Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
97.
Мы не адразу заўважылі яго, гэтага невысокага пляшывага таўстуна; ён увайшоў нячутна й стаяў цяпер, марна намагаючыся выдастаць з вачэй аскепачкі нашага д’ябальскага асьвятленьня. Ягоную прысутнасьць выдалі ногі – ён несупынна пераступаў з мыска на пятку, як птах – на скрып павярнуўся кіроўца й прыпадняўся, дасьледуючы няясную постаць у дзьвярох пагрозьлівым позіркам. Наш паўасьлеплены госьць усё трымаў рукі пад сваімі бялёсымі бровамі. Урэшце паглядзець на візытанта павярнуліся і іншыя, раздражнёныя тым, што іх адарвалі ад відовішча на экране, зірнуўшы на Мінуса, здрыгануўся нават Даражок; толькі І засталася нерухомай – са свайго заўсёднага месца справа ад яе я любаваўся яе выпрастанай галавой,
Праз колькі імгненьняў госьць падумаў, верагодна, што яму зразумела, куды ён трапіў – таўстун рвануўся назад, аднак якім бы маленькім ня быў Мінус, прабівацца празь ягоныя заслоны госьць не наважыўся. Ён спыніўся, зрабіў крок у нашым накірунку й жаласьліва-прымірэнчым голасам прамовіў, выставіўшы перад сабой далоні:
– Ну добра, добра. Я клянуся чым заўгодна, што нікому ніколі нічога...
Мінус ступіў яму насустрач, і таўстун, спалохана падаўшыся назад, ледзь ня ўпаў на калені І.
– Я гатовы на ўсё! – заенчыў ён, засунуўшы пальцы ў рэшткі валасоў. Аднак паколькі ніхто аніяк не адказваў на гэтае бурлівае прызнаньне, наш госьць таропка загаварыў, ужо значна цішэй:
– Я калісьці ўжо нават супрацоўнічаў з вамі, вы мусіце ведаць... Восем год таму... На мяне перасталі выходзіць, і я... У мяне, між іншым, ёсьць цікавыя матэрыялы... Вось, напрыклад... Прабачце...
Ён раптам сунуў рукі ў кішэні і, прыніжана пасьміхаючыся, радасна сказаў:
– Я проста шукаў прыбіральню. Можа быць, я магу хуценька схадзіць туды, і тады...
Мінус гэстам паказаў яму патрэбныя дзьверы зьлева ад экрану, і таўстун неўзабаве зьявіўся адтуль, выціраючы пот з лысіны бруднай насоўкай.
– Сядайце, – мякка сказаў Мінус. – Вы замінаеце гледачам.
Задышлівы госьць, смаркаючыся, апусьціўся на вызваленае для яго месца. Напэўна, мы прапусьцілі за гэты час нешта цікавае: белтэр’еры пад рукі выводзілі з залі спадара Яську, і той гучна лаяўся на зразумелай усім мове. І падала госьцю келіх і кінула нешта ў вагонь – прыемнае шыпеньне прымусіла нас заплюшчыць вочы. Маленькі лекар пяшчотна паглядзеў на навічка й шчыльней захутаўся ў плед. Я гуляў з пальцамі І: тое, што адбывалася на экране, праходзіла міма мяне, існае, але неістотнае – караван, які праважае бессэнсоўнымі вачыма яшчарка.
Хутка стала зразумела, што ў глядзельнай залі знаходзіцца лішні. Таўстун то ікаў, то гучна – у дваццатрыццаты раз – паведамляў Кармушкіну пра колькасьць выпітага перад спэктаклем, а больш за ўсё ён гаварыў пра тых, хто пакутваў цяпер на сцэне. Ён ацэньваў іх, быццам седзячы на кухні, з задавальненьнем мацюгаючыся – чамусьці ён упэўніўся, што духмяныя пакоі, запечаныя ў барвовым сьвятле, для таго існуюць у былых кінатэатрах, каб там можна было адвесьці душу. Я паглядваў на Мінуса – той моршчыўся, надзеўшы, каб нікога не параніць, на вусны гумовы наканечнік усьмешкі. Твар І заставаўся каменным, і толькі кіроўца сьціскаў кулакі.
Белтэр’еры вывелі з залі яшчэ аднаго чалавека, і тут у адказ на чарговую лаянку нашага госьця Кармушкін прамовіў нешта зусім простае, словы з забаўляльнага разьдзелу таннай газэты. Магчыма, гэта была нават кароткая, у два-тры сказы, показка. Таўстун аддана захіхікаў. Спэктакль чэз на вачах.
Далейшае цяжка было ўявіць нават мне. Анатоліч ускочыў, піхнуў успацелай крывой нагой на ўсялякі выпадак Мінуса ў бок і выскачыў на лесьвіцу, роспачна галосячы. Ніхто не пагнаўся за ім, мы ўсе глядзелі на Мінуса, які паволі падымаўся з падлогі. Ні каліўца не адкалолася ад ягонай усьмешкі – хто б сумняваўся. Жалезны Мінус бесстаронна ўтаропіўся на экран, і мы ўсе за ім. Суфлёры, суфіі, суфле, сульфат, Сула. У кожнага бываюць правалы. Кожнага хаця бы раз у жыцьці рабуюць. Добра, што Мінус не ўключаў сёньня музыкі – інакш мы не пачулі б, як унізе пранізьліва каркнуў воран.
98.
Гэта
было падобна на падзеньне лялькі – Майк плазам ударыўся аб калена Надзіманага чалавека, а ўсьмешка на ягоных вуснах засталася гэткай жа хітрай, халат узмахнуў крысьсём і будзённа апаў, агаліўшы ногі да загарэлых лытак. Рукі былі раскінутыя занадта тэатральна, цела трохі спаўзло з гумовага ўзгорку, але ўсё ж утрымалася; дзіўным чынам засталіся на Майку й тапачкі.– Скатаўё, – глуха крыкнуў Малады Мастак, выключыў свой апарат і кінуўся на дапамогу. Абагнуўшы адну за адной пяткі, ён нарэшце ў два скачкі апынуўся ля цела і абедзьвюма рукамі сьцягнуў яго, нібы з каня, з пупырчатай паверхні. У разгубленасьці паклаў на падлогу, і тут Майк зарагатаў, шчэрачы зубы, схапіў Мастака за шыю й, прамахнуўшыся з пацалункам, ускочыў на ногі.
– Уваскрос! Уваскрос! – Майк жартаўліва перажагнаўся й зрабіў вакол Мастака некалькі ранішнагімнастычных колаў. – U was cross! Ну што ты зноў псіхуеш?
Малады Мастак змрочна ўздыхнуў і адыйшоў у цень аграмаднага пляча:
– Ты калі-небудзь дакладна сабе шыю зламаеш. Божанька цябе пакарае. Я табе колькі разоў казаў: са мной гэтак не жартаваць. Ведаў я аднаго плаўца, які любіў скакаць з вышкі ў пусты басэйн...
Майк па-сабачаму падпоўз да яго й пацёрся аб штаніну:
– Ды я ўжо колькі так забаўляюся – і ніколі нічога. Тут галоўнае трамплін, я знайшоў добры, вось тамака, на носе.
Мастак не адказаў нічога, запаліў, плюнуў і накіраваўся да апарату. У справе быў прыкметны прагрэс: Надзіманы чалавек асвойваў усё новыя й новыя глыбіні дабра, веры і аптымізму. У дадзены момант ён пазіраў на сваіх бацькоў з выразам дабрадушнай пагарды, а гэта значыла, што яны на правільным шляху. Былі, аднак, і некаторыя пакуль ня вырашаныя праблемы. Працавалі яны з Майкам удзень; а трэцяй гадзіне Надзіманы знаходзіўся ў найлепшым са сваіх настрояў – часам нават Мастаку здавалася, што мэта дасягнутая, у вачох Надзіманага адлюстроўвалася прамая й прамяністая дарога ў заўтра... Ды вось толькі хвілін праз сорак ягоная пазытыўнасьць пачынала няўхільна руйнавацца, позірк набываў зьдзеклівае адценьне, быццам Надзіманы бяздарна граў навязаную яму ролю... Увечары на мастакоў глядзеў з шасьцімэтровай вышыні разьюшаны пітэкантрап, відаць, надта абураны тым, што яго прывязалі да падлогі гэтыя дробныя вісклівыя садысты, а бліжэй да ночы Надзіманага можна было параўнаць хіба з сэрыйным забойцам, прызнаным ненармальным і адбываючым таму пажыцьцёвае пакараньне ў адзіночнай камэры. Так, задача апынулася ня зь лёгкіх... Ці варта казаць, як паглядаў на сваіх стваральнікаў надзіманы гігант раніцай...
Мастак напружана працаваў, экспэрымэнтаваў, шукаў, цяпер ён валодаў сваім апаратам бы сапраўдны віртуоз, завіхаючыся пры ім як каля фартэп’яна. Да пары Надзіманы цярпеў. Мастак нават запрасіў тэхніка-адмыслоўца, які, па чутках, выдзьмуў некалі дзьве копіі радэнаўскага Мысьляра: адну прадаў у прыватную калекцыю, а другую паставіў у сябе на лецішчы. Гэты спэц мог бы даць шмат карысных парадаў, аднак творчай жылкі ў ім не было, ён умеў адно капіяваць ды надзімаць з натуры... Малады Мастак натуры сабе дазволіць ня мог – у дамове пра гэта меўся кароткі сіненькі пункцік. Тэхнік прыйшоў, выпіў піва, быў урачыста запрошаны ў майстэрню й выбег адтуль праз хвіліну, увесь белы, абяцаючы патэлефанаваць дні праз два. Болей яны яго ня бачылі й ня чулі.
Мастак чарговы раз памудрыў нешта над кнопкамі й задуменна падняў вочы. Дабрадушная пагарда, якая йшла ад Надзіманага, зьнікла як не было. Цяпер ягоныя зрэнкі выпраменьвалі распусту, прытарную, саладзейшую за шакалад з цукрам і пастылой. “Вазьмі мяне!” – палка заклікаў Надзіманы, як усходняя рабыня. Не, да заканчэньня было яшчэ далёка. У справу, як высьветлілася, ўмешваўся час: калі б Надзіманы мог пратрымацца ў гуморы хаця б суткі... Напрыклад, увечары перад запускам яго прывозяць на плошчу, а назаўтра а дванаццатай Мастаку было б ужо да аднаго месца, які выраз у гэтай пысы.