Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Цішыня ў пакоі цудоўным чынам працягвалася. Даражок чуў адно пошум дрэваў за вакном ды клявішныя каляратуры птахаў. Ён асьцярожна перавярнуўся на бок і падумаў, што людзі яму відавочна супрацьпаказаныя. Ні ў Неглыбокім, ні тут, у сталіцы, здымаючы пакой у някепскіх па вялікім рахунку людзей, ён не адчуваў сябе так утульна, як у тэлефоннай кабінцы. У гэтай паўпразрыстай труне ніхто не вымушаў яго ні да чаго – і як прыемна было ўсьведамляць, што шчасьлівае таемства адзіноты адбываецца ўпрытык з тэлефонным апаратам, з тым самым прыстасаваньнем, пакрытым лакам сотняў тысяч дотыкаў, крывадушным, распухлым і чорным, як неглыбоцкі попік. З тэлефонам, які, нібы зводня, утварае чалавечыя калектывы. Ён падумаў, што няблага было б пайсьці ў газонакасільшчыкі – лепш штодзень адчуваць на сваім цемені нянавісьць, чым пяшчотную руку калектыва – на вуснах. Людзі, якіх мы не выбіралі сабе ў сябры, вымушаюць нас да неўласьцівых нам дзеяньняў і прымушаюць адказваць ім тым жа. Гэта й называюць ўзаемінамі.

28.

Іншая справа – людзі няісныя. Даражок любіў выдумваць людзей і гутарыць зь імі. Часта, зачыніўшыся ў сваім пакоі

й з агідай слухаючы, як хорам рагоча гаспадарская сям’я ад казыткі чарговага кавээну, ён, дыхаючы часта-часта, як дварняк на сьпёцы, ня маючы моцы ў нагах дабрацца да ложку й выратавальнага супрацьгазу падушкі, прысланяўся ілбом да дзьвярэй і прыдумваў, прыдумваў, уяўляў: міліцыянтаў, сакратарак, бандытаў, мастакоў, прастытутак, дырэктарак кінатэатраў, прыбіральшчыцаў, прыдумляў сабе братоў і жонак, сыноў і дачок, выклікаў зь нябыту неімавернага асабістага лекара, або ўласнага ката, або фанабэрыстага шэфа, зь якім зараз жа давядзецца размаўляць, – прамінала хвіліна, і ў пакоі зьяўляліся іхныя дзіўныя постаці, якім было адведзена на жыцьцё роўна столькі часу, колькі зь імі жадаў гаварыць іхны стваральнік; Даражок пачуваўся ў гэтых гутарках надзвычай упэўнена, яго нават п’яніла тая нечаканая лёгкасьць, што нараджалася ў словах і гэстах; бадай, у гэтым сьвеце яго лічылі цынічным балбатуном. Але за сьцяной зноў ванітавала ад сьмеху ягоных гаспадароў, убогія, бляклыя галасы паўтаралі і абсмоктвалі нейкую пошласьць – вось хто быў напраўду жывы, вось хто быў рэальнасьцю. А здані зьнікалі – як не было.

29.

Між тым час ішоў, на думках Даражка, бы пячатка на афіцыйнай паперы, стаў усё мацней праступаць вобраз першай ранішняй цыгарэты. Трэба было падымацца, але ён не сьпяшаўся. Спачатку яму ў галаву прыйшла падказаная ўласным целам дурнаватая фантазія наконт дыктатара адной няшчаснай краіны, які найвышэйшым указам пад страхам сьмерці забараніў народу спраўляць натуральныя патрэбы: сам дыктатар, геніяльны параноік-герантафіл у пагонах, загадзя паклапаціўся пра адпаведныя “удобствы” ў сваім кабінэце й толькі пасьміхаецца з тэлеэкранаў, а людзі, жылая плошча якіх пашырылася такім неверагодным чынам, дзякуюць правадыру за мудрасьць: затое цяпер на вуліцах ніхто ня мочыцца, і ёсьць куды ставіць закаткі на зіму. Знаходзяцца незадаволеныя, ладзяць сядзячыя пікеты... Што ж, большасьць насельніцтва неўзабаве па-майстэрску авалодвае навукай патаемнай дэфэкацыі й раніцай у нядзельку, як сьлед аблягчыўшыся ў замаскаваны пад урну з прахам продкаў унітаз, ідзе граміць сраных адшчапенцаў. Даражок ускочыў з ложку й кінуўся ў прыбіральню. У кватэры ўжо нікога не было, гаспадары сышлі на працу. Гэтая пустая трохпакаёўка магла бы быць ягонай.

Ніхто б не назваў яго правінцыялам – ён шмат бываў у сталіцы яшчэ дзіцёнкам, далоні ягоныя памяталі сьлізкую шыю аблупленага атракцыённага каня ў гарадзкім парку адпачынку, у вачах яшчэ ня згас залаты бляск навюткіх, рудых пяцікапеечных манэтаў, на якія яны з бацькамі разьмянялі калісьці цэлы рубель, гэта было ў дзень адкрыцьця сталічнага мэтро. Потым ён некалькі год вучыўся тут, прагна, не разжоўваючы, заглынаў гарадзкія спакусы, ёй не было яшчэ сямнаццаці, хаця выглядала на ўсе дваццаць два, салаты з кніг пад гарэлачным соўсам, неахайна расфасаваная чалавечына, знаёмыя маці, у якіх ён жыў, выправаджвалі яго з дому, калі прыходзілі госьці. Клюбы, кавярні; неглыбоцкія білі яго кожнае лета. Даражок скончыў вучобу аброслы знаёмствамі, як ліхтарны слуп на прыпынку – аб’явамі. Раней кожны зь іх быў сябрам, потым інфляцыя часу, найвышэйшай, найкапрызьлівай інстанцыі, за некалькі нікчэмных год ператварала былую экзальтаванасьць у пыл. Ён выцер накрыўку ды выйшаў. У лазьніцы проста на падлозе стаяў пусты слоік, дзе спаў стары, зьняможаны павук. Побач на падлозе бялелі плямы пены для галеньня, у якіх варушыліся чорныя валаскі.

30.

На гэты раз ён прыехаў у сталіцу са спадзяваньнем, што былыя сувязі страчаныя і ніводныя з вачэй гэтага места не пазнаюць у ім колішняга Даражка... Як бы ня так! Ужо на вакзале ён спаткаў Драпковіча й прачнуўся праз тыдзень у таго дома перад тэлевізарам, з вывіхнутай рукой і талеркай халодных пяльменяў на каленях. Потым была кароткая перадышка, Даражок цьвёрда зарокся пазнаваць каго б ні было, і ўсё ж здараліся дні сапраўдных аблаваў, калі яму даводзілася даваць чужыя нумары тэлефонаў, уцякаць праз форткі ў прыбіральнях, шукаць чорныя хады ў гэтай шахматнай гульні, дзе ўсе фігуры белыя. Часам здавалася, што ўсё скончана, але спатрэбілася вясна, каб ён пачаў хадзіць па вуліцах спакойна. І аднак жа сталіца была раем у параўнаньні зь Неглыбокім, хаця яно й называлася райцэнтрам – там у іх дома, у двухпакаёвай кватэры, рабілася немавед што: у лядоўні жыў Канстанцін Цімафеевіч, а над ім у маразілцы – ягоная жонка Кацярына Андрэеўна, у духоўцы пліты – шматдзетная сям’я Арцыбашкіных, тэлевізар займаў вэтэран унутраных органаў, а таксама іх інвалід Засімчанка, а крыштальныя вазы зьмяшчалі братоў Рубіцкіх. Калтуноў сьціпла жыў у хлебніцы. Усе яны пісалі біяграфію Даражка, падрабязную, ілюстраваную, з багатым фактычным матэрыялам, аўтарскі калектыў у дзесяць тысяч душ. Ён задыхаўся там, ён знайшоў адмычкі да іхных пытальнікаў і зьбег туды, дзе былі патрэбныя іншыя героі. Туды – у сталіцу. Даражок выштурхнуў з роту на бруднае дно ванны сіне-белае месіва й раптам заўважыў прусака, які лез па сьцяне. Пальцы міжволі пстрыкнулі – і прусак як куля працяў друзлае павуціньне на дне слоіка. Даражок хмыкнуў і выключыў сьвятло.

31.

Сёньня Даражка чакала чарговая кантора з тых, дзе ён мог бы знайсьці сабе заробак. Дагэтуль яго паўсюль сустракалі ласкава, вакансіяў было шмат. Выходзіў старшы мэнэджэр, пачынаў распавядаць пра абавязкі й выгоды, бачыў лагодны, шчыры твар Даражка, які то захоплена ківаў, час ад часу задаючы ўдакладняючыя пытаньні, нязьменна ў цяперашнім часе: “Значыць, я мушу а пятай... А я, значыць,

еду ў банк і...”, то напускаў на сябе сур’ёзнасьці й, праціраючы вочы, горка прамаўляў: “У вас занадта высокая, як для мяне, зарплата...” – і старшы мэнэджэр распаляўся, і маляваў схемы, і рваў аркушы з блякноту, і знаёміў з супрацоўнікамі, а Даражок усьміхаўся, быў з усімі ветлівы і ў той жа час карэктна кампанейскі, потым паціскаліся рукі, прызначаўся на заўтра час афармленьня дакумэнтаў, Даражок даваў – “на ўсялякі выпадак!” – нумар тэлефону Драпковіча й бясьсьледна зьнікаў. Празь некалькі дзён Даражок дамаўляўся па тэлефоне аб сустрэчы з гаспадаром вялікага офісу, чалавекам з маркотным голасам, што сьведчыла пра ягонае багацьце, і празь некалькі гадзін у жыцьці Даражка зьяўлялася сакратарка, якая ішла за высокія дзьверы дакласьці. “Барыс Міхайлавіч прыме вас празь пяць хвілін...” Даражок праваджаў юрлівым позіркам яе загарэлыя, глупыя ногі, уцягваў у сябе воблачак водару парфумы, і не пасьпявала сакратарка сесьці за стол, як на крэсьле перад ёй сядзеў сьлед Даражка і кашляў проста ў твар, а нядаўні наведнік ехаў сабе ў маршрутцы й ціха цешыўся з таго, што так спрытна ўратаваўся.

32.

Ён выйшаў з дому, калі ўжо прыпякала; трое катоў праводзілі яго насьцярожанымі вачыма. Зазвычай на лаўцы сядзелі вечныя, велічныя й старажытныя, як руіны Парфэнону, бабулькі – зрэшты, каты, што занялі іхнае месца, выглядалі ня менш салідна. Не было відаць і дворнічыхі, зь якой Даражок заўсёды вітаўся. Між ідыёцкіх рознакаляровых пысаў іншамарак стаяла некалькі пустых бутэлек з-пад шампанскага. Даражок дастаў цыгарэту; высьветлілася, што ён забыў запальнічку. Аднак вяртацца не хацелася, надта ўжо прыязнай была зь ім сёньня вуліца. Змрочныя думкі пра тэлефонную кабінку на паштамце пакрысе зьнікалі – усё ж моцна прыкутыя дзьвюхногія да зьменаў прыроды, варта сонцу зьявіцца, і можна здымаць вяроўку. Нырнуўшы ў зялёнае, нешта рэпэтавалі птахі. Даражок не дайшоў яшчэ да крамы, а ўжо забыў пра газонакасільшчыка й пра Драпковіча – пагатоў, і ля крамы людзей чамусьці не было, хаця там зь сямі гадзінаў штодня таўкліся ведама хто. На тым баку вуліцы, як цалкам скончаныя скульптуры, віднеліся штабелі пліткі. Даражок прайшоў далей, запаліць трэба было зараз жа, інакш – катастрофа, сьмерць, выгнаньне. Нечакана для сябе самога ён усьміхнуўся, але тут жа сьціснуў вусны і аглядзеўся вакол. Ніхто тут ня мусіць бачыць ягонай усьмешкі. Абапал алеі нясьпешна пагойдваліся дрэвы. Раз-пораз яму здавалася, што між дрэваў зьяўляецца нечая постаць, але ніхто так і ня выйшаў яму насустрач. Пасярод дарогі над раструшчаным пачкам печыва, якое, відаць, нехта выкінуў з вакна машыны, нэрвова ківаў галавой голуб. Даражок спыніўся ля пешаходнага пераходу, дачакаўся зялёнага сьвятла й падыйшоў да прыпынку. Зубы на рэклямным шчыце заклікалі да карыесу.

– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў руку, але тут за шапікам пачуліся грузныя крокі, ён імгненна вярнуў запальнічку на месца й нават міжволі схаваў рукі за сьпіной. Птахі сьпявалі гучна, нібы недзе ў Неглыбокім. Крокі паўтарыліся. Даражок абыйшоў шапік, ужо апранаючы на твар патрэбны выраз. Але і там нікога не было. Зь вялізнай разламанай картоннай каробкі выскачыў кот і кінуўся ў кустоўе. Даражок вярнуўся, запаліў і пайшоў да мэтро пехатою.

“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.

Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках у непрыстойных позах. І толькі вучоны хамяк Сапіенс кудысьці падзеўся.

Ад станцыі да плошчы пешшу – тры гадзіны. Даражок ішоў, зусім ужо вар’яцеючы, прысаджваўся на лаўкі, прыпальваў, карыстаючыся чырвонай запальнічкай, скрадзенай у прыватнага прадпрымальніка Губанава, крочыў па тратуары, строга выконваючы правілы дарожнага руху. І толькі на мосьце ня вытрымаў, спыніўся, стаў на бэтонную тумбу й закрычаў у горад:

– Аўтара! –

– як быццам ён так ужо хацеў аўтара. На скрыжаваньні Даражок павярнуў туды, дзе месьцілася кантора – ён зьбіраўся сёньня быць там, гаварыць, дыхаць, пакідаць сьляды на падробным паркеце. Каля пад’езда стаяла раскошная, як маладая афрыканка, машына. Даражок асьцярожна ўвайшоў, нават пагрукаў перад тым як увайсьці ў прыёмны пакой. Але нарвацца на вокрык у гэтым горадзе было ўжо немагчыма. Па прыёмным пакоі кружляла звонкая муха. Ён, парыпваючы падэшвамі, прайшоў у кабінэт. На стале ляжаў адгорнуты блякнот, і ў ім, сярод мноства выдуманых, няісных прозьвішчаў і імёнаў, аптэкарскім почыркам было выдрапанае і імя Даражка. Спазьніўся на дзьве з паловай гадзіны. Аднак гэта было ўжо няважна. Толькі цяпер ён зразумеў, што застаўся ў горадзе абсалютна адзін.

Поделиться с друзьями: