Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Гэта няправільна, Рой, — пакруціў галавой Скоці.

Рой не спрачаўся, не называў Скоці прападобным.

— Правільна ці няправільна, — сказаў ён, — якая розніца?

— Што і казаць, падманеш ты інспектара, — сказаў Самсон.

Мэрэй пазіраў на Роя і бачыў толькі лепшага звералова Муск-о-гі. Але сітуацыя яму падабалася.

— Гэта праўда, Рой, — сказаў ён, — інспектар надта здзівіцца, калі даведаецца, што ты залез у заказнік! Ён, вядома, перакананы, што ты ловіш больш за норму, але ўсё-ткі лічыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзівіўся б ён, калі б убачыў цябе з намі! Уяўляю! — Яны не ўслухоўваліся ў няспешную гаворку Мэрэя, і ён не меў прэтэнзій.

— Адным цудоўным днём не толькі Рой здзівіць гэтага

нягодніка інспектара, — гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.

— А чаму ты, Самсон, не ідзеш з намі? — хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулісты твар напружыўся, маленькія вочы схаваліся ў зморшчынах, калі ён здзекліва зірнуў на Самсона.

— Спытайся ў Скоці, — сказаў Самсон. — Калі пойдзе ён, пайду і я.

— Пайшлі з намі, Скоці, — сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклік. — Чаму ты не ідзеш?

— Каб табе было не сорамна туды ісці? — сказаў Скоці.

Роя гэта не кранула, і Скоці пашкадаваў, што сказаў гэта.

— Я жанаты, Рой, — сказаў Скоці, каб вылучыць неабвержны аргумент і істотную прычыну. — Жанаты і Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.

— А што такое? — умяшаўся Зел. — Сахаты жанаты, і я жанаты.

— Так, — марудна запярэчыў Скоці, — і калі б вы маглі атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапіліся б у іх зубамі і рукамі. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкі?..

— Ладна, Скоці, — спакойна прамовіў Рой, і больш да гэтай тэмы яны не вярталіся.

— А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? — спытаў Самсон. — Калі інспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.

Рой кіўнуў.

— Я і хацеў папрасіць цябе і Скоці, каб вы час ад часу правяралі мае пасткі. Усё, што трапіць у іх — вашае, толькі стаўце іх зноў. Можаце карыстацца маімі хацінамі. Як? Згода?

Скоці і Самсон пераглянуліся.

— Ладна, — сумна адказаў Скоці.

— А калі ты вернешся? — спытаў Самсон.

— Пра гэта ты спытай у Сахатага, — адказаў Рой.

— Не ведаю, — сказаў Мэрэй. — Гледзячы, як пойдуць справы. Лавіць баброў цяжка, калі балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.

Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоці.

— Калі хто-небудзь будзе наводзіць пра мяне даведкі, — сказаў ён Скоці. — кажы, што я тут паблізу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.

І ўсё адно ты дзейнічаеш няправільна, Рой, — даказваў Скоці. — Навошта тады законы пра паляванне, калі кожны будзе парушаць іх?

Гэта быў працяг іхняй нявырашанай спрэчкі, бо калі Скоці шчыра паважаў закон і захапляўся ім, то Рой адносіўся да закону звысоку. Скоці баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькі пакарання згодна з законам. Яны не маглі сысціся наконт гэтага, і Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для іх спосабам прыкладаў і пярэчанняў. Рой не адрозніваў у гэтым пытанні невінаватага ад вінаватага, гэта не прыходзіла да яго само, і ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калі закон парушаў Скоці, ён пакутаваў, але калі яго парушаў Рой, сумленне ставіла пад сумненне сам закон, і ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькі тое, што ён парушаў уласныя інтарэсы звералова. Якім бы цяжкім ні было паляванне ў Муск-о-гі, ён ведаў, як ведаў і Бэрк, і Скоці, і любы звералоў, што пушныя заказнікі — гэта адзінае спадзяванне трапераў. Лавіць у іх было грахом для звераловаў, але становішча склалася так, што Рою даводзілася душыць у сабе гэта прафесійнае сумленне. Ён дзейнічаў так, як мусіў дзейнічаць, і разважаць тут не было пра што.

— Застаецца толькі спадзявацца, што цябе не зловяць, — такім было апошняе слова Скоці.

Рой паціснуў плячыма і працягваў даядаць фасолю.

Раздзел дзесяты

Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку і таптаў снег Рой. Згодна з указаннямі Мэрэя ён кіраваўся то на адзінокую сасну,

то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў даліну. Большай часткай нельга было абысціся без плеценых канадскіх лыжаў, і на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясільваючая праца, але і ў гэтым выпадку два іншыя ледзь паспявалі за ім. Рой імкнуўся наперад так, нібыта адчай падганяў яго, і ногі яго ішлі самі, якім бы глыбокім ні быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкі груз, у тым ліку большую частку пастак; нават гэтаму велікану даводзілася паскараць свой шырокі крок, каб паспець за Роем. Мэрэй імкнуўся скарачаць дарогу, ідучы нацянькі, але Рой кожны раз выбіраў да таго ж і больш лёгкі варыянт і ні на хвіліну не збаўляў тэмп.

— Ты, відаць, спяшаешся? — сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогі.

— Навошта губляць час? — адказаў Рой.

— Але ж часу ў нас дастаткова, — зазначыў Мэрэй.

— Гэта як сказаць, — запярэчыў Мэрэю Зел, але той ніяк не зрэагаваў. А іменна Зелу даводзілася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу і нёс яго мех, пакуль ён трохі не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя. — Чым хутчэй мы туды трапім і чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас, — казаў ён.

Першыя тры дні яны ішлі прыкладна па прамой. Мясцовасць ім была добра знаёмая, і ніякіх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправіліся цераз Серабрыстую раку і падняліся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышыні не было ва ўсім Муск-о-гі; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кінуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, які адразаў Муск-о-гі ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенціры, і толькі калі дабраўся да самай вяршыні, ён зноў вызначыў напрамак.

Там, наверсе, перад імі паўстала зусім новая для іх краіна, не падобная на іхнія ўчасткі. Пазіраючы на яе з радасцю і хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краінай Срэбных Даляраў.

— Глядзіце, якія азёры! — захоплена ўсклікнуў ён. — Вось гэта краіна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусім не такое.

Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокіх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гі, гэта была краіна кантрастаў. Тут былі і адгор'і, і высокія пікі, і глыбокія даліны. Былі і плато, якія выцягнуліся вузкімі палоскамі паміж гор, пляскатыя і гладкія, яны таксама былі ўсеяны азёрамі і сасновымі лясамі. У параўнанні з больш мірным пейзажам Муск-о-гі тут ўсё было ўздыблена і скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары і побач ззялі на сонцы здрадніцкія снежныя схілы.

— Яно мо і прыгожа, — сказаў Мэрэй, — але на такім схіле сам чорт галаву скруціць. А зараз, калі яны заледзянелі, на іх і нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? — спытаў Мэрэй у Роя.

Рой зірнуў цераз два хрыбты і плато на густы сасновы лес.

— Пастарайся вывесці нас туды найбольш дакладна, — сказаў Мэрэй. — Якраз там мая хаціна. У канцы вунь таго азярца.

Гэты апошні адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсіх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ і звычайны азарт гонкі з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краіне прыносіў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнім пераходзе давялося абыходзіць шмат лясных гушчароў і зараснікаў, і хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў іх проста да месца. Шлях гэты ім варта было добра запомніць, бо яны не рызыкавалі пазначаць свой шлях, як бы цяжка ні было знайсці яго пасля. Яны былі ў заказніку, і чым менш слядоў заставалася пасля іх — тым лепей. Заказнік не меў мяжы альбо іншых апазнавальных знакаў, але яны ведалі, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, і чым далей яны адыходзілі ад хрыбта, тым больш паглыбляліся ў заказнік. Да таго часу, як Рой вывеў іх глыбокай далінай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дыміўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самі яны былі ў глыбіні заказніка.

Поделиться с друзьями: