Плошча. Гісторыя аднаго каханьня
Шрифт:
У чаканьні суда – а як жа без яго: дэмакратыя, блін! – прайшоў наступны дзень, а 27 зранку іх выгналі з камеры, якую яны пасьпелі ўжо ласкава назваць “хатай”, потым, аказалася, зусім, як сапраўдныя “зэчкі”. Ізноў гвалт і крык, іначай, пэўна, гэтыя малойцы ня могуць: “Тварам да сьцяны! Рукі за галаву! Не перагаворвацца!” А потым – аўтобус. Калі выязджалі з Акрэсьціна, пабачылі, колькі там сабралася людзей – родных, блізкіх, сяброў – сотні… Іх сустракалі крыкамі “Сва-бо-ду! Сва-бо-ду!”, ад якіх сьлёзы наварочваліся на вочы. Потым кароткая дарога – хвілінаў дзесяць – да Маскоўскага суда, у двор. Затым доўгае чаканьне ў “стакане” метр на два, куды запіхнулі іх чатырох. Прысесьці няма як – цэментаваны парожак ёсьць, але на ім толькі застудзішся. Пяць
Нарэшце, яе выклікалі. Павялі па калідорах, у якіх сядзелі, стаялі, хадзілі нейкія заклапочаныя людзі, у залу суда.
Суд быў кароткім. Пра неабходнасьць выклікаць адваката нават і не спыталі, а яна ня ведала, што можа патрабаваць. Судзьдзя, жанчына амаль сярэдніх гадоў, спытала: “На площади была?” “Была?” “Раскаиваешся?” “У чым?..” “Лозунги, как тут написано свидетелями в протоколе, выкрикивала?” “Як і ўсе…” “Десять суток ареста…” – яна нават не назвала артыкул, па якім асудзіла Марыйку. Марыйка зірнула на яе стомленыя вочы: судзьдзя таксама была загнаная гэтым канвеерам ажно да абыякавасьці да таго, што адбываецца, і ня стала ўдакладняць: дзесяць дык дзесяць.
Потым выявілася, што, з некаторымі падрабязнасьцямі, так было ва ўсіх асуджаных. Калі былі адвакаты, то толькі фармальна, бо было заданьне зьверху – прысуд усім аднолькавы: калі прызнаваў віну арыштаваны – ад пяці да васьмі сутак, калі не прызнаваў – ад дзесяці да пятнаццаці.
На калідоры, пакуль міліцыянт зачыняў дзьверы, да Марыйкі кінулася дзяўчына: “Я праваабаронца, з “Вясны”, хто вы, адкуль, што перадаць родным? Скажыце нумар – патэлефаную ім”. Потым: “Колькі сутак? За плошчу?” – Марыйка пасьпела кіўнуць галавой і паказаць пальцы рук: “дзесяць…”, бо міліцыянт грубавата штурхануў яе ў плечы і павёў назад у “стакан”. І яшчэ некалькі гадзінаў у цеснаце...
Большасьць дзяўчат і жанчын пасьля судоў павезьлі ў Жодзіна і ў ізалятар на Старабарысаўскі тракт. А Марыйка вярнулася зноў на Акрэсьціна. У іншую камеру, да іншых дзяўчат. Як аказалася потым – ёй пашанцавала, бо ўмовы ўтрыманьня вязьняў на Старабарысаўскім тракце былі яшчэ больш жахлівыя, хаця здавалася – куды ўжо горш…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Колькі ўсё ж файных дзяўчатак сюды патрапіла. Столькі цудоўных сяброў я, відаць, не знайшла б і за ўсё сваё жыцьцё. Ёсьць, канечне, і выпадковыя вязьні. Дзьвюх дзяўчатак-студэнтак узялі каля ГУМа – яны прыйшлі туды нешта купіць, але ў сумках у іх была ежа – бутэрброды. Іх арыштавалі на прыпынку, і яны не змаглі нічога даказаць. Але большасьць – сьвядома былі на плошчы, і большасьць – беларускамоўныя. Таму мовай нашай “хаты” адразу стала беларуская. У асноўным тут студэнткі, але ёсьць і выкладчыкі. Дзьве старэйшыя жанчыны працуюць: адна ў музеі, другая ў незалежнай газеце. Апроч яе ўсе з працай сваёй, як і мы з вучобай, ужо “разьвіталіся”. Хоць цепліцца ўсё ж надзея, што вялікіх рэпрэсіяў супраць нас ня будзе...
Так, пашанцавала мне з дзяўчатамі ў камеры. Здавалася б, цесная прастора, задуха і холад, месцаў усім не хапае, курцы і не курцы – столькі прычынаў для канфліктаў, для скандалаў… Але нам удалося ня толькі паладзіць, але і правесьці гэты час вымушанага знаходжаньня разам з максімальнай карысьцю для сябе. Ды так, што я не адмовілася б з гэтымі дзяўчатамі пабыць разам яшчэ некалькі дзён. Якія файныя яны суразмоўцы, колькі цікавага ведаюць… Як прыемна нават спрачацца з імі. Не, такое, відаць, ніколі не паўторыцца… І ніколі не забудзецца.
Адно кепска: знаходжаньне ў халоднай камеры пачало ўжо адбівацца на нас. Усе мы кашляем – падобна гэта ня проста на прастуду, а на бранхіт – хранічны бранхіт… Ня дзіва, што сухоты, кажуць, самая распаўсюджаная хвароба сярод беларускіх зэкаў. Мы пабылі тут некалькі дзён, дзякуй Богу, без хворых ад пачатку, без інфіцыяваных, і тое ўжо кірхаем… Лечымся самі, перададзенымі лекамі. У тутэйшай медыцыны нічога не дапросішся… Можа, варта было б і больш адказна ставіцца да свайго здароўя, але ўсіх нас цешыць адная думка: хутка мы адсюль выйдзем, тады і будзем лячыцца…”
Цяпер іх у камеры было дванаццаць на восем "койкамесцаў" на ўзвышэньні-нарах, якія тэатралка назвала "сцэнай". Такая ж самая прыбіральня без дзьвярэй, насупраць ложкаў, адгароджаная ад стала цаглянай паўсьцяною. Толькі дзьве дзяўчыны з Маладога Фронту і адна з “Зубра” ўжо мелі затрыманьні. Але і ў іх досьведу сядзеньня ў камерах не было, бо іх арыштоўвалі на ноч, а ранкам з пастарунку адпускалі. Сярод дзяўчат было некалькі веруючых – і сур’ёзна. Дарэчы, якраз маладых вернікаў на плошчы было нямала, і амаль усе беларускамоўныя і патрыятычна настроеныя – гэта Марыйка яшчэ там заўважыла.
Калі пасьля судоў усталявалася нейкая пэўнасьць – дваім далі па пяць сутак, чацьвёра з якіх яны ўжо адсядзелі ды рыхтаваліся выходзіць на волю, сямі па дзесяць і тром па пятнаццаць – трэба было неяк наладжваць сваё жыцьцё, быт, так бы мовіць. Як ні дзіўна, гэта далося найлягчэй.
Старэйшыя склалі распарадак дзяжурстваў, жартам разьмеркавалі абавязкі: журналістка – адказная за інфармаванасьць “хаты”, тэатралка – за “мастацкую самадзейнасьць”, менавіта яна лепш за ўсіх сьпявала, асабліва энэрэмаўскі “Паветраны шар”, адна з дзяўчын стала адказнай за фізпадрыхтоўку, другая за харчаваньне... Марыйцы дасталася “функцыя кантролю за выкананьнем” усяго ўсімі, і галоўнае – распарадку, а гэта значыць найперш – графіку дзяжурстваў па камеры. Потым жартам яны сталі сябе называць міністрамі “хаты”: інфармацыі, эканомікі, культуры, спорту…
Вечарам, калі “запрацавала” турэмнае радыё, Марыйка з радасьцю даведалася, што Алесь таксама тут, на Акрэсьціна, і яму таксама далі дзесяць сутак. Значыць, выйдзем разам – шчасьліва падумала Марыйка.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Ён так блізка… Чаму я так шмат думаю пра яго? Я заўважыла: ён моцна зьмяніўся. Стаў больш жорсткім да сябе… З размовы нашай вынікала, што за той час, як мы ня бачыліся, ён шмат перажыў, перадумаў. Стаў займацца самаадукацыяй, вярнуўся ва ўніверсітэт (цяпер, мусіць, зноў – бывай, вучоба…). Я ня ведаю, як складуцца нашыя адносіны далей. Але я хацела б быць побач з ім. Толькі выбіраць, напэўна, будзе ён...
Што гэта я так? За сваё каханьне трэба змагацца. А я ўжо здалася… Ці, можа, гэта ўпэўненасьць у тым, што ён ужо мой? Упэўненасьць пасьля тых дзён на плошчы, упэўненасьць ад таго, як ён абрадаваўся, убачыўшы мяне, упэўненасьць ад таго, што ён, казаў, шукаў мяне і думаў пра мяне…
Згадваю, як нас арыштоўвалі на плошчы. І не магу не сказаць: многія з нашых хлопцаў, можа, упершыню паводзілі сябе гэтак мужна і абаранялі не саміх сябе, а дзяўчат, жанчын. Рызыкавалі сваім здароўем. І ён, Алесь, таксама… Тут адна дзяўчына казала, што яе сяброўку маці выправіла на плошчу са словамі: “Ідзі на плошчу, каб там сабе нармальнага хлопца знайсьці”. І сапраўды, самыя лепшыя беларускія хлопцы былі ў тыя дні на плошчы. І сярод іх – мой, так, мой Алесь…”
Кармілі кепска. І два разы на суткі: раніцай і ўвечары – хоць па законе трэба тры. Як мінімум: сьняданак, абед, вячэра. Казалі, што кухары не спраўляюцца, бо дужа шмат арыштаваных. Новых кухараў браць – навошта: вы тут госьці, праз дзесяць дзён ізалятар зноў увойдзе ў сваё звычайнае жыцьцё… З таго, што давалі, без сумненьня есьці можна было толькі хлеб. А давалі яго чацьвярцінку дзевяцісотграмовай буханкі на суткі і 75 грамаў батона раніцай. Мякіш хлеба ішоў і на выраб розных патрэбных рэчаў – шашак, шахматаў, папяльнічак... Абрыдла тушаная квашаная капуста, якую тут называлі “бігас” – смурод, які ў рот браць нельга было. Толькі адзін раз далі прыстойны гарохавы суп. Усё астатняе есьці было немажліва і яны фактычна галадалі, пакуль не пайшлі перадачы з волі.