Плошча. Гісторыя аднаго каханьня
Шрифт:
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мне было чатырнаццаць, брату на год больш, калі мы першы раз выйшлі пісаць фарбай на сьценах дамоў у нашым мікрараёне “Жыве Беларусь!” і “Далоў Луку!”. Мы лічылі сябе героямі-падпольшчыкамі, якія жывуць у акупаванай краіне. Захопнікі адабралі ў нас нашыя гістарычныя, спрадвечныя сімвалы – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Адзін з найстаражытнейшых у Еўропе, у сьвеце, сямісотгадовы дзяржаўны герб і Хрыстоў сьцяг назвалі фашыстоўскімі за тое, што імі карысталіся ў часы другой сусьветнай вайны беларускія калабаранты. Расейцы ад свайго трыкалору з-за таго, што пад ім ваявалі ўласаўцы, не адмовіліся. І ўкраінцы ад жоўта-блакітнага сьцягу не адцураліся… І ня сталі без штаноў хадзіць таму, што іх таксама насілі фашысты. А беларусы і тут паперадзе планеты ўсёй. Ці не маразм? Маразм. І мы з братам вырашылі змагацца з ім, з гэтым маразмам, які набіраў сілу ва ўсім. Ніхто нас гэтаму не вучыў, проста прыкладаў такіх было тады шмат: ледзь ня кожная сьцяна менская хоць раз за тыя гады мела на сабе такі надпіс. Неахайна зафарбаваныя жэсаўцамі адмеціны, скрозь якія чытаюцца літары, можна бачыць
…Адыйшліся ўбок журналісты і афіцыйныя асобы з іншых краінаў: іх папрасілі гэта зрабіць міліцыянты – груба і настойліва (потым высьветліцца, што пакінулі мястэчка ня ўсе…). Стала зразумела: хутка пачнецца штурм. “Каліноўцы” выйшлі з намётаў, сталі вакол іх двайным-трайным ланцугом. Хтосьці скамандаваў прысесьці: маўляў, так будзе цяжэй іх хапаць.
Назіраючы за манёўрамі амапаўцаў у поўным баявым абмурдзіраваньні, за якое іх ахрысьцілі “касманаўтамі”, зноў жа, экіпіравалі іх гэтак напярэдадні выбараў (во куды грошы дзяржаўныя ідуць…), хлопцы і дзяўчаты спачатку ціха, а потым усё гучней і гучней пачалі скандаваць той лозунг, які ня раз гучаў над плошчай: “Міліцыя з народам! Міліцыя з народам! Міліцыя з народам!..”
Так, толькі з якім?
Пад’ехалі яшчэ машыны, амапаўцы выскачылі з іх, імкліва і шчытна акружылі мястэчка: так, каб ніхто ня змог сыйсьці. Сталі вакол метрах у трох-чатырох. Нейкі начальнік крычаў у гучнагаварыльнік, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства і “прасіў” разысьціся. Ага, зараз… Куды ўжо тут разыйдзешся… Не адыйдзеш і пару крокаў, як арыштуюць. Цішком… Дык няхай лепш зробяць гэта тут – на вачах ва ўсіх і з усімі разам. Ня дзеля таго мы тут зьбіраліся, каб разьбягацца… Хлопцы і дзяўчаты яшчэ шчыльней згрупаваліся і ўзяліся за рукі. І тут некалькі чалавек выкінуліся з ланцуга і пабеглі ўбок аўтобусаў. Іх ніхто не чапаў. Потым казалі, што гэта былі “падсадныя”, якія выбеглі з лагеру да сваіх.
Марыйка была ў ачапленьні разам з Алесем. Побач сядзелі хлопец і дзяўчына і маліліся Богу, прасілі, каб не было ахвяраў, каб зьлітаваўся над неразумнымі, якія ня ведаюць, што робяць… Крыху далей малілася яшчэ некалькі чалавек. Музыка сьціхла, мікрафон ўзяла прыгожая, сталая жанчына (маці-ахоўніца, падумала Марыйка), і стала казаць да амапаўцаў, што мы адзін народ і ня трэба гвалту, вы такія ж людзі, як і мы, і ў вас ёсьць дзеці, каханыя… не пралівайце крыві!.. тут жа лепшыя дзеці нацыі!.. Але ніхто яе ня слухаў, вочы ў амапаўцаў пад паднятымі шклінамі “шлемафонаў” былі глыбокія і страшна пустыя, глядзелі яны некуды паўзьверх “каліноўцаў”, стаялі моўчкі, некаторыя нават, падалося, пасьміхаліся, і ў тым, як нярвова торгалі яны шчытамі і гумавымі палкамі, было відаць, што ў іх цяпер адно жаданьне: накінуцца і разламаць, разьбіць, разбурыць, разьнесьці гэта ўсё… Ня дзіва, накачалі іх супраць “адмарозкаў” здорава… Марыйка падняла галаву і ўбачыла за прасьпектам, каля Дому афіцэраў, Паўлічэнку. Таго самага… У “крапавым” бярэце... Стаіць, назірае… Усё, падумала яна, мястэчку канец…
Марыйка пачула яшчэ, як нехта сказаў: “Памятайце, за намі праўда!” – і ўбачыла, як да яе кіруюць два амбалы-“касманаўты”, якія чамусьці вылучылі ў коле “каліноўцаў” менавіта яе. Справа і зьлева амапаўцы накінуліся на людзей у ачапленьні, пачалі выцягваць па адным. “Местачкоўцы” не супраціўляліся, але чапляліся за сваіх да апошняга, і гэта было горш для іх, бо міліцыянты сталі разьярвацца і забывацца, у ход пайшла жорсткая, брутальная сіла… Тым часам амбалы (“двое з ларца”, падумала Марыйка) падыйшлі, нагнуліся, схапілі Марыйку за ногі і пацягнулі. Алесь трымаў яе за рукі, за плечы, але было дарэмна... Ён зразумеў гэта і, каб не было горш, адпусьціў Марыйку і амбалы пацягнулі яе да машыны. Краем вока Марыйка бачыла, як Алесь кінуўся ўсьлед за ёй і як быў звалены ударам “касманаўта” ў грудзі… Ачомалася яна ўжо ў аўтазаку пад крыкі: “На пол, сволочи! Лежать, суки!” і маты, маты, маты... Грубыя, істэрычныя… Яна даўно ня чула, каб людзі так лаяліся – брыдка і з такой лютасьцю. Марыйка ляжала на падлозе і на яе выцягнутую нагу нехта прысеў і ціха стагнаў… Што сталася з Алесем яна ня ведала… Праз некалькі хвілінаў усё было скончана: шэсьць брудна-зялёных “мазаў”-аўтазакаў, напоўненых людзьмі – усяго амапаўцы арыштавалі каля пяцісот чалавек – ад’ехалі ад плошчы.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Камера нашая – пяць на сем крокаў. У ёй адным шэрагам памост-узвышэньне, як сцэна нейкая, і справа ад дзьвярэй прыбіральня. Адкрытая, я туды спачатку хадзіць саромелася. Цярпела да апошняга… У камеры гэтай нас трынаццаць чалавек. Усе з плошчы. Маладзенькія дзяўчаты – найменшай ледзь споўнілася васямнаццаць, у асноўным студэнткі, і дзьве старэйшыя жанчыны – ім пад сорак. Што й казаць – не санаторый. Цесна і брыдка… Сяброўка мне неяк расказвала пра турмы ў Швецыі. Яна езьдзіла ў Стакгольм ад нейкай праваабарончай арганізацыі. Іх звадзілі на экскурсію. Дык там камеры на аднаго чалавека, з тэлевізарам, лядоўняй, тэлефонам… Чысьціня неймаверная. На калідоры спортзала, ёсьць мажлівасьць вучыцца, а на выходныя і дамоў могуць адпусьціць… А нас тут адзін раз выводзілі на прагулку ў “дворык”… І няхай сабе абстаўлена гэта было суцэльным гвалтам і рыкам: “Выйсьці з камеры! Тварам да сьцяны! Рукі за галаву! Не размаўляць!”… Жах! І, не гатовы да такога маральна, – падпарадкоўваешся і сам палохаешся сваёй гатовасьці падпарадкоўвацца, што засела, відаць, у падкорцы… Я, ды і большасьць з нас, да гэтакіх адносінаў нязвыклыя – у мяне ад гэтага рыку адразу сьлёзы на вочы: за што так груба, што мы зрабілі, знайшлі злачынцаў… Але то была незабывальная “гулка” (да турэмнае “фені” нас прывучаюць самі ахоўнікі): на вуліцы, чутно, вясна – неяк вельмі хутка пацяплела, птушкі радасна шчабечуць недзе: іх не відаць, але яны ёсьць! Неба сіняе-сіняе над галавою, белыя, пуховыя воблачкі на ім – ідылія… Уяўляю, як невыносна цяжка тым, хто трапляе сюды на гады ці… пажыцьцёва і бачыць гэта толькі з-за кратаў… А паветра… якое паветра! Сказаць сьвежае, дык хіба хто зразумее, колькі ўсяго ў гэтым слове і як пераказаць тыя адчуваньні, каб зразумелі… Дзяўчаты згадвалі показку: “Зэк, выйшаўшы з турмы, пытае: “Што гэта так сьмярдзіць, васпане?” – “Сьвежае паветра, сэр”, – чуе адказ.”
Марыйка абаперлася на руку, каб устаць – падлога ў машыне была мокрай і ліпкай ці то ад расталага сьнегу, ці то ад крыві. Агледзелася: у многіх хлопцаў былі разьбітыя насы, твары, значыць, можа, гэта і кроў... У цемры яна здавалася брудам на руцэ, страшным ліпкім брудам. Як у фільме жахаў…
Што з намі будзе? Куды нас вязуць?.. Марыйцы падалося – за горад. Але пытаньне гэтае вісела ў паветры і нехта ня вытрываў і спытаў у амапаўцаў, што сядзелі і рагаталі паперадзе – узбуджаныя, разгарачаныя, задаволеныя. Ціха так спытаў: “Куды нас вязуць?” Не ў амапаўцаў нават спытаў, а ў паветра.
“Как куда? В Курапаты, в карьер!” – адказ у амапаўцаў быў гатовы і яны завяліся яшчэ больш: “Молоденьких будем насиловать – радуйтесь! – а остальных так расстреляем…” І тут жа да адной дзяўчыны, што была бліжэй да іх: “Вас, девушка, где расстрелять: под сосной или под берёзой?”. Дзяўчына заплакала. А амапавец не спыняўся: “Не плачь, твоя смерть будет на пользу Беларусии!”. Такія жарты ў той сітуацыі нават Марыйка ўспрымала зусім ня як жарты...
Прывезьлі іх ня ў лес, а ў сумнавядомы сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна, у двор. Выстраілі ў некалькі шэрагаў уздоўж доўгіх белых сьценаў пад сьвятлом сьляпучых пражэктараў. “Лицом к стене! Не оборачиваться! Смотреть только вперёд! Не разговаривать!” – працягваўся той самы ўціск, каб запалохаць, асабліва моладзь, якая такой грубасьці яшчэ ня бачыла ні ў войску, ні ў пастарунках. “Бомжи! Шлюхи! Суки вонючие – революции им захотелось! Расстрелять вас всех мало…” Паўз шэрагі прайшлося нейкае начальства: “Отключить мобильники! Вынуть шнурки из обуви!”. Потым усіх здымалі на відэа, вылучалі ў шэрагах непаўнагадовых і кудысьці адводзілі. На расстрэл??? Чаго толькі не падумаеш і чаго толькі не перадумаеш за больш чым чатыры гадзіны стаяньня тварам да сьцяны на холадзе – з амаль чатырох гадзінаў ночы і да васьмі раніцы... Калі хто прасіўся ў прыбіральню – не пускалі. Марыйцы заставалася толькі “вывучаць” бетонную сьцяну перад сабою – да кожнай драпінкі, да кожнай непрыкметнай спачатку шчылінкі, кожнай дробнай ямінкі і кожнага бугарка… Яна запомніла тую брудна-белую сьцяну на ўсё астатняе жыцьцё. Стаяла, і баялася толькі аднаго: ня ўпасьці, бо бачыла, як адцягвалі за рукі некуды тых, хто падаў. Куды? Ніхто ня ведаў. Добра, калі ў лазарэт, у бальніцу. Але тады гатовыя былі б упасьці ўсе, а не стаяць тут, пераадольваючы стому і бясьсільле... Сьпіна зьдзервянела, рукі, здаецца, прымерзлі да сьцяны, не адарваць…
Нарэшце сталі па чарзе адводзіць у кабінет і складаць пратаколы. Фармулёўка была ва ўсіх адна – яна ляжала на стале перад міліцыянтамі, напісаная на кардонцы нейкім начальнікам неразборлівым почыркам: “Учавствовал(а) в несанкционированной акции… Выкрикивал(а) антигосударственные лозунги…” і г.д. Менавіта так, з літаркамі “а” у дужках. У Марыйкі сяржант спытаў: “Дзе вучышся?”, потым зьдзекліва перапытаў: “Дзе вучылася?..”
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“У большасьці сваёй наглядчыкі і ўвогуле міліцыянты – прыемныя, звычайныя хлопцы. Праўда, мне не падабаецца, што яны хочуць выглядаць разумнейшымі (лепшымі), чым ёсьць насамрэч. Аднак, якраз у гэтым, можа, і трывае надзея, што яны яшчэ ня страчаныя для грамадства, што ўлады яшчэ не пасьпелі зрабіць з іх, а, можа, і ўвогуле не здалеюць зрабіць, цэрбераў, якія будуць душыць свой народ па першаму знаку. Хоць у цэлым тут розныя хлопцы і ўмоўна іх можна падзяліць на некалькі катэгорыяў. Скажам, пяць. Першыя – самыя горшыя. Адурманеныя прапагандай і палітзаняткамі, яны і сапраўды вераць, што мы ворагі дзяржавы, а яны яе і прэзідэнта абаронцы. Такіх мала, і гэта радуе. Другія – найчасьцей вясковыя хлопцы пасьля войска, ня вельмі далёкія і адукаваныя, якім убілі ў галаву, што ў іх і сапраўды ёсьць улада над іншымі. З імі лепш не сутыкацца: яны здольныя на любую подласьць і пошасьць. Трэція – крыху арыентуюцца ў сітуацыі і стараюцца дагадзіць і “нашым”, і “вашым”. Чацьвёртыя – нармальныя хлопцы, што невядома якім чынам патрапілі ў міліцыю, але вытыркацца сярод іншых ня хочуць, ці баяцца страціць хоць бы тое, што маюць. Пятыя, а іх, мне падалося, было найбольш, – стараліся, як маглі паспрыяць нам, падтрымаць, паказвалі цішком нам пальцы літарай “V”, маўляў, мы з вамі і мы пераможам, менавіта яны незаўважна адпускалі некаторых затрыманых, перадавалі весткі з волі пра падзеі… На жаль, “моду” тут дыктуюць найбольш нахабныя і нявыхавыныя – а гэта значыць, першыя і, асабліва, другія. А таму ў цэлым ад кантактаў з міліцыянтамі застаецца ня самае лепшае ўражаньне, што яны тупыя, лянівыя, ня хочуць вучыцца, дужа ганарлівыя, любяць груба і тупа парагатаць над тым, што самі лічаць жартамі, прычым не саромеюцца быць дурнымі, бо з гадамі страцілі арыенціры, што ёсьць добра і што кепска ды абрасьлі комплексамі. Трачыла і ёсьць з такіх – найгоршы варыянт першых і другіх. Подлы і трусьлівы ў жыцьці, нерашучы на адзіноце, на людзях ходзіць гогалем і зьдзекваецца з тых, хто трапіў яму ў падпарадкаваньне. Груба, па-дзікунску жартуе і рагоча, як конь. Хоча быць “душой кампаніі”, але ўсе наадварот стараюцца яго пазьбягаць… Ну і яшчэ гэты ягоны занятак начамі, ля “вочка”… Фу, брыдота…
Самыя разумныя і талковыя хлопцы з тых, з якімі мне давялося сутыкнуцца, у АМАПе. Але і сярод іх пракідаюцца ідыёты-трачылы, праўда тут яны ў героях ня ходзяць, а хутчэй у пагарджаных, хоць і любяць час ад часу пры нагодзе рагатнуць, але часьцей усе рагочуць з іх. Сюды, відаць, набор больш жорсткі. Аднак у АМАПе ёсьць іншая праблема – кругавая парука. Прыйшоў служыць – служы, выконвай загады: вобразна кажучы, хочаш быць сваім, дакажы – на пісталет і застрэль пры нас ворага, тады залічым цябе ў свае. Як у нямецкай паліцыі было…”