамі ён практыкаваў абмен сваіх тавараў на іхнія прадукты. Менавы гандаль аджыў свой век яшчэ калі быў жывы яго дзед, а бацька гандляваў за наяўныя. Але Піт атрымаў краму, калі ў ёй не было ні абароту, ні наяўных, словам — нічога. Яго бацька — скупаваты французскі буржуа — славіўся сваёй чыста брэтонскай, капеечнай ашчаднасцю. На той час, як ён памёр, пахіснулася рэпутацыя нават Дзюкэнаў. Але яго сын вярнуўся з другой сусветнай вайны з маленькімі чорнымі вусамі, цвярозай камерцыйнай ацэнкай бліжняга і дзелавой кемнасцю, якую выхавала ў ім пасада сержанта па гаспадарчай частцы. Ён пачаў гандляваць усім і з усімі, беручы на сябе як мага больш прадстаўніцтва і заводзячы як мага больш новых сувязей; гандляваў справядліва, калі даводзілася быць сумленным; гандляваў несправядліва, калі гэта абяцала выгаду і нічым не пагражала, нават стратай добрага іміджу. Ён быў добры крамнік, і яго маленькая крама стала своеасаблівым цёплым, утульным і добра забяспечаным клубам для ўсяго Сент-Элена, дзверы якога былі адчынены і для адносна багатага і для параўнальна беднага кліента, чые патрэбы абслугоўваліся Пітам тым больш ахвотна, што гэта давала яму добры прыбытак і прывольнае жыццё. Піт быў сама ўдачлівым чалавекам ва ўсім Сент-Элене.

Поделиться с друзьями: