Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Пакуль Даражок, ня верачы сваім вушам, слухаў гэты зусім спакойным тонам прамоўлены маналёг, Другі прысеў на край фатэлю, пазяхнуў і раздражнёна дадаў:

– Людзі, людзі... Мяне мала хвалюе, ці маюцца яны тут. Мне трэба, каб яны зьявіліся Там...

Ён махнуў рукой у вакно, потым цапнуў з-за галавы Даражка адрасную кнігу й таропка яе пагартаў.

– Там... На вуліцы Ўзорнай, 2. Мне гэта вельмі трэба. Дарэчы, вы ня ведаеце: кавярня пад назваю “Вавёрачка” у цэнтры гэтай вашай Нінэвіі ўсё яшчэ існуе? Вы не спалілі яе, часам, у імгненьне трыюмфу чалавеканенавісьніцтва? Не? Выдатна. Цяпер слухайце ўважліва...

Другі нахіліўся над ложкам, і Даражок адчуў, як ён пахне. Ніякай серы.

– Мяне завуць Назар Мінус, і я хачу прапанаваць вам адну справу.

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ

Сьвіст

39.

У адну з цудоўных красавіцкіх раніц 199... году, калі зімовае

паліто раптам становіцца занадта цяжкім, а думкі – лёгкімі й заганнымі, студэнтка журфаку Іра Агіеўская пачула сьвіст. Гэты сьвіст, відавочна, быў прызначаны выключна для яе, бо йшоў аднекуль знутры яе сьвядомасьці й гучаў толькі ў ейнай, не пазбаўленай, дарэчы, ачараваньня, галаве. Спачатку ён быў ненавязьлівы, ціхі, Ірына нават падумаць не магла, у які кашмар гэта неўзабаве ператворыцца. Ужо назаўтра, варта было Ірыне прачнуцца, сьвіст загучаў удвая мацней, а ўвечары ёй ужо здавалася, што нехта нябачны штосэкунды насьвіствае ёй у самае вуха. Не, гэта было ня тое непрыемнае гудзеньне, на якое часам пакутуюць людзі з-за капрызаў ціску; гэта было сапраўднае жывое насьвістваньне, у меру фальшывае, ня вельмі мілагучнае – да болю знаёмы матыўчык, нешта такое з грамадзка-карыснага дзяцінства, музычная фраза, якая бадзёра пачыналася, крыху запавольвалася, абрывалася й тут жа гучала зноў. На трэці дзень сьвісту Ірына ўжо моршчылася, у яе разломвалася галава, яна патэлефанавала ў “Газэту №13”, дзе праходзіла практыку, сказала, што блага пачуваецца й ня прыйдзе сёньня, і сьвіст набыў зласьлівую радасьць.

Назаўтра яна зноў не пайшла на практыку; у пэўныя моманты ёй здавалася, што сьвіст становіцца цішэй, і тады яна замест адпачынку, ненавідзячы сама сябе, таропка спрабавала ўспомніць усё-ткі: адкуль жа гэтая знаёмая мэлёдыя. Марна – катавальны матыўчык жадаў заставацца інкогніта.

– Ну, табе проста трэба разьвеяцца, – трос галавой загадчык маладзёжнага адзьдзелу “трынаццаткі” Мацьвей, да якога Ірына мела патаемную сымпатыю і якому прызналася неяк пра свае праблемы. – Схадзі ў кіно, ці, лепей, у тэатр... Ведаеш, колькі цяпер маленькіх тэатраў новых, авангардных у горадзе паадкрывалася! Сёньня? Не, сёньня я не магу... А заўтра мне пра тралейбуснае дэпо пісаць... Схадзі вось з Жэнечкам...

Бацькі Ірыны, малаадукаваныя й баязьлівыя людзі, якія вельмі ганарыліся, што дачка абрала сабе такі пачэсны шлях у жыцьці, палезьлі з роспытамі, аднак пра сьвіст не паверылі, сказалі: ну, да лекара давай. Рэч у тым, што Ірына ня так даўно пісала для “Газэты №13” вялікі матэрыял пра адну рэлігійную сэкту, “Марсавы сёстры” яна называлася, ці як, і нацягала дахаты іхнай літаратуры, а бацькам нічога не распавядала – яны й спалохаліся за дачку. Ачмурылі сэктанты, вось у дзіцяці й вочы чырвоныя.

Маці, праўда, патэлефанавала знаёмай лекарцы, і Ірына, якая ўжо й сама баялася ня менш за бацькоў, цэлы тыдзень езьдзіла на край сьвету, з трыма перасадкамі, абсьледвацца. Аднак дактары паціснулі плячыма: здаровая. На дзясяты дзень сьвіст, між тым, стаў ужо папросту невыносны, сьвідраваў мозг, плавіў розум; Ірына на сьценку лезла. Яна круглыя суткі бавіла ў навушніках, начыненых разнастайным хардкорам; сьвіст практычна не даваў спаць... толькі пад раніцу ёй удавалася пагрузіцца на гадзінку ў хісткае забыцьцё. Рукі трэсьліся, позірк ня мог зачапіцца ні за людзей, ні за прадметы, Ірына гатовая была ахвяраваць любой часткай цела за тое, каб сьвіст нарэшце зьнік або стаў прынамсі цішэй. Яна піла транквілізатары, гарэлку, снатворнае й прадукцыю кампаніі “Панацэн”, аднак сьвіст бязьлітасна працягваў выядаць Ірыну знутры. І вось тады, калі Ірына цьвёрда вырашыла скончыць жыцьцё самагубствам, роўна празь месяц з пачатку гэтай незвычайнай, пачварнай хваробы, сьвіст нечакана стаў сьціхаць.

40.

Залік па практыцы яна, натуральна, атрымала; яе многія ведалі, яе любілі, яна ж падавала надзеі ў гэтым вялікім бандыцкім кабаку пад назвай “Айчынная журналістыка”, ня вельмі прыгожая, але абаяльная афіцыянтачка з талентам публіцыста, ад яе чакалі, што праз пару-тройку гадкоў яна пачне падаваць і буйныя, па-майстэрску прыгатаваныя стравы на замову патрабавальных дзяржаўных кліентаў. Аднак на іспытах узьніклі праблемы: Ірына заваліла адзін, другі, трэці, на пераздачу не прыйшла, і ўвосень стала вольнай як падхоплены ветрам пусты цэляфанавы пакет.

Празь некаторыя асаблівасьці арганізму жанчын у нашай краіне ў войска не бяруць; Ірына досыць лёгка ўладкавалася ў “Газэту №13”, тую самую, дзе праходзіла практыку, нармальна зарабляла, на даляглядзе віднелася магчымасьць паступаць наноў. Сьвіст не пакідаў яе, засеў недзе глыбока, вуркатаў ціхенька і ў параўнаньні з тым, што адбывалася з Ірынай той жахлівай вясной, яе цяперашняе існаваньне стала цалкам цярпімым; яна нават звыклася са сьвістам, ён ператварыўся ў непрыемнага, але заўсёднага спадарожніка яе жыцьця. Ціхі, ненавязьлівы сьвіст.

41.

Упершыню я пабачыў Ірыну на адной прэс-канфэрэнцыі, той самай, скандальнай, пра якую ведае кожны гарадзкі журналіст і нічога ня чуў ніводзін шараговы чытач. Я тады якраз уладкаваўся карэспандэнтам у “Газэту №78”, маленькую, пошлую – я адтуль зьбег праз два месяцы й дагэтуль не разумею, як мяне магло туды занесьці. Прэс-цэнтр, ледзь прыкрыты скамечаным

дзяржаўным сьцягам, лянотна аддаваўся намесьніку міністра культуры, які брыдкім голасам распавядаў пра падрыхтоўку да гарадзкога сьвята. Ірына сядзела за круглым сталом, усім сваім выглядам дэманструючы, што яна поўная сілаў і энэргіі – упэўненая юная тыгрыца над абглоданай косткай мікрафону. Мне ж – я сядзеў у апошнім радзе, надзейна схаваўшыся ад тэлекамэраў за сьпінамі калегаў, “настаяшчых” журналістаў – было цудоўна відаць усю жаласьлівую фальшывасьць яе намаганьняў; раз-пораз Ірына падносіла ўказальны палец да вуснаў, нібыта задумаўшыся, і я разумеў, назіраючы за панічнай дрыготкай падушачак, што яна кусае сабе пазногці, моцна, да крыві. Намесьнік усё казаў ды казаў, задуха труціла любую жывую думку ў гэтым прапахлым страхам памяшканьні, мазаіка на сьценах нешта значыла, але што? Зь цяжкасьцю пралезшы ў дзьверы, у залі зьявіўся заўсёдны спазьніўца, стары камсамолец з “Газэты №5”, грузна прабег да зарэзэрваванага для яго месца, мімаходзь пагладзіў Ірыну па плячы – толькі я ў гэтым маўзалеі заўважыў, як уздрыгнула яна, як уцягнула галаву ў плечы, а потым, зь нечалавечым напружаньнем, зноў выпрасталася й паспрабавала самаўпэўнена пасьміхнуцца. Я ня слухаў, голас намесьніка быў для мяне толькі роўным і непрыемным гулам, я нічога не запісваў, дый навошта – у мяне ўжо меўся прэс-рэліз, дзе было пазначана ўсё патрэбнае. На каленях ляжаў блякнот, я ўпотай падняў да твару рукі й паглядзеў на іх – успацелая, бледная, нездаровага колеру арганіка з доўгімі лініямі жыцьця.

42.

Спачатку пытаньні задавалі фанабэрыстыя мэтры з газэтаў нумар адзін і два, потым пыхлівыя тэлекарэспандэнты. Па твары намесьніка блукала распусная ўсьмешка. Абводзячы прысутных адсутным позіркам, ён зноў гаварыў, журналісты ўцягвалі ягоныя лёгкія словы як дым і як дым выдыхалі, каб ніколі болей ня ўспомніць. Я скалануўся й паклаў рукі на калені.

– Сёлета мы вырашылі пашукаць новых формаў работы, – варушыў вуснамі намесьнік. – З мэтай зладзіць сёлетняе сьвята такім чынам, каб пазьбегнуць любых праяваў фармалізму. Каб ня толькі тыя грамадзяне, якія бачаць у надыходзячым – а нягледзячы на тое, што да сьвята яшчэ хапае часу, мы ўжо лічым яго надыходзячым, бо аб’ём работы наперадзе сапраўды калясальны і давядзецца напружана папрацаваць усім службам сталіцы – у надыходзячым, як я ўжо сказаў, сьвяце вечны сымбаль перамогі й імкненьня да дабрабыту кожнага насельніка нашага гораду, дый ня толькі яго, і я маю на ўвазе ня толькі прыгарад, і таму возьмуць у мерапрыемствах самы актыўны ўдзел, але і маладое пакаленьне, тое, што традыцыйна лічыцца не настолькі зацікаўленым у падобных акцыях, паставілася да гэтага сьвята як да свайго, уласнага. Мы хочам, каб сьвята атрымалася сучасным, сучасным ува ўсіх сэнсах. Таму мы рыхтуем жыхарам гораду некалькі сюрпрызаў, і паколькі гэта сюрпрызы, ня буду адкрываць усіх таямніцаў. Скажу толькі, што мы ўжо заключылі дамову з многімі маладымі музыкантамі і іншымі творчымі людзьмі, якія возьмуць удзел у афармленьні сталіцы й правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў. Напрыклад, з намі пагадзіўся працаваць адзін малады авангардны мастак, шырока вядомы ў маладзёжных колах, ён прапанаваў нам супрацоўніцтва, і мы не адмовіліся, больш за тое – гэтая ініцыятыва надзвычай нас усьцешыла. І няхай прадстаўлены ім праект неардынарны й незвычайны для нашага гораду, гэта маладзёжнае, новае мастацтва, спэцыяльная камісія міністэрства і аргкамітэт сьвята ўжо далі дабро... Мы падумалі – чаму б і не? Трэба даваць дарогу маладым, пагатоў надыходзячае сьвята – гэта і іхнае сьвята таксама, мы гэтага хочам, мы да гэтага імкнемся. Кожны ў гэты вялікі дзень знойдзе на вуліцах нашага цудоўнага гораду нешта сваё.

– Наступнае пытаньне, калі ласка, – вядучы прэс-канфэрэнцыі спадылба агледзеў залю. – Газэта №13.

43.

Ірына апусьціла руку й спалохана абвяла вачыма тэлекамэры. Мне падалося, што на нейкае імгненьне нашыя погляды сустрэліся. Журналісты глядзелі на яе з інтарэсам – многія ведалі, што здарылася зь ёй нядаўна, і па залі пайшоў перашэпт. Неўзабаве яна авалодала сабой і павярнула галаву направа. Намесьнік міністра адорыў яе бацькоўскай усьмешкай.

– Ірына Агіеўская, газэта нумар трынаццаць, – сказала Ірына ціха, а потым працягвала ўжо гучней. – У мяне адразу некалькі пытаньняў. Як будзе арганізаванае сьвяткаваньне ў аддаленых ад цэнтру мікрараёнах, ці плянуецца там праца канцэртных пляцовак і сьвяточных кірмашоў?

Ірына пацерла лоб. Перашэпт сьціх, залю апанавала цішыня. Намесьнік міністра пачакаў крыху, потым усьміхнуўся і ўжо набраў у рот паветра, каб адказваць, але Ірына, гледзячы проста яму ў вочы, загаварыла зноў:

– І ці плянуецца ўключыць у сьпіс сьвяточных расьлінаў кактусы? Жыхары ўскраіны вельмі любяць кактусы. Кактусы й пэдыгрыпал. Яны намазваюць сабачыя кансэрвы на кактусы й закусваюць такім чынам на кожнае, кожнае, кожнае сьвята. Сьвята-салата. Злучаныя Штаты.

Намесьнік зьдзіўлена ўтаропіўся на вядучага, той спахмурнеў і перавёў погляд на Ірыну, але наткнуўся вачыма на камэры й натужна засьмяяўся. Тыя, хто сядзеў перада мной, у адным парываньні павыцягвалі шыі, каб лепей бачыць тое, што адбывалася за круглым сталом, і я таксама падаўся наперад. А Ірына, прымружыўшы вочы, раптам залямантавала, і голас яе рваўся, як папера:

Поделиться с друзьями: