Паляўнічы
Шрифт:
— А дзе Сахаты?
— Відаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам і Скоці. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павінен быць недзе недалёка.
— Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнік?
— Як ён пойдзе без мяне? — сказаў малеча Зел, і яго спіты, зарослы сівой шчэццю твар стаў злосным і пакрыўджаным. — Мы дамовіліся сустрэцца тут, і калі ты не пярэчыш, я пачакаю іх тут дзень-другі.
— Вядома, — сказаў Рой. — Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнік. Ён хацеў перакінуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта позні; праз тыдзень усюды будзе лёд.
— Ну што ж, пойдзем пешкі, — адрэзаў Зел. — А ты пойдзеш?
— Пры Джэку не магу табе адказаць, — сказаў Рой, выціскаючы з сябе невясёлы жарт.
Джэк
— На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лісы і рысі не хопіць і па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставіць адну-дзве пасткі, але сапраўднай лоўлі там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак — на капейку.
— Мы з Зелам праверылі некалькі тваіх пастак па дарозе сюды, — сказаў Джэк. — На балоце мы знялі пацука. — Джэк сказаў, што яны садралі скурку і паставілі яе на распялку. Яна і вісела на дроце разам са скуркамі дзвюх андатраў, якія Рой узяў на тым жа балоце.
Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавіў на Літл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымліваў карычневага звярка паміж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзіраючы яе цалкам, і адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калі скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнінай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкі клін, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам «Люкс», якое ўсунула яму ў кішэню Джыні Эндрус. Рой славіўся тым, што ўмеў расцягваць скуркі лепш за ўсіх трапераў Муск-о-гі. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога — да вялікага, вялікага — як цэлую коўдру.
— Хутка ты так напрактыкуешся, — сказаў яму Джэк, — што з ласкі расцягнеш ільва.
Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, відаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.
Магчымасць пагаварыць з Роем адзін на адзін з'явілася ў Джэка на другі дзень, калі яны ўдвух на чоўне зрабілі невялікі аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нічога не сказаў, і Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлілася толькі адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапаціла Джэка.
— Некалькі дзён таму інспектар выправіўся ў абход, — сказаў Джэк.
— Куды?
— Не ведаю. Ведаю толькі, што ён пайшоў з Сент-Элена.
— Што, шукае сабе прыгоды?
— Так, і мо менавіта тут, — сказаў Джэк. — Ты ведаеш, што будзе, калі ён застане Зела і Сахатага ў цябе ў хаціне?
— Я заўсёды магу сказаць, што не клікаў іх.
— Гэта не дапаможа, — засцярог Джэк. — Тады табе канцы.
— Мне і так канцы, — сказаў Рой. — Ніводнай скуркі з цэлага возера.
З возера Т яны вярнуліся з пустымі рукамі, і Джэк пераканаў Роя папаляваць з ім на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткі, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зімні запас. Яны пайшлі на другую ж раніцу і пешкі прайшлі маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Піт-Піт і Літл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакінулі ў хаціне чакаць вяртання Мэрэя, і толькі ўдалечыні ад Зела і хаціны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калі яны залезлі на Снежную Скалу — найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялі там, пазіраючы на хрыбты, што раскінуліся ва ўсе бакі, на пашу ласёў і недаступныя тарфяныя
балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзічынай, і яны спыніліся тут паснедаць.— Здаецца, я павінен сказаць табе, што Эндзі Эндрус вярнуўся, — сказаў Джэк.
— Эндзі? — перапытаў Рой. — Вось д'ябал!
— Ён з'явіўся тыдзень таму, — дадаў Джэк.
— А дзе ён з'явіўся?
— У Джыні. Да яе і прыйшоў.
— І ён быў там, калі ты адыходзіў?
Джэк кіўнуў.
— Здаецца, што так, — сказаў ён.
Рой доўга не мог прамовіць ні слова, маўчаў і Джэк. Джэк не раз прыкідваў, ці варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней ці пазней Рой ўсё адно даведаецца, і сядзеў як на іголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, які выбар патрэбна будзе зрабіць Рою. У яго і так была пагроза страціць родную хату, існавала неабходнасць пакінуць лес і заняцца фермерствам, а таксама непакоіла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страціць і сваю Персефону [3] .
3
Персефона — у антычнай міфалогіі жонка гаспадара падземнага свету, якую муж адпускаў на зямлю да яе маці Дэметры толькі на некалькі месяцаў за год.
Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэнні. Па-першае, праседзеўшы зіму тут, ён мог на будучы год пайсці на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавіта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калі Эндзі вярнуўся, калі Сэм не адмовіўся ад свайго намеру кінуць ферму, калі Рой асабліва востра адчуваў ціск лесу, — было верагодна, што ён не заглыбіцца ў глуш, пакідаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джыні Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калі яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страціў абедзве свае апоры, і другое мажлівае для яго рашэнне было пайсці з Зелам і Мэрэем у заказнік з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол і дзялянку і гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк імкнуўся звесці Роя ад Сен-Клэра і Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хаціну, Зел і Мэрэй будуць ужо далёка. І ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымліваць Роя ад вяртання ў хаціну.
— Значыць, Эндзі ўсё-такі вярнуўся, — спакойна сказаў Рой. — Ну што ж! — Ён вытрас рэшткі гарбаты ў агонь кастра.
Джэк затаптаў агонь і сабраўся ісці далей.
— Ну як Эндзі? — марудна прамовіў Рой.
— Патаўсцеў, — сказаў Джэк. — Ён быў у арміі.
— Відаць, без грошай?
— Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалік для Сэма. Ён і сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькі.
— Што-небудзь казаў?..
Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.
— Не, нічога.
— І збіраецца застацца?
— Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзі.
— Ён застанецца, — сказаў Рой. — Ва ўсякім выпадку, да майго вяртання.
Ведаючы Эндзі, Рой быў здзіўлены, што той не з'явіўся проста да яго ў лес, каб высветліць адносіны. Эндзі заўсёды дзейнічаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа і лбом у сцяну.
— Як ты думаеш, ці прыйдзе ён у лес? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — адказаў Джэк. — Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.
Джэк зрабіў усё, каб папярэдзіць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калі Эндрус зразумее сапраўдны сэнс «дзелавых адносін» Роя і Джыні, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.
Рой нічога больш не пытаў, і яны сачылі за аленем далей.
Ім трапілася шмат слядоў аленя на снезе, але ніводнага аленя так і не ўбачылі. Ноч яны правялі ў хаціне ля Чатырох Азёр, а затым аднавілі паляванне, адначасова аглядалі пасткі Роя. Рой выявіў яшчэ аднаго бабра і рысь у пастцы, і яму зараз даводзілася цягнуць на спіне вялікі груз. Яны пайшлі па заснежаных хрыбтах да возера Т і ў накірунку да хаты, разыходзіліся, каб ахапіць звыклыя сцежкі аленяў, і зноў сустракаліся ў дамоўленых месцах.