Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

Кандыдаты ў прэзідэнты… Мілінкевіч паводзіў сябе прыстойна. У першую ноч застаўся з намі. І потым увесь час прыходзіў, падбадзёрваў. Хоць большасьць з нас была незадаволеная ім. Усе чакалі нейкіх канк­рэтных дзеяньняў, а іх не было… А пра Казуліна толькі і запомнілася, што хадзіў ды палохаў, ужо ў першую ноч, што вось-вось будзе штурм мястэчка, бо “бачыў, як накопліваюцца сілы амапаўцаў у дварах”… Было відавочна, што яму самому мандражна і ён пра­сіў усіх разыйсьціся і прыйсьці на мітынг 25 сакавіка на Дзень Волі. З яго ледзь не адкрыта сьмяяліся... По­тым, можа, каб нейкім чынам апраўдацца, ён і павёў людзей 25-га сакавіка да Акрэсьціна. Але было ўжо позна, і гэта было ягонай памылкай, хоць я паважаю яго за гэты крок, крок адчаю, менавіта яго, а ня тых, што закрылі тады мітынг і папра­сілі людзей сабрацца наступным разам праз месяц на Чарнобыльскі шлях… Праз месяц!?. А больш за пяцьсот чалавек, якія паверылі такім, як ён, цяпер у турме… Гэта прагучала як здрада, здрада тым, хто сядзеў за Плошчу на Акрэсьціна,

у Жодзіна… Казулін паддаўся на пачуцьці, якія панавалі тады сярод мітынгоўцаў ля помніка Купалу… і атрымаў за гэта па рэбрах ды арышт. І цяпер у турме чакае суда, як крымінальны злачынца. А ўсе астатнія засталіся героямі?... Мне чамусьці думаецца, што між іншых кандыдатаў, па агульным настроі, ён найбліжэй да нас, тых, хто быў на плошчы – бо мы ішлі на яе (як, пэўна, і ён на выбары) хутчэй з адчаю, чым з надзеяй на перамогу і зьмены да лепшага...”

Марыйка ў намётавым мястэчку стала “працаваць” пры “кухні”: наразала хлеб, кілбасу, рабіла бутэрбро­ды; на партатыўнай, турысцкай газавай плітцы грэла ваду, запарвала гарбату і разносіла тым, хто стаяў у ахове, у ланцугу, каб сагрэцца. Алесь заняў мейсца ў ахове мястэчка. У гэтую ноч яны амаль ня бачыліся. Алесь стаяў на самым адказным участку – на пропуску ў лагер, глядзеў, каб не прайшлі пра­вакатары, якіх было нямала. Агульная справа яшчэ больш зблізіла іх. І Марыйка пачала заўважаць, што думае пра Алеся, як пра “свайго”: “Як там мой?..” І старалася кожны раз пры разносцы бутэрбродаў і гарбаты падысьці да яго ці хоць прайсьці побач… Каб усьміхнуцца яму, галавой кіўнуць неўпрыкмет, падтрымаць поглядам. Каб ведаў, што ён тут не адзін. І каб самой ведаць, што не адна…

Удзень было спакайней, прынамсі штурму мястэчка па сьвятлу ніхто не чакаў. Прыходзіла іншая моладзь, і ў іх была мажлівасьць трошкі адпачыць і пабыць разам. У намёце ад холаду сядзець нельга было і яны стараліся пастаяць трохі каля агню, пахадзіць, прытопваючы, па мястэчку. Чым далей, тым болей Марыйцы падабаўся гэты хлопец. Ён пасталеў і зьмя­ніўся. Відаць, і сапраўды шмат перадумаў за праміну­лы час. І цяпер даражыў ёю – яна адчувала гэта – і быў гатовы разам: у агонь і ваду… Тая ягоная памылка, той дробненькі ўчынак, яшчэ стаялі між імі, але паступова размываліся новымі падзеямі і забываліся.

Надакучалі журналісты, якія лезьлі з пытаньнямі, часам правакацыйнымі і дурнымі, асабліва абрыдлі фотарэпарцёры і тэлеаператары, што сунулі свае камеры пад самы нос. Спачатку Марыйка спрабавала захінуцца ад іх каптуром, каб не патрапіць у кадр, а потым, пасьля таго, як дзясятак рэпарцёраў падлезьлі і ўсё ж сфатаграфалі яе, вырашыла: хай будзе, як будзе – і перастала хавацца. Але гэтая праблема: “засьвечваньня” стаяла перад кожным, хто быў у мястэчку, і кожны рашэньне прымаў сам, думаючы пра сваю будучыню пасьля немінучай паразы... Ды толькі не было такіх, што красаваліся перад камерамі. Можа, і на жаль, але не было. Героямі тады яны сябе не лічылі…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Мама… Памятаеш, калі я была маленькаю, мы па­йшлі з табою ў тэатр юнага гледача. Ішла п’еса Караткевіча “Калыска чатырох чараўніц”. Па-беларуску. Чаму ты павяла нас з братам ме­на­віта на гэты сьпекталь? Мо таму, што табе білеты ў прафкаме бясплатна выдалі? Але гэта было тваёй памылкаю. Дакладней, стала. Бо мы акунуліся ў зусім іншую стыхію. М-о-в-ы! Іншай мовы. Але – нашай мовы. Ня ведаю, мо спрацавала нешта на генным узроўні і ў мяне, і ў брата, але мы захварэлі на сакавітыя і адметныя слоўцы, якія нам адразу спадабаліся. Мы запомнілі некаторыя з іх і ўсю дарогу назад, памятаеш, паўтаралі іх адзін перад адным, нібыта смакавалі, спрабавалі на язык… Не, гэта была не замежная ангельская ці французская мова, і не свая – руская, гэта была… таямніца, якая заманьвала, зацягвала ў сябе сваёй яснасьцю і прывабнасьцю… Ты сьмяялася з нас і казала, што трэба вас звазіць у вёску да бабулі. Дарэчы, так і не звазіла. А мы, менчукі ў другім калене, ці не ўпершыню пачуўшыя родную мову ў такой колькасьці, наталяліся ёй, захлыналіся ёй... З таго часу пачалі мы чытаць беларускія кнігі і цікавіцца беларускай гісторыяй. А вы з бацькам радаваліся, што мы так шмат чытаем і шмат ведаем, не здагадваючыся яшчэ, у што гэта перарасьце… Зрэшты, магчыма, гэтае дзіцячае за­хапленьне прайшло б, забылася, калі б ня наш настаўнік гісторыі, хоць я магу і памыляцца: бо пасьля таго выпадку словы ягоныя пра гонар за родны край – падалі ўжо не на камень...

Згадваю гэта і міжволі думаецца, што белару­ская ідэя – вечная. Як вечны і незьнішчальны сам народ, кожны народ, дарэчы, а ня толькі беларускі. Папярэднія ўлады, здавалася б, зрабілі ўсё, каб такіх, як мы з братам, не было, не паўстала... Не было як беларусаў. Падумайце, нас проста не павінна было быць. І раптам гэтая беларускасьць праявілася ў нас, невядома з чаго ўзяўшыся… І ня толькі ў нас… І гэта дае мне падставу на апты­мізм, што нас ня зьнішчыць. Ніколі. Папярэднія 200 гадоў вынішчэньня нічога не далі і на наступныя не спадзявайцеся, паны мураўёвы. Мы ёсьць, мы будзем, пакуль ёсьць і будзе нашая зямля… І мы будзем зьяўляцца ніадкуль, як зьявіліся браты Луцкевічы, Купала, Колас, Багдановіч… І змагацца за сваё, пакуль не пераможам канчаткова.”

Марыйка, згадваючы падзеі на

плошчы, зусім за­былася пра Трачылу. Павярнулася да дзьвярэй – яго там ужо не было. “Вочка” на старых, аблупленых, абшарпаных, як гэты лад, дзьвярах, зачыненае. Лягла вальней, выпрастала плечы, выцягнула ногі – аж да хрусту ў касьцях і ўсьміхнулася: шмат цікавага было ў жыцьці Плошчы. Асобны момант – цэлая эпапея з прыбіральняй. Яе на плошчы, зразумела не было. І ў першую ж ноч, усіх, хто хацеў выйсьці з лагеру да ветру, бралі адразу ж за паваротам да “Макдональдсу”, за якім, насупраць ГУМа, была бліжэйшая прыбіральня. Жыхары мястэчка хутка заўважылі, што іх сябры сыходзяць і не вяр­таюц­ца. Зразумелі, што да чаго і сталі шукаць выйсь­це. Знайшлі паблізу каналізацыйны люк, зьнялі яго, по­тым прарэзалі дно ў адным з намётаў, паста­вілі яго над люкам і атрымалася сякая-такая прыбіраль­ня. Калі пра праблему дазналіся менчукі, адзін прад­прымальнік хацеў прывезьці біятуалет на плошчу – яго ўзялі на падыходзе, зьбілі і арыштавалі. А па тэлевізіі пайшла інфармацыя, што “адмарозкі” на плошчы, якім амерыканцы плоцяць аж па дваццаць тысячаў рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, залілі сваім дзярмом станцыю метро “Кастрычніцкая” і там цяпер стаіць смурод, не ўвайсьці…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Мне спадабалася, як паводзілі сябе прыходзячы да нас многія вядомыя людзі. Не толькі палітыкі, не... Найперш пісьменьнікі, музыкі, акторы, мас­такі... Многіх з іх я ўпершыню мо пабачыла так блізка. Анд­рэй Хадановіч файна сьпяваў і стаяў разам з хлопцамі ў ахове. “NRМ” і Лявон Вольскі былі проста душой плошчы. Ім асобны рэсьпект. Мы і без таго ўвесь час сьпявалі іхнія песьні, ну а калі яны самі выходзілі да мікрафонаў і пелі ўжывую… не, гэта незабывальна. Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч – як яны перажывалі за нас і хацелі, каб мы не здаліся, сьцярпелі нягоды. Асабліва Ніл Сымонавіч… Іх гонар за нас быў шчыры, іх вера ў нас і надзея на нас – сагравалі. І мы гэта адчувалі. То былі ня проста словы, а агонь, які трапляў у сэрца, у душу. І мы гатовыя былі стаяць да канца…

Што і зрабілі.”

На другую ноч і пасьля яе Марыйка і Алесь не адважыліся пайсьці дамоў. Не было гарантыі, што яны змогуць вярнуцца на плошчу. Ды цяпер ужо і тут жыцьцё наладзілася, зарганізавалася – цёплага адзеньня яны прыхапілі з сабой, а прадуктаў хапала: людзі несьлі і несьлі іх, нягледзячы на забароны і па­грозу арышту.

Думалася хіба: а ці ведае народ у Менску і тым болей па-за Менскам праўду пра тое, што тут, на плошчы ў цэнтры сталіцы, адбываецца? Ці верыць толькі той хлусьні, што ліецца з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня?.. Хочаш ня хочаш, а гэта хвалявала іх, ды і ўсіх “каліноўцаў”, а яны пачалі ўжо гэтак называць сябе, “перайменаваўшы” плошчу. Бо і тут хацелася праўды, а не хлусьні… А адкуль у нашай любімай краіне можна даведацца каліва праўды? Толькі з інтэрнэту, перадачаў Радыё Свабода і сёе-тое з расейскага НТВ... Беларускія СМІ, бачылі яны на вялікім рэкламным экране, што стаяў наўскрай плошчы і трансьляваў першы канал БТ, вярзуць такую лухту, якую сорамна слухаць. І калі на ім паказвалі чарговы выпуск навінаў, над плошчай гучала магутнае “Ганьба!”.

Аднак – праязджалі міма аўтамабілі і кіроўцы сіг­налілі “каліноўцам” такт за тактам: “Жы-ве-Бе-ла-русь!” і паказвалі ў адкрытыя вокны пальцы, скла­дзеныя ў літару “V”. Хоць ведалі, што праз два кварталы іх спыніць даішнік – ня кожнага, а выбарачна – і аштрафуе за “падачу гукавога сігналу ў населеным пункце”. Ішлі і ішлі да плошчы людзі з ежай, цёплымі рэчамі… Вось і адказ вам, “каліноўцы”: ці ведаюць людзі пра вас. Ведаюць і, як і вы, рызыкуюць быць аштрафаванымі, арыштаванымі… І ці ня ёсьць гэта ня проста падтрымка, а такая ж, як і ў вас, рэакцыя на хлусьню... Вы не адны, сябры, на вас глядзіць уся Беларусь, уся Еўропа!

Але – навошта гэта ім, “каліноўцам”? Чаму яны засталіся на плошчы і мерзнуць вось ужо трэція сут­кі? Ужо ж відавочна: параза чакае іх і тут. Змаганьне іх бесьперсьпектыўнае, і як бы ні сьмяяліся яны з Казуліна, ён мае рацыю: урэшце рэшт іх разгоняць, жорстка разгоняць, стопчуць, паб’юць, арыштуюць… Рана ці позна, сёньня ці заўтра, але гэта здарыцца. Улады ня будуць трываць іх бясконца. Тым болей – набліжаецца галоўнае беларускае сьвята – Дзень Волі, 25 Сакавіка… Калі б мястэчка расло і пашыралася штодзень, як сьнежны камяк, можа б і не адважыліся ўлады на штурм – усіх не пераарыштуеш, а то застыла ўсё на трыццаці з нечым намётах і лічбу сорак ніяк ня можа пераадолець... І, мажліва, болей ужо ня будзе да 25 сакавіка… Так, ня будзе, але ці будзем мы тут 25-га?.. І дзе мы будзем? Мо ў Курапатах? Досьвед такі і ў гэтай улады ёсьць. Захаранка, Ганчар, Завадзкі… Дзе яны?.. Там?.. Марыйка гнала гэтыя думкі з галавы, як толькі прыходзілі яны, але маркота ды адчай зноў і зноў насоўваліся на яе, калі яна падымала галаву і глядзела туды, далей: на горад – да ГУМа, да Нацыянальнага банку; на горад, які жыў сваім звычайным жыцьцём, і што яму было да купкі “адмарозкаў”, якія пратэстуюць супраць чагосьці на плошчы. Паглядзіце, колькі іх там – кучка, усяго толькі кучка… Асабліва, калі назіраць зьверху – на экране, у навінах, зноў і зноў паказвалі ўмела зьняты з вышыні намётавы гарадок: для кагосьці маленькую чорную плямку на белым сьнезе, а для кагосьці – адзінае месца ў Беларусі, дзе яшчэ білася гарачае сэрца, дзе яшчэ цеплілася надзея на праўду і перамогу… На перамены…

Поделиться с друзьями: