Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
12.
Яны пераехалі ў Ніжнюю Кулумчу раптоўна, нібыта ўцякалі ад кагосьці. Некалькі тысяч душных кілямэтраў сям’я Назара адолела зь цяжкасьцю, таварыш Мінус валяўся з тэмпэратурай на верхняй паліцы й патрабаваў у жонкі даць яму грамадзкае даручэньне. На другі дзень у вокны вагона зазірнула сталіца, яе погляд абыякава прасьлізнуў па Назаравым твары, назаўсёды пакінуўшы ў ягоных вачох чырвоныя зорачкі. Сястра бадзялася па вагонах; цягнік выстрыгаў у бясконцых пушчах і дубровах даўгія палосы. Някрасаўскія мужыкі, зьняможаныя кабылкі й падобныя да Назаравага бацькі ўазікі з выглядам фаталістаў чакалі, пакуль падымецца шлягбаўм. Рэкі станавіліся ўсё шырэй, а на трэці дзень іхнага падарожжа вагоны, здавалася, завісьлі над неабдымнай, страшнай, бяскрайняй воднай паверхняй. Назар глядзеў уніз з захапленьнем, а потым азіраўся на сваіх спадарожнікаў:
Увечары ў вагоне зьявіўся першы Салавей-разбойнік, прадаваў кавуны. Назар атруціўся й да самае Ніжняе Кулумчы праседзеў у прыбіральні.
13.
“А мне што”, – шчэрыла рэдкія зубы правадніца. – У вас у білетах напісана: да Кулумчы. Ідзіце ў міліцыю”. Усё красамоўства таварыша Мінуса апынулася бясьсільным перад гэтай жалезнай лёгікай; уздыхнуўшы, ён схаваў у кішэню клятчасты лісток з кароткім тэкстам: “Я сустрэла чалавека, зь якім мы пасьлязаўтра расьпісваемся. Не сярдуйце на мяне. Ваша дачка”, узяў у вадну руку чамадан, а ў другую – валізу й павёў жонку з сынам на станцыю.
Ніжняя Кулумча была маленькім сонным пасёлкам, які, нібыта сярэднявечная вёска вакол фэадальнага замку, вырас за апошнія пару дзясяткаў гадоў пры вялікім чыгуначным вузьле. Дзевяноста працэнтаў насельніцтва працавала на чыгунцы, астатнія або кармілі чыгуначнікаў, або лячылі іх, або імі камандавалі. Цётка сустрэла парадзелае Назарава сямейства прыхільна, саступіла бацькам свой высокі, дзявочы ложак, сама спала на двары, а Назару пашанцавала – у яго ўпершыню ў жыцьці зьявіўся ўласны пакой, цёмная камора збоку ад вэранды.
Таварыш Мінус неўзабаве ўладкаваўся па партыйнай лініі, да таго ж ён раз на некалькі дзён пісаў у мясцовы баявы лісток “Кулумчанскі чыгуначнік” зьедлівыя крытычныя артыкулы пра фармалізм у працы з моладзьдзю ды ў пажарнай ахове – праз тыдзень іхнага знаходжаньня тут бацьку Назара ўзьненавідзела ўся ня толькі Ніжняя, але й Сярэдняя Кулумча, ня кажучы ўжо пра Верхнюю. Маці Назара пайшла ў школу, вучыць салаўятаў-бандзюжанятаў вялікай і ўсім зразумелай мове. Праз два месяцы прыйшла паштоўка ад сястры: яна пісала, што цяжарная і носіць цяпер прозьвішча Рамаданава. Назар, такім чынам, мусіў стаць камусьці дзядзькам, чым вельмі ганарыўся. Жыцьцё наладжвалася. Цётчын тэлефон цяпер часта будзіў іх сярод ночы: малады інжэнэр жэку, а цяпер ужо, як высьветлілася, начальнік гэтай установы, доўга размаўляў з мамаю й перадаваў усім цёплыя, як дранікі, прывітаньні.
Наўкола панаваў аранжавы стэп, тутэйшымі тотэмамі былі рыба, кавуны й лякаматывы. Недалёка застыла ўласнае Мёртвае мора – салёнае возера, у якім немагчыма патануць, чароўная лямпа мінэральнага аладзіна. Мясцовыя насельнікі рэдка наведвалі гэтую перліну роднай прыроды, затое ўлетку сюды дзікунамі прыязджалі пракажоныя нават зь Фёдара-Кузьмічска, ставілі палаткі, адольвалі, абуўшы гумовыя віетнамкі, саляныя таросы, што, нібы бялок яешні, атачалі жаўток густой, нерухомай вады, уваходзілі ў возера асьцярожна, як паганцы, якія надумалі храсьціцца.
Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту №7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.
14.
Мы ўсе падобныя да знакамітых людзей, хаця б звонку. Няхай не цалкам, няхай не да кагосьці пэўнага, а адразу да некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да...” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана
Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.
15.
Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.
“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай і блішчэлі, як у нутрыі.
Наступны дзень Назар прапіў, прасядзеўшы да зорак ў таннай сталічнай ташнілаўцы, а ноч прабавіў у пакоі інстытуцкай сяброўкі. Раніцай, калі яшчэ толькі выпаўзала з-за крамлёўска-кромвэльскіх зубцоў дэмакратычнае сонца, ён выйшаў у непрыбраную сталіцу й пашыбаваў у накірунку вакзала.
16.
Сьмерць у сваіх дачыненьнях з Назаравай цёткай улічыла яе прафесійныя заслугі й напаткала пажылую кулумчанку акурат на чыгуначных рэйках, пад коламі цягніка, на якім калісьці прыехала сюды Назарава сям’я. Бацька, які з былым імпэтам арганізоўваў у ва ўсіх трох Кулумчах ячэйку нейкай апазыцыйнай партыі, не пазнаў Назара; магілу маці паказалі яму суседзі. Назар прагуляўся да плошчы, дзе цяпер вісеў зусім новы сьцяг. Назарава таямніца, пазбаўленая бачнага ўвасабленьня, ныла ўнутры й выклікала яшчэ большую разгубленасьць. Людзі вакол гінулі за мэтал, за мэдаль і за мэтан. Ён стаяў між роўных штабеляў загадак і ня бачыў выйсьця. Вецер кідаў яму ў твар сухі пясок – жменю за жменяй. І тут зь нябёсаў пачуліся воплескі.
Назар абярнуўся. Нехта незнаёмы наклейваў на шчыт ля Дому культуры новую кінаафішу. Край яе адрывіста пахлопваў пад парывамі ветру. Чалавек адыйшоў, палюбаваўся на сваю працу й зьнік унутры будынку. Назар падыйшоў бліжэй. “Затрымаць любой цаной” – было напісана на афішы ахайным жаночым почаркам. “Худ.фильм. Нач. 20.00”.
Ён узяў у кладоўцы свой стары ровар і паехаў на салёнае возера. На адзінай аўтамабільнай дарозе, якая вяла да гары Кулум, было цесна. Доўгай чарадой па ёй цягнуліся нецярплівыя джыпы й пакорлівыя масквічы. Ля возера, захінаючы бульдозэры й бэтонныя блёкі, стаяла здаравенная палатняная бандура з паведамленьнем аб будаўніцтве каля Ніжняй Кулумчы санаторыя “Жывая вада” і стварэньні ажно да Кулуму суцэльнай лячэбна-курортнай зоны. Праз тыдзень Назар прадаў цётчын дом лупатаму дзядзьку, былому намесьніку дырэктара заводу, хвораму на псарыяз і трохі разгубленаму ад нечаканага багацьця, што нядаўна звалілася на ягоную галаву, і зьехаў з Кулумчы назаўжды.