Паляўнічы
Шрифт:
— Як гэта ты не задыхнуўся ў сваім танку на фронце? — сказаў Рой Самсону. — Ты, відаць, свідраваў дзірачкі ў брані, каб дыхаць свежым паветрам.
— Калі станавілася горача, — сказаў Скоці, — ён выскокваў і бег побач.
Франтавыя справы былі тым адзіным, чым Скоці і Самсон дражнілі адзін аднаго. Яны разам пайшлі на фронт і служылі на адным танку, гэтаксама як і зараз жылі ў адной хаціне. Яны ваявалі ля Арнгема, вызвалялі Данію, перапраўляліся цераз Рэйн, а пасля вярнуліся дамоў, заняліся паляваннем; адзін яшчэ больш загрубелы, другі з ідэямі. Між сабой яны захоўвалі мір тым, што ніколі не спрачаліся, хоць Рой за апошнія два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць іх. Адзін да аднаго яны адносіліся з павагай, нават калі спрачаліся
— Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хаціну ў заказніку, — спакойна заявіў Мэрэй, пакінуўшы сваю валавяную талерку і абапёршыся на стол.
— Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасці такіх законапаслухмяных грамадзян, — зазначыў Рой, наліваючы ўсім па вялікаму кубку кавы.
— А я думаў усіх вас запрасіць туды з сабой, — сказаў Мэрэй.
— Зел ужо запрашаў мяне, — азваўся Рой.
— А як вы? — спытаўся Мэрэй у астатніх.
— А там норка водзіцца? — спытаў Самсон.
— Што толькі там не водзіцца, — адказаў Мэрэй. — Усяго на ўсіх хопіць. Там можна налавіць столькі, што хопіць на шмат гадоў наперад, асабліва бабра. Нідзе не бачыў гэтулькі бабровых хатак, Рой.
— Дык як, Самсон? — спытаў Рой. — Пойдзеш туды?
— А ты? — спытаў Самсон.
— Мо і пайду, — падахвоціў яго Рой. — Асабліва калі пойдзеш ты.
Скоці ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлівую справу. У мінулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную і небяспечную, і Скоці чакаў бяды.
— Калі вы, сябры, надумалі стаць мільянерамі, — сказаў ён, — чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказніку.
— Ды ніхто цябе там і не ўбачыць, у заказніку, — сказаў Мэрэй.
— Вельмі нават проста! — заявіў Рой.
— А яшчэ прасцей папасціся, — папярэдзіў Скоці.
— Яго прападобнасць, айцец Скоці Малькольм, — сказаў Рой. — Чаго, уласна, ты баішся? Інспектара?
— Нічога я не баюся, і інспектара таксама, — сказаў Скоці. — Вам, сябры, проста не церпіцца парушыць закон. Толькі і чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краіна?
— Менавіта тым, чым з'яўляецца і зараз, — адказаў за ўсіх Рой.
— Трэба ж ва ўсім адрозніваць дабро і ліха, — настойваў Скоці.
— Тады гэта ліха, — сказаў Рой. — Пойдзем, Самсон?
На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.
— Скоці? — усклікнуў ён. — Што ты на гаты конт думаеш?
— Не, вы ўжо без мяне!
Самсон паціснуў плячыма, і гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца і прыставаў да Скоці аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.
— Ладна, адзін або ўсе, — сказаў ён. — Але толькі кожны са сваімі пасткамі.
Скоці адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваімі павучаннямі, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху і дастаў бутэльку гарэлкі.
— Мара звералова, — сказаў ён Рою. — Пачынай!
— За вашу прападобнасць! — усклікнуў Рой і адразу ж прыклаўся да бутэлькі, быццам чалавек, які паміраў ад смагі.
Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносіўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказніку. Разыгрываў на гэты конт ён і Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзіць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнівае Самсона рызыкоўнай ідэяй таму, што яна і самога яго зачапіла за жывое. Заўсёдная гісторыя. Даўнішні выклік Самсону пераплысці возера ўзнік з насмешлівай заўвагі Самсона, нібыта Рой старэе. Ён перакінуў насмешку на самога Самсона, і так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацісямігадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, і Рой з задавальненнем пераканаўся,
што маладыя целы могуць быць менш вынослівыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, і Рою даводзілася аднаму змагацца са спакусай і самастойна рабіць выбар.— Даўжыня таго возера каля дзесяці міль, — расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапівалі гарэлку. — З усіх бакоў у яго ўпадаюць рэчкі, і на кожнай — бабровыя плаціны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсіх запрудах, відаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцісот дарослых баброў. Так, Рой?
— А чаму ж ніхто іх там не ахоўвае? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Мэрэй, — але ўжо больш як пяць гадоў туды ніводзін абходчык і носу не паказваў. Нам трэба толькі перакінуць туды адзін з тваіх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўліваць адну рэчку за другой. І ўся гэта першагатунковая пушніна на адным пятачку!
Адзін з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат і ведаў гэта, як ведалі і Рой, і Самсон, і Скоці. Але Мэрэй умеў прасіць, ён не лічыўся з тым, пра што просіць, умеў прасіць з мімаходнай абыякавасцю. Рой ухіліўся ад прамога адказу.
— А скуль ты ведаеш, што абходчыкі туды не зазіраюць? — спытаў у Мэрэя Скоці.
— Яны заўсёды пакідаюць свае сляды, — сказаў Мэрэй. — Забіваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера ніякіх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазіў. Ва ўсякім выпадку, да бліжэйшага кардона там не менш як трыста міль, і гэта на самай ускраіне заказніка.
— А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? — сказаў Рой.
— Я ў гэтым цалкам перакананы, — сказаў Мэрэй.
— Ты і мінулым разам быў перакананы, аднак жа трапіўся, — сказаў Скоці. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкіх учынкаў, і лічыў сваім абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугі.
— Мінулым разам, — спакойна азваўся Мэрэй, — мне давялося прайсці праз увесь заказнік, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне і высачылі. Але гэтае возера ў сама далёкім канцы. Туды мы можам патрапіць, калі абыйдзем участак Індзейца Боба і зрэжам на поўнач ад твайго, Скоці, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор і спусцімся па даліне да Сярэбранай ракі. Возера крыху на поўнач, і знайсці яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень іншых азёр і ў самім заказніку і за яго межамі. Нам толькі трэба дабрацца туды да замаразкаў і аблавіць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Інакш давядзецца зрабіць добры шпацыр туды і назад.
Рой устаў і сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькі. Мэрэй круціў самакрутку надзвычай старанна і вельмі лоўка.
Скоці нервова пстрыкаў затворам свайго трыццаціпяцікалібернага рэмінгтона.
— А чаму б і на самай справе нам не выправіцца туды, Скоці? — раптам спытаў Самсон.
— Не, выбачайце! — паўтарыў Скоці.
Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавіўся ўсё больш перакананы ў сваім рашэнні.
— Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелі б на баброў, — усё больш горача разважаў ён. — А то тут на гэтыя пакінутыя хаткі глядзець гідка. Калі пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзіць, Скоці; мне ты можаш паверыць, ён сыходзіць. І ты гэта ведаеш, і я ведаю, і ўсе мы ведаем. Сыходзіць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавілі звера, выаралі зямлю.
— Проста ты сп'янеў раней часу, — зазначыў Скоці.
— І ты, і інспектар, абодва вы толькі і ведаеце, што нагадваць мне, што я п'яны!
Усе яны добра выпілі, таму спрэчка разгаралася і пераходзіла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоці не закрычаў, імкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:
— Ты скончыш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!
Мэрэй зрабіў яшчэ глыток і спакойна слухаў іхнюю спрэчку.
— Я яшчэ не па-за законам, — пярэчыў Рой.
— Але хутка будзеш, — настойваў Скоці. — Пападзешся на незаконнай лоўлі ў заказніку, вось ты і па-за законам, Рой.