Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– І чаго будзе болей у надыходзячым сьвяце: кактусаў або відовішчаў? І колькі плянуецца спаліць цнатлівак на галоўнай гарадзкой плошчы? Якая будзе вышыня сьвяточнай шыбеніцы? Ці катуеце вы жонку кактусам? Ці адломваеце вы іхныя цьвёрдыя, мясістыя лісточкі з мягкімі й вострымі, як косткі варанай рыбы, іголкамі, і кладзеце яе на іх сьпінай, і хто назірае за вашымі дзеяньнямі праз шчыліну ў жалюзі? Ці хварэлі вы калі-небудзь на гаймарыт? Ці хварэлі вы калі-небудзь на гаймарыт? Ці хварэлі, ці хварэлі? Акварэлі! Акварэлі! Цынандалі? Вы любіце Брамса? Апошняе пытаньне: ці любіце вы Брамса? Адказвайце, прашу, ці любіце вы Брамса? Нашы чытачы хочуць ведаць: ці любіце вы Брамса? Як вы яго любіце? Вельмі? Надта? Наздвычайна? Моцна? Брамс! Брамс! Сукуленты!

Яна абхапіла галаву рукамі й затрэслася ў нямым крыку, а да яе ўжо лез праз стол Мацьвей, і вядучы прэс-канфэрэнцыі з асалодай біў Ірыну па шчаках, высякаючы зь іх вагонь,

і халодная баба, якая сядзела побач, выкручвала Ірыне рукі, прыгаворваючы: “Гэта ў яе гістэрыка, гістэрыка, ня бачыце: гістэрыка, дайце ёй вады!”, а стары камсамолец і вечны спазьніўца з газэты нумар пяць лез Ірыне пад спадніцу й рохкаў: “Ёй не хапае паветра!”. Крыху паружавелага намесьніка міністра, на вуснах якога застыла бацькоўская ўсьмешка, пад рукі выводзілі з залі – я сутыкнуўся зь ім у дзьвярох, і ён чамусьці пагразіў мне пальцам.

44.

Як ні дзіва, і ў гэты раз усё абыйшлося, людзі ў нас жывуць добрыя, зразумець і дараваць могуць многае. Месяц Ірына прабавіла ў псыхіятрычнай лякарні, потым узяла яшчэ месяц за свой кошт – ёй спачувалі, яе шкадавалі, арганізавалі матэрыяльную дапамогу, дый прыкметаў вар’яцтва яна больш не дэманстравала – нармальная і здаровая, як пральная машына, маладая жанчына, ну хіба што сіневата-вугальныя кругі пад вачыма – з кім не бывае? Сьвіст, бадай што, зьнік, а можа, яго пасьпяхова глушылі няспынныя выбухі тых цудоўных ружовенькіх пігулак, якія Ірына піла па некалькі разоў на дзень; бацькі клапатліва дбалі пра тое, каб вазачка з чароўным зьмесьцівам на тэлевізары ніколі не пуставала. На наступны дзень пасьля таго, як ёй дахаты патэлефанаваў намесьнік міністра культуры і асьцярожна пацікавіўся яе здароўем, Ірына зноў выйшла на працу.

Прынята лічыць, што дзяржаўны чыноўнік – гэта заўсёды такі задышлівы, пузаценькі, вусаценькі свалачны бюракрат або жанчына з камсамольскай патыліцай і вачыма Маргарэт Тэтчэр. Ірына Агіеўская, маючы досьвед журналісцкай працы, даўно пераканалася, што гэта не зусім так. Чыноўнікі бываюць розныя. Напрыклад, даўным-даўна, яшчэ да сьвісту, Ірыне неяк давялося пісаць пра аднаго начальніка сярэдняй рукі. Ні ў каго б язык не павярнуўся назваць яго чыноўнікам. Нос каўкаскай работы, рост пад мэтр дзевяноста, высокі лоб, срэбра ў валасох, шляхетная худоба, доўгія й тонкія пальцы піяніста, непранікальныя вочы, якія заўжды глядзелі на любога суразмоўцу зь неперадавальна абаяльнай гіроніяй, уладны, з хрыпатцой, голас, моц, фізычная й духоўная, у кожным руху. А да таго ж – дарагі чорны гарнітур, нязьменны пунсовы шалік пад салідным паліто да самых костачак, пах сапраўднай мужчынскай парфумы, улоўны роўна настолькі, наколькі трэба... І галоўнае – масыўны пярсьцёнак на безыменным пальцы левай рукі ў выглядзе львінай галавы. Пра сябе Ірына адразу ж ахрасьціла яго Масонам – іншае слова тут не падыходзіла б. Кабінэт у Масона быў адпаведны, у ім хацелася павольна паліць, скручваючы шэрымі зьмейкамі дым, падслухваць чужыя таямніцы й заколваць ворагаў кінжалам. У куце чамусьці стаяла абцягнутая скурай канапа з падушкамі – ножкі высокія, узорчатыя, зь віньеткамі, – старая, антыкварная, відаць, рэч. Працоўны стол у Масона быў гэткі ж – двухсотгадовы, з чарнільніцай у форме чалавечага чэрапу, з ручкамі ў форме драконавых пашчаў. Ад вачэй Масона, ад водару ягоных цыгараў, ад усьведамленьня таго, што яны з Масонам у гэтым кабінэце сам-насам, Ірыне было неяк асабліва страшна й соладка, і замірала сэрца, і вільготна станавілася паміж ног, і цеснай апыналася кофта. Шторазу, ідучы пасьля гэтага на якоесьці заданьне, Ірына ўпотай спадзявалася, што й цяпер спаткае некага падобнага. Аднак масонаў яна больш не сустракала.

А гэты вось чыноўнік, да якога яна ішла сёньня пасьля вымушанага адпачынку, састарэлая на дзесятак год, млявая і аглушаная пігулкамі, быў быццам адмыслова змайстраваны паводле народных стэрэатыпаў.

45.

Звалі яго Іван Дзянісавіч, быў ён пляшывы й тоўсты, з вачыма як пасьля хабару. Непрыязна-зьдзіўлена паглядзеў на Ірыну, яна абыякава нагадала: “Дамаўляліся”, ён стомлена махнуў рукой на крэсла перад сабой і не прыкрываючы рот шырока пазяхнуў. Праўда, прапанаваў кавы, аднак Ірына драўляным голасам адмовілася, і ў сьвіных зрэнках начальніка зьявілася палёгка. Ірына ўключыла дыктафон, і начальнік паныла зарыпеў, нібыта пачаў надакучлівую малітву нейкаму нямогламу, а можа, ужо й няіснаму богу. Вочы ягоныя глядзелі, не міргаючы, на тэлефон, што стаяў на стале, і Ірыне на сэкунду падалося, што апарат рухаецца, аднак яна была занадта змораная і безуважная, каб думаць пра гэта.

Іван Дзянісавіч усё казаў, а дыктафон слухаў і запамінаў, і Ірына, якая сама сабе нагадвала ляльку, уявіла, як яна заплюшчвае вочы, і падыходзіць да края чагосьці, што ціха плёскаецца й цырчыць у нябачных жалабках; заносіць над гэтым

нагу, ні на імгненьне не задумваючыся, што там: басэйн ці бездань, і няўклюдна апускаецца – вадкасьць. Не расплюшчваючы вачэй, яна пагружаецца туды з галавой, вадкасьць цёплая, трохі гусьцей за ваду, па закрытых павеках прабягае сьвятло – прынамсі, цёмна-фіялетавая смуга дзе-нідзе становіцца сіняй ад ягоных уколаў. Выбухі, якія гучаць у галаве Ірыны, пакрысе ператвараюцца ў нечы вясёлы сьмех, і яе падзеньне запавольваецца, аднак ёй хочацца пагружацца далей, глыбей, безнадзейней, і яна напружвае плечы й сьцёгны, каб націснуць на прыдонную тоўшчу вады, вымаліць у яе дазвол на тое, каб дасягнуць дна. Усё сканчаецца тым, што яна завісае недзе пасярэдзіне, загорнутая ў цёплую, цесную бязважкасьць.

– Я магу паказаць табліцы, – прамаўляе стомлена Іван Дзянісавіч, і яна вяртаецца ў прапахлы потам кабінэт, і згодна хітае галавой: так, так, пакажыце.

– Вось тут, усё згодна з законам. Усе правілы, улучна з найноўшымі зьменамі й дапаўненьнямі, – дадае чыноўнік, і Ірына зноў ківае.

Вярнуцца туды, дзе яна толькі што так цудоўна апускалася на жаданае дно, Ірыне не ўдаецца. Яна бачыць Івана Дзянісавіча як праз мокрае шкло. Насамрэч яна не разумее, што ён хоча ад яе. Яна баіцца толькі аднаго. Толькі аднаго. Каб сьвіст не паўтарыўся.

– Прабачце, – слаба ўсьміхаецца яна, таропка адкрывае сумачку й дастае ружовую пігулку.

Яна адчула, што нешта ня так, яшчэ калі трымала яе ў руках, – пігулка ня важыла анічога, хаця раней адразу ж надавала раскрытай далоні радасьць свайго ратавальнага дотыку. Чыноўнік гідліва паглядзеў на Ірыну, адвярнуўся й суха адкашляўся. Ірына пахіснулася, але ўтрымалася на месцы, паказала гэстам, што можна працягваць, і Іван Дзянісавіч занудзеў наноў. Ірына, раз-пораз ківаючы, пачала сачыць за тым, як па шпалерах кароткімі пералётамі перамяшчаецца дзелавітая бялёсая моль.

Насамрэч яна, Ірына, баіцца толькі аднаго. Каб сьвіст не паўтарыўся. Усё, што заўгодна. Толькі ня сьвіст. За дзьвярыма пачуўся пранізьлівы голас сакратаркі. Сакратарка ў Івана Дзянісавіча была старая, уладная, чыстая, як паголеная мужчынская шчака, ведзьма. Але Ірыне гэта было да лямпачкі. Яна паднесла да вуснаў палец. Моль пакружляла крыху ў паветры, потым нырнула ў такія ж бялёсыя, як і яна сама, фіранкі й зьнікла. Шчокі Ірыны апякло смуродным, гарачым дыханьнем, і перад самым яе тварам пачуўся прыглушаны рык. Яе паўмёртвыя рэакцыі не спрацавалі, яна нават не ўздрыгнула, толькі павярнула галаву, і толькі тады нешта варухнулася ў яе грудзёх.

46.

За сталом, на невялікім узвышшы, зробленым з чырванаватага мэталу, шырока расставіўшы ногі сядзеў Іван Дзянісавіч і важна глядзеў на Ірыніна вуха. На чыноўніку нічога не было, апрача скураной набедранай павязкі й высокага залатога шлему, зь якога ў бакі тырчалі ненатуральна даўгія рогі. Абапал, выпаўзаючы з дзьвюх чорных трубак, курыліся ачмуральныя духмянасьці, захутваючы постаць Івана Дзянісавіча ў шызую, плыўкую сьпіраль дыму. Цела чыноўніка пакрылася за гэтыя сэкунды медным загарам, і цяпер блішчэла, нанізваючы на сябе адзін па адным усе аскепкі сонечных праменьняў, якія траплялі ў гэты не разбэшчаны сьвятлом убогі кабінэт. Жывот, сьцёгны, калені Івана Дзянісавіча палалі асабліва ярка, бо, па ўсім відаць, іх перад гэтым старанна умашчвалі рабыні – масламі ды алеямі, пахучымі, вязкімі, нагрэтымі непадробнай любоўю, як сокі ўлоньняў. Ірына ўзвыла і апусьцілася на калені. Ня гледзячы на яе, Іван Дзянісавіч яшчэ раз рыкнуў, потым у грудзёх ягоных нешта віскнула, і ён урачыста прамовіў:

– Я... Я, Тымультыністарта, Цар першы і апошні, Уладар Нінэвіі, Руйнавальнік і Забойца, Муж Глебы, Каханак Вады, Сын Неба, Я, Які Загадаў Зраўняць Зь Зямлёй Храм Іштар, Найвялікшы Вой, Маланка і Гром, кажу табе: служы!

І Ірына, падпарадкоўваючыся гэтай магутнай сіле, махнула галавой, ударыўшыся лбом аб падлогу, і папаўзла да ног Івана Дзянісавіча. Ён, як і раней, не глядзеў на яе, а Ірына, адчуваючы, як сьціхлі раптам усе тыя выбухі, што трымалі ў раўнавазе яе бедную сьвядомасьць, і ў страшнай, бязьлітаснай цішыні, як сьмерч, узьнік, разломваючы чарапную каробку сваёй знаёмасьцю й роднасьцю, сьвіст, кінулася да міжножжа Івана Дзянісавіча й рванула на сябе набедраную павязку. У гэты ж момант на стале, дзівосным чынам застаючыся безуважным да навакольных мэтамарфозаў, зазваніў тэлефон. Ірына здрыганулася й прыціснула непаслухмяныя рукі да скроняў. Яна зноў стаяла на каленях перад Іванам Дзянісавічам, і расшпілены прарэх на ягоных шэрых нагавіцах зьдзеклівай дзіркай чарнеў перад яе тварам, боўтаўся бессаромны расцугляны рамень, а сам чыноўнік, заплюшчыўшы вочы, пырскаючы сьлінай, шаптаў: “Мілая, харошая...”. Яна ўскочыла на ногі, падхапіла сумачку, кінула ў яе дыктафон і выскачыла з кабінэту. Старая ведзьма з падазрэньнем паглядзела на яе й марудна пачала падымацца з-за стала. Аднак Ірына была ўжо далёка.

Поделиться с друзьями: