Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
23.
Яна была разумнай жанчынай, Мая Леанідаўна, і пасьля таго як цягнік гісторыі зноў набраў ход і над краінай усталявалася стабільна-бязвоблачнае неба, у дырэктаркі зьявіліся нядобрыя прадчуваньні. Аднак, аптымістка па натуры, яна спадзявалася, што ў яе яшчэ ёсьць хаця б пара гадкоў... У кінатэатры штотыдзень адбывалася якая-небудзь імпрэза, білетэрка, пабудзі яе сярод ночы, магла на памяць распавесьці біяграфію любога клясыка айчыннай літаратуры, кінамэханік спакойна мог пісаць доктарскую па дакумэнталістыцы семідзесятых, а прыбіральшчыца мыла падлогу новым дзяржаўным сьцягам. Шафа ў кабінэце Маі Леанідаўны ламілася ад кніг з аўтографамі славутых майстроў культуры – прыемна было часам зірнуць на сьляды заслужаных асадак: “Дарагой Маі з падзякай! Няхай не згасае сьветлы агмень...” і г.д. Кіно ў Жданаве спраўна працягвалі круціць, аднак нейкім чынам яно адыйшло на другі плян. Барадатыя барды, адсьпяваўшыся, забіралі публіку ў бліжэйшую пяльменную жлукціць гарэлку, у залі заставаліся адзінкі, якія не зьвярталі на экран
24.
Пасьля Новага году кінатэатр на камісіі прызналі стратным і пастанавілі да траўня ліквідаваць установу. “Нядоўга музыка іграла, нядоўга фраер танцаваў”, – прашаптала зласьліва Маі Леанідаўне на вуха дырэктар “Шчасьця”, нядаўна адрамантаванай аграмадзіны ў цэнтры гораду, з “долбі-сыстэм” і більярдам, сынэматографа, што таксама спэцыялізаваўся на выхаваньні моладзі ў патрыятычным духу, толькі ў трошкі іншым. Мая Леанідаўна паспрабавала пратэставаць.
– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам... Цесната... І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому... Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е... Ды вось яшчэ... Грамадзкасьць піша...
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно... а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.
25.
У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць.Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.
26.
Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!” – звонка закрычала адна, нахабна кіруючыся ў той самы пад’езд, дзе месьціўся кабінэт. “Нават дзеці ўжо ведаюць”, – падумала
Мая Леанідаўна – зрэшты, нязлосна. Яна адчыніла фортку, і тут у дзьверы пагрукалі.– Калі ласка, – прамовіла Мая Леанідаўна, як заўсёды, на бумскай мове.
У кабінэт увайшоў малады яшчэ чалавек у шыкоўным касьцюме, усклычаны, відаць, па апошняй модзе, зь нейкімі невідушчымі вачыма й воранам на плячы. За сьпінай у наведніка сьціпла хаваўся нехта невысокі, маршчыністы й нязграбны. Мая Леанідаўна зьдзіўлена хітнула галавой у бок крэслаў, аднак незвычайнная пара засталася стаяць.
– Добры дзень, – павітаўся ўсклычаны, увесь час гледзячы кудысьці міма дырэктаркі, як сьляпы. – О, забытая мова дзядоў! Мілагучная і велічная, нібы сама гісторыя! Прабачце, што мы без папярэдняга тэлефанаваньня...
Незнаёмы пачаў доўга й прыгожа перапрашацца за візыт, асобна папрасіў дараваць яму за ворана, якога, як высьветлілася, завуць Нэвэрмор – “Ён зусім ручны, вось засуньце палец яму ў дзюбу!”, а той, другі, маршчыністы, усё ніяк не хацеў паказвацца, топчучыся за шырокай сьпінай усклычанага. Мая Леанідаўна паспрабавала спаймаць позірк гэтага балбатуна, але той загадкавым чынам спрытна ўварочваўся і працягваў глядзець убок. Аднак неўзабаве ўсё стала зразумела. Справа была не з прыемных. Візытанты апынуліся тымі самымі арандатарамі, якія задаволілі сваімі грашыма “Кінавідэапракат”. Дзень Х надыйшоў. Мая Леанідаўна для прыстойнасьці запатрабавала дакумэнты, хаця сэрца стомлена шаптала, што гэта лішняе. І праўда: усклычаны сунуў руку за сьпіну й тут жа працягнуў дырэктарцы бліскучы файлік, у якім усё было як мае быць – і пячаткі, і подпісы, і сумы пропісам. Неўзабаве тут мусілі зьявіцца рабочыя – руплівыя гномікі з малаточкамі й дрэлямі, ды перайначыць усё на свой капыл. Нядорага ж ты прадаешся, спадар Гагулевіч.
– Спакойна, Нэвэрмор. Мы хацелі б аглядзець памяшканьні, – вінавата прамовіў усклычаны, і Мая Леанідаўна цяжка ўздыхнула. У гэты момант яна нечакана пабачыла нос маршчыністага – той, абсалютна не цікавячыся размовай, з інтарэсам утаропіўся на вершніка зь мячом, які скакаў па сьцяне, імкнучыся да форткі і абмінаючы Маю Леанідаўну, як нейкую прыкрую перашкоду.
– Ну што ж, – дырэктарка дастала зь верхняй шуфляды зьвязак ключоў і марудна, па-старэчаму пачала падымацца зь месца. – Хадземце. А дазвольце пацікавіцца... Дазвольце пацікавіцца, што вы плянуеце разьмясьціць тут? Бар-рэстаран? Кампутарную краму? Ці інтым-шоп? Ну адкажыце ж, не адмоўце ў апошнім жаданьні асуджаным на сьмерць!
І тут усклычаны падняў вочы ўгору й хутка адступіў у бок. Воран прыглушана крыкнуў. Мая Леанідаўна апынулася перад нізкарослым, маршчыністым і вельмі нэрвовым маладзёнам, які зь незвычайнай хуткасьцю то засоўваў рукі ў кішэні, то высоўваў іх і цёр, цёр, цёр – нібы нарыхтоўваў папяровую муку.
– Што-што – дзед Пішто, – раздражнёна прамармытаў чалавек. Ён павярнуўся да дырэктаркі ў профіль, схаваў нарэшце беспакойныя далоні за сьпінай і ціхім, бясколерным голасам дадаў:
– Тут будзе тэатр.
Кацінае места
27.
Звычайна ў гэты час газонакасільшчык ужо пачынаў сваю працу; праклятая прылада ўмомант забівала нават самы моцны сон, Даражок нехаця падымаўся ды падыходзіў да вакна. Нядаўна траву стрыглі пад самым бальконам: малады чалавек, мружачыся, штурхаў перад сабой касілку, нібы плуг, якім аруць цішыню – Даражок зь нянавісьцю глядзеў хлопцу проста ў паголенае цемя, думаючы пра тое, што з гэтай узаранай цішыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб. Назаўтра віскат перамясьціўся кудысьці ўбок, потым накірунак, дзе працавала касілка, ужо немагчыма стала вызначыць – здавалася, касец шчыраваў на даху. А сёньня ён зусім зьнік, і Даражок, які звыкся прачынацца заўсёды ў пілавіньні ўласных сноў, вырашыў паваляцца ў ложку яшчэ трошкі.
Ён ляжаў, баючыся варухнуцца, бо так нядоўга й расплёскаць сябе, наталяўся цішынёй і думаў пра тое, што зусім неабавязкова прамаўляць услых: пра тое, што грошы сканчаюцца і трэба нарэшце знайсьці сабе хаця б нейкі заробак, пра тое, што ў гэтую хвіліну няблага было б адкінуць коўдру й пабачыць побач ружовае жаночае сьцягно, у радзімках і прышчыках, як на прыватных фота ў інтэрнэце, цёплае сьцягно, успацелае пругкае паўшар’е – наколькі б яно выратавала гэтую раніцу. Пра тое, што калі грошы скончацца, давядзецца вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў. Некалькі месяцаў таму ён сказаў ім, што знайшоў у сталіцы працу, і бацькі, пераглянуўшыся, далі яму грошай на першы час: пакой, мэтро, толькі ня еш у макдональдсах, і ня пі, галоўнае, ня пі, сынок. А ён і ня піў, наколькі можна ня піць у гэтай краіне, спраўна дасылаў дахаты лісты, заўсёдны ляканізм якіх кампэнсаваўся амаль дзіцячым аптымізмам: Даражок кожнага разу імкнуўся аздобіць сваё кароткае пасланьне якой-небудзь яскравай дэталяй, кшталту памады на гальштуку шэфа, і з дапамогай гэтага няхітрага падману ўдала, як яму здавалася, падтрымліваў у бацькоў стан душэўнае раўнавагі. Ён нават тэлефанаваў у Неглыбокае раз-пораз з паштамту; па-першае, там, адлюстроўваючыся ў шматлікіх кабінках, сядзела за шкляной перагародкай вельмі прывабная дзяўчына, якая пазірала на Даражка з інтарэсам, а па-другое, самі гэтыя кабінкі... Паклаўшы слухаўку, Даражок звычайна не выходзіў, а заплюшчваў вочы й некалькі хвілінаў сядзеў у цудоўным задушлівым паўзмроку – вялізная лічба на плексыглясавай дзьверцы засланяла Даражка ад позіркаў звонку, захінала сваім фігурным ценем, ён пачуваўся як дома й сядзеў у кабінцы да першага грубага грукату.