Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

На нейкія моманты Марыйка вызвалялася ад пра­­цы на “кухні” і тады падыходзіла да Алеся. Пакі­даў ланцуг і ён. І ў іх быў час проста пастаяць і па­размаўляць. Зноў пра жыцьцё, пра тое, што было ў іх, і пра тое, як жылі яны да гэтай сустрэчы. А то і проста, моўчкі, пабыць разам, пагрэць адно адному задубелыя ад холаду рукі…

“Як яны падгадалі з надвор’ем – наўмысна выбі­ра­лі ці проста пашанцавала… Калі б ня гэтая сакавіцкая халадэча, людзей на плошчы было б у дзясяткі разоў болей…” – сказаў неяк Алесь, падымаючы каўнер і засланяючыся ад сівернага ветру, што пякуча дзьмуў, разганяючыся да невыноснай хуткасьці між будынкам музею Вялікай Айчыннай вайны і “сар­кафагам” Пала­цу Рэспублікі.

“Ты так лічыш… Ты яшчэ не расчараваўся ў на­шым народзе?.. Вельмі лёгка знайсьці апраўдань­­не бязьдзейнасьці, сьпісаць сваю абыякавасьць на штось­ці зьнешняе: на надвор’е кепскае, напры­клад…”

“І так, і ня так… І пагаджаюся, і ня хочацца… Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бяссэнсавасьць, бесперсьпектыўнасьць

нашага супраціву, якую разу­мее большасьць “законапаслухмяных” грамадзянаў. Мне здаецца, што нават калі б сёньня на менскія ву­ліцы выйшаў мільён, і стаялі б мы на плошчы Неза­лежнасьці цэлы месяц і пратэставалі б, як сербы ў Белградзе, то ўсё роўна нічога б не дабіліся. Ён сваю ўладу не аддаў бы… Ты ж чула, ён казаў, што будзе адстойваць сябе нават са зброяй у руках, як Сальвадор Альендэ…”

“Гэта страшна… І чаму людзі так чапляюцца за ўладу?”

“Ну, тут усё проста… Ці трэба казаць, якой спаку­сай ёсьць улада і што яна дае, асабліва тым, хто ня варты яе... Мне больш цікава, чаму людзі, вось так, як мы, сёньня выходзяць змагацца – з рэжымам, з тыраніяй, з аўтакратыяй... Ці не прасьцей было б зьмірыцца, не рызыкаваць сваім жыцьцём, зьехаць урэшце рэшт адсюль… Гары яно гарам… Жыцьцё ж такое кволае і такое кароткае… Вось ты сама, напрыклад, – чаму прыйшла?”

“Я? Таму што не хачу быць авечкай у статку… А ты?”

“А я… А я захацеў убачыць тут цябе – маю мілую тыгрыцу…” – перавёў ён на жарт.

“Тыгрыца…” – Марыйцы спадабалася гэта. Ня­важна, чаму ён прыйшоў на плошчу. Важна, што пры­йшоў і яны зноў спаткаліся…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Алесь… Мілы мой Алесь. Ты так блізка цяпер ад мяне і так далёка. Між намі ня сьцены, ня метры адлегласьці, між намі – пяць дзён, праз якія нас выпусьцяць з Акрэсьціна. Ня ведаю, ці змагу я табе тады ці калі-небудзь увогуле прызнацца… і ці адважышся сказаць гэта ты мне, але тут і цяпер я напішу: “Я кахаю цябе!.. Так, я адчайна кахаю цябе і хачу быць побач. Каб сагрэцца ад цябе і сагрэць цябе так, што ніколі больш у жыцьці нам ня будзе холадна…” Можа быць, мне проста вельмі сумна і самотна тут, можа быць, я выйду на волю і, апынуўшыся ў іншым жыцьці, забудуся пра гэтыя хвіліны амаль роспачы і наймоцнай тугі, але для таго, каб не забыць іх, я запісваю гэта цяпер. Я ведаю, ты не ідэал. Я ведаю твае слабасьці. Але я бачыла і тваю моц. І я паверыла ў цябе. Разам мы зможам шмат. Разам мы зможам усё. А найперш – нарадзіць і выгадаваць беларусікаў, якія пойдуць далей за нас. І якіх ужо ніхто ня спыніць і не стрымае…”

Усе размовы пра шпрыцы і “наркаманаў”, “п’яні­цаў” і “бл...дства” на плошчы, якія падкідваліся ў народ дзяржаўнымі СМІ падчас супрацьстаяньня і пасьля – пустое… Хлусьня, шытая белымі ніткамі, якая нават не патрабуе тлумачэньня, тым больш апраў­даньняў. У мястэчку было шмат веруючых. А таму і размовы не магло быць пра нейкае “п’янства”. Тым больш, што “каліноўцы” цьвёрда верылі ў пра­вату свайго змаганьня і лічылі, што яно павінна быць максімальна маральна чыстым, шчырым. І бая­ліся толькі правакатараў, якія маглі занесьці ў лагер гарэлку ці віно. Бо разумелі, нават калі гэтага ўсяго ня будзе, дзяржаўнае тэле-радыё паспрабуе іх зганьбіць і “знайсьці” шпрыцы ды пляшкі з-пад гарэлкі… Дык няхай гэтыя подлыя людзі потым пад­кінуць іх сюды, і ведаюць, што подла зрабілі гэта самі, але пакуль мы тут – такога ня будзе…

Парадак, дысцыпліна, чысьціня трымаліся ў мяс­тэчку як прынцып. І калі ў першую раніцу на плошчу выехалі трактары-бульдозеры ці то, каб зьнесьці намёты, ці, як потым казалі, сабраць сьмецьце, дык сьмецьця і бруду якраз і не было – усё акуратна зьбіралася, запакоўвалася і выносілася.

Вядома, пасяліліся ў мястэчку ня толькі адзіночкі-змагары, былі тут і закаханыя, якія засталіся разам, былі і даўнія знаёмыя, якія шмат часу ня бачыліся і сустрэліся на плошчы, як Марыйка і Алесь, нара­джалася ў мястэчку і ўзаемная сімпатыя між мала­дымі людзьмі. Але босыя ногі, што тырчаць з намёту на адным са здымкаў “афіцыйнага” інфарм­агенцтва, з пошлым намёкам: вось чым яны там зай­маюцца… – гэта проста блюзьнерства. Бог ім даруе… Бо было так холадна, што нават пацалавацца немажліва – вусны рабіліся драўлянымі і можна было толькі дакрануцца ў спачуваньні імі: холад да холаду. А “глупствы”? Усе разумелі: “глупствам” будзе месца і пасьля. Справа маладая, і яна пацерпіць…

Як жа саграваліся ў дзесяціградусны мароз? Най­перш гарачай гарбатай і кавай. А яшчэ так: таньчылі пад музыку, скакалі, прытоптвалі, бегалі па коле са сьцягамі і, як адказ на паведамленьні пра п’янства ў мястэчку, выкрывалі: “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”, “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”. Ад бездапаможнасьці гэта, пасьміхнецеся вы, можа і так... Але вы, там, на Плошчы, не былі…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Алесь… Што ты файны і непадобны да іншых, я зразумела з першага погляду, з першай сустрэчы на тым паседжаньні гуртка. Да цябе я бачыла не аднаго “генія”, што прыходзілі сюды са сваімі “вершамі”.

І чым большы графаман быў, тым болей гонару… А ты прачытаў свае тэксты, па-добраму, шчыра саромеючыся. І хоць вершы твае былі ня самыя горшыя, асабліва верлібры, пасьля дурной, мы казалі – аглабельнай – крытыкі “дзеда”, на­ступ­ным разам ты да нас не прыйшоў. Што мне больш за ўсё спадабалася і чаму я вырашыла ўрэшце не адмовіць табе ў знаёмстве.

Я ня думала, што пасьля маіх словаў, пра тое, што я ненавіджу такіх баязьліўцаў-беларусаў, як ты, і што не хачу ад “вас” мець дзяцей, ты наважышся на самазабойства… Здагадаўся, даду­маўся, палез, дурненькі, на хмарачос. Скінуцца ха­цеў... Навошта? Чаму?.. Хачу думаць, то было ў цябе нейкае часовае зацьменьне. Зрэшты, і я таксама вінаватая. Крэтынка шалёная… Магла б і ня быць такою жорсткай і тупой... Даруй… Ды – не, мусіць, усё ж, на той момант не магла... Няма мне дараваньня, як і табе… Але добра тое, што добра заканчваецца. Дзякуй Богу, глупства ня здарылася… І як мне хацелася б быць тым коцікам, што прыйшоў да цябе тады, і ўратаваў!.. Сам Бог яго паслаў... бо надта не падобна гэта на выпадковасьць...

Я разумею, я заўважаю, што пры ўсім пры тым мы вельмі розныя: у звычках, у любімых спра­вах, а часам і ў перакананьнях. Але якраз у гэтым мне бачыцца добрая будучыня, веру табе: “мінус” і “плюс”, “плюс” і “мінус” прыцягваюцца, а аднолькавае, найчасьцей, адштурхоўваецца… Важ­на, што ў самым галоўным, у нашых жыцьцёвых мэтах, мы цяпер супадаем. Так, супадаем: у мяне была магчымасьць пераканацца ў гэтым…”

Тое, што ўлады апамятаюцца ўрэшце рэшт і раз­бураць мястэчка, усе ведалі ад пачатку. Толькі калі гэта будзе? Наколькі хопіць цярпеньня ў міліцыян­таў, гэбістаў і ў тых (у таго), хто над імі? Бо Плошча была для ўладаў, як бяльмо на воку, як пастаянны напамін, што ў краіне ёсьць нязгодныя з вынікамі выбараў, а значыць, пэўна, і сапраўды нешта ня так... і гэта ба­чыць, і пра гэта задумваецца ўвесь сьвет. Да таго ж, наперадзе быў Дзень Волі, у які на менскія вуліцы раней штогод выходзілі дзясяткі тысячаў мітынгоўцаў, каб адзначыць Сьвята Волі. І гэты дзень можа даць штуршок пашырэнь­ню пратэсту і па­велічэньню намё­тавага лагеру. А зна­­­чыць, улады не дадуць моладзеваму мястэчку даіснаваць да 25 сакавіка... І таму кожная ноч была напоўненая чаканьнем штурму. Хлопцы і дзяўчаты трывожна ўслухоўваліся ў пошум, які да­лятаў з двароў. Напруга ўзрастала і тады, калі да ачапленьня падыходзілі правакатары з бэрэсээмаўцаў ды гэбістаў. Праўда, ня выключана, што часам ішлі да лагеру і звычайныя людзі, ачмураныя прапагандысц­кай тэлехлусьнёй пра “адмарозкаў”, якім Захад плоціць грошы, каб яны падрывалі аўтарытэт прэзідэнта. Пры­ходзілі “лукашысты” звычайна пад­выпілыя. Пэўна, для сьмеласьці – усё ж ішлі на “подзьвіг”, прыходзілі і пачыналі зьдзеквацца з тых, хто стаяў у ланцугу аховы, абліваць слоўным брудам, матамі. А калі не знаходзілі словаў, кідаліся біцца.

Марыйка назірала такую сцэнку. Да Алеся па­ды­йшоў п’яны “патрыёт-бэрэсээмавец” і пачаў чап­­л­яцца: “Чьто ты зьдзесь дзелаешь? Американские дзеньги отрабабатываешь? Идзи домой, к мамке…” Алесь стаяў і глядзеў паўзьверх гэтага “абаронцы рэжыму”, нібыта не заўважаючы ягонае мітусьні. А той яшчэ больш распаляўся: “Как вы мне надаели, падонки! Чэго вам не хватает? Суки! Какой-такой свабоды захацелась? Да есьли б мая воля, я б вас всех свалачэй вывез отсюда в Курапаты и расстрэлял…” – пры гэ­тым ён пачаў хапаць Алеся за руку і выцягваць з ланцуга: “Пайдзём са мной, падонак. Адзин на адзин… Пасматру, какой ты сьмелы, скацина…” Ма­рыйка стала баяцца за Алеся, ведаючы, што на­хабства падобнага можа не стрываць і сарвацца. А бэрэсээмавец ужо лаяўся адборнымі матамі на Алеся, нібыта больш ні­кога ня бачыў перад сабою: злосьць засьціла яму вочы. І крычаў, балюча б’ючы сваімі нагамі пад каленьні Алесю: “Чьто, сосцал! Ванючий калхозьник. Идзи са сваей мовай в… Я видзел вас всех на… Я в рот… Скоты! Ублюдки!..” Алесь стаяў сьцяўшы зубы і высока ўзьняўшы галаву – гэта было адзінае, што ён мог рабіць у гэтай сітуацыі – быць вышэй за гэтага “героя”, які сам ці па чыімсьці загадзе, ператвараўся ў жывёлу, не заўважаючы та­го… Ён толькі спакойна і працягла паглядзеў у бок трох міліцыянтаў, што стаялі ў пяці метрах ад іх і назіралі за тым, што адбывалася. Паглядзеў так, што тыя зразумелі яго бяз словаў – нібыта раптам убачылі, што вакол дзясяткі жанчын і дзяўчат, а яны дазваляюць такое… І міліцыянты ня вытрывалі, падыйшлі і адцягнулі п’янага “героя-аба­ронцу”.

Нехта скажа, што невялікая мужнасьць трэба, каб сьцярпець нахабства і ня даць яму адпор. Каб ат­ры­маўшы па адной шчацэ – падставіць другую… А вось якраз і наадварот. У такіх умовах і правяраецца чалавек на ягоную чалавечнасьць: годнасьць, гонар… У той сітуацыі і тады патрэбна было якраз цярпеньне: не сарвацца на істэрыку ў адказ, ня даць волю па­чуцьцям, стрымаць сябе – застацца мужчынам… Алесь гэтае выпрабаваньне прайшоў. І зразумелі, і ацанілі гэта нават міліцыянты.

Так, правакацыяў і хамства было шмат. Ноччу агрэ­сіўных, а ўдзень – паказных, для тэлебачаньня: хтосьці раптам станавіўся між камерамі і намётавым гарадком і задраўшы галаву піў з горла гарэлку. І гэтыя кадры ішлі ў эфір...

Поделиться с друзьями: