Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

Але ён спазніўся. Побач з Зелам Сен-Клэрам там ужо стаялі два мужчыны.

Раздзел восьмы

— Гэта Рой Мак-Нэйр, — сказаў Зел незнаёмым мужчынам.

Рой ужо заўважыў, што сярод іх не было інспектара.

— Добры дзень, — сказалі яны Рою.

Рой нічога не адказаў. Ён яшчэ не мог аддыхацца пасля такога напружання. Ён ведаў, што гэта прадстаўнікі нейкай улады, ён беспамылкова вызначыў гэта па іхняй гаворцы і манерах, як бы па-сяброўску і нязмушана яны сябе ні паводзілі. Адзін быў таўстун, з праніклівымі вачыма і ўпэўненай лініяй рота. Другі — малады бландзін сярэдняга росту.

Апрануты як паляўнічыя, у чырвоныя курткі і кепкі, абодва ў высокіх паляўнічых ботах і скураных пальчатках. Тыповыя асобы пры пасадзе, толькі невядома якой. Рой падумаў, ці не леснікі гэта? Ва ўсякім разе не пушнінныя інспектары.

— Мяне завуць Бэрк, — сказаў камлюкаваты.

Ён гаварыў рашуча, амаль рэзка, не спускаючы жывых вачэй з заклапочанага твару Роя.

— А гэта Ласон, — сказаў ён пра маладога бландзіна. — Мы работнікі па ахове рэсурсаў пушніны і рыбы.

Рой ніколі пра такіх не чуў.

— Вы інспектары? — смела спытаўся ён.

— Біёлагі, — адказаў Бэрк.

Ён заўважыў спалох Роя і ледзь прыкметна ўсміхнуўся, але вочы яго смяяліся з удалага жарта.

— Інспектары? — паўтарыў ён. — Не, з інспектарамі мы не маем нічога агульнага.

Ласон таксама зразумеў сітуацыю і рассмяяўся, адкінуўшы галаву назад.

— Мы вас устурбавалі, — сказаў Ласон, праводзячы рукой па доўгіх светлых валасах. Ён усё яшчэ смяяўся проста ў твар Рою. — Мы аддзел Упраўлення па запаведніках. Не маем нічога агульнага ні з інспекцыяй, ні з кантролем — толькі ахова.

Рой трымаўся насцярожана.

— Ці можна нам у вас пераначаваць? — спытаў Бэрк. — У нас ёсць спальныя мяшкі, і спаць мы будзем на падлозе.

— Калі ласка, — сказаў Рой, нічога больш ім не прапануючы і ўсё яшчэ з сумневам. — А чаго вы з'явіліся на возеры Піт-Піт?

— Возера Піт-Піт? — паўтарыў Бэрк, нібыта ўслухоўваўся ў гэтую назву.

— Гэта адзіная тут прыдатная пасадка на ваду, — сказаў Ласон. — У возера ўпадае некалькі рэк, і яны адсунулі плывучы лёд. Але ля берага яго ўсё адно шмат, так што я сеў крыху далей. Вы задаволены?

Ён пытаўся ў Роя, як госць у гаспадара, і тут не чуваць было ніякага ашуканства. Рой сказаў, што ўсё нармальна, толькі ён здзіўлены, чаму яны не селі бліжэй да хаціны. Аднак пазней Рой зноў засумняваўся.

— А адкуль вы пра мяне даведаліся? — спытаў ён як мага больш абыякава.

— Мы ведалі толькі, што недзе недалёка павінна быць паляўнічая хаціна, — сказаў Бэрк і ледзьве ўсадзіў сваё масіўнае цела ля печы. — Мы абляцелі ўвесь Муск-о-гі, і нам трэба было дзе-небудзь апусціцца на начлег.

— А ваша хаціна нанесена на карту, — дадаў Ласон.

Яны відочна хацелі развеяць сумненні Роя, і Рой бачыў, што яны робяць гэта старанна і цярпліва, але яму і гэтага было мала.

— А з вамі ёсць яшчэ хто-небудзь? — спытаўся ён і падклаў дроў у печ.

— Не. Нас толькі двое, — сказаў яму бландзін Ласон. — Наша машына падымае толькі дваіх. І то яна з цяжкасцю садзіцца на ваду.

Рой верыў ім, але ведаў, што іхняе з'яўленне тут можа абярнуцца рознымі нечаканасцямі. І чаго іх сюды занесла? Што спатрэбілася гэтым біёлагам у такой глушы? Рою не зусім было зразумела, чым наогул займаюцца біёлагі, але ён ведаў, што гэтая праца надта спецыфічная, вельмі складаная. Яны, вядома, адукаваныя людзі, але не навічкі ў лесе. Трэба з імі асцярожна. Не інакш гэта звязана з Сахатым і з заказнікам.

— Ну што ж, вы патрапілі адразу на вячэру, — сказаў ён.

Гэта былі першыя дружалюбныя словы. Ён заўважыў, што яны пераглянуліся нібыта з палёгкай. Нягледзячы

на падазрэнні, яны падабаліся Рою, як часта падабаліся людзі з першага позірку. Яны вельмі розныя, але яскрава бачна, што яны добра разумеюць адзін аднаго і што іх яднае сапраўдная дружба. А Рою падабалася, калі адзін чалавек разумее другога, калі адзін аднаго разумеюць усе людзі, звязаныя агульнай справай.

— Вы, відаць, ляцелі па возеры з усёй моцы, — сказаў Бэрк Рою.

Рой усё яшчэ цяжка дыхаў, шапкай выціраючы пот з твару, куртку ён скінуў, каб крыху астыць у цёплай хаце.

— Відаць, цяжка веславаць у чоўне, — дадаў Бэрк.

— Я стараўся ісці ўпоравень з ветрам, — сказаў Рой.

Бэрк уважліва паглядзеў наРоя, і той зразумеў, што гэтыя словы спадабаліся камлюкаватаму біёлагу. Рою здавалася, што гэты чалавек хутка схоплівае і разумее думкі і пачуцці іншых, і скаванасць Роя паступова знікала.

— Вы, спецыялісты, відаць, прагаладаліся? — спытаўся ён.

— Праўда, мы не супраць згатаваць для ўсіх смажаніну, — адказаў Бэрк. — Калі ў вас знойдзецца рондаль добрай ёмістасці, я адразу ж і пачну. Вы не супраць?

Зноў Рой ацаніў гэтую шчырую прапанову. Ён не пярэчыць, калі яны зоймуцца вячэрай. З іхняга боку гэта было ветліва. Яны, відаць, ведалі, як трэба паводзіць сябе ў чужой хаціне і як паводзіў бы сябе ў падобных абставінах прышлы паляўнічы. Насцярожанасць Роя стала яшчэ меншай, і ён выйшаў пашукаць Зела Сен-Клэра, які знік, як толькі з'явіўся Рой. Зела знайшоў каля скалістага прычала, ён лавіў вясло Роя, якое плавала ў вадзе.

— Пайшлі да іх, Зел, — сказаў Рой. — Яны неблагія хлопцы.

— Пайшлі, — сказаў Зел. — Зірні.

Рой паглядзеў туды, куды паказваў Зел. А ён паказваў на два калы, якія тырчалі з вады маленькай бухты, што пачыналася ля скалістага прычала. Гэта былі небяспечныя калы рыбалоўнай сеткі, той сеткі, якая забяспечвала Роя шчупачаняткамі і шчупакамі для прынады, для ежы. Падчас доўгай адлучкі на Чатыры Азёры і на Зялёныя Азёры ён забыўся затапіць яе на зіму. І зараз прысутнасць яе была відавочнай для кожнага чалавека, які хоць крыху разбіраўся ў лоўлі рыбы.

— «Лоўля сеткай альбо іншым чынам, акрамя вуды ці спінінга, строга забаронена», — сказаў Рой. Вось што гаворыць закон, і хоць гэта было не надта страшнае парушэнне, якое іншым часам сышло б з рук, зараз выяўленая сетка магла мець сур'ёзны вынік.

— Пайшлі, Зел, затопім яе, — сказаў Рой.

Яны ўжо спускалі човен на ваду, калі з хаціны выйшаў Ласон з цэлым абярэмкам нейкіх прыбораў.

— Ці не дазволіце пакарыстацца вашым чоўнам? — спытаў ён у Роя.

Рой не адказаў.

— Толькі дзеля некалькіх глыбінных пробаў, — патлумачыў Ласон і падняў на выцягнутай руцэ нейкі палатняны конус з медным цыліндрычным наканечнікам. — Толькі вось тут, побач, — дадаў ён у адказ на недаверлівы позірк Роя.

Рой даў яму човен і стаў сачыць, як лоўка ён вяслуе ўздоўж берага. Ласон спачатку агледзеў азерныя водмелі, затым выбраў месца і падвеславаў да берага. Рознымі шуфлікамі, чарпакамі і прыборамі ён узяў у бутэлечкі пробы вады, глею, наносаў, а пасля пераправіўся на другі бераг возера. Ужо сцямнела, і назіраць за ім азначала толькі прыцягваць увагу. Рой махнуў на яго рукой і павёў Зела назад у хаціну, каб ён дапамог другому біёлагу гатаваць смажаніну. А Бэрк зняў куртку і боты, абуў зручныя макасіны і стаяў над сама вялікім рондалям Роя, дзе былі ўжо тлушч і масла. Ён прынёс сюды свой правіянт, і на падлозе ля дзвярэй былі складзены бабёр, андатра, заяц і курапатка.

Поделиться с друзьями: