Плошча. Гісторыя аднаго каханьня
Шрифт:
Раніцай горад ажыў, пайшлі першыя аўтобусы. Кіроўцы, праязджаючы паўз плошчу, сігналамі віталі “местачкоўцаў”, тым падтрымліваючы іх і даючы знак, што ведаюць пра іх. Значыць, інфармацыя пра намётавы пратэст усё ж разыйшлася па горадзе праз радыё, інтэрнэт – і гэта цешыла ўсіх. Нягледзячы на стому, панавала радасная ўзрушанасьць, асабліва, калі да іх прыходзіў хто-небудзь са знаёмых, што начавалі дома ці пад’язджаў да прыпынку маршрутны аўтобус. Пачала падыходзіць з намётамі моладзь, і мястэчка стала пашырацца.
Марыйка і Алесь вырашылі яшчэ ноч пераначаваць у намётавым лагеры. Але паколькі ўчора ўвечары яны засталіся тут абсалютна выпадкова, загадзя не зьбіраючыся, зрэшты, як і большасьць хлопцаў ды дзяўчат, то вырашылі зьезьдзіць дамоў, каб апрануцца цяплей і ўзяць харчоў.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Я люблю Менск – мой горад, маю сталіцу. Люблю блукаць па ягоных вуліцах, заходзіць у невядомыя мясьціны і адкрываць іх для сябе. Люблю чытаць пра ягоную гісторыю
Ой, што гэта мяне панесла… Акрэсьціна – не люблю. І Пішчалаўскі замак таксама. Хоць музей усім зьняволеным беларусам, змагарам за незалежнасьць краіны, нам трэба будзе там зрабіць…”
Дома Марыйку чакалі маці і бацька, якія таксама ня спалі ўсю ноч. Зьнерваваныя і спакутаваныя, яны адразу накінуліся на дачку: не з радасьцю, а з папрокамі. “Больш клапоцяцца пра сябе, чым пра мяне”, – падумала на гэта Марыйка, і, не зважаючы на гвалт і крыкі, прайшла ў свой пакой і зачынілася. Бацькі, падобна, апамятаваліся. “Дзе ты была, дачушка?” – ужо ласкавей спытала скрозь дзьверы маці: “На плошчы, на мітынгу?..” – сама ж і адказала.
“Так, на плошчы. Начавала ў намёце.”
“Што ж ты робіш? Пашкадуй нас, ты ж ведаеш, дзе твой брат. Мы ня хочам застацца зусім адны на старасьці… Ты ж ведаеш, чым гэта табе пагражае, чым гэта можа скончыцца. Яны нікога не пашкадуюць…”
“Чым скончыцца… Ды нічым… Няма чаго пра гэта думаць… А вы хочаце і далей жыць гэтак, як жылі?”
Маці маўчала, а Марыйку панесла: пэўна, пасьля холаду цяпер у цяпле ў яе пачалася ледзь не істэрыка:
“Мне абрыдла чуць ад вас – галоўнае, каб не было вайны… Разуйце вочы: якая вайна! Каму, якому НАТА трэба нас заваёўваць – галоту карміць… А яшчэ – мы адмучыліся, дык, можа, хоць нашыя дзеці добра пажывуць… Ага, пажывем, вы за нас нагаласавалі… Падрыхтавалі будучыню. А тое, што мы пакутуем зусім не ад таго, ад чаго вы пакутуеце – зусім не заўважаеце. Толькі сваё і сябе бачыце. Толькі – абы ціха было. Каб ніхто вас не чапаў. Траву гатовыя жраць – абы ціха… Што ціха? У Еўропе жывём… Вашае шчасьце, што вы ні разу за мяжой не былі і ня бачылі, як там людзі жывуць, а то зразумелі б, за якое дзярмо чапляецеся, якім хлевам даражыце… А я не хачу, каб гандлявалі маёй краінай, маёй свабодай, маёй будучыняй, у мяне не спытаўшыся…”
Маці заплакала.
Марыйцы было шкада яе. Можа, зусім ня так, як маці яе шкадавала, але шкада. І разумела яна, што гэты яе пафасны выступ абсалютна лішні тут, непатрэбны: знайшла перад кім красавацца… Але не магла спыніцца. І самае галоўнае… Яна яшчэ пакуль не хацела нават сабе самой прызнавацца, што цяпер ужо на плошчу ня толькі пратэставаць ідзе, а… так – ідзе яшчэ і таму, што там яе будзе чакаць Алесь…
Першай справай яна ўключыла кампутар і зазірнула ў інтэрнэт – што там у краіне і ў сьвеце адбываецца? Як рэагуюць на падзеі на плошчы? І абрадавалася: інтэрнэт кіпеў паведамленьнямі… Кінула запіс у свой “жывы часопіс” – думкі і ўражаньні ад плошчы і начоўкі ў намёце. “Ня бойцеся і далучайцеся!” – напісала напрыканцы: “Уся Беларусь на вас глядзіць і чакае ад кожнага з вас подзьвігу!”. Перапранулася, выйшла на варыўню, сабраць паесьці. Маці ёй не перашкаджала, толькі ўсхліпвала, а потым стала дапамагаць…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мілая мама… Я вінаватая перад табой. Я ня стала і ня стану суперфотамадэльлю і нават менеджэрам па продажы замежнай парфумы. Я не апраўдала твае надзеі. Даруй мне. І паспрабуй зразумець. Я сама ня ведаю, як у такой прыстойнай “савецкай” сям’і маглі вырасьці гэтакія несур’ёзныя і некіруемыя дзеці. Я маю на ўвазе і браціка. Якая мова? Якая незалежнасьць? Ды і якая можа быць Беларусь? Жывіце, як усе. Навошта вам вытыркацца. Памятаеце прыпавесьць пра вераб’я, адагрэтага ў дзярме: не высоўвайся!.. Так, ведаю я вашую філасофію. Добра вывучыла яе. Але як жа тады быць з вашымі героямі, хоць бы з тым жа Ленінам, які з першага курсу універсітэту загрымеў у ссылку? Ці не на ягоным прыкладзе выхоўвалі вы нас, ставячы паперадзе ўсяго справядлівасьць, праўду, маральнасьць? Калі вы блюзьнерылі – тады ці цяпер? Я разумею, на вашую долю прыйшліся ня самыя сьветлыя часы, і пачуцьцё страху, а дакладней – самазахаваньня, пасялілася ў вас назаўсёды. І тым больш – хваляваньне за будучыню сваіх дзяцей. Але, мама, ня бойцеся за нас. Зразумейце – мы іншыя. І мы ня можам мірыцца з несправядлівасьцю ды хлусьнёй, і мы гатовыя змагацца за праўду, адстойваць свае перакананьні, нават рызыкуючы пры гэтым страціць месца вучобы, працы, “заляцець” у турму… Ня бойцеся за нас – мы ўжо дарослыя. Мы ведаем, чаго хочам, і мы даб’емся свайго рана ці позна…”
Вярнуцца на плошчу гэтым разам яшчэ было проста. Пад вечар сюды, на мітынг, зноў пайшлі людзі, і міліцыянты нікога не чапалі. Нагналі хіба ў бліжэйшыя двары дзеля запалохваньня (ці самазаспакаеньня?)
сьпецтэхнікі, у тым ліку і новых браняваных аўтазакаў, якіх адмыслова да выбараў, па сьпецзаказе, нарабіў Менскі аўтазавод. Намётаў у мястэчку крыху пабольшала, з прыемнасьцю адзначыла Марыйка.Алесь ужо быў тут. Моладзі дадалося і ў лагеры. У намёце “сваім” яны ўжо былі не адны. Што ж, стала цяплей і ўтульней. Хлопец і дзяўчына, што падсяліліся да іх, былі ня менскімі – з Салігорску. Прачыталі ў інтэрнэце пра намётавае мястэчка і прыехалі. Тут такіх шмат, сказалі, з усёй Беларусі. Едуць і едуць… Марыйка і Алесь пакінулі рэчы і выйшлі з намёту. Пачулі навіну: за гэты час ня менш за пяцьдзясят чалавек арыштавана з тых, хто ішоў сюды – з ежай, цёплым адзеньнем. На плошчы тым часам адбывалася сапраўднае сьвята волі. Грала музыка, гучалі песьні, дыджэй дасьціпна каментаваў падзеі, жвава вёў рэй. Да мікрафону падыходзілі вядомыя людзі – пісьменьнікі, мастакі, артысты. І, вядома ж, палітыкі. Усе казалі пра неабходнасьць пратрымацца да 25 сакавіка… Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прапанаваў назваць Кастрычніцкую плошчу імем Кастуся Каліноўскага – кіраўніка антырасійскага паўстаньня 1863-64 гадоў, якога якраз у гэты сакавіцкі дзень сто сорак два гады таму павесілі ў Вільні маскоўскія захопнікі. У адказ – выбух апладысьментаў і рашучая згода.
Марыйка назірала за тым, што адбываецца, і чым далей, тым больш пераконвалася, што палітыкі ня ведаюць, што рабіць з ініцыятывай моладзі. Падавалася, што яна для іх такая ж нечаканая, як і для ўладаў. Нядаўні кандыдат у прэзідэнты Казулін ужо 21-га ўвечары прапанаваў моладзі зьняць намётавае мястэчка і разысьціся. На што атрымаў ад хлопцаў і дзяўчат шчырае абурэньне і выкрыкі: “Застаемся!”…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Адкуль на плошчы ўзяліся намёты – ня ведаю. Няўжо нехта загадзя рыхтаваўся да гэтага?.. Пэўна, так і было, але я ня ведаю таго дакладна, хоць потым, думаю, героямі-арганізатарамі назавецца шмат… Бо мястэчна павінна было быць. Ідэя гэтая лунала ў паветры над мітынгоўцамі і павінна была рэалізавацца. Вельмі блізкі і жывы быў яшчэ прыклад украінскага майдану. Пра непадрыхтаванасьць – экспромтавасьць – мястэчка, сьведчыць хоць бы тое, што апроч намётаў амаль нічога “першапасяленцы” з сабою ня ўзялі: ні ежы, ні цёплага адзеньня. А ў Менску, нягледзячы на сакавік, тады была яшчэ зіма… Начамі жорсткая і халодная.
Цяпер магу прызнацца: тыя тры дні і чатыры ночы – лепшае, што было ў маім жыцьці. І ня толькі ў маім. Гэта было сапраўднае сьвята волі, сьвята неабыякавасьці і рашучасьці, сьвята аднадумцаў, сьвята сяброў. Сьвята веры і надзеі на лепшую будучыню.”
На плошчу камусьці ўдалося прыцягнуць мангал і дровы. І стала адразу ўтульней, а калі прымружыць вочы і ўдыхнуць дымок, дык можна ўявіць сабе, што ты зусім ня ў цэнтры вялізнага двухмільённага гораду, а недзе “на прыродзе”, і жыцьцё тваё ў намётавым мястэчку – суцэльная радасьць і адпачынак ад гарадскіх клопатаў. Марыйцы ж пах дыму спачатку маркотна, а потым настальгічна, нагадаў пра тую паездку за горад з Алесем. Пэўна, тады і там яна яго і пакахала… Тады і там… Нягледзячы на тое, што ён крыўдна і бяздумна здрадзіў ёй… Так, тады яна яго і пакахала. Прынамсі, задумалася пра яго, можна нават сказаць – заўважыла яго, бо дагэтуль неяк не на поўным сур’ёзе ўспрымала іхнія спатканьні і ня вельмі навязьлівыя заляцаньні Алеся. Так, пасьля тога раптоўнага разрыву, яна адчула нібы нейкую пустату ў сабе. Быццам штосьці страціла, нічога не губляючы… Так… Бо каханьне – гэта ня толькі жарсьць і ня столькі юр… Яны могуць быць і без каханьня. Каханьне прыходзіць тады, калі табе балюча за блізкага чалавека, калі табе ня хочацца губляць яго, і… калі ты яго проста шкадуеш… Як там у песьні пра сёлы Смаленшчыны, дзе жанчына, бязьмежна кахаючы, скажа мужчыну: “шкадую цябе”…
Пасьля адзінаццатай музыку прыглушылі, але зусім ня выключылі: вакол, паблізу, не было жылых дамоў. Міліцыя між тым не драмала, хоць прысутнасьць яе амаль не адчувалася тут – толькі стаялі некалькі “мірных” міліцыянтаў каля прыпынку сотага аўтобуса, які быў на плошчы зусім побач з мястэчкам. Але ў дварах, асабліва ў дварах і на падыходзе да плошчы, міліцыянты дзейнічалі даволі актыўна: правяралі ўсіх, хто ішоў у бок мястэчка. Нават выпадковых мінакоў. І ў каго знаходзілі цёплыя рэчы і прадукты – затрымлівалі без тлумачэньняў. Ня кажучы ўжо пра турыстычныя прыналежнасьці – тыя, хто нёс іх, былі ворагамі нумар адзін. А калі ўжо хто затрыманых у адказ насьмельваўся і загаварыць па-беларуску… Дзесяць сутак арышту “без суда і сьледства” былі гарантаваныя. Анекдот хадзіў тады па мястэчку: міліцыянт спыняе чалавека на падыходзе да плошчы: “Прадукты ў сумцы ёсьць?” “Няма. Толькі пісталет і наркотыкі” “Праходзь…” І яшчэ адзін выпадак пераказваўся, як легенда: прыйшлі дзьве бабулькі, прынесьлі два яблыкі, адзін надкусаны: “Даруйце, дзеткі, міліцыянты ля ГУМа спынілі і прымусілі надкусіць, але вы абрэжце…”
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Яшчэ раз скажу: з таго, што я асабіста бачыла, вынікае, што да Плошчы, ці да намётавага мястэчка, ня быў гатовы ніхто: ні ўлады, ні апазіцыя, ні тым болей, нядаўнія кандыдаты ў прэзідэнты. Так, пасьля ўкраінскага майдану, зразумела, гэтая думка жыла сярод моладзі і апазіцыі ўвогуле, аднак, як ні дзіўна, ніхто да ўсталяваньня намётаў не рыхтаваўся планамерна, а калі гэта пачалося, амаль стыхійна, напачатку была разгубленасьць ва ўсіх. І найперш у былых кандыдатаў.