Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Хочаш пабачыць мядзведзя? — спытаў Рой, калі яны сустрэліся ля вялікай кучы горных валуноў, абкружаных хвойным зараснікам.

— А дзе ён?

Рой паказаў уніз.

— Прыгледзься вунь да тых скалаў.

Мядзведзь, вялізны буры лежабока, з'явіўся амаль у тое ж імгненне і то подскакам, то марудна, шлэпаючы вялізнымі віхлястымі лапамі па цвёрдым снезе, рушыў проста да маладой піхты. Калі дайшоў да ствала, на задніх лапах выцягнуўся на ўвесь рост і драпнуў па дрэве кіпцюрамі так высока, як толькі здолеў дастаць. Затым ён зароў і злосна ўкусіў за ствол.

— Відаць, тым самым ён паказвае іншым мядзведзям, які ён вялікі, — сказаў Джэк. — Не інакш ён вырашыў

пахваліцца ростам перад сяброўкай альбо супернікам.

— Не ведаю, — сказаў Рой, — але толькі самкі робяць тое самае.

— Ніколі не бачыў, каб яны так грызлі ствол, — сказаў Джэк.

— Гэта яшчэ мала, а я бачыў, як адзін мішка ўсеўся на малады дубок і пачаў скакаць на ім, як на кані. — Яны мелі мажлівасць ціха перагаворвацца, бо былі значна вышэй і за ветрам. — Ты звярні ўвагу, які ён адкормлены. Ён зусім падрыхтаваўся залегчы на зіму. Гэта дрэнная прыкмета, Джэк. Яны так рана кладуцца ў бярлогу, толькі калі становіцца мала дзічыны.

Яны пазіралі, як мядзведзь прынюхваецца да ветру.

— Дык што, хочаш яго? — зноў спытаўся Рой.

— Занадта шмат клопату, — адказаў Джэк.

Рой прыцэліўся. Яму даводзілася страляць у мядзведзяў, калі патрэбны былі ці то скура, ці мяса, але зараз, калі ў гэтых мясцінах іх заставалася ўсё менш, яму зусім не хацелася забіваць. Аднак быў момант, калі заціснуты, але суровы пратэст супраць лёсу заглушыў у ім лепшыя памкненні: ён ненавідзеў зараз Эндруса і прыцэліўся ў мядзведзя; але сама прага жорсткасці выклікала агіду да яе, і ён перавёў мушку на ствол піхты.

— Глядзі, як ён зараз падскочыць, — сказаў Рой. Ён трапіў у ствол каля самага мядзведзя, і адколатая куляй трэска выпадкова стукнула мядзведзя па носе. Мядзведзь замахаў перад сабой вялікімі пляскатымі лапамі, нібыта адмахваўся ад пчол ці мух, затым зноў злосна ўкусіў за дрэва і кінуўся наўцёкі, а Рой крыкнуў яму ўслед: — Не пакідай слядоў, гультай, а то я з цябе скуру спушчу!

Джэк і Рой гучна смяяліся, гледзячы, як ён уцякае.

— Ты калі-небудзь бачыў, як яны нападаюць на вулей? — спытаўся Рой. — Ну рыхтык скунсы. Лезе проста на рой і разганяе пчол так, што тыя накідваюцца на яго і заблытваюцца ў поўсці, а мішка сядзіць, збірае іх і есць.

Зноў засмяяліся, і Джэк разумеў, што Рою зараз лягчэй. Дай толькі час, і лес ўсё вылечыць. Яны ішлі разам аж да возера Т.

Дя возера яны зноў разышліся, і хутка Рой прысеў адпачыць на скалістым схіле, адкуль снег знесла ветрам. Тут было ветрана, але яму падабалася сядзець менавіта на гэтым хрыбце, бо адсюль на поўнач было далёка відно за межы яго ўчастка, а на поўдзень за возерам Т мора лясных верхавін цягнулася аж да самага Сент-Элена. Ён пазіраў уніз, на чорную ваду возера ў снежным атачэнні, і раптам пачуў самалёт.

Ён назіраў, як самалёт паволі ляціць над нізкімі шэрымі воблакамі, дробная істота с лапамі качкі і крыламі малінаўкі. Машына зрабіла круг над возерам, затым узяла курс на захад і пачала планіраваць.

Рой устаў.

— Не інакш як адзін з гэтых маленькіх гідрапланаў, — сказаў ён трывожна.

Трывога яго нарастала, калі ён зразумеў, што самалёт вялікімі бясшумнымі кругамі ідзе на зніжэнне да возера Піт-Піт.

— Джэк, — паклікаў Рой. — Дзе ты, Джэк?

Адказу не было.

— Джэк! — зноў паклікаў ён.

Нарэшце з'явіўся, засопшыся, Джэк.

— Вось халера, а я толькі высачыў лася, — сказаў ён. — Мне здаецца, я загнаў яго ў той канец лесу. І што патрэбна ласю на гэткай вышыні? — Джэк гаварыў шэптам, узбуджаны сваім адкрыццём значна больш, чым Рой. — А што ў цябе?

— Ты зірні на гэты аэраплан, — сказаў Рой.

Самалёт

толькі што з'явіўся зноў.

— Ён сядзе на возера Піт-Піт, — сказаў Рой. — Калі Зел і Сахаты зараз у хаціне, яны не ўбачаць і не пачуюць яго. Здаецца, што інспектар падкрадваецца да мяне з-за вугла. Раздабыў адну з машын лясной аховы. Глядзі туды, на возера Піт-Піт, бачыш, ён ужо планіруе.

— Усё адно, ты занадта далёка, каб дабрацца да хаціны раней за іх, — сказаў Джэк. — Ты не паспееш папярэдзіць.

Рой стаяў, пазіраючы ўніз на возера Т. Вецер прыбіваў да берага астраўкі рыхлага снегу, і, хоць пад імі дзе-нідзе бліскаў лёд, возера яшчэ не зусім замерзла.

— На ўсходнім канцы ў мяне застаўся вялікі човен, — сказаў Рой. — Я схаваў яго там, калі пераправіўся да Індзейца Боба. Калі я зараз хутка спушчуся ўніз, дык магу што-небудзь выціснуць з гэтага чоўна і прыплысці да хаціны раней, чым яны заявяцца там.

— Ну, табе давядзецца папрацаваць на возеры Т, каб абагнаць іх. Так, папрацаваць давядзецца добра! — сказаў Джэк. — Але ты ідзі. І хутчэй. Сахаты і Зол, відаць, яшчэ там і нічога не ведаюць. Калі інспектар накрые іх, усім вам хана. Хутчэй, Рой!

Але Рой ужо імчаўся па схіле да далёкай унізе вады. Сваю ношу ён скінуў побач з Джэкам і зараз узрываў рыхлы снег, коўзаючыся па ім на крутым доўгім схіле. Джэк не мог зразумець, як Рою ўдаецца трымацца на нагах, бо ён спускаўся вельмі хутка. Але Рой здолеў захаваць над самай зямлёй цэнтр цяжару свайго каржакаватага важкага цела і без прыгод скаціўся ўніз да вады.

Каля таго месца, дзе ён схаваў човен, вада ўжо добра замерзла, і Рою давялося цягнуць човен па здрадным лёдзе да чыстай вады. Калі лёд пачаў трэскацца пад нагой, ён ускочыў у човен, вывеў яго з дробных ільдзін і пачаў веславаць. Да гэтага часу ён ужо спацеў і знясілеў, але рукі яго самі па сабе апускалі жоўтае вясло ў халодную ваду. Там, дзе яна была вольнай ад лёду, ён хутка слізгаў уперад, але там, дзе шаўкавісты лядок ужо ўкрыў паверхню, яму даводзілася націскаць і тады чуліся крохкія гукі ледзяных крышталікаў, якія крышыліся пад носам чоўна падчас кожнага ўдару вясла. Ён зразумеў, што рухаецца надта марудна. Знайшоўшы чарговую водмель, ён павярнуў да берага, хутка выскачыў з чоўна і зламаў сухую ялінку, мёртвую і рудую, але яшчэ з іголкамі. У яго не было сякеры, каб ссекчы жывое дрэва, і таму ён замацаваў сухую елку паміж распоркамі, прывязаў яе раменнымі ўключынамі, а затым зноў стаў на калена і веславаў далей. Вецер ударыў у густую паверхню елкі, якая складала каля дванаццаці футаў, і човен адразу паплыў хутчэй. Пры спадарожным парывістым ветры ён нёсся зараз з такой хуткасцю, што пад цяжарам елкі ледзь не чэрпаў носам бурлівую ваду. Нават на падмерзлых участках ён рассоваў тонкія льдзіны і не збаўляў хуткасць.

Рою ўдалося абысці найбольш замерзлыя ўчасткі, але часам, калі лёд са скрыгатаннем сяізгаў па афарбаваным брызенце бартоў, яму здавалася, што човен прабіты. Чым бліжэй падплываў ён да хаціны, тым больш дапамагаў яму вецер, і, імкнучыся злавіць яго парывы ці прасоўваючы човен праз ледзяную плёнку, Рой ужо пачынаў спадзявацца, што паспее.

Ён з такой хуткасцю нёсся да скалістага прычала, што яму давялося кінуць вясло і паспрабаваць утрымаць човен, адвязаўшы елку, затым надзвычайнымі высілкамі ён падняў яе тырчком і, захоўваючы раўнавагу падчас рэзкіх парываў ветру, вывеў ствол за борт і кінуў убок, як дроцік. Гэта яму ўдалося, але човен ледзь не перакуліўся і зачэрпнуў столькі вады, што адно вясло сплыло. Рой ледзь паспеў схапіць другое і хоць крыху затармазіў човен, тым самым аслабіў удар аб скалу.

Поделиться с друзьями: