Паляўнічы
Шрифт:
— А пасля куды? — асцярожна спытаў Рой.
— Сент-Элен, а затым у Таронта. Калі мы не паспяшаемся вярнуцца туды, нас дзе-небудзь замарозіць. — І ён нагой стукнуў па паплаўку, на якім стаяў.
— А што вы хочаце ад Індзейца Боба?
— Нам патрэбна рыба з яго ракі, — патлумачыў Ласон. — Чорны акунь, калі ўдасца яго знайсці.
— Вы лічыце, што рыбную лоўлю забароняць, як і паляванне? — спытаў Рой.
Ласон, круцячы вінт, кіўнуў бялявай галавой.
— Баюся, што так і будзе, — сказаў ён.
— Я разумею, дзічына сыходзіць, — сказаў Рой. — Але чаму знікае ў нашых азёрах рыба? Тым больш
— Надта шмат ілу ў гэтых азёрах, занадта густая вада для чорнага акуня, — растлумачыў Ласон. — Пакуль навокал былі сасновыя лясы, вада затрымлівалася ў глебе, яе затрымлівалі мох і хвоя, усмоктваючы, ахалоджваючы і паступова фільтруючы ў ручаі цераз балота. А зараз у гэтых аголеных зарасніках без падлеску вада проста сцякае ў азёры, зносячы з сабой шмат прымесяў і захоўваючы высокую тэмпературу. Іл асядае на дно, зацягвае гнёзды акуня і яго ікру. Вось і выводзіцца акуня ўсё менш і менш. Гэткая ж сітуацыя і са шчупаком. Увесь кругаварот жыцця ў рыбы парушаны. Для захавання прамысловай рыбы ў гэтых азёрах трэба на некалькі гадоў забараніць лоўлю.
— А Індзеец Боб і жыве, лічы, адной рыбай, — сказаў Рой. — Яму гэта будзе не даспадобы.
— Вядома, — сказаў Ласон, на імгненне адчуўшы, як ўсё гэта змрочна. — Ну, Рой, спадзяюся, мы з вамі яшчэ сустрэнемся, — сказаў ён і падаў руку. — На будучы год мы вернемся паглядзець, як тут у вас ідуць справы.
Падышоў і Бэрк.
— Так, мы вернемся. — Бэрк зірнуў на Роя. — І наступным разам вы не старайцеся абагнаць на возеры вецер.
Рой засмяяўся, але гэта быў толькі адбітак яго звычайнага смеху.
Ласон узяўся за трос і вывеў машыну на чыстую ваду. Яны залезлі ў маленькую кабіну і селі поплеч. Ласон нешта напампоўваў, турзаў за адзін рычаг, за другі. Матор забуркатаў і змоўк, затым забуркатаў зноў і нарэшце ўсмактаў лятучую сумесь і запрацаваў як след. Увесь лес адгукнуўся на металічны голас маленькай машыны. Ласон правёў яе па вадзяной сцежцы, крута павярнуў, адарваў ад вады і амаль імгненна знік за хрыбтом, пакінуўшы дзіўную пустэчу і маўклівасць.
— Пайду шукаць гэтага махляра Мэрэя, — сказаў Зел і павярнуўся да хаціны. — Здаецца, ён пайшоў без мяне, але я хачу пераканацца, Рой. Я пайду, відаць, да Скоці і Самсона, пагляджу, ці няма яго там. А калі яго няма і там, я пайду за ім у заказнік.
Рой нарэшце адважыўся на скачок.
— Я пайду з табой, — сказаў ён Зелу.
— У заказнік? — Зел не верыў сваім вушам.
— Іменна! — кінуў яму цераз плячо Рой. — Пройдзеш са мной праз Чатыры Азёры, і там я збяру свае бабровыя пасткі.
— Я спадзяюся, ты разумееш, што робіш? — хутка ўмяшаўся Джэк Бэртан.
— Вядома, разумею, — адказаў Рой. — На гэты раз цудоўна разумею.
— Не, не разумееш! — шырокімі крокамі даганяючы Роя, крыкнуў Джэк. Нейкі час яны ішлі моўчкі, затым Джэк сказаў: — Няма сэнсу ўцякаць ад гэтага, Рой. Рана ці позна, але табе давядзецца вярнуцца ў Сент-Элен. — Надта занепакоены Джэк не захоўваў межы прыстойнасці і дадаў: — Усё роўна, будзе там Эндзі ці не.
Рой на гэта не адгукнуўся, як маўчаў ён і на ўсе звароты Джэка да яго розуму. Чым больш распальваўся Джэк, тым больш спакойным станавіўся Рой; калі прыйшлі ў хаціну, ён пачаў збіраць у дарогу правіянт,
паказваючы тым самым, што рашэнне яго цвёрдае. Зел аж са скуры вылузваўся, дапамагаючы яму, і Рой нагрузіў у мех Зела ўсё тое, што не ўлезла ў яго ўласны.Нарэшце Рой поўнасцю адчыніў засланку, каб хутчэй згарэлі дровы, а затым усе яны рушылі ў напрамку Чатырох Азёр; але Джэк пайшоў не толькі дзеля таго, каб закончыць паляванне, але і з надзеяй адгаварыць Роя ад яго неразумнай задумы.
Усю рэшту дня Рой здымаў свае пасткі на Чатырох Азёрах і хоць часам пасміхаўся, што Джэк ходзіць за ім, як прывязаны, і імкнецца ўгаварыць, але жарты ў яго неяк не атрымліваліся.
— Дарэмна стараешся, — спакойна сказаў ён, калі яны ўладкаваліся на начлег у хаціне на Чатырох Азёрах. — Я мушу ісці.
— Ты з глузду з'ехаў, — сказаў Джэк.
Рой чуў, як хрыпіць Зел Сен-Клэр.
— На мой розум, дык табе лепш спыніцца ў Сент-Элене, — сказаў Джэк.
— Мо я і не супраць, — з горыччу азваўся Рой, — калі б было за што зачапіцца.
Джэк яшчэ ніколі ў жыцці не чуў такой горычы ў словах Роя, і хоць ён і раней здагадваўся, як падкасіў Роя Сэм, а зараз у дадатак і Эндзі, але толькі цяпер ён раптам зразумеў, як недаацэньваў глыбіню пачуццяў Роя. Цяпер ён ведаў, што на гэтую авантуру Роя штурхаюць менавіта падзеі ў Сент-Элене, але ён таксама ведаў, што апошняй кропляй была размова з Бэркам і Ласонам. Усё гэта турбавала Джэка, і ён не ведаў, як яму падступіцца да даўняга сябра. Упершыню ў жыцці ён не мог зразумець, што з Роем адбываецца.
— Ты ж ведаеш, — нагадаў яму Джэк, — Сэм яшчэ не з'ехаў.
— З'едзе, — абыякава азваўся Рой. — Ён паедзе!
Джэк здаўся. Больш ён не прамовіў ні слова ажно да наступнай раніцы, калі яны падышлі да хрыбта, па якім Зел і Рой павінны былі пайсці да хаціны Скоці і Самсона.
— Я пастараюся, каб Сэм застаўся, — сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя. — А Эндзі, магчыма, і з'едзе.
— Фермер Джэк! — гукнуў Рой і памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце. — Да вясны? — крычаў ён, не азіраючыся і згінаючыся пад цяжарам заплечнага меха. — Вясной убачымся! — А сам сабе дадаў вельмі спакойна: «Калі давядзецца!»
Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгі, але больш лёгкі шлях да Літл-Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлі на сцежку да хаціны Скоці і Самсона. Хутка вечарэла, і Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканоміць час. Ён паскорыў крок, і ўсё адно было ўжо зусім цёмна, калі яны падышлі да разнасцежаных дзвярэй хаціны, з якой клубамі валіў дым.
— Хто гэта там? — сустрэў іх голас Самсона.
Скоці быў здзіўлены, але Мэрэй вітаў іх:
— Хэло, Рой, хэло, Зел, — у яго словах не было здзіўлення, толькі звычайнае вітанне — і нічога больш.
— Дык ты тут? — напаў на яго Зел. — Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.
— А я якраз збіраўся ісці па цябе, — сказаў Мэрэй, дапамагаючы ім скінуць мяхі.
— Позна ж ты сабраўся, — разышоўся Зел.
Мэрэй не стаў з ім спрачацца, і ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць — ці ўзяць Зела, ці пакінуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.
— Значыць, і ты сабраўся? — сказаў Скоці Рою.
— Падобна на тое, Скоці, — неахвотна адказаў Рой.