Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Калі інспектар зловіць вас, — сказаў ёй аднойчы Рой, — ён адпусціць вас, калі вы скажаце яму, у каго ўзялі пушніну.

Яе адказ дадаў штосьці новае ў іх адносіны.

— Па-першае, спачатку інспектар зловіць вас, — адказала яна, — а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькі ад вас. Не іначай. — Яна прамовіла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапілі позірк Роя, абвяргаючы і пацвярджаючы яе ж словы.

Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала іх. Іхняя блізкасць узнікла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае і нечаканае, і сумленне мучыла Роя толькі тады, калі ў гэта ўмешваліся іншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставіўшы заўвагу пра «гэтую місіс Эндрус», магла ў грахоўным святле выставіць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай

праблемы. Калі б яна сказала яму: — Мы не павінны, Рой, — ён падпарадкаваўся б голасу сумлення і ніколі больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блізкасць гэтак жа проста, як і сам Рой. Эндзі яе кінуў; ніякія абавязацельствы яе не звязвалі; грамадскія ўмоўнасці не ў залік; з Эндзі было скончана.

І ўсё адно, кожны раз, ідучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкія хвіліны. А раптам Эндзі вярнуўся! — і, стукаючыся ў дзверы і адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.

— Ну і чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывід з хворымі нервамі, — сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як і Руф Мак-Нэйр, і Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькі ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля і таму, як яна гэта прамовіла. Ён ведаў, што ніводнай тутэйшай жанчыне такое і ў галаву не прыйшло б.

— Хэло, місіс Эндрус, — прамовіў Рой і ветліва, і ніякавата.

— Хэло, Рой, — адказала яна.

— Я прынёс пушніну. — Ён дастаў звязкі.

— А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, — сказала яна.

Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго і інспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панібрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркі на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала іх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкі і дастаў адтуль некалькі старых газет.

— Толькі чатырнаццаць, — сказала яна. — Дрэннае паляванне, Рой.

— Яшчэ ніколі не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, — сказаў ён.

— Затое добрыя. — Яна падняла скурку лісы.

— Гэта праўда, але якія яны хітрыя, — сказаў Рой. — Пакуль вось гэтую даставаў з пасткі, я і не думаў, што яна жывая. А як толькі вызваліў ёй галаву, яна ўкусіла мяне за руку і стала ўцякаць. Давялося застрэліць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапіў проста ў вока. Паляўнічае шчасце, — дадаў ён.

— Якое варварства, — зазначыла місіс Эндрус.

Рою зусім не падабалася, што яго лічаць жорсткім, але нязвыклы выраз развесяліў яго і ён упершыню з часу з'яўлення тут зірнуў на місіс Эндрус.

Яна была невысокага росту, крыху ніжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая і гладкая; і ніякай вясковай грубаватасці не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкі. Рухі яе былі больш рэзкія і хуткія, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў іншым яна была даволі вытанчаная. «Нарадзілася ў трамваі, выхоўвалася на далікатэсах», — гаварыў Рой, калі даведаўся пра Джын гэтулькі, што пачаў заўважаць яе рэзкія рухі і празрыстую скуру. Гледзячы як яна налівае ваду для кавы ў вялікі эмаліраваны імбрык і ставіць яго на пліту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасці. Яе тонкія рукі і доўгія пальцы пастаянна рухаліся, але заўсёды мэтанакіравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабірала пальцамі кароткія валасы з завіткамі, і кожны з гэтых рухаў быў трошкі мітуслівы, недастаткова сціплы для такой жанчыны. Рой назіраў, як яна сыпала каву ў заварнік. Яна рабіла гэта менавіта так, як зрабіў бы сваімі агрубелымі рукамі няўклюдны лесавік Рой, і гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласці ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай і строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калі маўклівая, але яўная незадаволенасць Роя прымусіць яе зразумець і зрабіць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. І адначасна як любіў ён нямы смех, які свяціўся ў яе ярка блакітных вачах, гарэзлівасць і гумар за звычкамі ціхоні.

— Пра Эндзі нічога не чуваць? — спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркі ў газету і ўкладваючы іх у куфар ля акна.

На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круціла галавой.

На гэты раз яна ўзяла газету з палічкі

над камінам і падала яе Рою.

— Не ведаю, ці Эндзі гэта, ці не, — сказала яна, паказваючы на заметку. — У яго ёсць іншае імя?

Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкі Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесіяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа і за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.

— Падобна на Эндзі! — з адабрэннем зазначыў Рой.

— Дык гэта ён?

Рой сказаў:

— Не, Эндзі завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элістэр Гардон Эндрус. Хіба яна не ведае?

— Я не ведала іншага імя, акрамя Эндзі, — сказала яна. — Дзякуй Богу, што ён не ў турме.

— Бедны Эндзі, — сказаў Рой.

Ён гартаў газету далей. Гэта была «Таронта стар энд Джорнел».

— Дзе вы гэта ўзялі? — спытаўся ён.

— Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.

Рой успыхнуў і шпурнуў газету, нібыта гэта была сама Руф.

— Руф сказала мне, што Эндзі бачылі тут.

— Нехта сказаў ёй, што Эндзі працуе на рудніках у Сэдберы, — патлумачыла яна. — Але Эндзі ніколі не працаваў бы на рудніку. Праўда?

Рой паціснуў плячыма і не адказаў.

Місіс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, і сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважліва кантралявала свае жэсты і адразу пачала прыбіраць на кухні. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзінота Роя ў лесе рабіла надта высокай яго патрабавальнасць да іншых, асабліва да яе. А Джын ведала, што яна даволі неахайная: не ў адзенні, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоікаў на стале, у якія яна наліла ўжо воцат са спецыямі, каб марынаваць радыску, рэпу, буракі і зялёныя памідоры. Яна засунула тазы з рэшткамі гародніны пад стол і разгладзіла на буфеце дарожкі з цыраты. Хацела падмясці падлогу, але перадумала.

Рой назіраў за гэтым і зразумеў, чым гэта выклікана. Усё, што яна зараз рабіла, было крыху знарочыстым. Яна нібыта пакеплівала з яго ўяўленняў пра чысціню і парадак. Яна дабілася свайго, ён памякчэў і ўжо быў гатовы рассмяяцца, калі ў кухню зайшоў яе чатырнаццацігадовы сын.

— Хэло, містэр Мак-Нэйр, — прамовіў ён. Пры іншых абставінах ён назваў бы Роя па імені, але пры маці гэта быў містэр Мак-Нэйр.

— Добры вечар, Джок, — сур'ёзна адказаў Рой і зазначыў, як і штогод, якім падобным на Эндзі расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, відавочная незалежнасць — усё гэта было ад Эндзі.

— Учора я сустрэў інспектара, — сказаў Джок, — ён спытаўся ў мяне, ці ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька і што ў горадзе яго няма, а калі ён з'явіцца, вы ўсё адно яго не зловіце. — Джок засмяяўся, засмяялася і яго маці.

— А што ён хацеў, той інспектар? — спытаў Рой. Больш ён нічога не прамовіў, і яго пытанне прагучала занадта заклапочана.

— Ён хацеў проста даведацца, ці вярнуліся вы, — сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабіў Рою непрыемнасць і што Рой ніколі на яго не пакрыўдзіцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любіў Роя. Кожны год ён упрошваў маці адпусціць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта ні слова.

— Як школа? — спытаў Рой.

— Да Каляд закончу.

Рою хацелася спытаць у яго, ці не збіраецца ён паступіць у які-небудзь тэхнікум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасці з тым, як Джок рос і адбіваўся ад рук, Джын Эндрус некалькі разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнічаць па-бацькоўску, не адносна адказнасці, а проста ў якасці цвёрдай рукі. Але Рой адмовіўся ад усялякага ўмяшальніцтва. Ён любіў Джока як сына Эндзі — і ўсё тут. Больш глыбокія, бацькоўскія пачуцці былі затрачаны ім на малодшую сястру Джока — Джульету. Яна пражыла толькі восем гадоў, і за гэты кароткі тэрмін Рой палюбіў дзяўчынку як уласнае дзіця, і Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на маці, але ў яе была асаблівая дзіцячая высакароднасць, і яна лягчэй прынараўлівалася да людзей, асабліва да Роя. Лепш за яе ён ніколі нікога не ведаў. Калі аднойчы ён вярнуўся дамоў і даведаўся, што яе адвезлі ў акруговую бальніцу, адкуль яна і не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, і вельмі надоўга жыццё яго зрабілася змрочным.

Поделиться с друзьями: