Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

6.

Аднойчы ўзімку хлопчыкаў, зь якімі Назар быў вымушаны дзяліць блакітны пакой на другім паверсе школы, маладая крыкуха паставіла ў рад тварамі да сьцяны й загадала не азірацца. Назар Мінус паслухмяна замёр; хвіліны ішлі павольна, бы сьняжынкі за вакном; нехта зьлева калупаўся ў носе. Блакітная сьцяна ад доўгага сузіраньня выядала вочы нібы хлёр. “Раз, два, тры!” – заенчыла настаўніца. Дазволена было абярнуцца. На іх кінуліся дзяўчынкі, да міргаючага, успацелага Назара падбегла лядашчая Наташа Рабецкая, надзела на шыю чорную палку з плястмасы, прамармытала нешта неразборлівае й пасьпешліва ўцякла ў бясьпечны жаночы статак.

Жывы куток школы складалі маркотны кот, якога кармілі ліверкай, і мікраскапічная птушка. Бывала, на занятках ката засоўвалі ў пусты акварыюм, і рота школьнікаў вісела над ім, расьпіхваючы адзін адного лакцямі. Кот шыпеў, выгінаў хвост, але потым скараўся й, сьцяўшыся, беспасьпяхова спрабаваў схавацца між

празрыстых сьценак. Дзеці ўпотай чакалі, калі ж кот наробіць ад страху – усім была цікавая рэакцыя настаўніцы. Кот з сумнай зайздрасьцю глядзеў на птушку ў клетцы. Назар з казак ведаў, якая сувязь існуе паміж катамі й птушкамі, ён адчыніў аднойчы клетку й праз паўгадзіны насельніцтва жывога кутку скарацілася на адну істоту. Яго абазвалі загадкавым словам “фашыст”, і з таго часу прыродазнаўства ў Назара Мінуса неяк не ішло.

Часам Назару здавалася, што разгадка блізкая, у ягонай галаве цьмяна мігцела нешта падобнае на разуменьне, заставалася зрабіць некалькі крокаў да той запаветнай рыскі, за якой аднаклясьнікі, узяўшыся за рукі, смакталі з дарослых пажыўны сок дзяцінства – Назар ступаў наперад, і тут жа на яго, нібы аркан, налятаў неадчэпны ўспамін: ён, Назар Мінус, сіненькі, няздатны да плачу, на паўшляху паміж тым сусьветам і гэтым, назад дарогі няма, а ёсьць толькі выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, права на які належыць зусім не яму. І перад такімі згадкамі любыя аўтаматы Калашнікава і птушкі Пржэвальскага выглядалі лухтой.

7.

“Не разумею”, – крэмзаў ён пальцам па замерзлым шкле; перапынак паміж урокамі набліжаўся да заканчэньня. Цоканьне абцасаў за сьпінай прымусіла Назара здрыгануцца, ягоныя аднаклясьнікі ўжо біліся за проймы дзьвераў. Назар пасьпеў аднак зьнішчыць напісанае, на далонях блішчэла вада. “Што гэта ты тут, а?” – завуч малодшых клясаў Алена Станіславаўна схапіла Назара за плечы й зьлёгку патрэсла. “Што ты там пісаў?”. Назар маўчаў, ліхаманкава разважаючы, што мог пісаць на замерзлым шкле добрасумленны вучань пятае клясы школы імя партызана-героя. Шостую запаведзь піянэра? Хатняе заданьне па матэматыцы? Верш для “Зорьки”? Прызнаньне ў каханьні да Наташы Рабецкай? Урэшце Назар вырашыў сказаць праўду. Магчыма, не зрабі ён гэтага, а застанься моўчкі стаяць, апусьціўшы вочы долу, завуч пагразіла б яму суворым і справядлівым пальцам і пакінула б у спакоі. Але добрасумленны вучань ня мог зрабіць нічога іншага, як сказаць усё як ёсьць.

“Што-о?” – не паверыла вушам Алена Станіславаўна, і ўсьмешка на яе твары стала нядобрай. “Ты што ж, па-руску не разумееш? На якой жа мове з табой загадаеш размаўляць?”. Назар зірнуў ёй у вочы. “Ну, пойдзем,” – уздыхнула завуч і ўзяла яго пад руку. Пятага-дзясятага, Назара сюды! Допыт у абклееным ружовымі шпалерамі кабінэце быў дастаткова доўгім. На дапамогу завучу прыйшла настаўніца біялёгіі, у якой якраз была фортка. “Ну скажы, ты ж пісаў... пісаў нехарошае слова?” – нахіліўшыся над Назарам, шыпела біялягіца. Назар думаў пра тое, што сёньня ў госьці мусяць завітаць бабка зь дзедам і будзе званіць цётка зь Ніжняй Кулумчы, яму было надзвычай няўтульна між дохлых кактусаў і двух жаночых целаў, якія востра пахлі чымсьці атрутным, няправільным. Хутка допыт надакучыў Назару. “Так, я пісаў нехарошае слова”, – прашаптаў ён і мацней узяўся за падлакотнікі. “Якое? “ – з палёгкай выдыхнула завуч. “Скажы мне на вушка”. Яна з надзеяй паднесла сваё агіднае, як сырое мяса, вуха, на якім боўталася яркая пунсовая кропля, да вуснаў Назара. “Мне ты можаш сказаць. Ну? Мы з Тацянай Іванаўнай нікому ня скажам”.

Назар не прамовіў нічога. Для яго падзелу словаў на добрыя й кепскія не існавала. Кожнае нешта значыла, а значыць, мела права на жыцьцё. “Бацька”, – канстатавала настаўніца біялёгіі. “Не скажыце, – запярэчыла завуч. – Таварыш Мінус паважаны чалавек, да таго ж актыўны абшчэсьцьвеньнік. Тут у іншым справа. Можаш ісьці, але запомні: тут табе школа, а не дзіцячы сад”.

8.

Яго якраз у той год пачалі вучыць дзіўнай мове, патрэбы ў якой Назар таксама зусім не разумеў. Людзі навокал размаўлялі ўсім зразумелымі словамі, існавала таксама

мова французская, што страшэнна падабалася Назару: як высьветлілася, на ёй размаўлялі мушкецёры й капітаны шхунаў – яны штоночы завітвалі да Назара ў сон, ценямі прасьлізгвалі па сьцяне над ложкам, дыяфільмамі краліся па прасьціне. Дзьве мовы былі абгрунтаваныя, прыгожыя ды абсалютна непадобныя адна на адну.

А гэтая новая, трэцяя... Яна была амаль уцямнай, але відавочна лішняй. Гэтая мова нагадвала Назару тую гульню, у якую гулялі раз-пораз ад няма чаго рабіць ягоныя аднаклясьнікі. “Давай размаўляць на бумскай мове”, – казаў адзін другому такому ж сапліўцу. “Давай. Бум’я бум’еў бумсёньня бум’суп. Бум’а бумты? – Бумкатлеты”. Карысьці ад новага школьнага прадмету было ня больш чым ад бумскай або чумскай мовы. Назар не разумеў і ненавідзеў яго.

9.

Па-за школай здараліся й прыемныя моманты. Маці апранала лепшую сукенку, брала Назара як маленькага за руку і яны йшлі да аўтобуснага прыпынку. Сястра,

якая пасьпявала ўпотай стэлефанавацца зь якім-небудзь дэбілам, пра якога Назар ведаў шмат, а бацькі – толькі добрае, заставалася дома; яна мела добрую нагоду – рыхтавалася паступаць у інстытут. Назару адкрываўся горад – аглушальны, таўхатлівы, падзелены паміж чэргамі, поўны сюрпрызаў. Яны ехалі ў кавярню “Вавёрачка”, аднак якая ж гэта была вавёрачка? – сапраўдная вавёра, з высокай столяй, зэдлікамі амаль у Назараў рост, вітражамі ў вокнах, якія фарбавалі панылую школьную форму ў колер прыгодаў. У-у, гэтыя пятніцы, марозіва ў вазачках, жэле з трускавак, якое, здавалася, можна есьці тонамі, але асабліва – загадкавы й непараўнальны Самбук. З чаго яго рабілі, што за зельле клалі на дно, які чараўнік з дапамогай гэтай раскошы купляў душы дзяцей?... хто б ён ні быў, Назар бы штодня аддаваў яму душу за лыжачку Самбуку.

Таварыш Мінус быў вольны ад сваіх неадкладных грамадзкіх справаў толькі па суботах – па нядзелях ён пісаў скаргі ды актуальныя артыкулы для газэтаў, ягоная пішучая машынка даводзіла да гістэрыкі дачку, суседзі грукалі ў сьценку. Па суботах жа таварыш Мінус выконваў бацькоўскі абавязак: вёў сына ў кіно. Найбліжэй да іх знаходзіўся кінатэатр імя Жданава. Ён месьціўся на першым паверсе старога змрочнага дому, заля была разьлічаная чалавек на шэсьцьдзесят, ня болей. Першы рад, куды ім раз-пораз даводзілася садзіцца, ад экрану адзьдзяляла ўсяго некалькі квадратных мэтраў стракатай пліткі, на сьценах віселі ўрачыстыя, нібы пахавальныя, фота савецкіх кінаартыстаў. Назар прасоўваў грошы ў вакенца – жанчына, якая сядзела там, заўсёды глядзела на яго з-за шкла так асуджальна, нібыта Назар з бацькам бралі квіткі ў бардэль. Першы час Назар не заўважаў сувязі паміж пільным промнем сьвятла за сьпінай і карцінкаю на экране; ён увесь быў засяроджаны на дзеі, у самыя адказныя моманты кулакі ягоныя міжволі сьціскаліся, і так і дрыжэлі ў шчасьлівым паралюшы, пакуль рэжысэр не замазваў чорнае белым і перад вачыма не пачыналі прасьцюжана мігцець расчаравальныя словы велічынёй з галоўнага героя. Таварыш Мінус вадзіў сына толькі на правільныя фільмы: краіна была набітая шпіёнамі як трамвай у гадзіну пік; нібы лайдак, паглядаў у сіняе неба забіты мусульманамі малады памежнік, рабочыя са шчасьлівымі тварамі аддавалі начальнікам свае заробкі, а тыя не хацелі браць, і дзяўчаты закахваліся выключна ў міліцыянтаў. Апошні нямецка-фашысцкі захопнік са сваім неад’емным характэрным сьмехам і вечным “Лёс, лёс” быў нашмат лепшы за любога амэрыканца – амэрыканца заўсёды звалі Біл, а савецкага марака – Сярога. Чорных амэрыканцаў кіно не чапала, хаця і адгукалася пра іх чамусьці пагардліва: негры. Улюбёнай стужкай бацькі й сына Мінусаў была “Затрымаць любой цаной”. Яны хадзілі на гэты фільм тройчы.

Назар спадзяваўся, што кіно дапаможа яму ўсё зразумець. Яно й праўда было падобнае на ключ у канцы задачніку, але Назар ня верыў, што разгадка можа быць такой простай. На тварах актораў праступала стома; адсоўваючыся на задні плян, яны са шкадаваньнем пазіралі на гледача з-за плячэй галоўных герояў: ня верце нам, даруйце нам.

10.

Прыкладна раз на месяц да іх у госьці прыязджалі бабка зь дзедам. Бабка неўзабаве напівалася й давай казаць на таварыша Мінуса нехарошымі словамі. Маці прамаўляла з дакорам “Мама”і йшла мыць посуд. Малады практыкант з жэку, які зьняў сабе пакой у суседнім пад’езьдзе, таксама сядзеў за сталом, абдымаўся зь дзедам, жор аліўе – зрэшты, цяпер ён быў ужо не практыкант, а інжынэр са штатным акладам, уладар сантэхнікаў і дворнікаў, і таварыш Мінус любіў пагаварыць зь ім пра патрыятызм. Госьці разыходзіліся доўга. “Мора, мора”, – неслася з вокнаў на ўвесь двор, заходзілі на сто грамаў суседзі, маці зноў і зноў адчыняла халадзільнік. Грамада са змрочнаю асалодаю ў вачох цягнула нудныя, бясконцыя сьпевы, якія лічыліся народнымі, аднак насамрэч былі напісаныя заслужаным кампазытарам Іванам Хрулям, Шукшыным савецкай песьні, як казалі пра яго ў перадачы “Музыка нас зьвязала”. Чаму яны ўвесь час прыходзяць па адных і тых жа днях – ламаў галаву над незразумелымі заканамернасьцямі жыцьця сваёй сям’і Назар Мінус, якому дзед, рагочучы, суваў за каўнер навюткія грошыкі. Чаму калі ад сястры па вечарох пахне віном і тытунём, маці б’е яе па галаве ручніком, а за сталом зь дзедам і бабкай маці зь сястрой паляць і моршчацца ад партвэйну як дзьве сяброўкі?

Таварыш Мінус нападпітку кожнага разу ўсаджваў Назара перад сабой на крэсла й пачынаў адзін і той жа аповед: пра сваю колішнюю вайсковую службу ў Запаляр’і. Белага мядзьведзя, які калісьці ледзь ня зьеў тату, Назар ведаў як роднага.

11.

На наступнае лета, як потым высьветлілася, апошняе на радзіме, Назара адправілі ў піянэрскі лягер. Новыя загадкі тамілі Назараву душу. Але ён вытрымаў. “Рукі на коўдру!” – лямантавала выхавацелька, уваходзячы ў цёмную хлапечую палату ды ўключаючы сьвятло, бо ніхто ня мог дазволіць чалавеку права на асабістае, таемнае і, што самае жахлівае, бескарыснае для краіны задавальненьне, і ён паслухмяна клаў рукі далонямі ўніз туды, куды загадана, а пад коўдраю вырастала трэцяя рука й шэптам чытала свой верш на свабоду.

Поделиться с друзьями: