Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Відаць, старэе, — сказаў Рой і пайшоў па лесвіцы ў свой пакой. Ён скінуў на падлогу мех і дастаў запалкі, каб запаліць лямпу. Яна была брудная — і ні кроплі газы. Ён спусціўся ў кухню і пачаў наліваць яе з невялікага бітона. Тут зайшоў брат.

— Ну, як справы? — спытаўся ён.

— Няблага, Сэм, няблага.

— Як сёлета бабёр?

— Скуркі добрыя, толькі мала. — Гаворачы з братам, Рой ветліва выпрастаўся, але Сэм ужо выйшаў. Рой зноў сагнуўся і заліў лямпу. Ён выцер яе, запаліў і занёс у свой пакой.

Рой выцягнуў з мяшка тры звязкі скурак і паклаў іх пад матрац. Гэта не тое, каб ён іх хаваў. Ён клаў іх туды, каб разгладзіць: бо за цэлы дзень яны скамячыліся ў мяху. Больш у мяшку нічога не было. Ён шпурнуў яго пад ложак і выцер брудныя рукі

аб калашыну. У непрыбраным пакоі было пыльна і душна, таму ён адразу разнасцежыў акно.

Затым Рой пайшоў у кухню, памыўся ля ракавіны, пад пільным позіркам худзенькай, з бяскроўным тварам дзяўчынкі гадоў васьмі.

— Добры дзень, Грэйс, — сказаў ён, але дзяўчынка моўчкі назірала, як ён плюхаецца. Рой памыў за дзвярыма ногі і падняўся да сябе, каб да вячэры пераапрануцца ва ўсё чыстае. Калі палез па чыстую сарочку ў сасновую камоду, высветліў, што добрая палова яго рэчаў знікла: світэры, летняя бялізна, нават порткі і боты. Бывала, раней таксама прападала сарочка-другая, але такога яшчэ не здаралася. Гэта яго раззлавала. Хто гэта такі ўвішны: брат ці гэтае хлапчанё — пляменнік Фрэнк? Нельга сказаць, што яму было шкада вопраткі. Роя злавала, што так сустракаў яго пасля адсутнасці родны дом. Гэта было прыкметай нечага больш грознага, чым проста знікненне нейкіх шмотак. Ён адагнаў горкія думкі, спусціўся ўніз і сеў за стол.

Там ужо быў Фрэнк, якому маці рабіла прачуханца за тое, што ён прападаў аж да ночы. Гэта быў ружовашчокі хлапчук гадоў дванаццаці, ростам з бацьку і вышэй за Роя. Але ён быў худы, і блакітная сарочка Роя вісела на ім, як на калу. «Значыць, гэта Фрэнк», — падумаў Рой.

— Хэло, Фрэнкі, — прамовіў ён да хлапчука.

— Хэло, Рой, — гучна адказаў той.

— Размаўляй з дзядзькам як след, — паправіў яго бацька. — А калі яшчэ раз заявішся так позна, выпраўлю спаць у хлеў, са свіннямі. — Пагроза была сур'ёзная, але выказана была неяк вяла.

Фрэнк усміхнуўся Рою, і ўсе працягвалі моўчкі вячэраць.

Вячэра была прэсная, нясмачная, зусім не такая, якой чакаў Рой. Зараз восень, павінна быць маладая бульба, гарошак, гарбуз, капуста, новы хлеб. А замест усяго гэтага вывараная свініна і кукурузная каша. Добра яшчэ, што свініна была свежая.

— Ты што, купіў парсюка? — спытаўся Рой.

— Не, прадаў свінню, — адказаў Сэм. — Апошнюю. Зараз у гэтым доме не хутка паласуюцца свінінай. — І быццам адказваючы на наступнае пытанне Роя, Сэм хуценька працягваў: — Давялося прадаць яе, Рой, каб купіць у Піта Дрокэна хоць крыху гарбаты і цукру. Сабе пакінулі толькі кумпяк; яна ў нас была адкормленая. — У яго словах зноў прагучала вялая горыч.

— Трэба ж было хоць нешта прадаць, каб атрымаць грошы, — з'едліва дадала Руф.

Рой прамаўчаў. Тое, што тварылася ў гэтым доме, падабалася яму ўсё менш і менш, але нічога ўжо не магло здзівіць яго тут ні ў мінулым, ні ў сёлетнім, ні ў будучым годзе. Проста справы ішлі ўсё горай. Пасля вячэры дзяцей адаслалі спаць, хоць Фрэнк гучна пратэставаў, што яшчэ толькі восем гадзін. На гэта маці не знайшла лепшага адказу, як даць кухталя, і з адыходам дзяцей кухня адразу стала змрочнай.

Сэм і Рой уселіся ля печкі, а Руф прыбірала са стала. Усе трое доўга маўчалі. Сэм курыў, Рой жаваў тытунь і стараўся атрымаць асалоду ад усведамлення, што ён, нарэшце, у сваім доме. Але гэта яму не ўдавалася, бо ён не мог быць спакойным нават дома, пакуль не даведаецца пра Эндруса. Яму хацелася абыякава спытацца ў Сэма: «А Эндзі яшчэ не вярнуўся?» Але менавіта гэтых слоў ён і не мог вымавіць, і таму сядзеў моўчкі і чакаў, калі загаворыць Сэм. Як і ў мінулыя гады, Рой пераконваў себя, што калі б Эндзі вярнуўся, пра гэта хоць хто-небудзь ды сказаў бы, аднак ён не быў перакананы і чакаў.

— Калі збіраешся вярнуцца на возера? — спытаўся Сэм.

— Праз некалькі дзён, — адказаў Рой.

Сэм не пазіраў на малодшага брата.

— А ты не мог бы затрымацца? — спытаўся ён.

— Я павінен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькі ўзяць харчу на зіму.

Брат і так ведаў гэта, але Рой імкнуўся быць цярплівым.

— А ты не мог бы застацца

тут да зімы? — спытаўся Сэм.

— Навошта? — Рой быў здзіўлены.

Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.

— Табе трэба застацца і дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькі да зімы, толькі некалькі тыдняў.

Яны абодва гаварылі стрымана,і зараз былі вельмі падобныя. Сэм быў толькі на паўтара года старэйшы за Роя і на нейкія два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкі і знешнасцю яны былі падобны адзін да аднаго, толькі Сэм быў больш рыхлы і марудлівы. Але яны па-рознаму адносіліся да жыцця. Рой не меў ні прыгнечанасці, ні спагады да сябе, ні горычы. Сэму ж былі ўласцівы ўсе тры гэтыя пачуцці, і калі яны выяўляліся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзіць.

— Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, — паволі адказаў ён.

— Але чаму? — спытаўся Сэм. — Што дадуць табе гэтыя некалькі тыдняў?98

— Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькі, што я ледзь паспяваю іх абысці, але здабыча такая малая, што рана ці позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.

— Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, — сказаў Сэм і цыркнуў слінаю ў агонь. — Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавіта таму табе і трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гі закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сілу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзін год? Чаму?

— Я паляўнічы, Сэм. Ты — фермер.

— Проста я старэйшы сын! — самотна прамовіў Сэм. — А ты фермер лепшы, чым я, такім фермерам я не стану ніколі.

Рой не любіў, калі яму гэта казалі, але ведаў, што гэта праўда. Калі пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацігадовым юнаком вярнуўся з Францыі, два гады гаспадарыў на ферме. І гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захірэць, ачысціў ладны ўчастак зямлі, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, і ён узрадаваўся, калі старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымі рукамі і пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, і ферма належала яму. Іхняя маці памерла, пакінуўшы іх яшчэ зусім малымі, бацька памёр, калі яны абодва былі на фронце, а малодшы брат хутка пакінуў Сент-Элен і пачаў працаваць на рудніках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, і гэта ён мусіў працаваць на зямлі, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калі на гэта можна выкраіць час і калі яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусім не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, і Сэм гэта добра ведае.

— Ну толькі зараз, толькі адзін раз, Рой, — прасіў Сэм. — Дапамажы мне падрыхтавацца да зімы.

— Калі я застануся да зімы, — сказаў Рой, — тады я ўжо не здолею пайсці.

— А навошта табе ісці! — настойваў Сэм.

Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.

— А хіба ў цябе дрэнна ідзе гаспадарка, Сэм? — спытаўся ён. — Не павінна. — Ён прамовіў гэта як мага спакайней.

Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справіцца з пачуццём горычы.

— Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на іншага, ва ўсякім разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымліваеш грошы. А выручка з фермы — яе і не бачыш.

— Хіба ты нічога не атрымаў ад ураджаю?

— Атрымаў, але, калі за ўсё заплаціў, грошай не хапіла нават на насенне, не кажучы пра нейкія закупкі ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоімку за трыццатыя гады, і нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцім годзе.

Рой ведаў пра гэтыя даўгі, але які фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзілася выкручвацца, плаціць, калі ёсць чым, а не — дык залазіць у даўгі, праклінаючы высокія адсоткі і падаткі і зямельныя банкі, якія абдзіралі іх да ніткі. І ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павінен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусціць апошнюю свінню. За ўвесь той доўгі час, што Мак-Нэйры апрацоўвалі зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з іх прадаваў апошнюю свінню, і дзеля чаго: на гарбату і цукар. Такое мог зрабіць толькі чалавек, даведзены да мяжы адчаю.

Поделиться с друзьями: