Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабіцца, — працягваў Сэм. — Можна пракарміцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако і хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.

— А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, — сказаў Рой.

— Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калі на ўсё іншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшаніца і няма кармоў. Усё лета зямля мокла, і палова сена згніла.

Рой аднак не мог зразумець.

— Але, калі зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую іншую гародніну?

— Ды не цяжкая яна, — сказаў Сэм, — а ўся забалочаная, пракісла.

— Дык асушы яе.

— Ты ж ведаеш, толькі пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.

— А хіба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?

— У мяне толькі дзве рукі, — сказаў Сэм. — Вось чаму табе і трэба застацца. Мы наладзілі б асушку сядзібнага надзела,

выкарчавалі б сорак чацвёртую расчыстку, маглі б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукі, Рой, а наняць я нікога не магу.

— А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.

Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлівым позіркам і адвіслымі грудзямі, прысела ля стала.

— Ён быў вельмі заняты, усё здаваў коней, — сказала яна, — а грошы траціў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць іншыя.

Сэм не спрачаўся з жонкай, і Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў іншым: ён няздольны зразумець, што фермерства — гэта разлік; разлік ва ўсім; ніколі не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, ніколі не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, ніколі не пакідаць жывёлу і сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага ні спрыту, ні жадання. Калі ён і страціў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаі.

— А як коні? Працуюць? — Роя гэта цікавіла асабліва, бо гэта ён купіў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купіў толькі два гады таму, затраціўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але і гэта не паспрыяла Сэму.

— Я прадаў запрэжку, — сказаў Сэм і ўпершыню зірнуў на Роя.

— Навошта, Сэм, — злосна ўсклікнуў Рой. — Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!

Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нічога не атрымалася.

Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзіўленне і гнеў ён нейтралізаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамі. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны і прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькі душэўны распад брата, але і распад дома, сямейнага кутка.

— А як жа ты справішся без коней? — сумна прамовіў Рой.

— Ніяк не спраўлюся, калі ты не дапаможаш мне. Пра гэта я і талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены і самотны, проста не падобны сам на сябе.

— А што, калі я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? — прапанаваў Рой. — Джэк зробіць усё, што можа.

— У яго і без мяне хапае клопату, — сказаў Сэм.

— Не хочам мы яго, — умяшалася Руф Мак-Нэйр. — Ён свінапас і лесаруб, адно слова — падзёншчык.

— Ён добры фермер, Руф, — прамовіў Рой.

— А для мяне ён заўсёды будзе батраком, і я не хачу, каб такія людзі дапамагалі мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такім ён быў, такім і застанецца.

Рой цярпліва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькі Руф — старога Боба Мудзі. Сёння ніхто з гэтай сям'і не затрымаўся на зямлі, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж карміла яго. Ён нават купіў два акры той зямлі, якую стары Мудзі мусіў прадаць, калі яго зрабілі банкрутам зямельныя банкі і зламалі пастаянныя спрэчкі, сваркі і грубасць сваіх жа дзяцей, у тым ліку і Руфі. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў іх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю і дробязнасцю, ніколі не падтрымліваючы яго ласкавым словам, спагадлівым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабіць Сэма такім, якім ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў іх адно ад аднаго, хіба што толькі ў тым, што Сэм быў канчаткова знясілены і амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ і зараз спрабавала падбухторваць яго. «Бедны Сэм, — падумаў Рой. — Яму патрэбна была ціхая, спакойная жонка, якая клапацілася б пра яго і паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова і кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становішча Сэма».

— Не хачу я яго, — паўтарала яна і зараз пра Джэка Бэртана. — Я яму і самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калі вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!

— У яго ж уласная ферма, — сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абараніць Джэка. — І гаспадарыць ён няблага.

— Яму інакш і нельга, маючы гэткую жонку: напладзілі цэлы вывадак.

Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынічнай усмешкай, былі падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, і ён адвярнуўся.

Сэм паківаў галавой.

— Джэк выкручваецца таму, што збірае хоць нейкі капітал — карчуе зямлю іншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз

год-другі і яго прыціснуць. Усе гэтыя карлікавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусім не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнікла таму, што некалькі пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулі Мак-Нэйра, прывалакліся сюды за лесарубамі і пачалі калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свіней і выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта і было выніковым, але яно скончылася адразу, як толькі лясныя кампаніі ўзялі ўсё забеспячэнне ў свае рукі. А пасля, калі лесарубы агалілі ўсю акругу і пайшлі, фермерства тут пазбавілася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысці і Мак-Нэйрам, ісці ў Манітобу, на Ніягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлі, чапляліся за лясную ўскраіну, як занесеныя снегам авечкі, якія баяцца скрануцца з месца, — Сэм носікам бота адчыніў дзверцы печкі і плюнуў на вуголлі. — Дык вось, я менавіта той Мак-Нэйр, які не затрымаецца тут, калі не атрымае дапамогі. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.

Рой прамаўчаў.

— Калі ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.

Рой ступіў некалькі цяжкіх крокаў, адчыніў дзверы кухні і цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкі. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам і прасядзеў там моўчкі, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх і адразу спусціўся ўніз з вялікім пакункам і двума звязкамі скурак з-пад матраца.

Руф Мак-Нэйр назірала за ім. Ведаючы, куды ён збіраецца, яна з'едліва прамовіла, калі ён адчыняў знадворныя дзверы:

— Вось пойдзеш так калі-небудзь да Эндруса і спаткаеш свайго Эндзі.

Рой прыпыніўся ля адчыненых дзвярэй.

— Кажуць, што яго бачылі! — гукнула яна следам.

Рой імкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапіліся ў яго і рвалі на часткі яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камяністых градах на палях і сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калі Эндзі Эндрус ужо дома, з Джын, і чакае, калі на дарозе з'явіцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, ідучы па гэтых мясцінах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але ні разу яшчэ не было і прыкмет на тое, што Эндзі дзесьці тут.

Дванаццаць гадоў таму апошні раз бачылі, як Эндзі Эндрус пешкі ішоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагі, але, відаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабіць. Пакінуўшы жонку і дваіх дзяцей, ён так і не вярнуўся. Нават паліцыя не змагла адшукаць яго — жывога ці мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзі, у тым ліку і Рой, верылі, што Эндзі жывы і калі-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслівы і хуткі на рашэнні, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцінстве яны з Роем і Джэкам Бэртанам былі тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, іх рэдка бачылі ў школе, яны вечна прападалі ў лесе, аблазілі ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацігадовымі юнакамі яны разам палявалі і ставілі пасткі, але Эндзі быў занадта няўрымслівы, каб праводзіць у лесе месяц за месяцам, і ён выправіўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай і выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага ні разу не пакідала. Ажаніўшыся, Эндзі зрабіў усё, што мог, каб наладзіць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закінутай, і Эндзі перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў — драўляны зруб на тры пакоі з прысядзібным участкам. Некалькі гадоў ён быў падзельнікам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калі працавалася, але так і не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлі. І Рой і Джэк Бэртан заўсёды лічылі, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калі ён уцёк, ім стала не хапаць яго, асабліва Рою. Акрамя таго, што ён страціў Эндзі-сябра, не стала і незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Іменна Эндрус забіраў у Роя ўсе лішкі пушніны — усе незаконныя і не ў сезон здабытыя скуркі — і спакойна збываў іх на пушніннай факторыі ў Бага — бліжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, і пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасці. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, і тлумачыліся яго паляўнічыя поспехі. Без незаконнай пушніны ён нядоўга пратрымаўся б на сваім паляўнічым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калі Эндзі збег, Рой апынуўся ў складаным становішчы. Сам ён не мог вазіць скуркі на факторыю, гэта было б надта адкрыта і небяспечна. На дапамогу прыйшла місіс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушніны за грошы — звычайныя камісійныя ў такіх здзелках. Рой згадзіўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацаніў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мініяцюрная гараджанка, якая так і не вызвалілася ад сваіх гарадскіх звычак і манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульні з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якім яе аўтарытэт гараджанкі і мініяцюрная знешнасць спаборнічалі з даверлівасцю інспектара і праставатасцю акружной паліцыі, — паядынак, які яна вяла тымі ж макіавелеўскімі метадамі, якімі змагаўся супраць інспектара сам Рой.

Поделиться с друзьями: