Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

33.

Сто разоў уяўляў сабе тэрарыст Ягорка, як кідае бомбу ў царскі экіпаж, аднак у вырашальны момант разгубіўся, зьняў капялюш ды пакланіўся па-рабску ў пояс танаванаму шклу вокнаў – і пашыбаваў прэч, праклінаючы сябе; утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах. Тысячу разоў думаў калісьці Даражок пра тое, што ён зробіць, калі патрапіць у рай адзіноты, а цяпер усё пайшло неяк наперакасяк, і зьдзяйсьненьне самага важнага, здавалася, можна лёгка пакінуць на бясконцае потым – пасьпеецца – а цяпер дазволю сабе адпачыць. І былі ягоныя дні занятыя дзіўнымі й дробязнымі справамі, і горад быў вялікі, пакорлівы й паслужлівы; і Даражок марнатраўнічаў, як хацеў. Пра тое, што Яны могуць раптам вярнуцца, думаць неяк не хацелася; гэтак ня хочацца ў выходны дапускаць існаваньне панядзелка, гэтак у ложку з жанчынай ня верыш, што яна можа ад цябе калі-небудзь сысьці. Вечная нядзеля, пэрманэнтнае сьвята; вясельны абед на адну пэрсону.

Што ён рабіў у першы тыдзень сваёй доўгачаканай адзіноты, ён, Даражок, шчасьлівы й трохі зьбянтэжаны

ўладальнік уласнага гораду, нібы незабыўны ад самага дзяцінства Кармадзі з кнігі “Прадаецца плянэта”? Сьнедаў у “Італьянскім куточку”, на адкрытай тэрасе, абедаў у малой залі рэстарацыі “Патсдам”, вячэраў у “Таджыцкай кухні” – сам сабе кухар, сам афіцыянт, сам кліент. За першыя два дні паглядзеў усё тое модна-жорсткае кіно, на якое калісьці не ставала грошай. Пераспрабаваў мора цыгарэтаў і ўрэшце спыніўся на “Лакі страйку”; адзін дзень Даражок не паліў зусім – абкурыўся паганымі й дарагімі цыгарамі. Пасядзеў у прэзыдэнцкай ложы на стадыёне. Лянотна пагартаў шыкоўныя выданьні ў “Сьвеце кніг”, аднак жаданьне чытаць, дагэтуль дастаткова моцнае, зьнікла як і не было, і Даражок, пазяхнуўшы, падумаў: “Потым”. Нічога не чапаючы, пахадзіў па некалькіх незачыненых кватэрах у цэнтры, неўзабаве ўсё ж ня вытрымаў: пакахаўся зь нечымі ачмуральна-кужэльнымі майткамі, асьцярожна выцершы за сабой; сунуў у кішэню суворага выгляду пісталет, аглушыўшы вечарам таго ж дня ў парку сям’ю разамлелых ад цішыні качак (страляў ён, натуральна, не па птахах, а па піўных келіхах, выстаўленых на каменны парапэт – сем стрэлаў, і ўсё міма); пасадзіў на плячо зусім нерэальнага нават у гэтай казцы ручнога ворана, які еў асірацелых прусакоў у трохпакаёўцы каля цырку; ахайна, строга захоўваючы пасьлядоўнасьць, праз роўныя прамежкі часу перакалаціў малатком дваццаць восем гліняных галоваў, раскіданых па нечай майстэрні; у другой майстэрні натрапіў на надзіманага чалавека, фігуру якога складалі штук дваццаць вялізных поліэтыленавых пакецішчаў: усьмешка, рот, вочы, нос, рукі й гэтак далей; гуляў у нейкае падабенства сквошу сам з сабой на могілках, прайграўшы ўсе партыі; зрабіў на цэнтральнай плошчы вогнішча з газэтаў (думаў, атрымаецца вялікае), падняўся на трыбуну й доўга стаяў, выкінуўшы руку ў фашыстоўскім прывітаньні (з трыбуны вогнішча выглядала убога); накарміў нейкага зусім ужо лядашчага ката дэлікатэсамі й ледзь уцёк ад зграі ягоных суродзічаў, якім заставалася, відаць, няшмат часу, каб навучыцца самім пранікаць у запаветныя сховы; патрынькаў трохі на “Фэндэры”; перапіў абсэнту і глупым чынам заснуў на падлозе ў адзьдзеле цацак самага буйнога супэрмаркету.

34.

Спачатку Даражку было жудкавата адчуваць сьпінай гэтыя скіраваныя штохвіліны толькі на яго н і ч ы е позіркі – можа, таму ён гэтак імкнуўся рабіць як мага болей шуму, можа, таму ён стараўся ні на імгненьне не заставацца цалкам цьвярозым.

Жыў ён цяпер у сьціплым, але чыстым, як правінцыйны бардэль, гатэлі “Пераможца” – і ўсё таму, што тут некалі, падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце, спыняўся сам Эліс Найтмар, ужо ў тыя дні занадта стары й незапатрабаваны, каб граць дзе-небудзь яшчэ, апрача як у гэтым горадзе; Дзядзьку Найтмара ў сталіцы памяталі хіба што толькі саракагадовыя пярдуны, а вось у Неглыбокім яго круцілі на кожнай дыскатэцы. Дзядзька Найтмар даў тады адзін канцэрт у Палацы спорту, на які Даражок хадзіў з Драпковічам і ягонай сяброўкай, але ў памяці засталося газэтнае: “Эліс Найтмар, рок-зорка 70-ых, будзе начаваць у нумары 79 гасьцініцы “Пераможца”. Цяпер Даражок спаў на тым жа ложку, на якім дрых калісьці СупэрАнкл. Калі гэта было? Піць абсэнт, глядзець зь сёмага паверху на тое, як Даражокбург падстаўляе плечы травеньскім маланкам, уварочвацца ад пранізьлівага погляду ворана. Яны ня вернуцца. Ніколі.

35.

У сераду Даражок напісаў першую карціну, адшукаўшы патрэбныя прылады ў адным сьмярдзючым падвале: свой аўтапартрэт – атрымаўся нехта падобны да маладога Ганібала Лектара. Ён павесіў карціну ў пакоі, дзе калісьці жыў Драпковіч, – палова дня была патрачаная Даражком, каб узламаць дзьверы. Раніцай наступнага дня Даражок сабраў па некалькіх буціках стос рэклямных картонных хлопцаў з дэзадарантавымі ўсьмешкамі й расставіў па ўсёй вуліцы Молатава – узьняўся вецер, некаторыя пападалі, зьбіваючы астатніх. Увечары ён паглядзеў тэлевізар: Арафат быў хутчэй жывы, чым мёртвы, вёска адраджалася, а апазыцыя занепадала, і людзі адзначалі свае маленькія перамогі, і горад, гаспадаром якога быў цяпер Даражок, здаваўся на экране больш рэальным, чым насамрэч. У інтэрнэце спрачаліся, каму быць трэнэрам сборнай краіны па футболе. На наступны дзень Даражок патэлефанаваў бацькам у Неглыбокае. Слухаўку ўзяла маці: сам зьдзіўляючыся, ён пачаў вярзьці нешта пра падвышэньне заробку, а тая, нібы адчуўшы перагар з сынавага роту, завяла вечную сваю песьню: ня пі, ня пі. У суботу Даражок загрузіў тое-сёе ў новенькі пікап і паехаў да кальцавой дарогі. Сонца імчала наўздагон; воран безуважна паглядаў у люстэрка задняга агляду. Зьлева зьявіліся аграмадзіны шклозаводу – Даражок не зьмяншаючы хуткасьці разьвярнуўся й паехаў назад да гораду. Указальнік на ўзбочыне выглядаў дзіка, яшчэ глупей – бэтонныя літары “Сардэчна запрашаем!”, што стоўнхэнджам грувасьціліся на ўзгорку.

Тэлевізар ён цяпер глядзеў штодня. У нядзелю Даражок кінуўся галавой уніз з вакна нумару 79, але потым ачуняў, сеў на падваконьне, паглядзеў з сорамам на распасьцертае ўнізе цела са знаёмай патыліцай, махнуў рукой: “Каты зьядуць” і вырашыў, што заўтра ўсё будзе па-іншаму. Карыстацца дык карыстацца.

36.

Гэта адбылося раніцай панядзелка ў фае; яшчэ на прыступках Даражок, нібы дасканалая жывёла, адчуў: за ноч тут нешта зьмянілася. Ён пастаяў крыху наверсе, скідваючы попел у кветкавы гаршчок, насьцярожаны ягоны позірк пераходзіў

ад патрыятычных пано на сьценах да стойкі адміністратара, ад шкляных дзьвярэй, што вялі ў рэстарацыю, да цёмнага правалу калідору зьлева, з муміфікаваных пальмаў на нізкую столь, з пустэчы на пустэчу, зь нішы на нішу. Уначы прайшоў дождж, дзень пачынаўся неахвотна, шэра, у фае гарэла сьвятло, робячы вуліцу за празрыстымі ўваходнымі дзьвярыма яшчэ больш бясколернай; было такое ўражаньне, што на двары кастрычнік. Даражок зрабіў некалькі крокаў уніз, пагасіў цыгарэту й пабачыў іх – Сьляды.

Так, чарада зусім невялікіх сьлядоў ад мокрых і гладкіх падэшваў цягнулася ад уваходу да стойкі адміністратара, а затым аддалялася ў бок рэстарацыі. Сьляды пасьпелі трохі падсохнуць; па краёх іх цямнела ломкая корачка вулічнай гразі. Даражок добра памятаў, што лівень, магутны й кароткі, якія часта бываюць напрыканцы траўня, пачаўся не раней чым апоўначы, разбудзіў яго на некалькі страшных хвілінаў; да гэтага некалькі дзён было пагодна й суха – так што Даражку сьляды належаць ніяк не маглі. Ён узьняў падбародзьдзе й драпежна панюхаў паветра ў пошуках Другога.

37.

Асьцярожна, на дыбачках, рушыў у накірунку рэстарацыі, спыніўся перад дзьвярыма, зазірнуў. Там нікога не было; чыстыя столікі пад белымі абрусамі ў вяршках сурвэтак чакалі наведнікаў, блішчэлі рытуальныя пары нажоў і відэльцаў. Рызыкуючы быць засьцігнутым зьнянацку, Даражок прайшоў у цэнтр, абвёў вачыма падлогу. Сьляды прывялі яго да барнай стойкі – на ёй стаяў кубачак зь недапітай кавай, вакол якога шныралі мурашы крошак. Ён дакрануўся да кубачку – парцаляна была яшчэ цеплаватай.

Далей сьляды губляліся, але Даражок, зазірнуўшы за стракатую фіранку, знайшоў новыя дзьверы. Відавочна, існаваў яшчэ адзін шлях наверх, да нумароў, і Другі скарыстаўся менавіта ім. Кароткі калідор прывёў Даражка туды, дзе ён сёньня ўпершыню адчуў нябачную прысутнасьць Другога – да пляцоўкі перад ліфтам.

Нумар за нумарам, трымаючы ў вадной руцэ бутэльку каньяку, а ў другой – незараджаны пісталет, Даражок дасьледваў гатэль. Некалькі разоў яму здалося, што ён напаў на сьлед: у трыццаць пятым быў падазрона неахайна засьцелены ложак, у саракавым – адчыненае вакно, у пяцідзесятым з крану ліўся тонкі струменьчык вады, аднак, выходзячы адтуль, Даражок чамусьці ўсё адно быў упэўнены, што сюды ўжо тыдзень ніхто не завітваў: у пакоях панаваў халодны і абыякавы дух бязьлюдзьдзя. Урэшце ён апынуўся на апошнім паверсе, выйшаў на балькон і выкінуў пустую бутэльку ўніз. Стаяў ён там даволі доўга, узіраўся ў вільготны й нерэальны горад, пакуль у ягоных вушах не зьявіўся знаёмы шум натоўпу; Даражок глядзеў на горад з заплюшчанымі вачыма: людзі беглі да гатэлю нібыта на штурм, пераскокваючы праз агароджы, перакульваючы машыны й бэтонныя урны, той-сёй трымаў у руках сьцяг, і ставілі да сьценаў пажарныя лесьвіцы, і цягнулі абложныя прылады, і даражокбургцы лілі на гэты охлас кіпячую смалу.

Другі, відаць, пайшоў дасьледваць горад, і паляваньне зацягнецца.

Даражок спусьціўся ў свой нумар, ногі ўжо слаба трымалі яго, ён кінуў пісталет на тумбачку і ў поўнай зьнямозе паваліўся не здымаючы чаравікоў на канапу. Дзьверы лазьніцы адчыніліся, адтуль выйшаў маленькі, не раўнуючы курдупель Цахес, чалавек. Казённы гасьцінічны ручнік быў яму як рымская тога, а болей на чалавеку нічога не было.

– Я разумею, што гэты нумар на аднаго, – прамовіў Другі, кінуўшы на Даражка хуткі позірк. Даражок хацеў падняцца, але ня здолеў.

– Але адміністратарка сказала, што ўжо два гады яго выкарыстоўваюць як двухмясцовы, – незадаволеным рыпучым голасам працягваў маленькі, нібыта пярэчачы справядлівым пратэстам Даражка. – Так што ўсе прэтэнзіі да яе.

38.

– Зрэшты, – Другі зьняў ручнік, чакальна паглядзеў на Даражка, няўхвальна ўздыхнуў і павярнуўся да таго сьпінай. – Зрэшты, ніякіх клопатаў вам я не ўчыню. Мяне цалкам можна трохі пацярпець. Пагатоў, заўтра я адсюль зьязджаю.

Даражок рабіў намаганьне за намаганьнем, каб нарэшце адарвацца ад канапы, але ногі ягоныя зрабіліся нібыта ватныя, і рукі ніяк не хацелі слухацца. Скарыўшыся, зь цяжкасьцю варочаючы языком, ён мацюгаючыся паспрабаваў высьветліць, што ж здарылася. І дзіўна, невыносна дзіўна было зноў скарыстоўваць сваё цела для такога забытага занятку, як маўленьне – Даражок быццам гаварыў на той мове, на якой даводзілася размаўляць у апошні раз шмат гадоў таму. Паступова, аднак, словы пачалі давацца яму ўсё лягчэй. Другі цярпліва слухаў, абсалютна не зьдзіўляючыся, і апранаўся – паволі, акуратна, і Даражок пакрысе разумеў, што Другому ягоны аповед не падаецца ні трызьненьнем, ні праўдай. Другі слухаў і раз-пораз кідаў вострыя позіркі паверх галавы Даражка, туды, дзе ляжала на століку адрасная кніга.

– Прамінула тры дні, як горад быў узяты, а частка ягоных жыхароў усё яшчэ нічога ня ведала пра гэта, – сказаў Другі, укруціўшыся ў пінжак і здалёк паказаўшыся люстэрку. – Гэта з аповеду Арыстотэля пра захоп Вавілону пэрсамі. Я, прынамсі, бачыў тут людзей, і даволі шмат. Вось, напрыклад, афіцыянтка ў рэстарацыі гэтага мілага гатэлю. Сапраўдны анёл. Аднак я дапускаю, што пры пэўным поглядзе на рэчы гэтае места (не такое ўжо, трэба сказаць, вялікае – даводзілася мне бываць і ў гарадох паболей) цалкам можа падацца бязьлюдным. Нічога дзіўнага. Людзі, людзі... А мы з вамі хто? Ня трэба так скептычна ставіцца да сваіх суайчыньнікаў – сярод іх трапляюцца вельмі дастойныя асобы. Спадзяюся, вы ня гадзілі на вуліцах і выкідалі недапалкі выключна ў сьметніцы? А то вашая адзінота тут ніяк ня можа служыць апраўданьнем для таго, каб какаць на праезджую частку. І раз ужо мы з вамі тут толькі ўдвух, як вы мне распавялі толькі што, то раю вам выкінуць гэта (Другі паказаў на пісталет) або схаваць да лепшых часоў. На ваш горад я зусім не прэтэндую, мне патрэбныя адно некалькі дзясяткаў квадратных мэтраў. І хочацца верыць, што ні ў якім выпадку вы не зьбіраліся страляць па чароўных катах, якіх, я бачу, у гэтым месьце вялікае мноства.

Поделиться с друзьями: