Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Глядзі! — прашаптаў Зел і ледзь не падскочыў ад узбуджанасці. — Глядзі вунь на тую адкрытую палоску паміж сухімі клёнамі. Глядзі!

— А ты маеш рацыю, — сказаў Рой, бо ён выразна ўбачыў дзве маленькія чорныя фігуркі, гэта праўда былі людзі. Яны ішлі адзін за адным, высока падымалі ногі, і таму нават на такой адлегласці можна было беспамылкова сказаць, што яны чалавечага роду.

— І ні той, ні другі не Мэрэй, — сказаў Зел. — Занадта малыя.

— Мо гэта якраз тыя браканьеры, — выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.

— Абходчыкі! — заенчыў Зел

і нагнуўся. Адна з фігур падняла рукі, быццам падносячы да вачэй бінокль. — Абходчыкі або леснікі! — паўтарыў Зел. — Трэба ўцякаць адсюль.

— Трэба паглядзець, што яны будуць рабіць, — хутка запярэчыў Рой і ўтрымаў Зела. — Паглядзім, куды яны пойдуць.

Пакуль яны гаварылі, чалавечкі падняліся на вяршыню і сталі азірацца, затым павярнулі на сорак пяць градусаў і пайшлі назад, на паўночны захад. Рой імгненна павярнуўся, пачаў узірацца ў паўночныя хрыбты і хутка ўбачыў тое, што і чакаў убачыць.

— Вунь там яшчэ двое, — сказаў ён Зелу і паказаў на поўначы яшчэ дзве фігуркі, якія на імгненне з'явіліся на хрыбце. — Бачыш, што яны робяць? — спытаў ён у Зела. — Чацвёрка праходзіць усю мясцовасць зігзагамі. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснікоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлі ў хаціну — і гайда.

— А як жа Сахаты? — спытаў Зел.

— А ты ведаеш, дзе ён зараз?

— Не, але трэба паспрабаваць знайсці яго. І як быць з пасткамі?

— Кінуць. Нам нельга марудзіць, калі яны пойдуць у наш бок. Пайшлі адсюль, і хутчэй. — Рой ужо таптаў снег сваімі кароткімі гумовікамі, выкідваючы наперад рукі, каб іхняя вага падштурхоўвала яго наперад.

— Калі мы пойдзем без Сахатага, — подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, — дык ён можа папасціся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзіць.

— Калі ты захочаш папярэджваць яго стрэламі, — сказаў Рой, — тады ўся гэтая хеўра адразу яс наваліцца на нас. Сахаты, відаць, ужо сам заўважыў гэтых законнікаў. Пайшлі… Хутчэй!

— А мне здаецца, што трэба даць некалькі стрэлаў.

У Роя быў вінчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё «не».

— Пачакай, вось выберамся з хаціны ў лес — тады іншая справа, — сказаў ён. — Будзем на сцежцы, тады страляй колькі хочаш.

Рой прыспешыў хаду, стараючыся ісці па нізінах і не чакаючы Зела. За сабой ён пакідаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было ісці ўслед.

— І дзе гэта Сахаты? — пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хаціны і ведаючы, што не пакіне яе, пакуль не зробіць хоць нейкай спробы знайсці Мэрэя альбо папярэдзіць яго. — І дзе падзеўся гэты валацуга?

А валацуга тым часам быў у хаціне, скідваў з паліц пустыя слоікі, зрываў са сцен скуры, адзенне і розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром і быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба і цукру.

— Я так і думаў, што вы хутка з'явіцеся, — спакойна сказаў ён Рою. — А дзе Зел?

— Ідзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?

— Вядома. Я за імі два дні сачыў. Сёння раніцай я праскочыў проста ў іх пад носам. Ну, вы сабраліся? — Мэрэй набіваў свой мех нейкім адзеннем. — Дапамажы мне спусціць гэтае смецце ў возера, — папрасіў ён.

Рой дапамог яму аднесці да палонкі ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро,

бутэлькі, кацялок, гаршкі, сапсаваныя пасткі, пустыя каробкі ад патронаў. Яны звязалі вяроўкай усе гэтыя здрадніцкія доказы іхняй прысутнасці і затапілі ў возеры, затым вярнуліся ў хаціну, дзе ўжо збіраўся ў дарогу Зел.

— Калі ты вярнуўся? — спытаў ён у Мэрэя.

— Не вельмі даўно, — адказаў Мэрэй.

— Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзіць нас? — дапытваўся Зел.

— Вось зануда! — сказаў Мэрэй. — Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хаціну. Я ведаў, што вы і самі заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.

Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусім не так злаваўся і спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся і пачаў мяняць шкарпэткі, пакуль яго спадарожнікі хутка заканчвалі ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правізіі і пушніны.

— Ведаеце, што можна было б зрабіць? — сказаў Мэрэй, няспешна і з веданнем справы скручваючы папяросу. — Можна было б знайсці тут у лесе надзейную мясціну і залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуі.

— Залягай на здароўе! — адрэзаў Рой.

— А які сэнс пакідаць заказнік, пакуль мы не вычарпалі ўсіх яго магчымасцяў, — сказаў Мэрэй. — У лесе гэтыя малойчыкі нас не знойдуць. Яны, відаць, і міма гэтай хаціны пройдуць і не заўважаць.

— Магчыма, — сказаў Зел. — Але з мяне хопіць, Мэрэй. З мяне хопіць!

У Роя ўсё было сабрана і падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзваліць за спіну цяжкі груз. Калі дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захістаўся ад неверагодна цяжкай ношы.

— Крыху паквапіўся, — сказаў ён Зелу.

— Што ты гаворыш? — падазрона спытаў Зел, але адказу не было.

Затым Рой дапамог узваліць мех Мэрэю.

— Можаш заставацца, калі хочаш, — сказаў Рой, — але я адчуваю сябе як загнаная ліса. Мне трэба пакідаць паміж мной і абходчыкамі як мага больш адлегласці. Так што рушым!

Мэрэй старанна зачыніў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, ці няма там правізіі. Яе засталося ў іх вельмі мала, па разліках Роя — не больш як на тры дні.

— У які бок пойдзем? — у апошні момант спытаў Зел.

— Можна прайсці праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, — сказаў Мэрэй.

— На поўнач? — здзівіўся Рой. — Навошта на поўнач?

— Туды шлях свабодны, Рой.

— Свабодны шлях у невядомае, — азваўся Рой. — Я пайду на поўдзень.

— Няма сэнсу выходзіць з лесу на поўдзень, — пярэчыў Мэрэй. — Там нас чакае палова ўсіх абходчыкаў заказніка, і яны сядуць нам на шыю, як толькі мы з'явімся.

— Ён мае рацыю, Рой, — сказаў Зел, — не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калі адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якіх мы можам выйсці з лесу і пакінуць іх з носам.

— Ну выйдзеш ты з лесу, — сказаў Рой, — а што далей? Як ты разлічваеш патрапіць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогі.

— Сент-Элен? — сказаў Мэрэй. — А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?

— Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, — падтрымаў яго Зел.

Поделиться с друзьями: