Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

У адной камеры іх аказалася трынаццаць, а на драўляным узвышэньні пад вакном, якое называлася “лежаком”, на голых дошках маглі разьмясьціцца ўся­го шасьцёра, ну васьмёра, калі на баку... Спалі па чарзе – гадзіны па дзьве-тры: болей вылежаць бяз звычкі было цяжка. Астатні час ня ведалі куды падзець. Дзяўчаты былі ў шоку. Для большасьці гэта быў дэбют, як сказала адна дзяўчына з тэатральна-мастацкае акадэміі. Суцэльны экстрым. Спачатку плошча, потым аўтазакі, стаяньне на марозе тварам да сьцяны, складаньне пратаколаў і вось гэтая ка­ме­­ра. Здавалася б, тут ужо можна і супакоіцца. Але – ці ж супакоішся… Як там родныя – мама, тата? Ці ведаюць яны, дзе мы? – раз-пораз гучала ў камеры то ад адной дзяўчыны, то ад другой. Пэў­на, сядзяць там на таблетках, абзваніўшы ўсе бальніцы, “хуткія” ды міліцыю. І паведаміць ім – няма ніякой магчымасьці. Калі трохі супакойваліся, тут жа распачыналася новае хваляваньне: што будзе

з працай, з вучобай – звольняць, выключаць?.. А Марыйка яшчэ думала і пра Алеся. Дзе ён? На Акрэсьціна, сярод арыштаваных, яна яго ня бачыла. Ды і як убачыш, калі іх прывезьлі сюды чалавек трыста, прычым яе ў першай машыне, а яго, па ўсім, у апошняй. Казалі яшчэ, што частку “ка­ліноўцаў” павезьлі ў Жодзіна. Мо ён там?.. Пра “са­мае горшае”... яна думаць не хацела…

У камеры холадна, а ў цеснаце здаецца, што яшчэ халадней, чым на плошчы – ледзь не мінусавая тэм­­­пература. Адное вакно, зашклёнае тоўстым, армі­ра­ваным шклом, з-за якога нічога не відаць, нават краечку неба, апетага ў вершах вязьняў, толькі можна зразумець: дзень на вуліцы ці ноч, і з яго прэ сьцюжа, быццам і няма там шкла.

Ну спаць, адпачываць, хоць і месца мала, яшчэ неяк прыладкаваліся-перакантаваліся, а як схадзіць у прыбіральню, калі яна амаль адкрытая, толькі цаг­ляная адгародка па пояс збоку, і, здаецца, ніхто не адварочваецца, калі йдзеш. Які сорам! Дый як пайсьці, калі і без таго, здаецца, смурод адтуль такі, што… А яшчэ паперы ня тое, што туалетнай, а ніякой зусім няма. Жах! Пад ве­чар папрасілі ў міліцыянта, што на калідоры, хоць нейкую газету. А ён: “А зачэм вам? Акцыю устроіць?.. У мяне толькі “Савецкая Беларусія”… Потым яны даведаліся, што азначалі гэтыя словы. Аказваецца, у гэты вечар моладзь каля Камароўкі зладзіла флэш-моб. Сабраліся імкліва з газетай “СБ” у руках. “Чы­талі”, трымаючы дагары, а потым скамечылі, выкінулі ў сьметнікі і разыйшліся. Як для тых, хто сядзеў у СІЗА, гэта быў вельмі свое­часовы флэш-моб і вельмі дасьціпны.

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Можаце сьмяяцца (гэта я так, да слова...), але хлоп­цаў у мяне яшчэ не было. Разумею, гэта сёньня “ня модна”, але мне ня сорамна ў тым прызнацца, хоць ведаю, прынамсі, з размоваў, што большасьць дзяўчынак з нашага класу страцілі цнатлівасьць яшчэ ў школе. І нават ганарыліся тым... Так, да Алеся ў мяне не было на­­­­ват пацалункаў з хлопцамі ў пад’езьдзе, ня тое што чаго большага... І пасьля не было. Мусіць, не з маім характарам (ці выхаваньнем? – дзякуй “старамодным” бацькам)… А можа таму, што сябровак сярод дзяўчат, аднакласьніц, а потым аднагрупніц, амаль ня мела. Так, бывала, праводзілі час разам. Але каб знаёміцца з хлопцамі, ды яшчэ з нейкімі мэтамі… Не, такога не было… Хоць, спа­дзяюся, ніхто ня скажа, што я непрыгожая. Якраз наадварот. Пэўна, таму мама мая, нагля­дзеўшыся серыялаў ды розных ток-шоў, хацела, каб стала я мадэльлю і выйшла замуж за багатага замежніка. Дадзеныя для гэтага ў мяне ёсьць – і фігурка, і рост, і хлопцы заглядаліся на мяне, і чапляліся, бывала, нахабна, навязьліва. Але я іх адшывала. Адзіным сябрам маім быў мой брат. Яму расказвала свае сакрэты, нават дзявочыя. Адно хіба – ніколі не казала яму пра Алеся. І тады, калі была ў Празе, прамаўчала, і пазьней. Ня ведаю, ці ўхваліў бы ён мой выбар. І ці ўхваліць... Але я для сябе ўжо ўсё вырашыла.”

Марыйка не курыла, а для дзяўчат, якія падселі на гэтую звычку, дзень і ноч бяз курыва былі най­горшымі выпрабаваньнямі. Адна з іх, якую звалі Сьвятлана, знайшла кімсьці прыхаваныя ў нарах тры цыгарэціны. Інтуіцыя, кажа, дапамагла. Як прагна нюхалі іх дзяў­чаты, удыхалі ў сябе пах – як найлепшую пар­фуму. Але ж, што такое цыгарэціна без запалак, без запальнічкі. Пагрукалі ў дзьверы, папрасілі ў таго са­мага дзяжурнага запалкі. Рогат у адказ: “За што, за што вам даць? За палкі? Ха-ха-ха!” Потым: “А-а-а, сьпічкі... Сьпічкі-сінічкі!.. Дык лятаюць, не злавіць…” – і зноў рогат. І ўсё ж за­пальнічку падаў у вакенца. Тут Марыйка зразумела, што галоўнае выпрабаваньне яе чакае яшчэ напера­дзе: дзяўчаты запалілі і камера напоўнілася едкім дымам, які стаяў пасярод і не ра­зыходзіўся, нібыта паветра тут зусім ня рухалася. Дзяў­чаты памахалі рукамі, дым крыху падняўся ўверх, сінім туманом запаланіў усю камеру. Цыгарэты, пэўна, былі самыя танныя, найгоршага гатунку, бо нават ку­рыльшчыцам дым прадраў горла, закашляліся яны: “Харош, тытунёк!” – пажартавалі па-салдацку, а Марыйка ня ведала куды падзецца: сьлёзы пайшлі з вачэй, нібыта заплакала яна, дым душыў і не даваў дыхаць… І ня толькі ёй. Дзяўчаты заўважылі і прытушылі цыгарэты.

Пра голад яны забыліся, успомнілі толькі позьнім вечарам. Але ў гэты, “дэбютны” – першы, дзень іх так і не пакармілі, відаць, клопатаў у абслугі было і без таго, ды і не гатовы аказаўся ізалятар да такога шчодрага папаўненьня.

З “Дзёньніка”

Марыі Б.

“У нашай камеры дзьве дзяўчыны з тых, што былі на плошчы, – веруючыя. Ім перадалі Біблію. І я ўпершыню, можа, спакойна і нясьпешна нешта з яе пачытала. Асабліва ўразіў “Экклезіяст”. Дзяўчаты кажуць, напісаны ён Саламонам больш чым тры тысячы гадоў таму. Усё там ёсьць. І пра нас таксама. І вынікае: жыцьцё нашае – мітусьня і толькі: марная марнасьць... І ўсё ўжо было. Ды забылася. І тое, што будзе, забудзецца. І няма нічога новага пад гэтым сонцам... Дык што тады – ня трэба нічога рабіць, толькі сядзець склаўшы рукі, кажу. Не адказваюць, трэба тварыць дабро і памятаць, што Бог усё бачыць. І адступнікі будуць жорстка пакараныя…

Але ж, я чула, што па вашаму – усялякая ўлада ад Бога, дык чаму вы тады выйшлі на плошчу, чаму не прымаеце яе (яго) такім, якая (які) ёсьць? І як быць з несупраціўленьнем злу гвалтам?.. Ды тут мяне падтрымалі дзяўчаты і перавялі ўсё на жарт: ці ня Бог некалі правёў самыя першыя безальтэрнатыўныя выбары, калі прывёў да Адама Еву і сказаў яму: “Выбірай сабе жонку…”

Аднак жарты жартамі, а я задумалася: можа, і бачыць Бог, можа, і будуць пакараныя адступнікі ды грэшнікі, але я ня буду сядзець склаўшы рукі не таму, што за гэта, за бязьдзеяньне, мяне бу­дзе чакаць кара Божая. А таму, што сапраўды “няма нічога вечнага” і “ўсё ўжо было”, а значыць, “і гэта пройдзе”, толькі яму трэба дапамагчы прайсьці…

А ў Бога пасьля Плошчы і сапраўды працы пры­бавіцца…

Бо гляджу я на гэтых мілых дзяўчатак, гляджу як значна старэйшая за іх, хоць між намі ўсяго некалькі гадоў розьніцы, і думаю: а вы навошта рызыкавалі сваім здароўем і вучобай? Вы разумееце супраць чаго вы паўсталі, супраць якой сілы? І сама сабе пярэчу: якраз яны разумеюць, бо ведаюць, што ёсьць свабода і кошт яе, як ведалі тое першыя хрысьціяне... А вось ці разумеюць тыя хлопцы з амапу ды міліцыі, якія падымалі на іх руку, тыя суддзі і пракуроры, якія пасадзілі іх у вязьніцу, што за гэтыя грахі ім давядзецца адказваць?..”

Назаўтра было сьвята – 25 Сакавіка, Дзень Во­­лі, да якога яны рыхтаваліся і на плошчы. На дзьвюх прасьцінах дзяўчаты-мастачкі якраз увечар дваццаць трэцяга сакавіка, перад штурмам, пісалі лозунгі і він­шаваньне “каліноўцам”. Усё гэта было стаптана і разбурана... Але пра сьвята яны памяталі і раніцу пачалі з віншаваньняў. Тое, што падалі на сьняданак, ежай назваць было немагчыма. Нейкае варыва ў жалезных місках, названае супам, ад якога сьмярдзела, як з памыйнай ямы, як з кантэйнера з адыходамі. Пры­намсі, так падалося. Мутная вада, у якой плавала нешта кшталту развараных крупоў і валасінкі мяса… Выпілі толькі тое, што называлася гарбатай – пад­жоўчаная вада, у якой плавалі ці то чаінкі, ці то сьмець­це. (“Венік запарылі”, – сказаў хтосьці, горка пась­міхнуўшыся), ды зьелі хлеб – адзінае, што можна было есьці ня грэбуючы.

І з нецярпеньнем чакалі вестак адтуль, з гораду, з той самай волі. Першыя навіны, што ля помніка Ку­палу сабралася тысячаў пяцьдзясят ці больш мі­­тын­гоўцаў перадаў нехта з ахоўнікаў пад абед, і яны мігам абляцелі ўсе камеры. Радасьць была ней­маверная, асабліва ад таго, што народ сабраўся, каб патрабаваць іх вызваленьня. Потым новая чутка: мітынгоўцы ідуць да Акрэсьціна, каб вызваліць іх… 15-тысячнае шэсьце! А тут яшчэ радыё. У камеры, пэўна, у мэтах прапаганды і агітацыі, працавала ра­дыёкропка, якую адключыць было немажліва. Песьні, “навіны” – ну і хай сабе балбоча, але тут перадалі выступ міністра ўнутраных справаў Наву­мава. Словы пра непаслухмяных, адурманеных “адмарозкаў” за­глушылі гучныя выкрыкі “Жыве Беларусь!”, што несь­ліся з усіх камераў.

А па турэмным “радыё” – праз вентыляцыю пе­ра­далі, што ў двары акрэсьцінскім стаяць бэ­тээ­ры, шыхтуюцца амапаўцы. Значыць, і сапраўды мітын­гоўцы ідуць сюды – нас вызваляць!

Напружанае чаканьне з варыянтамі вызваленьня зьмяніла новая навіна: да Акрэсьціна дайсьці не далі, сустрэлі за плошчай Клары Цэткін пад мастамі і разагналі, выкарыстоўваючы нават зброю. Кажуць, ёсьць загінулыя… Казулін арыштаваны.

Праз нейкі час у і без таго перапоўненыя камеры пачалі паступаць новыя арыштаваныя – з таго самага шэсьця…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“На 31 сакавіка была прызначаная інаўгурацыя “ўсенароднаабранага”. Але яе перанесьлі. Чаму? Кажуць, “уноўабраны” ня ў стане быў адыйсьці ад шоку, атрыманага ад намётавага гарадка, ад мітынгу 25 сакавіка і ад сапраўдных лічбаў – вынікаў галававаньня, якія яму даклалі. Не ча­каў ён такога ад свайго народу, дзеля якога "так шмат зрабіў і робіць"… Больш за тыдзень не было яго на тэлеэкранах – паказалі толькі аднойчы, калі ў народзе пайшло хваляваньне: дзе ён, трыумфатар? Паказалі, але дасьведчаныя адразу ўбачылі, што гэта архіўныя кадры. І папаўзьлі чуткі, што ён ад стрэсу захварэў, што ня можа выйсьці з трансу… Ня дзіва. І я пакрыўдзілася б: столькі робіш для гэтага народу, начэй ня сьпіш, а ён, няўдзячны…”

Поделиться с друзьями: