Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

Пасьля сьняданку пачыналі размовы. Пра ўсё, без абмежаваньняў. Але самыя цікавыя для Марыйкі, безумоўна, былі пра гісторыю Беларусі – даўнюю і нядаўнюю. Яна не лічыла, што зусім нічога ня ве­дала, але тут пераканалася, што шмат пра што вар­та было б і “паўтарыць”. Да таго ж, аказалася, што васямнаццацігадовыя дзяўчаткі абсалютна ні­чо­га ня ведаюць пра падзеі навейшай беларускай гісторыі. Пра 1991 год, пра 1994, 1995 і 1996-ы. Для іх гэта былі абсалютна цёмныя даты. А калі выкладчыца ўніверсітэту згадала пра Прагу 1968 году і параўнала, хай і не зусім карэктна, ня самі пражскія падзеі, а тых, хто выйшаў у Маскве пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію, з “каліноўцамі”, тут ужо і Марыйка сказала: “Стоп: вось

з гэтага моманту – падрабязьней”…

І пачалося ў камеры тое, для чаго і патрэбныя тур­мы маладым “рэвалюцыянерам” – адукацыя і самаадукацыя. Зноў жа са згадкай пра досьвед баль­шавікоў і Леніна – куды ўжо дзенешся ад гэ­та­га… Таму і стаў хохмай нумар адзін у камеры анекдот, вычытаны ў нейкай газетцы: “Ленін павінен застацца ў Маўзалеі як напамін рэктарам, што нельга студэн­таў выключаць з універсітэтаў за палітыку”.

Адзінай “дзяржаўнай” мовай у іхняй “хаце”-краіне – усталявалася беларуская. Нават тыя, хто дагэтуль ніколі слова ня вымавіў на роднай мове, саромеўся ці ня мог пераадолець бар’ер, пачалі, хай і з добрым адсоткам “трасянкі”. Большасьць “на мове” – яшчэ на плошчы загаварылі.

Што было для душы ў іх камеры? Сьпевы. І, вя­дома, “Магутны Божа” гучаў штовечар перад сном. Як гімн гімнаў. Спачатку сьпявала толькі іхняя ка­мера, а потым сталі падхопліваць і іншыя. Чыталі ўголас перададзеныя кнігі, аднак пад цьмяным сьвятлом вочы хутка пачыналі сьлязіцца, хоць і чыталі па чарзе. Тады сталі пераказваць прачытанае раней…

…Так ішлі дні за днямі. І вось ужо заўтра, так, заўт­ра – на волю. Іх выпусьцяць, вядома ж, ноччу, у тры гадзіны. Фармальна выканаюць закон: акурат у тры гадзіны ночы споўніцца роўна дзесяць сутак з часу арышту. Так, толькі фармальна… Бо прычына начных вызваленьняў была простай: ноччу будзе меншы роз­галас і ня так шмат людзей прыйдзе сустракаць вязь­няў. А Марыйка ведала, што “каліноўцаў” з квет­камі і шампанскім па выхадзе сустракаюць дзясяткі людзей. Але, што ёй тыя дзясяткі, галоўнае – яна, нарэшце, убачыць Алеся, якога таксама павінны вы­пусьціць у гэты ж час. І маму. Яна мо ўпершыню ў жыцьці засумавала па маме...

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Адсюль зусім па-іншаму бачыцца жыцьцё на волі. Бо тут ёсьць час проста спыніцца, агледзецца і падумаць: а як я жыла? Ці разумна траціла свой жыцьцёвы час, якога, калі падумаць, то і зусім няшмат дадзена чалавеку. Ага, зноў савецкае згад­ваецца: “жизнь дается человеку один раз, и прожить её нужно так, чтобы не было мучительно больно за бесцельно прожитые годы…” Во ўбілі ў мазгі! Нават мне, якая толькі акцябронкам і пасьпела пабыць. Зрэшты, калі адкінуць ідэалогію, што чаплялі на гэтыя радкі, то вельмі правільнае выслоўе. У нечым нават хрысьціянскае. Розьніца толькі ў мэтах, сродках і сэньсе, які ўкладваўся ў гэтыя словы. Бо з гэтым дэвізам на вуснах “карчагінцы” разбуралі і храмы…

Большасьць, думаю, тут упершыню задумалася: а што далей? Ну вось, пасядзелі мы на плошчы, пазмагаліся з ветракамі і што? Што апроч не­прыем­насьцяў у персьпектыве гэта нам дало? І як вяртацца цяпер у тое самае жыцьцё, ісьці на працу, на вучобу, як ні ў чым не бывала… Суст­ракацца вачыма з тымі, хто ўвесь гэты час, мо­­жа, і асуджаў нас, а наслухаўшыся баек пра “шпрыцы”, порначасопісы”, можа, і ўзьненавідзеў... Ці наадварот, усяляк падтрымліваў і радаваўся, але быў расчараваны тым, як нягегла і няўцямна гэта ўсё скончылася…

Што казаць пра тых, хто застаўся ў сваіх кватэрах. Гэта іх справа. А вось мы адсюль вый­дзем зусім іншымі людзьмі. Страх за сябе, за сваю будучыню мы пакінулі там, на плошчы. Нас было мала – тых, хто сьвядома ішоў на барацьбу з рэжымам, цяпер стане нашмат больш. І мы пе­раможам. Мы, вядома, пераможам урэшце рэшт. Мэта ў нас адная: незалежная багатая еўрапей­ская

Беларусь. І ніхто ня выступіць супраць гэтай мэты, нават тыя мянты і гэбэшнікі, якія хапалі нас на плошчы, якія трымалі нас у турмах. Ім таксама абрыд гэты лад, гэтая невядомасьць і залежнасьць не ад логікі, а ад капрызаў аднаго чалавека. І яны таксама жадаюць пераменаў. Але яны баяцца нас. Дарэмна. І трэба, каб яны паверылі, што дарэмна. І сталі поплеч... І ня толькі яны, а тысячы тысячаў, што сумняваюцца ў сваіх сілах і мажлівасьцях, што трапілі ў палон запалохваньня і страху. Няма ў нас свайго Яна Паўла ІІ, які сказаў бы: “Ня бойцеся!” і яму паверылі б. Але думку гэтую, гэты дэвіз трэба данесьці да ўсіх. А яшчэ думку пра тое, што мы павінны і можам жыць іначай – бяз страху і заможна: бяз страху за сябе, сваіх блізкіх, свой дом, сваю працу, свой бізнэс, сваю Радзіму... І тады мы пераможам… Клянуся, не пашкадую сілаў дзеля перамогі і пранясу гэтыя ідэі праз усё маё астатняе жыцьцё. І, думаю, Алесь будзе побач са мною. А можа, і паперадзе мяне… Жыве Беларусь!”.

Як хутка тое, што было з намі, робіцца гісторыяй… Дзевяць дзён таму была Плошча, і вось яна ўжо ў мінулым. І згадвацца будзе, з гадамі, у кнігах, у пад­ручніках. Дзе адным радком, а дзе шырока… Ні адна “элегантная” перамога не застанецца ў гісторыі, а Плошча – застанецца. І хлопцы, і дзяўчаты на­шыя застануцца... Бо ўсе яны, усе дзяўчаты з гэтай камеры: і Таня, і Маша, і Сьвятлана, і Алена, і Да­ша… і ўсе-ўсе, хто ў тыя дні і ночы быў на плошчы, паводле ўсіх канонаў – героі. Так, Героі! Бо змаглі пераадолець страх, паўсталі супраць абыякавасьці і несправядлівасьці, супраць хлусьні і падману, на­рэшце, супраць дзяржаўнае машыны… І ўсёроўна, што гэта за машына і хто ёю кіруе, важны сам факт паўстаньня на хай і бесьперсьпектыўную барацьбу… Пайсьці насуперак плыні, рызыкуючы сваім здароўем і кар’ерай, стаяць за справядлівасьць і законнасьць, здольны ня кожны, а толькі самыя моцныя духам… І нашчадкі зразумеюць подзьвіг тых, хто выйшаў на Плошчу, і годна ацэняць яго…

Марыйка мройліва ўсьміхнулася, згадваючы бліз­­­кае мінулае, але і сон паступова браў сваё… Яна і не заўважыла, як зноў апынулася на менскай вуліцы. Было лета. Ясны сонечны дзень – прыгожы і сьпеўны. Яна стаяла на ходніку, які сам рухаўся ўздоўж пра­сьпекту – прасьпекту Незалежнасьці, пазнала яна. “Вуліца Янкі Купалы”, – сказаў ці аб’явіў нехта побач. Марыйка азірнулася – гэта робат-гід стаяў з краю платформы і, як прыпынкі, называў мясьціны, уздоўж якіх цёк ходнік. Так, гэта вуліца Янкі Купалы, вунь і сквер з помнікам песьняру, адна з любімейшых яе мясьцінаў на беразе Сьвіслачы, далей там, нябачны за дрэвамі, дом-музей Янкі Купалы, яшчэ далей – Оперны тэатр і помнік Багдановічу… “Пляц Кастуся Каліноўскага” – паведаміў робат-гід. Так, яны пра­плывалі паўз тую самую плошчу… “Бабуля, а каму гэта помнік такі прыгожы стаіць?” – спытаўся дзіцячы галасок. Ці не ў яе, Марыйкі, спытаўся? “Гэта помнік барацьбітам за Незалежнасьць Беларусі”, – адказаў робат. Марыйка зрабіла крок і сыйшла з ходніку, які павёз людзей на сабе далей. Глыбока ўдыхнула пах кветак, якія расьлі па ўсёй плошчы, як на лузе, і па зялёнай траве-мураве накіравалася да прыгажэннага помніка пасярод…

“Та-а-а-а-а”, – раптам гучна ўдарыў у вушы першы акорд знаёмага гімну. І праз паўзу – далей: “Мы бе-ла-ру-сы, мір-ныя лю-дзі…” Як, адкуль, на гэтай цудоўнай плошчы той стары гімн?.. Чаму? Навошта?.. Марыйка варухнулася ў неразуменьні, і ледзь не сасьлізнуўшы з нараў, прачнулася. Па радыё, як звычайна ў камеры ў гэты час (і, зразумела ж, па ўсёй краіне!), гралі гімн. Маўляў, уставайце, беларусы, мас­калі ўжо цэ­лую га­дзіну ня сьпяць… Шэсьць га­дзінаў раніцы: пад’ём!..

…Да выхаду Марыйкі на волю, да сустрэчы з Але­сем – заставалася яшчэ дваццаць гадзінаў…

2007

Поделиться с друзьями: